Вы тут

Наталля Шапран: Інфармацыйны камфорт нават не сніўся старэйшым пакаленням


Тыдзень таму на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу эсэ «Пуцявінамі беларускага пісьменства». Дыпломы і ўзнагароды ўручалі арганізатары і ганаровыя госці мерапрыемства, сярод якіх — дэкан філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагiчных навук Сяргей Важнік, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак і некаторыя іншыя. Як адбываўся конкурс, якая тэматыка эсэ, чым кіравалася журы ў выбары найлепшых работ — пра гэта распавядае галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран.


— Спадарыня Наталля, праз вас як галоўнага рэдактара часопіса, што з’яўляецца сузаснавальнікам конкурсу, прайшла вялікая колькасць работ. Што б вы адзначылі тыповага, агульнага для іх, нягледзячы на тое, што тэмы розныя?

— Конкурс эсэ прапаноўваў паразважаць пра знакавыя помнікі старажытнага беларускага пісьменства; пра ўражанні ад знаёмства з жыццём і дзейнасцю беларускіх першадрукароў і асветнікаў; пра аўтараў першых выданняў паэзіі і прозы ХІХ—пачатку ХХ ст.; пра сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі; пра наведванне выставак і кніжных экспазіцый і інш.

Эсэ як жанр вымагае ад аўтара падкрэслена асобаснага, шчырага, я б сказала, «лірычнага», падыходу да абранай тэмы. Назвы прапанаваных удзельнікам конкурсу тэматычных кірункаў гучалі, на першы погляд, даволі хрэстаматыйна і маглі б раскрывацца па звычнай мадэлі школьнага сачынення. Аднак большасць работ здзівіла арыгінальнасцю, свежым успрыманнем і ўсведамленнем гісторыі, падзей і асоб беларускага пісьменства, а галоўнае, шчырым імкненнем падзяліцца ўласнымі пачуццямі. І ўласным досведам. Напрыклад, адзін юнак пабудаваў сваю работу як шэраг асацыяцый, выкліканых аглядам паліц у кніжнай краме. Так і назваў: «Развагі каля букіністычнай крамы».

— Можа, вы адкрылі нешта новае і для сябе, знаёмячыся з работамі? Што ўразіла ці стала нечаканым?

— Часопіс «Роднае слова» ўжо неаднойчы выступаў ініцыятарам рэспубліканскіх вучнёўскіх конкурсаў навуковых і творчых работ. І кожны раз мяне проста зачароўвае, як аднолькава, падобна адкрывае для сябе ўласную нацыянальную культуру кожнае новае пакаленне! Магчыма, прагучыць парадаксальна, але ў гэтым падабенстве — мая заўсёдная нечаканасць. Заўжды пабойваешся: час цяпер хуткі, энергічны, патрабавальны — як ён «падфарматаваў» нашых дзетак?

Сама па сабе культура — з’ява грунтоўная, фундаментальная і… інертная. У гэтай яе запаволенасці, на мой погляд, хаваецца выратаванне чалавека ад уплыву розных шкодных сітуатыўных, другасных вятроў. Сёлетні конкурс зноў пацвердзіў мае прытоеныя спадзяванні на гэта. Нашы дзеці цікавяцца ўсім, чым некалі захапляліся мы. Яны чуйныя да прыгожага, адгукаюцца на таленавітае слова, самі цягнуцца да яго. Відаць, не варта перабольшана баяцца прынцыповага ўплыву тэхналогій на дзіцячыя душы.

— Ці было ў работах характэрнае менавіта для маладога пакалення, тое, што ў прынцыпе было немагчыма для нас, прадстаўнікоў пакалення «бацькоў» тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе?

— Яны больш разняволеныя, камунікабельныя і, мне падалося, больш ініцыятыўныя. Іх дакараюць за так званае кліпавае мысленне, але і гэты заганны бок камп’ютарнага часу дзеці неяк умудраюцца павярнуць на карысць. Само жыццё актуалізуецца ў іх свядомасці. У іншых работах назіраюцца прыкметы рэпартажнасці. І гэта ніяк не шкодзіць сапраўднасці і глыбіні іх разважанняў. Інфармацыйны камфорт, у якім існуюць сучасныя вучні, нават не сніўся старэйшым пакаленням. Інтэрнэт-магчымасць імгненна перанесціся ў прасторы, відаць, падсвядома ўплывае і на іх стасункі з часам. У работах-паглыбленнях у гісторыю ўлоўліваецца так званы эфект прысутнасці… 

— Каля 350 удзельнікаў. Работы ўсе розныя, з розным узроўнем ведання матэрыялу і мастацкасці, арыгінальнасці мыслення. І ўсё ж да падвядзення вынікаў былі ўведзены новыя намінацыі. За што ўзнагароджвалі найперш?

— У тым і справа, што работы розныя. І не толькі па ўзроўні, але і па творча-індывідуальнай афарбоўцы, што амаль кожную з іх робіць унікальнай. Членам журы пры ацэнцы цяжка было пазбавіцца «комплексу» ўласнай суб’ектыўнасці. На дапамогу былі прыцягнуты крыху фармальныя крытэрыі. Напрыклад, пры вызначэнні спецыяльных прызоў звярталася ўвага на эсэ, прысвечаныя літаратарам-землякам, на яскрава выказаную любоў да роднай мовы, на работы з краязнаўчым ухілам. 

— Як шырока былі прадстаўлены рэгіёны?

— Геаграфія падзеі парадавала і натхніла. Я ўглядалася ў залу, бачыла прыгожыя маладыя твары, ласкавыя і мудрыя вочы настаўніц, а дзесьці на даляглядзе ўяўна паўставала пазнавальная карта-мазаіка Беларусі. Азёрная Віцебшчына, па-дняпроўску магутная Магілёўшчына, утульная паляшуцкая Гомельшчына, гжэчная Гродзеншчына, стрыманая Міншчына, якая апошняй далучылася да конкурсу, але па-сталічнаму актыўна і годна. А самая цёплая Брэстчына, куды вясна прыходзіць першай, дала найбольшую колькасць удзельнікаў. 

Гутарыла Марыя ЯРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.