Вы тут

Прышчэпка патрэбна не толькі ад каранавіруса. У Беларусі праходзіць Еўрапейскі тыдзень імунізацыі


На гэтым тыдні ў нашай краіне праходзіць тыдзень імунізацыі — добрая нагода даведацца пра свой прышчэпачны статус і вакцынавацца, калі тое неабходна. Бо, як вядома, дзякуючы такому спосабу прафілактыкі чалавецтва забылася пра многія інфекцыйныя хваробы, якія раней станавіліся прычынамі масавай гібелі людзей.


Прышчапіцца і забыць пра слупняк, адзёр і краснуху

Штогод у канцы красавіка ў Еўрапейскім рэгіёне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя праходзіць праходзіць Еўрапейскі тыдзень імунізацыі. Яго ідэя — папулярызацыя ведаў пра тое, якое значэнне мае імунізацыя для прафілактыкі хвароб, а значыць, для захавання жыцця. Статыстыка сведчыць, што з-за адмоў ад вакцынацыі ў сярэднім 2-3 % насельніцтва застаюцца без прышчэпак.

З часу прымянення першых вакцын прайшло ўжо 220 гадоў — менавіта тады былі праведзены першыя прафілактычныя прышчэпкі супраць натуральнай воспы, захворвання, якое цяпер ліквідавана па ўсёй планеце. Дарэчы, гэта першае і пакуль адзінае інфекцыйнае захворванне, ад якога цалкам удалося пазбавіцца.

— Навука прайшла вялікі шлях, пачынаючы ад той найстарэйшай вакцыны да суперсучасных прэпаратаў, з якімі даводзіцца працаваць сёння, у эпоху COVІD-19, — кажа загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Высоцкая.

У апошнія дзесяцігоддзі правядзенне прафілактычных прышчэпак дазволіла дасягнуць поспехаў у прафілактыцы і іншых інфекцыйных хвароб. Напрыклад, ліквідавана цыркуляцыя двух з трох тыпаў дзікага поліявіруса. Зніжаецца колькасць экзантэмных інфекцый — адру і краснухі. Змяншаецца цыркуляцыя класічных вакцынакіруемых інфекцый — дызентэрыі і слупняку, а таксама генералізаваных формаў туберкулёзу і вострага віруснага гепатыту С у дзяцей.

— Усё гэта заслуга прафілактычных прышчэпак. А імклівае развіццё пандэміі COVІD-19 яшчэ раз прадэманстравала важнасць і неаспрэчнасць вакцынацыі як самага эфектыўнага сродку прафілактыкі найперш неспрыяльнага зыходу захворвання і яго цяжкага ходу, — падкрэслівае спецыяліст.

Беларусь удзельнічае ў праграмах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па ліквідацыі поліяміэліту, элімінацыі адру і краснухі. Належны ўзровень ахопу вакцынацыяй забяспечвае папярэджанне масавага распаўсюджвання інфекцыйных хвароб у выпадку магчымага завозу на тэрыторыю нашай краіны. Як адзначае суразмоўніца, у 2020—2021 годзе ў перыяд COVІD-19 павялічылася колькасць тых, хто адмаўляўся ад наведвання медустаноў і правядзення прафілактычных прышчэпак. У апошні год намаганні медыкаў былі накіраваны на тое, каб запоўніць прабелы ў імунізацыі, выкліканыя пандэміяй. І цяпер удалося дасягнуць аптымальных узроўняў ахопу па ўсіх прышчэпках нацыянальнага календара.

— Ва ўмовах міграцыйных працэсаў, што працягваюцца, існуе рызыка завозу інфекцыйных хвароб, з якімі мы даўно не сустракаліся. Дзякуючы падтрыманню аптымальнага ўзроўню ахопу прафілактычнымі прышчэпкамі мы можам гарантаваць, што распаўсюджвання вакцынакіруемых інфекцый на тэрыторыі нашай краіны не будзе. Але толькі ў выпадку, калі мы будзем ведаць свой прышчэпачны статус, падкрэслівае Вераніка Высоцкая.

