Вы тут

140 год з дня нараджэння Уладзіслава Галубка


Заўсёды прыемна з той ці іншай нагоды згадаць выдатных дзеячаў нацыянальнай культуры. Да іх юбілею — тым больш. Калі ж ён не проста круглы, а набліжаецца да 150, то не заўважыць яго проста грэшна. А праз тыдзень з невялікім 140-годдзе з дня нараджэння Уладзіслава Галубка — 3 мая, калі па старым стылі. Ёсць магчымасць яшчэ раз успомніць, наколькі вялікі яго ўклад у развіццё нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. 


Пачаць лепш з драмы «Ганка». У Грамадзянскую вайну і пасля прайшло каля 500 яе паказаў. Цікавы выпадак, як пісала газета «Звязда» 25 сакавіка 1928 года, адбыўся ў Нараўлянскім раёне. Да Уладзіслава Іосіфавіча падышоў селянін. Расхінуў барты свайго кажуха: «Братка ты мой, вось гэты кажух мяне так не сагрэў, як твая “Ганка” сагрэла».

«Ганка», першапачатковая назвай якой «Ні тая, ні другая», — адна з ранніх яго п’ес. Праўда, сюжэт навізной не вызначаецца. Некалі багатая памешчыца-палкоўнічыха хоча парадніцца з паняй Пясэцкай, у якой ёсць дачка Марыся, аддаўшы за яе замуж прыёмнага сына Васіля. Не зважаючы на тое, што ён кахае пакаёўку Ганку. Штосьці новае сказаць у творы было цяжка, аднак гэта ўдалося дзякуючы старанна, глыбока і псіхалагічна распрацаванаму вобразу палкоўнічыхі. 

Раней яна была спагадлівай, магла праявіць чалавечнасць. Таму і пашкадавала сялянскага сірату Васіля. Ды выхавала яго бязвольным, бесхарактарным. А такія людзі і патрэбны ёй — моцнай, рашучай. Сярод крытыкаў былі нават спробы параўнаць палкоўнічыху з вядомай гераіняй Максіма Горкага Васай Жалязновай. Не абышоў такой спакусы і адзін з найбольш вядомых даследчыкаў беларускай драматургіі Антон Семяновіч. Але дакладна адчуў іх рознасць. Палкоўнічыха таксама «страшэнна ненавідзіць людзей і дзеля сваёй выгады ідзе на любое злачынства, гатова «паліць усё, дагала раздзець усіх, голадам марыць, вымаражваць, як тараканаў». Ды ў адрозненне ад Жалязновай «накапляе багацце без пэўнага сэнсу; у яе нават няма наследнікаў, якім яна магла б пакінуць нажытае». Грошы зацьмілі ёй увесь белы свет. Мала таго, што прымусова жэніць Васіля на Марысі. З дому выгнала Ганку разам з бацькам, панскім пастухом. І тых, хто па сацыяльным статусе роўня ёй, не шкадуе: давяла яе да самазабойства. 

Асабліва блізка ўспрымалі лёс Ганкі вясковыя жанчыны. Калі гэтая гераіня праклінала сваю долю, некаторыя не хавалі слёз. Прамоўленае ёю, прыгожай, чулай, спагадлівай, успрымалі як уласнае гора: «Так, вось і паненку панічу сватаюць багатую, вучоную дваранку. Не зайздрошчу, але радуюся шчасцю людзей. Абы ім добра было. Толькі ў мяне нічога лепшага ў будучыні няма. Мужычка я, бедная батрацкая дачка, не маю права думаць ні аб шчасці, ні аб долі і сказаць нікому не магу, што ў маім сэрцы жыве. Павінна маўчаць і маўчаць. О, доля батрачкі! О, шчасце наймічкі. Дзе ж ты?» Пасля гэтага горка плакалі, бо спектакль кранаў самыя чуйныя струны іхняй душы.

Была ва Уладзіслава Галубка і яшчэ адна Ганка. Такое імя гераіні лубка «Бязродны». Яна, закаханая ў Янука, прозвішча якога сімвалічнае — Бязродны, працівіцца айчыму, які хоча аддаць яе замуж за старшага ўрадніка Панцялея Качаргіна. Падобна на купалаўскую Паўлінку, не згодную жыць з нялюбым чалавекам. Калі згадаць яшчэ п’есу «Душагубы» (новая рэдакцыя «Чорная душа»), атрымліваецца своеасаблівая любоўная меладрама-камедыя, хоць і з рознымі персанажамі. У ёй «Душагубы» вылучаюцца найбольш пакручастым дзеяннем. 

Свой лёс Уладзіслаў Іосіфавіч не мог не звязаць з тэатрам. Сцэнічнае дзейства яго і захапляла, і чаравала, і здзіўляла сваёй таемнасцю. Неаднойчы прыходзіла думка: «А ці змог бы гэтак выступіць я?» Хоць спачатку не ведаў, у якой ролі паспрабаваць свае сілы. Драматурга? А можа, у ролі акцёра? Усё вырашыў нумар «Нашай Нівы», у якім пісалася: «Пытаецеся, ці ёсць беларускі тэатр? Пакуль што няма, але здаецца, што на Калядах ужо будзе. Прысылайце толькі п’есы, каб іх можна было ставіць».

