Вы тут

Рамантычная меладрама «Дамоклаў меч» ужо на экранах


Сярод шматлікіх беларускіх карцін, якія апошнім часам прыйшлі на экраны сталічных кінатэатраў, каб спатоліць глядацкі голад, асобна вылучаецца адна. Мастацкі фільм рэжысёраў Юрыя Ялхова і Дзмітрыя Зайцава пад назвай «Дамоклаў меч» упершыню быў прэзентаваны публіцы 9 красавіка ў кінатэатры «Піянер». Рамантычная меладрама, знятая аўтарамі па-за межамі Нацыянальнай кінастудыі, за ўласныя сродкі і без спонсарскіх укладанняў, апавядае гісторыю кахання двух адзінокіх сэрцаў, чыя пульсацыя па іроніі лёсу можа ў любы момант спыніцца…


Немалады хірург па імені Радзівон («гучыць-як-Напалеон»), чыю ролю выконвае Ігар Фільчанкоў, і папулярная маладзёжная спявачка Дзіяна (Вера Палякова) выпадкова знаёмяцца падчас прагулкі ў раскошным парку, што нібыта раскінуўся на тэрыторыі анкалагічнага дыспансера (надзвычайныя пейзажы адразу выдаюць месца здымак — Цэнтральны батанічны сад). Абодва героі, як хутка высвятляецца, — пацыенты клінікі. У мужчыны — запушчаная пухліна, гераіня пакутуе ад лейкеміі. Пры знаёмстве паміж імі прабягае іскра, якой наканавана ў хуткім часе распаліцца полымем сапраўднага кахання.

Якія ж перашкоды паўстаюць на шляху персанажаў, што за сіла супрацьстаіць іх каханню? Па праўдзе сказаць, няма такой… Фактычна адзіным антаганістам карціны становіцца няўмольны фатум, які яшчэ і выстрэльвае — што той «бог з машыны» — непрадказальным чынам. Дадзеная асаблівасць хаця і надае гісторыі трагедыйнага пафасу, а ўсё ж развіццю сюжэта не спрыяе. Такая, з дазволу сказаць, бесканфліктнасць прымушае герояў увесь фільм (зусім не кароткі, як па мерках сучаснага аўтарскага кіно) таптацца на месцы.

«А чаму гэта яны абавязкова павінны куды-небудзь несціся?» — небеспадстаўна заўважыце вы. Сапраўды, гісторыя кінематографа (беларускага, у тым ліку) зазнала шмат прыкладаў, так бы мовіць, бессюжэтных палотнаў — існуюць цэлыя жанры і адпаведныя эстэтычныя дактрыны (ад мамблкору да «павольнага кіно»). Важнае адрозненне «Дамоклава мяча» ў тым, што яго аўтары цвёрда заяўляюць аб сваёй прысутнасці ў фільме. Карціна прэтэндуе на змястоўнасць, але пры гэтым пазбаўлена драматургічнага стрыжня.

Ні вялікая розніца ва ўзросце, ні сацыяльная прыналежнасць галоўных герояў не здольныя пахіснуць іх пачуццяў, бо персанажаў ураўноўвае чаканне смерці (сцэнарый напісаны Анатолем Дзялендзікам, і з пункту гледжання стылю рэплікі выпісаны густоўна). Зрэшты, стваральнікі імкнуцца падкрэсліць міжасобасны канфлікт візуальна. Яскравы прыклад у кадры — палатно Васіля Пукірава «Няроўны шлюб». Падчас наведвання музея ў адным з эпізодаў Радзівон з Дзіянай з цікавасцю разглядаюць карціну. 

Верагодна, падобнага роду дэталі, адкрытыя воку гледача, але схаваныя ад саміх герояў, павінны працаваць на цэнтральную ідэю стужкі. У жыцці заўсёды знойдуцца акалічнасці і апраўданні, каб нечага не рабіць, аднак нельга забываць аб дамоклавым мячы, які павіс над галовамі не толькі смяротна хворых, але і ўсіх без выключэння людзей (гэта яскрава засведчыць канцоўка фільма). Таму, нягледзячы на вонкавую рознасць, героі працягваюць стасункі… Праблема ж у тым, што яны нават не спрабуюць супраціўляцца патоку, у які трапілі воляю сцэнарыста, і папросту не заўважаюць знакаў, што пасылае сусвет.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.