Вы тут

Што мяняецца для ўдзельнікаў дарожнага руху?


Днямі кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ «Аб удасканаленні арганізацыі дарожнага руху», які, мяркуючы па абмеркаваннях у сацыяльных сетках і падчас жывых зносін, ужо стаў рэзанансным. Што зменіцца ў параўнанні з Правіламі дарожнага руху ў папярэдняй рэдакцыі (ад 28 лістапада 2005 года), на што варта звярнуць увагу пешаходам, аўтамабілістам, веласіпедыстам, а таксама ўладальнікам электратранспарту, расказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.


Як паведамілі ў ведамстве, дакумент прыняты з мэтай павышэння культуры ўдзельнікаў дарожнага руху, стымулявання выкарыстання электратранспарту і зніжэння колькасці дарожна-транспартных здарэнняў. Прадугледжаныя ўказам меры дазволяць павысіць бяспеку на дарогах і зробяць удзел у дарожным руху больш зручным і камфортным для грамадзян. Дык з чым звязаныя новаўвядзенні, якія ўступаюць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання ўказа?

Электратранспарт

Адна з навацый датычыцца электрасамакатаў, гіраскутараў, монаколаў, сігвеяў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці, як іх прынята будзе называць. Перамяшчацца з іх дапамогай неабходна па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па тратуары, пешаходнай дарожцы ці абочыне, прычым з хуткасцю не большай за 25 км/г. Акрамя таго, сродкі персанальнай мабільнасці не павінны ствараць перашкоды для руху пешаходаў. Выкарыстоўваць іх могуць толькі асобы, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Гэтае абмежаванне не будзе дзейнічаць у жылых і пешаходных зонах.

Хуткасны рэжым

Кіроўцам аўтатранспарту варта звярнуць увагу на хуткасныя ліміты на дарогах, якія пралягаюць не праз населеныя пункты. Калі дакумент уступіць у сілу, па-за населенымі пунктамі на аўтамагістралях і дарогах для аўтамабіляў матацыклы, легкавыя аўто, а таксама грузавыя аўтамабілі масай не больш як 3,5 тоны могуць перамяшчацца з хуткасцю да 120 км/г. Аўтобусам будзе дазволена рухацца з хуткасцю не вышэй чым 100 км/г. Раней хуткасныя рэжымы на аўтамагістралях складалі 110 км/г для ўсіх аўтамабіляў і 90 км/г для аўтобусаў.

Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення арганізацыйнай работы і забеспячэння правапрымяняльнай дзейнасці МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Занімон, нягледзячы на павышэнне хуткасных рэжымаў на аўтамабільных дарогах, прадугледжаны і пэўныя абмежаванні, звязаныя з паніжэннем максімальна дапушчальнай хуткасці. «Для гэтага былі ўведзены новыя знакі і паняцці ў Правілы дарожнага руху», — заўважыў супрацоўнік органаў унутраных спраў.

Новы знак

Каб не ўстанаўліваць паўсюль абмежавальныя знакі, прадугледжаны новы комплексны знак, які на пэўнай тэрыторыі вызначыць тое ці іншае абмежаванне хуткасці. Новы дарожны знак будзе называцца «Зона з абмежаваннем максімальнай хуткасці руху». Пры яго наяўнасці хуткасць руху транспартных сродкаў па вызначаных тэрыторыях (напрыклад, у зоне інтэнсіўнага руху пешаходаў) будзе абмежавана. Гэта можа быць і 10 км/г, і 40 км/г — усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі.

Як расказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, падобныя зоны шырока прымяняюцца ў сусветнай практыцы. Іх выкарыстанне дазволіць зрабіць дарожны рух больш бяспечным без устаноўкі «спячых паліцэйскіх» і дадатковых знакаў, якія абмяжоўваюць хуткасны рэжым.

Уключэнне фар у дзённы час

Калі раней перад пачаткам і заканчэннем навучальнага года Дзяржаўная аўтаінспекцыя разнастайнымі спосабамі апавяшчала кіроўцаў аб уключэнні блізкага святла фар у дзённы час, то цяпер гэты момант замацаваны заканадаўствам. І адгаворкі накшталт «не ведаў» і «не чуў» не прымаюцца. Замацаваны канкрэтныя даты, у якія, сеўшы за руль свайго транспартнага сродку, кіроўца абавязаны ўключыць блізкае святло фар нават у светлы час сутак: у перыяд з 25 мая да 5 чэрвеня і з 25 жніўня да 5 верасня. Такім чынам, акцыі, якія праводзяцца супрацоўнікамі ДАІ, прымеркаваныя да пачатку і заканчэння навучальнага года, замацоўваюцца ў правілах дарожнага руху.

Перавага ў руху

У мэтах павышэння бяспекі дарожнага руху ўдакладняецца парадак атрымання перавагі ў руху. Яна будзе лічыцца зробленай, калі адлегласць паміж транспартным сродкам і пешаходам, які перасякае дарогу, складае не менш як дзве паласы руху (калі яны ёсць).

Электрамабілі

Для гэтага віду транспарту прадугледжаны шэраг навацый. У прыватнасці, электрамабілям даецца права праезду на паласе, прызначанай для руху грамадскага транспарту. Дакумент гарантуе забяспечыць і даступнасць электразараднай інфраструктуры. Гэтыя і іншыя новаўвядзенні накіраваны на стымуляванне выкарыстання электратранспарту.

П'яным пасажырам — не месца на мотатранспарце!

Увага ўладальнікаў матацыклаў і мапедаў! З моманту ўступлення ўказу ў сілу на матацыклах (за выключэннем, калі адсутнічае бакавы прычэп) і мапедах забаронена перавозіць пасажыраў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення. У выпадку спрэчнай сітуацыі па патрабаванні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі дадзеныя асобы абавязаны будуць прайсці медыцынскі агляд.

Веласіпедыст павінен быць абазначаны

Дакументам удасканальваецца парадак удзелу веласіпедыстаў у дарожным руху. Падчас перамяшчэння па-за населенымі пунктамі ў цёмны час сутак яны абавязаны будуць знаходзіцца ў адзенні са святлоадбівальнымі элементамі. Флікера цяпер недастаткова! Справа ў тым, што, абазначыўшы сябе апошнім, веласіпедыст упэўнены, што яго відаць на дарозе ў цёмны час сутак. Аднак так бывае не заўсёды. Чалавек можа зафіксаваць святлоадбівальны элемент такім чынам, што ён становіцца незаўважным для іншых удзельнікаў дарожнага руху або бачны толькі з аднаго боку праезнай часткі.

Без абазначэння сябе адзеннем са святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак веласіпедыстам дазваляецца рухацца толькі па веласіпеднай дарожцы. Акрамя таго, перасякаць праезную частку веласіпедыст будзе абавязаны па веласіпедным пераездзе або веласіпеднай дарожцы. Калі ж такія адсутнічаюць, то па пешаходным пераходзе, на скрыжаванні па лініі тратуараў ці абочын, не ствараючы пры гэтым перашкод для пешаходаў. Пры гэтым веласіпедыст мае права не спешвацца, перад выездам на праезную частку ён павінен загадзя знізіць хуткасць і перасякаць дарогу з хуткасцю пешахода, які ідзе.

Яшчэ паўгода ўдзельнікі дарожнага руху карыстаюцца папярэднімі Правіламі дарожнага руху. Новая іх рэдакцыя ўступіць у сілу толькі ў канцы кастрычніка.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.