Вы тут

Пакосы, нібы нізкі...


Добра помніцца, як напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, наведаўшыся да свайго дзядзькі ў Іванаве, на ёмістай кніжнай паліцы, якую з цікавасцю праглядаў, бо вельмі любіў чытаць, звярнуў увагу на невялічкую кнігу з інтрыгоўнай назвай «Арыенцір — сузор’е Арыён». Яна была адзіная, якая не стаяла, а ляжала на паліцы. Дзядзька патлумачыў, што нядаўна гэтую кнігу падарыў яму сам аўтар. 


Мяне, заўтрашняга васьмікласніка, гэта вельмі ўсхвалявала. Здавалася, нібыта дзядзька бачыўся з самім Богам. Да свербу карцела папрасіць тую кнігу, каб дома ў цішыні пагартаць, пачытаць, пагладзіць маляўнічую вокладку з выявай касманаўта ў скафандры. Але не пасмеў. Тым больш што ён і сам яе яшчэ не дачытаў, бо атрымаў літаральна днямі. 

Мінуў час. І вось ужо і я, як і ён, таксама пісьменнік і журналіст. Мы пасябравалі. Нават выпаў гонар трошкі папрацаваць разам у Брэсцкай абласной газеце «Народная трыбуна», дзе ён быў карыфеем. Перайшоў жа сюды з пасады ўласнага карэспандэнта па Брэсцкай вобласці часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларуская думка». Пры гэтым анічым не дэманстраваў сваё карыфейства, перавагу ў параўнанні з іншымі калегамі. Наадварот, заўсёды надзвычай добразычлівы, усмешліва-лагодны… Мяне пры першым жа знаёмстве «змусіў» звяртацца да яго на ты, хоць нашмат старэйшы і «творчая вага» — далёка мне да яе. 

Мікола, што мяне асабліва захапляла, заўсёды не толькі пісаў, але і размаўляў выключна па-беларуску, у тым ліку ў побыце. Гэтак жа захапляла яго няўрымслівасць і працавітасць. Ніколі не бачыў яго без фотаапарата ў руцэ. А з кішэні нязменна вызіраў блакнот. Уражанне было такое, што ён шчыруе кругласутачна. 

Нарадзіўся Мікалай Васільевіч 9 сакавіка 1947 года на хутары непадалёку ад вёскі Галоўчыцы Драгічынскага раёна. Некранутая на той час меліяратарамі прырода захапляла будучага творцу: 

Я родам з хутара. Балота 
Чаротам стукала ў акно. 
Бяроз і клёнаў пазалота, 
І сінь нябёс, і броду дно…

Яшчэ ў школьныя гады пачаў пісаць вершы. Іх выносілі на свет Божы рэспубліканскія «Чырвоная змена», «Сельская газета», часопіс «Маладосць». У далейшым, сталым, жыцці сваё прызванне знайшоў у дакументальнай прозе. 

З 1965-га — літсупрацоўнік, а потым адказны сакратар Іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» (цяпер «Янаўскі край»). Пры рэдакцыі заснаваў літаратурнае аб’яднанне «Ясельда» і аднайменную літстаронку ў газеце. Некаторы час працаваў у Драгічынскай раённай газеце «Запаветы Леніна», брэсцкай абласной «Заря». У тым жа 65-м паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. У кастрычніку 1969-га яго нарыс «Барозны ніколі не канчаюцца» пра сельскага механізатара апублікавала газета «Звязда». А за нарыс «Кароль кавальскай справы», дасланы на конкурс «Звязды» і Белсаўпрофа, быў удастоены другой прэміі.

Менавіта гэтыя ды іншыя публікацыі ў рэспубліканскай прэсе вызначылі яго далейшы лёс: з чэрвеня 1970-га ён — уласны карэспандэнт «Звязды» па Брэсцкай вобласці. З гэтага часу пачынаецца яшчэ больш плённы перыяд у яго творчасці. У1975 годзе ён выдае адразу дзве кнігі: у выдавецтве «Народная асвета» — зборнік дакументальных апавяданняў пра піянераў-падпольшчыкаў «Мужнелі ў барацьбе», а ў «Беларусі» — пра лётчыка-касманаўта СССР Пятра Клімука «Арыенцір — сузор’е Арыён». У 1977 годзе ў тым жа выдавецтве ўбачыла свет дапрацаванае і перакладзенае Уладзімірам Жыжэнкам на рускую мову другое выданне аповесці «К созвездиям». У ім апавядаецца не толькі пра першы (з Валянцінам Лебедзевым), але і пра другі, гэтым разам працяглы, касмічны палёт Пятра Клімука з Віталём Севасцьянавым на каляземнай арбіце. Урыўкі з гэтай аповесці («Чула маё сэрца», «Мітынг у калгасе», «У роднай хаце», «Ізноў у палёце») увайшлі ў двухтомнік «Беларускі савецкі нарыс» (1977).

Праз вельмі кароткі час разам з Васілём Татунам і Сцяпанам Літвінчуком Мікола Панасюк напісаў кнігу нарысаў пра доўгажыхароў Беларусі «Шчодрае даўгалецце» (1980), разам з Васілём Татунам — «Крона вечнага дрэва» (1987) — пра дружбу беларусаў і палякаў, іх памежныя сувязі. Адна за адной выходзяць кнігі Міколы Панасюка, у якіх ён апявае сваіх землякоў — людзей палескай вёскі: «Полесская целина» (1982), «Світальныя зоркі» (1987), «Зоркі над Бугам» (1990). 

Плённай была і яго праца са студзеня 1987-га ў часопісе «Коммунист Белоруссии». На яго старонках змясціў шэраг матэрыялаў пра ўдмуртаў, якія воляй лёсу былі закінуты ў Беларусь. Дакументальная аповесць «Двое у родничка» апублікавана ў калектыўным зборніку «Вчера, сегодня, завтра Советской Удмуртии» (выдавецтва «Удмуртия», 1990). 

Калісьці, на заранку сваёй літаратурнай дзейнасці, ён, малады журналіст, прызнаваўся: 

Не выдаў я пакуль што кніжкі, 
Але, паверце, не журуся:
Кладу пакосы, нібы нізкі, 
На лузе росным Беларусі. 

Цяпер у Мікалая Васільевіча ёсць не толькі кнігі, але і прызнанне яго таленту.

Анатоль КРЭЙДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».