Вы тут

Зварот у рэдакцыю. Святло на вясковай вуліцы


Асабіста ў мяне ёсць не вельмі прыемны ўспамін пра адключэнне святла. Перад сном паставіла апару на хлеб. Раніцай прачнулася з пеўнямі, каб замясіць цеста. Пасля зробленай працы, задаволеная, вырашыла заварыць кавы, але вада з крана не пацякла (у нас электрапомпа) і эклектрапліта не ўключылася... Святло з'явілася толькі ў шэсць гадзін вечара. Таму засталіся мы ў той дзень без хлеба, цеста прыйшлося выкінуць у кампосную яму.


Трансфарматарная падстанцыя.

Згадала гэту гісторыю, калі прачытала пісьмо, якое прыйшло ў рэдакцыю ад жыхара вёскі Раз'езд Фалічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Віктар Шасцюк скардзіцца на тое, што кожны месяц у вёсцы адключаюць святло, могуць і па некалькі разоў. «У выніку адключаецца халадзільнік, псуюцца прадукты. Відавочна, з-за гэтага я нясу ўбыткі, у тым ліку і маральны ўрон». Віктар Іванавіч лічыць, што мясцовыя ўлады абыякава ставяцца да вёскі і да яе жыхароў. У якасці прыкладу даслаў фота вясковай трансфарматарнай падстанцыі. Маўляў, летась быў капрамонт. «Але, паглядзеўшы на гэтую трансфарматарную падстанцыю, міжволі падумаеш пра нямэтавае выкарыстанне дзяржсродкаў. Яна нават не агароджана, таму любы зламыснік можа туды залезці. Хочацца даведацца, ці пайшлі дзяржаўныя грошы, у тым ліку і мае як падаткаплацельшчыка, на капрамонт? І чаму такая вакханалія са святлом?»

Віктар Іванавіч кажа, што ўжо не раз скардзіўся на мясцовыя электрасеткі, у тым ліку пісаў і ў Міністэрства энергетыкі. Паводле яго слоў, нават кагосьці са спецыялістаў прыцягвалі да адказнасці за тое, што парушаюць правілы этыкі пры размове падчас звароту. «Не скажу, што няма паляпшэнняў, нейкія ўсё ж ёсць у параўнанні з мінулымі гадамі. Але, тым не менш, могуць адключыць святло на секунду, на хвіліну, калі захочуць. Хоць па законе абавязаны папярэджваць жыхароў праз газету, сайт. Для апавяшчэння насельніцтва любыя сродкі добрыя, чым больш, тым лепш».

У Старадарожскім сельвыканкаме, куды я патэлефанавала, каб даведацца, ці сапраўды ў вёсцы крытычная сітуацыя са святлом, мне сказалі, што першы раз пра гэта чуюць. «Святло ў нас гарыць, ніякіх заявак ад людзей не паступала», — кажа Любоў Жэлдак, кіраўнік спраў Старадарожскага сельвыканкама». — «Але ж у рэдакцыю прыйшоў ліст ад вашага жыхара...» — «Ад Віктара Шасцюка, напэўна. Дык яго ж увесь раён ведае. Ён бясконца піша новыя скаргі, на ўсіх і на ўсё. То аўтобус не так ходзіць, то цягнік, то пераезд не так зрабілі, то аўталаўка дрэнна ездзіць і трэба зрабіць для яе навес, то неабходна добраўпарадкаваць і заасфальтаваць вуліцу, то ДАІ без толку ездзіць, то лясгас вырубае лес незаконна... Я не ведаю, на што ён толькі не скардзіўся! Неяк даслаў нам фота на электронную скрыню: «Жанчына нейкая сноўдаецца ў Раз'ездзе Фалічы, напэўна, бомж. Прыміце меры!». Пастаянна чымсьці не задаволены. Усё яму не так».

Паводле слоў Любові Жэлдак, калі Старадарожскі РЭС плануе нейкія рамонтныя работы, яны заўсёды тэлефануюць у сельвыканкам і папярэджваюць. «Мы ж, у сваю чаргу, перадаём інфармацыю пра адключэнне святла жыхарам вёсак. Аб'яву вешаем на чыгуначнай станцыі. І я стараюся пазваніць людзям, маўляў, вы перадайце таму канцу, вы — іншаму. Ніколі ніхто не абураецца. Усё людзі разумеюць. Віктару Іванавічу ўжо асабіста званю, бо ведаю, што будзе скардзіцца. Але ён усё адно не задаволены, яму проста не падабаецца, што адключаюць святло. Людзі розныя, што ж зробіш. Трэба з усімі працаваць.

У Раз'ездзе Фалічы не часцей, чым у іншых вёсках, знікае святло. Апошні раз адключалі ўзімку, у лютым, калі не памыляюся. Проста калі звоняць і кажуць, што адбудуцца рамонтныя работы ў Раз'ездзе Фалічы, мне ўжо страшна, бо ведаю, што паступіць чарговая скарга ад Шасцюка. Папярэдзіў яго ці не — усё адно ён лічыць, што парушаюцца яго чалавечыя правы. А як быць? Электрасеткі ж не дзеля забавы адключаюць святло, у іх ёсць свой графік, ім неабходна правесці рамонтныя работы».

У Старадарожскім РЭС Віктара Шасцюка таксама ведаюць не па чутках.

