Вы тут

Белдзяржфілармоніі — 85. Вялікая гутарка з генеральным дырэктарам


Творчыя людзі — вялікая сіла. Яны надзелены своеасаблівым бачаннем свету і любоўю да мастацтва. Без сумневу менавіта з такіх складаецца і калектыў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І сёлета 25 красавіка ўстанова адзначае 85 гадоў з дня адкрыцця. За гэты час у яе гісторыю запісана ўжо шмат падзей, мноства біяграфій выдатных асоб, якія служылі і служаць музыцы, высокаму мастацтву. Напярэдадні святочнай даты мы сустрэліся з цяперашнім генеральным дырэктарам Белдзяржфілармоніі Аляксандрам Нікітам, каб пагаварыць пра рэаліі існавання музычнага мастацтва, зазірнуць у перспектыву і падбіць прамежкавыя вынікі зробленага.


Сваю справу робім з любоўю

— Мне пашчасціла студэнтам трапіць у каманду толькі што створанага Прэзідэнцкага аркестра. Гэта дазваляла нам па некалькі разоў на тыдзень бываць на розных мерапрыемствах, сустрэчах на вышэйшым узроўні. І існавала традыцыя, калі кіраўнік дзяржавы мог падысці да нас і так, лічы, па-бацькоўску папрасіць: вы ж толькі не падвядзіце мяне! — згадвае Аляксандр Іванавіч. — Тады я ўпершыню ўсвядоміў, што высокі кіраўнік — ён у першую чаргу чалавек. І гэтую выснову праношу па жыцці. Той час, калі былі гастролі, творчасць, дысцыпліна, усіх нас вельмі загартаваў. Пасля я трапляю ў калектыў да народнай артысткі Беларусі Валянціны Гаявой. І там ужо зусім іншы вопыт. Я працаваў з легендарнай асобай. Валянціна Іванаўна — увасабленне беларускай жанчыны, з усімі яе перажываннямі, складаным лёсам і сапраўдным патрыятызмам. Яна — сімвал працавітага беларускага народа і яго непаўторнай творчасці. Толькі ўсведамляючы, што па-сапраўднаму наша нацыянальнае, беларускае, мы маем магчымасць натхняцца і падсілкоўвацца на стварэнне новага. Увогуле беларусы вельмі цярплівыя і заўсёды ўмеюць выціснуць максімум з той сітуацыі, якую маюць тут і зараз. Мы не чакаем, пакуль усё само вырашыцца, і не пакутуем ад праблем, а проста робім кожны сваю справу. Гэта і ёсць базісны код нацыі, які я для сябе адкрыў. Мы людзі не закрытыя і не адшэльнікі, але ўменне дыпламатычна і філігранна абыходзіць вострыя вуглы дае магчымасць беларусам быць меншымі глабалістамі, чым камусьці іншаму. У нас ёсць усведамленне, што вось мы, і вось наш кавалак зямлі, дарагі нам. І калі казаць пра тых жа творчых людзей, то ў нас усё робіцца з любоўю да радзімы і з павагай да ўсіх астатніх. Хаця не абыходзіцца без самакрытыкі і самаедства, якія характэрныя творцам. Здавалася б, набор нот заўсёды адзін і той жа, аднак прачытаць яго кожны можа па-свойму...

— Чым цяпер жыве Белдзяржфілармонія? Што ўдалося рэалізаваць з задуманага за пакуль непрацяглы час вашага кіраўніцтва?

— Я магу сказаць, што лічу сябе адным з самых шчаслівых людзей у нашай культурнай сферы, паколькі ў філармоніі працуюць творцы абсалютна розных напрамкаў. Гэта і Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч», які мае сваю публіку і збірае залы, і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, і камерны аркестр, і іншыя. Сёння публіка прыходзіць да кожнага. І мы разумеем, наколькі розная гэта аўдыторыя. 

У нас ёсць і сацыяльныя праграмы для дзетак. Вялікую ўвагу надаем маладзёжнай палітыцы і духоўнаму развіццю нацыі. Уся музыка, якая выконваецца ў гэтых сценах нашымі артыстамі, жыццесцвярджальная. Мы не проста ставім у праграму творы, а адбіраем кожны, улічваючы, які глыбокі сэнс і пасыл закладзены. І для таго, каб выйсці і выканаць іх перад гледачамі, патрэбна супадзенне многіх фактараў. Спачатку трэбна, каб людзі атрымалі музычную адукацыю розных ступеняў (музычная школа, каледж, ВНУ). Хаця лічу, што музыканты вучацца ўсё жыццё. Калі мы разумеем, што працуем з чалавекам, які 19 гадоў аддаў адукацыі, то такія кадры вельмі каштоўныя для нас. І я як кіраўнік і па адукацыі музыкант, разумею, наколькі важна служыць сваім артыстам. Ніхто не можа хадзіць і хваліцца сваімі заслугамі, пакуль яго артысты нечым не забяспечаны — калі ў памяшканні холадна альбо музыкантам няма на чым іграць... 

