Вы тут

Удзельнік ВАВ ў мірны час стаў найлепшым калгасным працаўніком і гаспадаром


Калі б яму хто ў дзяцінстве ці юнацтве, на якія выпалі сапраўдныя выпрабаванні, сказаў, што пражыве доўгае жыццё, ды на сваіх нагах, пры добрай памяці адзначыць 95-гадовы юбілей, мусіць, не паверыў бы. Пра гэта не раз падчас размовы скажа ветэран. Але лёс распарадзіўся вось так, а не інакш. Можа, яшчэ і таму, што Павел Данілавіч заўсёды быў рухавым, працавітым, здольным да засваення новага. Пра такіх кажуць: на ўсе рукі майстар. А яшчэ ў песні ёсць словы акурат пра іх — тых, каго старасць дома не застане.


Павел Макарэвіч і старшыня сельскага савета Аляксандр Заверач.

Дзяцінства, вайна, акупацыя

Павел Макарэвіч жыве ў Хомску, а нарадзіўся ў суседняй вёсачцы Зазяленне ў сакавіку 1927 года. Калі хлопчыку было два гады, памёр бацька. Маці, зусім маладая жанчына, засталася з трыма дзецьмі, з якіх старэйшаму — шэсць, малодшай дачцэ — усяго 14 тыдняў. Вось так і гаравала на сваёй гаспадарцы з малымі на руках. І ўжо ў 10 гадоў Павел сам пачаў араць, для гэтага яму нават зрабілі маленькі плуг, і касіў усё такой жа адмысловай касой.

— Тады ж як было, — расказвае ветэран, — што ты вырасціў, выгадаваў у сваёй гаспадарцы, прадаў, гэта і будзе твой даход, усе жылі са свайго кавалка зямлі. А конік у нас быў не вельмі дужы, на цяжкую работу маці трэба было наняць людзей, заплаціць ім, вось і прыйшлося з такіх гадоў брацца за мужчынскую працу.

Пра маці сваю Павел Данілавіч згадвае з вялікай павагай і любоўю. Гэта асабліва падкрэсліла яго дачка Святлана Паўлаўна. Бабуля яе памерла даўно, у 1962 годзе, даволі маладой. Усе гады сын клапатліва даглядаў магілу, успамінаў матулю самымі добрымі словамі, шкадаваў, што выпала ёй такая доля. Да пачатку 40-х толькі падраслі дзеці, не выраслі, а менавіта падраслі, каб стаць памочнікамі, як вайна пачалася.

Да вайны Павел скончыў сем класаў польскай школы. Па вясковых мерках, гэта была нядрэнная адукацыя. Цалкам верагодна, што прадоўжыў бы вучыцца ў савецкі час, але 41-ы год усе планы перакрэсліў. Першыя дні вайны Павел Данілавіч запомніў тым, што ў небе з’явіліся самалёты. Гэта былі нямецкія бамбардзіроўшыкі, яны ляцелі на ўсход, звычайна звёнамі па тры альбо па пяць. І было вельмі страшна, непрывычна для вясковых людзей: гэты злавесны гул у небе спачатку прымушаў уцякаць, хавацца... Потым, у наступныя тыдні, у ваколіцы з’яўлялася шмат салдат-чырвонаармейцаў, якія адступалі, выбіраліся з акружэння. Многія, каб выратавацца, пераапраналіся ў грамадзянскае адзенне, заставаліся ў гаспадароў, наймаліся на работу. Усе тады думалі аб адным — выжыванні. Калі немцы трывала аселі і агледзеліся, пачалі забіраць асобных вясковых кватарантаў па падазрэнні ў іх прыналежнасці да Чырвонай арміі. Хлопцы сталі раіцца аб тым, што трэба сыходзіць у лес і арганізоўваць партызанскі атрад.

Павел Данілавіч добра ведае гэтыя факты. Усё трымаецца ў памяці яшчэ і таму, што доўга гаварылі аб гэтым і пасля вайны. «У Хомску быў пастарунак, паліцэйскі ўчастак, дзе захоўвалася зброя. Кіраваў участкам мясцовы жыхар Іван Чачун. Яго швагер жыў у нас, у Зазяленні. Вось яны і дамовіліся пра аперацыю. У вызначаны дзень на варце ў пастарунку стаялі свае людзі (паліцаі таксама розныя былі). Яны і прапусцілі былых вайскоўцаў і будучых партызан. Тыя амаль без выстралаў абяззброілі ўчастак, забралі зброю і боепрыпасы і рушылі з трафеямі ў партызанскі атрад». Пасля гэтага ў Хомску адбылася карная аперацыя, у выніку яе забілі больш за 190 жыхароў вёскі, спалілі дамы.

Лютаўскі прызыў

Атрад стаў расці, у партызаны пайшоў і старэйшы брат Паўла Макарэвіча. «Як жылі пад акупацыяй? У вечным страху, — расказвае Павел Данілавіч. — Брат быў у лесе, мы ж таксама лічыліся партызанскай сям’ёй. Нямецкі гарнізон стаяў у Драгічыне. Як толькі пачуем, што немцы рушылі ў наш бок, хаваемся ў лясах. Не ўспомню цяпер, колькі разоў даводзілася вось так бегчы ды сядзець там розны час. Так і жылі да самага вызвалення».

