Вы тут

Запаветы ўладыкі Сцяфана


26 красавіка ва Успенскім Жыровіцкім манастыры быў пахаваны архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, які спачыў у Вялікую Пятніцу. Епархіяй ён кіраваў больш за тры дзесяцігоддзі. Восем гадоў таму аўтару гэтых радкоў пашчасціла сустракацца з архіепіскапам, нагодай стала інтэрв'ю для газеты. Менавіта пашчасціла. Уладыка тады шмат чым прыемна здзівіў.


Найперш — сваім цудоўным веданнем класічнай беларускай літаратуры і роднай мовы. Мова яго была прыгожай, сакавітай, такой, што адразу згадвалася «Новая зямля». Ён і не ўтойваў сваёй сімпатыі да творчасці Якуба Коласа: падчас гутаркі столькі вершаваных радкоў згадаў на памяць! Высветлілася, што архіепіскап — даўні чытач нашай газеты, да «Звязды» прызвычаіўся ў школьныя гады, газету выпісвалі бацькі. А потым, калі тры гады адбываў тэрміновую службу ў далёкай Туркменіі, чытаў «Звязду», каб не забываць мову, практыкавацца. Дамовіўся, і сваячка выпісвала выданне яму ў войска. Тады можна было гэта зрабіць. Вось вам і прыклад, і запавет: калі не хочаш адрывацца ад родных каранёў, калі шануеш сваю мову, гісторыю, культуру, заўсёды знойдзеш магчымасць падтрымліваць усё гэта ў сабе.

Уладыка Сцяфан расказваў, што нарадзіўся ў Чэрвеньскім раёне, паводле яго слоў, у адным з самых бязбожных тады раёнаў Беларусі. На той час у раёне не засталося ніводнай царквы: «У адным нашым Смілавіцкім прыходзе раней было тры храмы, а ў 1930-я гады іх зруйнавалі і знішчылі. Вечарамі збіраліся аднавяскоўцы, успаміналі, як раней маліліся ў храме, адзначалі святы. У царкву ў Мінск стаў ездзіць ужо ў школьныя гады. Бацькі стараліся прывіць цікавасць да вучобы, а да Бога прыйшоў сам. Пасля службы ў сталічным храме часта заходзіў у вялікі кніжны магазін. Там была процьма літаратуры — цэлыя паліцы. Я прастойваў каля іх гадзінамі і ў выніку знаходзіў нешта патрэбнае для сябе. Некаторыя кнігі мне здорава дапамаглі, там была інфармацыя, што сеяла сумненні і будзіла цікавасць. Хацелася самому знайсці адказы на многія пытанні». З тых пошукаў і роздумаў, пэўна, і пачалося станаўленне асобы. Думаць, разважаць, сумнявацца і пераконвацца, каб свядома будаваць падмурак храма сваёй душы, вучыў уладыка сваіх духоўных дзяцей.

— Калі ўважліва чытаць разважанні старцаў, можна знайсці такую думку: мы знаходзімся ў падарожжы. Духоўны сэнс падарожжа вельмі вялікі. Памятаеце, як Майсей вадзіў па пустыні яўрэйскі народ? Якая ж там адлегласць — з Егіпта да Святой Зямлі, а яны ішлі доўгія сорак гадоў. Такі прамежак часу быў патрэбен, каб старое пакаленне з яго дрэннымі звычкамі і няправільнымі духоўнымі ўстаноўкамі памерла, і на змену яму прыйшло новае пакаленне, свабоднае ад заган. Так і тут, неабходны час, каб пераадолець пустыню бязбожжа, атэізму, шматлікіх перамен і перабудоў. Вядома, шлях гэты надзвычай цяжкі. Тыя ж старцы казалі: «Калі б усе разам прамовілі адначасова: «Госпадзі, даруй нам і памілуй!», свет стаў бы лепшым». Здаецца, простая рэч, толькі ажыццявіць яе немагчыма. Да лепшага нельга прыйсці хутка», — разважаў архіепіскап.

Цяпер мы асабліва яскрава бачым, як простае, добрае, людскае часам становіцца немагчымым, як яго замяняе агрэсіўнае і нялюдскае. І прычынай усяму — воля чалавека. У чым жа знаходзіць суцяшэнне, паратунак — пытанне сёння як ніколі актуальнае.

А тады ўладыка Сцяфан адказаў так: «Паратунак у веры, бо без яе нікуды не ступіш. А яшчэ — у добрай сям'і. Адзін з вельмі шанаваных нашых святароў сказаў мне аднойчы: «У наш час сям'я — найбольшы духоўны подзвіг». Так яно і ёсць. Бо ў сям'і можна навучыцца спагадзе і цярпенню, навучыцца клапаціцца пра іншага, пераадолець уласны эгаізм».

Уладыка вельмі перажываў за вялікую колькасць разводаў. Паказваў папку на рабочым стале, у якой зафіксавана скасаванне шлюбаў тых людзей, якія вянчаліся ў царкве. І расказваў гісторыі, часам падобныя да анекдотаў, але рэальныя. Напрыклад, як адна сям'я не праіснавала і дня. Пасварыліся дзве свацці, і вяселле разагналі, а маладыя людзі, венчаныя ў царкве, прыйшлі разводзіцца. «У гэтай папцы зрэз стану грамадства. А ён характарызуецца тым, што людзі несур'ёзна ставяцца да самага галоўнага ў жыцці кожнага — да стварэння сям'і як малой царквы, як асновы ўсяго».

На развітанне ўладыка падарыў мне кнігу праваслаўнага аўтара Ганчарова «Абарані свой дом ад зла». Цяпер гэта выглядае як запавет. Бараніць ад усякага зла заўсёды належыць і свой уласны дом, і наш агульны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».