«Часам даводзіцца, каб пераключыцца з адной лініі электраперадач на іншую, на адну хвіліну адключыць святло, — кажа начальнік Старадарожскага РЭСа Дзмітрый Турбан. — Дык вось Вітар Шасцюк пачынае завальваць нас скаргамі, чаму яго не папярэдзілі за тры дні, што будзем праводзіць аператыўнае пераключэнне. Вядома, калі праводзім планавыя рамонтныя работы па замене правадоў, дэмантажу апор і адключаем святло на цэлы дзень, абавязкова за тры дні папярэджваем аб гэтым. Даём інфармацыю на сайце, рассылаем смс-паведамленні. Выконваем усе прадпісанні, але ўсё адно Віктар Іванавіч скардзіцца.

— А калі апошні раз адключалі святло ў Раз'ездзе Фалічы?

— 29 сакавіка.

— У сельсавеце ж сказалі, што ўзімку...

— З сельсаветамі мы ўжо не працуем, у нас зараз ёсць сістэма смс-апавяшчэнняў. Кожнаму жыхару населенага пункта, які даў згоду на рассылку, высылаем смс-паведамленне. Таксама інфармацыя аб планавых рамонтных работах размяшчаецца на сайце РУП «Мінскэнерга».

Разам з тым няштатныя сітуацыі ніхто не адмяняў. «Напрыклад, калі дзьмуць моцныя вятры, можа штосьці пашкодзіцца, і знікне святло. Працягласць ліній электраперадач вялікая, да адной падключана вельмі шмат вёсак. Каб выявіць прычыну адключэння святла, патрэбны час. Зразумела, у выпадку аварый мы ніяк не можам загадзя людзей папярэдзіць. На жаль, не ўсе гэта разумеюць».

Што датычыцца капрамонту ліній электраперадач, то ён праводзіцца раз на 10 гадоў. «Летась была чарга Раз'езда Фалічы. Мы зрабілі капрамонт паветранай лініі электраперадачы 10 кВ: мянялі ізалятары, правады, траверсы. Усё зрабілі па рэгламенце. Напрыканцы мінулага тыдня прыступілі да мадэрнізацыі трансфарматарнай падстанцыі ў гэтым населеным пункце. Інфармацыю аб правядзенні планавых рамонтных работ вывешвалі на сайт. І зноў Віктар Шасцюк будзе незадаволены, што святло адключалі. Але ж для бяспечнага выканання работ мы абавязаныя «абясточыць спажыўцоў». У нас, на жаль, пакуль няма такіх тэхналогій, каб рабіць рамонт, не адключаючы святло. Што датычыцца агароджы, то вясковыя трансфарматарныя станцыі, згодна з усімі стандартамі і нормамі, не агароджваюцца».

У кожнага, як бачыце, свая праўда. Хоць, часта бывае, яна дзесьці пасярэдзіне. З аднаго боку любая скарга, нават самая неістотная, забірае час, бо на яе трэба рэагаваць. З другога боку, заўвагі дапамагаюць паглядзець на сітуацыю збоку, задумацца, што можна палепшыць у сваёй працы, ці насамрэч усё так ідэальна?

Пераканана, што любы жыхар хоча, каб яго вёска квітнела, развівалася, была спрыяльнай для жыцця. Скаргі, як мне бачыцца, таксама пішуцца з гэтай мэтай. Пераканана, што таго ж самага хочуць і прадстаўнікі мясцовай улады, хаця б таму, што яны таксама жывуць на гэтай тэрыторыі. Вядома, не заўсёды на ўсё ёсць сродкі і магчымасці, але можна ж вырашаць пытанні паступова. А каб менш узнікала непаразуменняў і ўзаемная незадаволенасць не назапашвалася і не ператваралася ў снежны камяк, трэба больш размаўляць з людзьмі, тлумачыць. Ведаю гэта па сваёй сям'і. А раён, а тым больш сельсавет, — гэта таксама ў нейкім сэнсе сям'я.

І яшчэ пасля размовы ў мяне склалася адчуванне, што электрасеткам не трэба спяшацца прыпыняць супрацу з сельвыканкамамі. Бо хто, як не гэтыя людзі, лепш за ўсё ведаюць мясцовых жыхароў? Вось у сельвыканкаме згадваюць, што апошняе адключэнне святла ў Раз'ездзе Фалічы адбывалася ўзімку, але, паводле слоў начальніка Старадарожскага РЭС, яно было 29 сакавіка. Атрымліваецца, пра гэта ў сельсавеце не ведалі, бо электрасеткі апавяшчалі жыхароў праз сайт і смс-паведамленні. А што рабіць, калі ў чалавека няма мабільнага тэлефона, як у таго ж Віктара Шасцюка? Канешне, можна паспадзявацца на «вясковае радыё», што людзі адзін аднаму перададуць. А калі не?.. Не думаю, што на сайт РУП «Мінскэнерга» рэгулярна зазірае кожны вясковы жыхар. Таму, можа быць, варта працягнуць супрацоўнічаць з сельвыканкамамі, пакуль сістэма смс-паведамленняў не будзе адладжана.

На месцы ж любога незадаволенага вяскоўца, які напісаў чарговую скаргу, падумала б: а што асабіста я магу зрабіць, каб палепшыць жыццё на вясковай вуліцы? У вёсачцы, дзе жыву сама, напрыклад, шматдзетны тата сваімі рукамі зрабіў зону адпачынку каля рэчкі, яшчэ адзін жыхар памяняў зламаны крыж на ўездзе ў населены пункт на новы і запрасіў бацюшку яго асвяціць. Недарэмна ж кажуць, што добры прыклад, як і дрэнны, таксама заразлівы.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Нерухомасць і грошы. Як падрыхтаваць кватэру, каб выгадна яе прадаць

Нерухомасць і грошы. Як падрыхтаваць кватэру, каб выгадна яе прадаць

Вось вы і вырашылі развітацца са сваёй кватэрай?

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.