Вы тут

БСЖ і Усекітайская асацыяцыя журналістаў падпісалі пагадненне


У Доме прэсы ў анлайн-фармаце адбылася сустрэча, якая ў хуткім часе паспрыяе развіццю айчыннай медыясферы. Беларускі саюз журналістаў і Усекітайская асацыяцыя журналістаў 26 красавіка падпісалі пагадненне «Аб абмене дэлегацыямі і супрацоўніцтве ў журналісцкай сферы». Гэты дагавор не толькі паўплывае на беларускія і кітайскія СМІ, але і акажа падтрымку іншым сферам. Пагадненне пашырыць межы супрацоўніцтва паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, дапаможа беларускім экспарцёрам хутчэй увайсці на кітайскі рынак


На мерапрыемстве прысутнічалі вядучыя спецыялісты медыясферы. Беларускі бок прадстаўлялі старшыня праўлення БСЖ Андрэй Крывашэеў, пасол Беларусі ў Кітаі Юрый Сянько, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Дзік.
У фармаце Zoom-канферэнцыі ўдзел у сустрэчы прынялі кітайскія калегі: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн і выканаўчы намеснік старшыні Усекітайскай асацыяцыі журналістаў Лю Чжэнжун.

Андрэй Крывашэеў засяродзіў увагу на тым, што аднаўленне і пашырэнне партнёрскага пагаднення акажа падтрымку рэдакцыям рэгіянальных газет:

— Паміж буйнымі медыя пагадненні ўжо выбудаваны. Таму я спадзяюся, что сённяшняя сустрэча ў выніку пасадзейнічае заключэнню новых дагавораў паміж рэгіянальнымі рэдакцыямі. Адзначу, што наша новае пагадненне прадугледжвае самы шырокі спектр магчымасцяў: абмен дэлегацыямі, кантэнтам, інфармацыйная падтрымка праектаў, стажыроўкі для студэнтаў.

У сваю чаргу пасол Беларусі ў Кітаі Юрый Сянько адзначыў, што сёлета Беларусь і Кітай адзначаюць 30-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін:

— Важным складнікам стратэгічнага партнёрства паміж нашымі краінамі з'яўляецца супрацоўніцтва ў сферы СМІ. У сучасным сусвеце з яго найноўшымі камунікацыямі і тэхналогіямі сувязі СМІ выступаюць як адзін з галоўных інструментаў фарміравання зносін паміж народамі, садзейнічаюць паляпшэнню ўзаемнага даверу.

— Абмен навінамі паміж Кітаем і Беларуссю не можа быць аддзелены ад падтрымкі ўрадамі краін. Я хацеў бы выказаць падзяку і павагу паслам абедзвюх краін, — дадаў Лю Чжэнжун. — З моманту падпісання пагадненняў паміж БСЖ і Усекітайскай асацыяцыяй журналістаў мы здзейснілі шэраг мерапрыемстваў па абмене і супрацоўніцтве, падтрымалі адзін аднаго. Беларускі і Кітайскі бакі неаднаразова абменьваліся дэлегацыямі, што паспрыяла развіццю сувязяў.

Пасля падпісання пагадненняў адбыўся семінар журналістаў і экспертаў Беларусі і Кітая. Спікеры нагадалі аб праекце «Адзін пояс і адзін шлях» — ініцыятыве міжнароднага супрацоўніцтва, створанай дзеля развіцця інфраструктуры і паскарэння эканамічнай інтэграцыі краін, размешчаных па шляху гістарычнага Шаўковага шляху.

Кіраўнік Камітэта па этыцы Беларускага саюза журналістаў, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч адзначыў маштабнасць падзеі для беларускай журналісцкай і выдавецкай супольнасці:

— Кітайская тэма, безумоўна, становіцца значным напрамкам у паўсядзённай рабоце палітолагаў, даследчыкаў у сферах эканомікі, дзяржаўнага кіравання і іншых важных галінах. У выніку выходзяць новыя кнігі, у беларускіх ВНУ абараняюцца дысертацыі маладых кітайскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам нашага прафесарскага складу, у тым ліку ў галіне медыясферы на базе факультэта журналістыкі БДУ. Прарыўным праектам, які, бясспрэчна, пашырыць прастору медыйнага партнёрства Беларусі і Кітая, стане супрацоўніцтва БСЖ і Усекітайскай асацыяцыі журналістаў.

Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук засяродзіў увагу на неабходнасці стварэння адзінай платформы для друкаваных СМІ Беларусі і Кітая:

— На сёння працуе навінная сетка «Адзін пояс і адзін шлях». Але пакуль навіны там прадстаўлены толькі нашымі паважанымі кітайскімі калегамі. Мы пацвярджаем сваю гатоўнасць удзельнічаць у напаўненні гэтай сеткі. Больш за тое, я прапаноўваю стварыць лакальную двухбаковую платформу для акумулявання інфармацыі і далейшага яе распаўсюджвання. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб кітайскія калегі бачылі нашу працу.

Падчас сустрэчы ў Доме прэсы была прадстаўлена выстаўка «Кітай вачыма беларускіх мастакоў», а таксама экспазіцыя ад Выдавецкага дома «Звязда» — кнігі кітайскіх аўтараў у перакладзе на беларускую, працы пра беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, выпускі часопіса «Беларусь», у тым ліку на кітайскай мове.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.