Захады па стварэнні беларускага нацыянальнага тэатра тады прымалі Ігнат Буйніцкі, Фларыян Ждановіч, Усевалад Фальскі і іншыя. Ужо ў тым жа 1906 годзе адбыўся спектакль на колішнім хутары Пятроўшчына, цяпер мікрараён Паўднёвы Захад у Мінску. Некаторыя з іх Уладзіслаў Галубок глядзеў, пра іншыя чуў. 

А ў чэрвені 1907 года заявіла аб сабе трупа Iгната Буйніцкага. У 1913 годзе ствараецца «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», якім кіраваў Фларыян Ждановіч. Далучаецца да яго разам з жонкай і дочкамі. Піша п’есы «Забыўся падперазацца» (тэкст не захаваўся), «Апошняе спатканне», «Пісаравы імяніны» і іншыя. Яны і былі пастаўлены ў тым жа 1917 годзе, калі і напісаліся.

Пасля вызвалення Мінска ад немцаў «Першае таварыства...» было рэарганізавана ў Беларускі савецкі тэатр. Уладзіслаў Іосіфавіч спрабуе стварыць уласны тэатр на Пярэспе ў Мінску, ды не атрымалася. Паехаўшы вясной 1920 года ў Слуцк, узначаліў драматычную секцыю культурна-асветнага гуртка «Папараць-кветка». Выступалі месяц-другі — і ў Слуцку, і ў Капылі. Пасля вяртання ў Мінск калектыў атрымаў назву «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка». Першы спектакль адбыўся 15 жніўня 1920 года ў Беларускім рабочым клубе. Назвы мяняліся. Трупа працягвала працаваць ажно да 1937 года, стаўшы ўжо БДТ-3 (Беларускі дзяржаўны тэатр).

Напісаў каля 40 п’ес. Некаторыя дапрацоўваў, а то і перапрацоўваў. Каторую ні возьмеш, абавязкова цікавіла гледачоў. Асабліва тых, хто ў тэатр прыйшоў упершыню. Пісаў і з разлікам, каб пераканаць іх у тым, якая гэта вялікая сіла — беларуская мова. Ёй можна шмат сказаць і выказаць. Найчасцей распрацоўваў сюжэты, што прываблівалі сваімі нечаканымі калізіямі, прыгодамі. Пры гэтым часам не звяртаў належнай увагі на псіхалагічную матывацыю тых ці іншых паводзін персанажаў. Разумеў, што гэта на шкоду мастацкасці, але ад такога падыходу не адмаўляўся. Яму неабходны быў свой глядач. З падобным разлікам пісалася і п’еса «Блуд», назву якой пазней перайначыў — «Пан Сурынта». Дзеянне адбываецца ў канцы ХVІІ стагоддзя, галоўны персанаж — сапраўды ўвасабленне блуду. Як высвятляецца, чарговая каханка Кася — яго родная дачка, народжаная некалі ад зганьбаванай ім прыгоннай жанчыны. 

З асаблівым задавальненнем глядач ішоў на спектаклі па камедыях Уладзіслава Галубка. Як, да прыкладу, на «Пісаравы імяніны». Назва, як вядома, пераклікаецца з аднайменным апавяданнем Якуба Коласа. Праўда, у розны час спектаклі ставілася і пад назвамі «Залёты дзяка» і «Хвароба ў добрым здароўі». Сюжэт жа камедыі, зразумела, самастойны. Прозвішчы персанажаў гавораць самі за сябе. Гэта — старшыня воласці Біч, ураднікі Абібок, Набінос і Лупадзёр. Той жа дзяк, фельчар, сядзелец, вучыцель — не лепшыя за іх. 

І ў камедыі «Суд» (ёю 10 жніўня 1920 года пачала сваю дзейнасць «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка» выкрываюцца суддзя, старшыня, блізкія не толькі персанажам «Пісаравых імянін», але і Кручкову і Пісулькіну з «Пінскай шляхты» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Нямала сатыры і ў камедыі «Ветрагоны». У адрозненне ад дзвюх папярэдніх п’ес, яна пабудавана на блізкай Уладзіславу Галубку сучаснасці. Шмат што ў жыцці змянілася, толькі як былі мяшчане, прыстасаванцы, аматары доўгага рубля, так і заставаліся. «Шчасце там, дзе бляск» — у гэтым пераканана і васямнаццацігадовая Фрося, пра што прама кажа закаханаму ў яе вясковаму кавалю Пётру. Замуж жа збіраецца не за яго, а за «прыгожа апранутага» Ігната. Ён жа, як высветлілася, звычайны жулік. 

Выступаў і як паэт, празаік, апавяданні якога Максім Багдановіч высока ацаніў у сваім артыкуле «Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911—1913 гадоў»: «Галубок, як і раньш, пісаў бойкія і вясёлыя апавяданні, да чаго меў праўдзівую здольнасць. Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя». Не менш важна, што, кажучы словамі Сцяпана Лаўшука, ён «упэўненай рукой трымаў паходню культурнага асветніцтва, штодзённай самаахвярнай працай змагаўся за лепшае заўтра. А ўрэшце, ён сам быў гэтай паходняй, узнятай над плынямі бурнага часу, якая без астатку аддала святло і цяпло роднай старонцы…»

Янка ЗЯНЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.