Філармонію любяць і нам дапамагаюць. За адзін толькі мінулы год мы набылі вялікую колькасць інструментаў, прычым вельмі рэдкіх — майстровых скрыпак, альтаў, віяланчэляў. Калі мяне толькі прызначылі на пасаду генеральнага дырэктара, я разумеў, на якім узроўні наш калектыў знаходзіцца і якога ўзроўню музыканты тут працуюць. І стаяла задача захаваць іх і тое, што яны ўмеюць. І нам гэта ўдалося нават ва ўмовах сутыкнення з рознымі знешнімі фактарамі. Бо калектыў не апусціў рукі, а ўсе працягвалі працаваць. Зараз мы таксама робім новыя праграмы, шукаем рынкі для супрацоўніцтва, каб быць цікавымі і запатрабаванымі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. За першы квартал, да прыкладу, нават насуперак санкцыям і іншым настроям, мы зрабілі ўжо шэраг міжнародных праектаў. Таму што, нягледзячы ні на што, мы бачым сваё прызначэнне ў тым, каб несці людзям радасць і супакаенне. Ніякіх ілюзій адносна таго, што ўсё само сабой наладзіцца і будзе як раней, у нас няма. Гэта і дае нам магчымасць дзейнічаць адпаведна патрабаванням часу. 

За мінулы год у Белдзяржфілармоніі далі 1300 канцэртаў, і нават у 2020-м іх колькасць дасягала без малога тысячу. І калі ведаеш, што робіцца гэта сіламі 14 творчых калектываў (яны працуюць штодня ў рэжыме «раніцай — рэпетыцыя, а вечарам — канцэрт»), то разумееш, што тут працуюць людзі, апантаныя сваёй справай. Музыка кіно, рок у новым гучанні ці музыкатэрапія — тут ёсць шырокі выбар для любых густаў і ўзростаў. Зараз у філармоніі вядзецца праца над стварэннем уласнага стрымінгавага сэрвісу. Што дазволіць рабіць канцэрты даступнымі для людзей і з абмежаванымі магчымасцямі. Яны змогуць набываць білеты на выступленні любімых артыстаў і музыкантаў хоць на другім канцы свету. 

З гонарам прадстаўляюць музыканты сваё мастацтва і дэманструюць майстэрства ў тым ліку і за мяжой. Нядаўна артысты прадстаўлялі Беларусь у Маскве і ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Таксама салісты філармоніі выступаюць зараз у Германіі, Люксембургу, і запрашэнні з Еўропы паступаюць рэгулярна. На думку кіраўніка ўстановы, усё гэта магчыма ў тым ліку і дзякуючы захаванню школы майстэрства і падтрымцы талентаў у нашай краіне на розных узроўнях. 

— Сёння можна параўноўваць, з чаго мы пачыналі з маёй камандай, і як нам удалося перастроіцца, і як мы сябе пазіцыяніруем. Наша мэта — не падладзіцца пад рэальнасць, а ўзяць лепшае, што толькі магчыма зараз, са сферы маркетынгу і ІT-кампаній. Бо працаваць па жоўтых канспектах у наш час — надта легкадумна. А цвярозае мысленне, якое прысутнічае ва ўсёй маёй каманды, дазваляе нам знаходзіць крэатыўныя рашэнні па падборы рэпертуару і складанні канцэртных праграм. Кожны артыст мае магчымасць творча самарэалізоўвацца. Мы разумеем і тое, што наша аўдыторыя амалоджваецца. Пакаленне, якое мысліць 15-секунднымі ролікамі, істотна адрозніваецца ад людзей, якія былі да іх. Гэта патрабуе ад нас пошуку новых падыходаў і ў падачы інфармацыі. Таму комплексна падыходзім да рэкламы сваіх прадуктаў. 
Уражанне, якое запомніцца на гады

— Чым будзе адметны 85-ты юбілейны сезон?

— Калі казаць пра бліжэйшыя праекты, то з моманту свайго заснавання філармонія імкнецца падтрымліваць нашы традыцыйныя музычныя фестывалі «Мінская вясна» і «Беларуская музычная восень». Працуем і ў напрамку захавання міжнародных форумаў, у ліку якіх Міжнародны конкурс піяністаў, Фестываль Юрыя Башмета. Хачу адзначыць, што 85-ты фестывальны сезон будзе мець асаблівы складнік. Так, «Мінскую вясну» адкрые 7-я антываенная сімфонія Шастаковіча, а працягнецца фестываль знакавым канцэртам, прымеркаваным да 85-годдзя нашага флагманскага калектыву — Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. У творчым тандэме з Дзяржаўнай харавой капэлай імя Шырмы яны выканаюць музыку Рахманінава, Чайкоўскага, Ліста і іншых... Напярэдадні 85-га сезону ў працэсе складання праграмы мы з мастацкім кіраўніком рабілі акцэнт на тое, каб яна стала для нашых гледачоў памятным успамінам. Бо яркае ўражанне, якое застанецца ў памяці на гады, — і ёсць тое, што набывае глядач падчас наведвання філармоніі. 