Ад каранавіруса прышчапілася 66 % беларусаў

У Беларусі працягваецца актыўная работа па вакцынацыі супраць COVІD-19. Першую дозу вакцыны атрымала больш за 6 мільёнаў 207 тысяч чалавек, з іх больш за 5 мільёнаў 790 тысяч прайшлі поўны курс вакцынацыі. Са снежня 2021 года вакцынуюцца падлеткі. Адну вакцыну атрымала больш за 110 тысяч школьнікаў, з іх амаль 84 тысячы прайшло поўны курс вакцынацыі.

Паводле слоў загадчыка аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыла Ігнатава, найбольш актыўная работа па імунізацыі ад COVІD-19 вядзецца сярод людзей з высокай рызыкай інфіцыравання і распаўсюджвання дадзенага захворвання. Гэта работнікі сфер аховы здароўя, адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання. Таксама вакцынуюцца людзі з рызыкай развіцця цяжкага ходу COVІD-19 і непажаданых наступстваў — асобы, старэйшыя за 60 гадоў, і тыя, хто мае хранічныя захворванні. Вакцынацыю з такіх груп прайшло каля 80 % асоб. У цэлым жа ў краіне вакцынацыю прайшло больш за 66 % насельніцтва, з іх больш як 61 % — поўны курс. Таксама праводзіцца бустарная вакцынацыя для падтрымання поствакцынальнага імунітэту, яе прайшло больш за 7 %. Такая прышчэпка рэкамендавана праз шэсць месяцаў пасля заканчэння поўнага курса вакцынацыі.

— Бустарную прышчэпку можна зрабіць і кітайскай вакцынай. Але схема яе прымянення прадугледжвае поўны курс вакцынацыі таксама гэтай вакцынай. У нашай краіне згодна з нарматыўнымі дакументамі, бустарная вакцынацыя праводзіцца, і гэта апраўдана, з выкарыстаннем прэпарату «Спадарожнік Лайт», — тлумачыць Вераніка Высоцкая.

Яна падкрэсліла, што ў Беларусі не рэгіструюцца захворванні, якія былі б звязаныя з раней праведзенымі прышчэпкамі ад COVІD-19.

Свая вакцына — бяспека краіны

Упершыню ўзяцца за стварэнне ўласнай вакцыны беларускіх навукоўцаў прымусіла пандэмія COVІD-19. І тое ім удалося летась.

— Гэта было невыпадкова, нягледзячы на тое, што ў свеце дастаткова вялікая колькасць краін, навуковых устаноў і вытворчасцяў уключылася ў распрацоўку сродкаў лячэння і прафілактыкі. Жыццё паказала, што размеркаванне гэтых сродкаў у свеце крайне нераўнамернае, і па-ранейшаму захоўваецца абмежаваная даступнасць для некаторых краін і рэгіёнаў гэтых сродкаў лячэння і прафілактыкі, — тлумачыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аліна Дроніна. — Нацыянальная бяспека краіны — гэта ўласная біявытворчасць. Нам патрэбныя свая вакцына, тэхналогія яе стварэння і адпаведная сучасная навуковая школа.

Нагадаем, на базе РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі з удзелам спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук ў 2021 годзе быў атрыманы лабараторны варыянт вакцыны. Гэта класічная інактываваная вакцына.

— Такі тып быў абраны невыпадкова. Гэта найбольш вядомая адпрацаваная класічная тэхналогія. Вакцына дазваляе атрымаць прымальны ўзровень засцярогі, у ёй прысутнічае поўны набор антыгенаў, — расказвае Аліна Дроніна. — Прымяняецца дастаткова хуткая і нескладаная тэхналогія вытворчасці.

Ужо атрыманы лабараторны варыянт вакцыны. Ён прайшоў папярэднія лабараторныя выпрабаванні. Наступны этап — перадача ў вытворчасць. Была вызначана вытворчая пляцоўка, гэта два фармацэўтычныя прадпрыемствы. Пакуль адбываецца рэканструкцыя вытворчых пляцовак. Наступны этап — вытворчасць доследна-прамысловых партый, якія пройдуць усе этапы кантролю і будуць перададзены на даклінічныя выпрабаванні на жывёлах.

Алена КРАВЕЦ

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.