У сакавіку 1945-га Паўлу спаўнялася васямнаццаць, а ў лютым яго ўжо прызвалі ў армію. Разам з іншымі навабранцамі хлопец з драгічынскай вёскі трапіў у вучэбку ў расійскі горад Казельск. Вывучалі станкавы кулямёт. Потым паступіў новы загад, і асобных курсантаў перавезлі ў горад Горкі, за 400 кіламетраў ад Масквы, тут салдат асвоіў яшчэ адну спецыяльнасць — ваеннага сувязіста. У вучэбнай часці яны і сустрэлі паведамленне пра Перамогу і капітуляцыю Германіі. Але Другая сусветная яшчэ не скончылася, наперадзе была вайна з Японіяй. І ў жніўні наваспечаны сувязіст са сваёй часцю накіраваўся па чыгунцы ў Манголію, а затым у Маньчжурыю. Але, на шчасце, навабранцы дабраліся да месца пад паведамленне аб капітуляцыі Японіі. На перадавой Паўлу Макарэвічу пабываць не давялося. Але ад вайны ён нацярпеўся нямала. Так што статус удзельніка Вялікай Айчыннай вайны мае заслужаны. У арміі захварэў на крупознае запаленне лёгкіх. Стан быў такі, што салдата камісавалі і адправілі дадому. Працэс выздараўлення і рэабілітацыі заняў два гады. «Я проста ісці не мог доўга, задыхаўся, не мог працаваць, — успамінае ветэран, — цяжка выкараскваўся з хваробы».

Калі ўсё ў руках гарыць

У канцы 40-х пачаўся другі этап жыцця ветэрана — працоўны. Больш за паўвеку адпрацаваў Павел Данілавіч у калгасе імя Кірава. На любым участку, на любой рабоце быў у ліку першых. Пэўны час шчыраваў на пілараме. Будавалі тады многа, дошкі былі патрэбныя. Навучыўся абыходзіцца з драўнінай з маладых гадоў. Потым дом сабе збудаваў фактычна ўласнымі рукамі, крыху дапамагаў брат. І ўсё, што ў доме, — таксама. Сядзім у пакоі, звяртаю ўвагу на шафу, тумбачку, карнізы.

— Усё маіх рук справа, — перахоплівае позірк ветэран і ўсміхаецца: — А яшчэ вокны, дзверы мог зрабіць, сані, брычку. Людзям шмат дапамагаў у будаўніцтве дамоў.

Бываюць жа такія таленавітыя людзі, за што ні возьмуцца, усё ў руках гарыць. Каб падтрымаць сям’ю, зарабіць лішнюю капейку, скончыў кравецкія курсы, шыў верхняе адзенне і кажухі. Няма, мусіць, той работы, якая б ні скарылася вясковаму жыхару. Да гэтай пары на пачэсным месцы ў доме захоўваецца ўрадавая грамата, якая сведчыць, што ў 1974 годзе Павел Макарэвіч па выніках спаборніцтва быў прызнаны найлепшым аператарам збожжасушыльнага комплексу. Колькі таго збожжа перасушыў на КЗСе, сказаць цяжка, увесь калгасны хлеб праходзіў праз яго рукі.

Чалавек-рух

А ўжо свая гаспадарка заўсёды магла быць узорам для іншых. Улетку першым сярод касцоў паднімаўся да зоркі, на сваю карову накошваў нават на няўдобіцах. Дарэчы, можа, гадоў пяць таму толькі збыў каня. У Хомску памятаюць яго адмысловы воз. Усе ўжо даўно абсталявалі падводы гумовымі коламі, і толькі ў Данілавіча былі драўляныя на металічнай аснове. Для іх вытворчасці, дарэчы, гаспадару давялося вырабіць асобны станок. Успомніў таксама, як зрабіў невялікі ўласны млын. «З моцнага цэменту адліў жорны, пазней прыладзіў да ўстаноўкі матор, мой млынок працуе да гэтай пары. Можна змалоць любое зерне. Раней карысталіся для ўласнай гаспадаркі. Трэба было, напрыклад, змалоць збожжа свінням на корм», — кажа пенсіянер.

Старшыня Хомскага сельскага Савета Аляксандр Заверач сказаў, што такіх умельцаў, як Павел Данілавіч, у акрузе больш не знойдзеш: «А яшчэ ён заўсёды быў аптымістам, заўсёды нешта рабіў, ствараў. Нават ва ўзросце пад восемдзясят яго нельга было ўявіць пенсіянерам, што сядзіць на лаўцы. Данілавіч — гэта чалавек-рух, які дасць форы любому маладзейшаму».

З жонкай Любоўю Аляксандраўнай выгадавалі трох цудоўных дачок. Усе атрымалі адукацыю, працавалі ў розных сферах, раз’ехаліся па ўсёй былой вялікай краіне. Толькі адна засталася ў Беларусі. Валянціна жыве ў Крывым Розе, Святлана — у С.-Пецярбургу. Зараз Святлана Паўлаўна пераехала ў вёску, каб быць разам з бацькам. А да леташняга года ён абыходзіўся сам, дзеці альбо ўнукі прыязджалі толькі на выхадныя. Год-два таму яшчэ веласіпедам у краму ездзіў.

— Шмат чаго пабачыла наша пакаленне, — разважае Павел Данілавіч. — І самае страшнае з усяго — вайна. Пражыўшы столькі гадоў, асабліва адчуваеш, што чалавек прыходзіць у гэты свет, каб паляпшаць яго сваёй працай, а не разбураць. Захоўвайце мір, беражыце яго!

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Драгічынскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?