— Што ў наш час больш уплывае на запатрабаванасць гледачом канцэртнай праграмы: артыст ці яе змест?

— Мы назіраем зараз асаблівы інтарэс да класічнай, акадэмічнай музыкі. Мне як музыканту вельмі радасна ўсведамляць, што людзі сталі больш шанаваць высокае мастацтва. Да прыкладу, з якой бы праграмай ні выступаў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, заўсёды збіраюцца поўныя залы. Таму не бяруся гаварыць, на што ходзяць больш. Адзінае, ёсць невялікая складанасць з данясеннем інфармацыі, бо аўдыторыя ў нас вельмі розная і па ўзросце, і па інтарэсах. Таму робім стаўку на разнажанравасць, каб гледачы заўсёды мелі выбар. 

— Ваша музычная адукацыя дапамагае вам разумець артыстаў, музыкантаў і іх патрэбы. Але ж цікава, калі вы адчулі патрэбу пакінуць творчую самарэалізацыю і перайсці на пазіцыю кіраўніка?

— Гэта адбылося, калі Валянціна Гаявая запрасіла мяне на пасаду дырэктара-распарадчыка ў яе калектыве. Я як кіраўнік супраць вытаптанага поля вакол сябе. Мне вельмі важна, каб кожны мой калега на любым узроўні адчуваў сваю значнасць і меў прастору для рэалізацыі. І вось са з’яўленнем гэтага разумення, што ты можаш быць карысным у развіцці нейкага калектыва ці галіны, ты пачынаеш паводзіць сябе як кіраўнік. А зразумець творчага чалавека па-сапраўднаму здолее толькі творчы. Я імкнуся чуць, разумець і дапамагаць.

Тлумачыць і захоўваць галоўнае

— Як кіраўнік, вы з’яўляецеся пасярэднікам паміж творчым калектывам і органамі ўлады. Наколькі складана балансаваць у такіх умовах?

— Мой падыход у тым, што ў любым кіраўніку, чыноўніку важна, перш за ўсё, пабачыць чалавека. Бо музыкант, напрыклад, разумее, як пабудавана сімфонія і якім павінен быць акцэнт у выкананні вальса, аднак ён мае сваё ўспрыманне рэальнасці. І калі такія людзі жывуць, заглыбіўшыся ў творчыя працэсы, мая задача якраз дапамагаць ім даносіць іх занепакоенасць чымсьці да ўлад, а творцам тлумачыць, чаго ад іх хоча кіраўніцтва і закон. Уменнем расказаць аргументавана таму ж фінансісту, для чаго нам патрэбен нейкі інструмент, мы якраз і вытрымаем патрэбны баланс, дзе з’явіцца глеба для з’яўлення новых імён у культуры нашай нацыі. 

— Заступаючы на пасаду, вы сярод іншага адзначылі, што беларуская культура недастаткова прадстаўлена як брэнд. Як, па-вашаму, трэба дзейнічаць у гэтым кантэксце?

— Нам не хапае ўмення падаваць сябе на міжнароднай арэне. Мы маем добры прадукт, але няма для яго годнай упакоўкі. І няма ўмення прадаваць. Бо можна колькі заўгодна развіваць артыстаў, купляць новыя інструменты, але пры няўдалым мэнэджменце ніхто так і не даведаецца, якога ўзроўню калектыў, і чаго варта тое, што ён робіць. Мы, напрыклад, адсочваем, як нашы артысты пазіцыяніруюць сябе ў тых жа сацыяльных сетках. Нават у прэс-рэлізе трэба расказваць пра канцэрт, фестываль ці праект так, каб адчувалася любоў да зробленага. 

— А па вашых адчуваннях і назіраннях, ці змянілася апошнім часам сітуацыя адносна таго, што мы пачалі больш любіць і цаніць сваё?

— Мне здаецца, кардынальна ўсё змянілася пасля падзей 2020 года. Прыйшло ўсведамленне, што мы можам страціць. Многае ўспрымалася, як належнае. Сёння я з задавальненнем назіраю за эвалюцыяй беларускага грамадства, калі людзі адчулі ўласную значнасць на розных узроўнях. Быў перыяд, калі мы дзейнічалі эмацыянальна, а акцэнты навокал змяшчаліся, але ўсё ж не страцілі арыенціраў. Пасля людзі пачалі больш цягнуцца да прыгожага і разумець: гэта наша, беларускае. Добра і тое, што кіраўніцтва дзяржавы дазволіла разабрацца, чым абумоўлена незадаволенасць людзей. Бо хтосьці проста быў не заўважаны ў сваёй працы, а іншы адчуваў, што дарос і здольны перайсці на новую ступень у прафесіі. Прааналізаваўшы сітуацыю, людзям далі магчымасць рэалізоўвацца і працягваць працаваць на карысць сваёй краіны. Сёння нам удалося захаваць тое, што было назапашана папярэднікамі. І важна, каб так і было надалей.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Аляксандра НІКІТЫ і Белдзяржфілармоніі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?