Вы тут

Што карыснага пра стан нябеснай канцылярыі можна прачытаць на pogoda.by?


Сёння прагноз надвор'я можна ўбачыць амаль на кожным інфармацыйным партале. Але не ўсюды яны адлюстроўваюць аб'ектыўную рэчаіснасць. Каб максімальна поўна расказаць карыстальнікам пра існуючыя, мінулыя і будучыя гідраметэаралагічныя ўмовы, пра стан навакольнага асяроддзя, набліжэнне неспрыяльных і небяспечных прыродных з'яў, у Белгідрамеце Мінпрыроды быў створаны і нядаўна абноўлены сайт pogoda.by.


Фота: pexels.com

— Каб карыстальнікам было зручна і зразумела, метэаралагічная інфармацыя на сайце прадстаўлена ў выглядзе карт надвор'я, табліц, графікаў, выяў, тэкставых паведамленняў, — расказвае вядучы інжынер-праграміст службы праграмнага забеспячэння Белгідрамета Аляксандр Паўленка. — У нас таксама рыхтуюцца «Навіны надвор'я» — штармавыя папярэджанні, гідра- і аграметэаралагічныя прагнозы, а таксама апісваюцца гідраметэаралагічныя ўмовы ў Беларусі за мінулы месяц.

Спецыялісты ці камп'ютар?

У раздзеле «Прагноз надвор'я» знаходзіцца аператыўная інфармацыя як ад сіноптыкаў, так і атрыманая шляхам разліку лічбавых мадэляў атмасферы.

Спецыялісты Белгідрамета падаюць прагноз надвор'я па абласных цэнтрах Беларусі на наступныя суткі. А сінаптычная карта, якая абнаўляецца кожныя тры гадзіны, дапамагае даведацца, якія ўмовы надвор'я нас чакаюць у найбліжэйшы час.

Свой прагноз даюць і лічбавыя мадэлі атмасферы — сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў гідратэрмадынамікі атмасферы, дзе ўлічваюцца кліматычныя і геаграфічныя асаблівасці тэрыторыі. У нашай краіне выкарыстоўваюцца даныя такіх мадэляў, як GFS нацыянальнага цэнтра ЗША па прагназаванні навакольнага асяроддзя; мезамаштабнай мадэлі WRF-ARW нацыянальнага цэнтра ЗША па атмасферных даследаваннях; глабальнай мадэлі ІCON-EU і мезамаштабнай мадэлі COSMO-RU кансорцыума COSMO, а таксама лічбавай мадэлі WRF, разлікі якой праводзяцца на вылічальных магутнасцях Белгідрамета. Пры гэтым, паводле слоў Аляксандра Паўленкі, трэба памятаць, што прагнастычныя даныя лічбавых мадэляў могуць адрознівацца ад прагнозаў сіноптыкаў, таму што выпускаюцца без іх карэкціроўкі.

Радар падкажа непагадзь

Пры пагрозе неспрыяльных і небяспечных з'яў надвор'я ў Белгідрамет паступаюць аўтаматызаваныя тэлеграмы коду WAREP. Яны перадаюцца з метэастанцый Беларусі і суседніх краін — Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Расіі. На іх аснове ў кругласутачным рэжыме складаюцца штармавыя папярэджванні. Існуе асобны модуль і для штармавых гідралагічных папярэджванняў, які раскажа пра будучыя павышэнні ці паніжэнні ўзроўняў вады ў рэках Беларусі, а таксама ранняе лёдаўтварэнне.

— На сайце таксама можна знайсці радарныя карты, якія адлюстроўваюць становішча ў рэальным часе, — дадае Аляксандр Анатольевіч. — Назіранні праводзяцца на пяці радыёлакатарах у Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі і Мінску, а таксама выкарыстоўваюцца даныя з Расіі.

У рэальным часе

Pogoda.by — гэта таксама інфармацыя непасрэдна з пунктаў дзяржаўнай сеткі гідраметэаралагічных назіранняў. З дапамогай аўтаматызаваных метэаралагічных сістэм выконваюцца прыземныя назіранні за тэмпературай паветра, прыроднымі з'явамі, хуткасцю ветру, ціску на ўзроўні мора, вільготнасцю. Даныя абнаўляюцца кожныя тры гадзіны сінхронна па ўсёй тэрыторыі.

Для тых, хто займаецца аграрнай справай, спецыялісты рыхтуюць аграметэаралагічныя бюлетэні, уключаючы прагноз на найбліжэйшыя дні, карту тэмпературы паветра на вышыні 2 см па Беларусі за 06.00 UTC (сусветнага каардынаванага часу).

Свае даныя публікуюць на сайце і гідролагі. Яны папярэджваюць пра штармы, паказваюць, як змяняецца ўзровень вады і яе тэмпература, даюць прагноз на найбліжэйшы час.

— Цікавым для карыстальнікаў будзе і раздзел «Інфармацыя», — кажа прадстаўнік Белгідрамета. — Тут можна знайсці звесткі пра гідраграфію рэк Беларусі, пра самыя высокія і нізкія тэмпературы паветра і колькасць ападкаў, пазнаёміцца з метэаралагічнымі станцыямі краіны, вывучыць метэаралагічныя тэрміны і прыборы, даведацца пра стан геамагнітнага фону Зямлі, час узыходу і заходу сонца.

Як адзначае Аляксандр Паўленка, Белгідрамет таксама дае магчымасць пастаянным карыстальнікам pogoda.by задаць пытанні, якія іх цікавяць, выказаць заўвагі і словы ўдзячнасці праз электронную пошту і сацыяльныя сеткі. Гэта дапамагае ўдасканальваць работу сайта, змяняць падыходы да падачы інфармацыі.

Анастасія АЛЯКСЕЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.