Вы тут

На небяспечным пайку. Якую шкоду тояць дыеты ў падлеткавым узросце?


Статыстыка сведчыць, што 70 % дзяўчынак ва ўзросце 15 гадоў спрабуюць тую ці іншую дыету, каб пахудзець. Пры гэтым большасці з іх лішняя вага зусім не пагражае. Пахудзець яны жадаюць, каб дпавядаць тым ідэалам, што прапануюць глянцавыя часопісы. Вось і мучаць сябе рознымі дыетамі, а некаторыя і зусім адмаўляюцца ад ежы, што ўвогуле разбурае здольнасць адэкватна ўспрымаць рэальнасць і бачыць сваё цела такім, якое яно ёсць.


Фота: pexels.com

— Трэць такіх расстройстваў непапраўныя, вынікам іх становіцца анарэксія, якая можа скончыцца смерцю, але гэта ўжо, канешне, крайні выпадак. Аднак і звычайныя дыеты, і абмежаванні ў тых ці іншых прадуктах здольныя нанесці істотную шкоду падлетку, што звязана з асаблівасцямі фізіялогіі, — папярэджвае ўрач аддзялення ўльтрагукавой дыягностыкі 3-й сталічнай дзіцячай клінічнай паліклінікі Ганна Рудзько.

Рэч у тым, што ў падлеткавым узросце, у сярэднім з 10 да 13 гадоў, адбываецца бурны рост цела дзіцяці, фарміраванне мышц, шкілета. Для росту касцей арганізму неабходны кальцый, для развіцця мышачнай масы — бялок. Актыўны рост арганізма суправаджаецца больш актыўным метабалізмам і расходам харчовых рэчываў.

— У падлеткавым перыядзе арганізм перабудоўваецца і мае вострую патрэбу ў вітамінах, мікра- і макраэлементах. У 13-14 гадоў пачынаюць узмоцнена фарміравацца і працаваць залозы ўнутранай сакрэцыі, ідзе гарманальная перабудова. Гэта перыяд палавога паспявання — самы адказны ў жыцці дзяўчынак і хлопчыкаў. Парушэнні, выкліканыя недахопам тых ці іншых элементаў, могуць у будучыні абярнуцца праблемамі ў палавой сферы і нават бясплоддзем, — тлумачыць урач.

Да таго ж не трэба забываць, што падлеткавы ўзрост — час актыўнай вучобы. Для ўзмоцненай разумовай дзейнасці галаўны мозг павінен атрымліваць паўнавартаснае сілкаванне, у першую чаргу дастатковую колькасць глюкозы. Дыета ў гэтым узросце можа нанесці непапраўную шкоду здароўю падлетка і закончыцца хранічнымі захворваннямі і паталогіямі ў будучыні.

Крамлёўская ці монадыета?

— Адна з самых папулярных на сёння дыет — безугляводная або, як варыянт, нізкавугляводная, вядомая яшчэ як крамлёўская. Цалкам адмовіўшыся ад вугляводных прадуктаў, падлетак выракае свой мозг на галаданне. У яго ўзнікаюць цяжкасці з вучобай, пагаршаецца памяць. Ён хутка стамляецца, становіцца раздражняльным, нелюдзімым, расказвае Ганна Рудзько. — Пры безвугляводнай дыеце арганізм адчувае недахоп клятчаткі, што можа выклікаць парушэнне працы стрававальнай сістэмы, а ў далейшым — скончыцца хранічнымі хваробамі страўніка, нырак, печані. Праблемы са страваваннем у сваю чаргу аслабляюць імунную сістэму, што азначае частыя вірусныя інфекцыі.

Трэба мець на ўвазе, што безвугляводная дыета мае на ўвазе адмову ад салодкай садавіны і ягад (гэта значыць, практычна ад усіх), і арганізм пакутуе ад адсутнасці мінералаў і вітамінаў, якія для пераходнага ўзросту жыццёва неабходныя.

Іншыя дыеты гэтак жа пазбаўляюць арганізм, які расце, патрэбных рэчываў, і іх дэфіцыт наносіць істотны ўрон здароўю падлетка. Асабліва небяспечныя монадыеты — ужыванне толькі аднаго якога-небудзь прадукту, нават калі прытрымлівацца такой дыеты некалькі дзён, каб хутка скінуць лішнія кілаграмы.

— Па-першае, у шматлікіх такіх дыетах адсутнічае бялок, а гэта азначае, што пахудзенне адбываецца за кошт мышцаў, у той час як у падлетка мышачная маса знаходзіцца ў працэсе развіцця. Па-другое, пры гэтым парушаецца абмен рэчываў, што для арганізма, які расце, вельмі небяспечна. Можа адбыцца і гарманальны збой у сувязі з парушэннем сінтэзу палавых гармонаў, якія выпрацоўваюцца з тлушчаў, — у дзяўчынак спыняцца месячныя, а ў далейшым, як ужо адзначалася, гэта можа прывесці да інфантылізму, парушэння рэпрадуктыўных функцый і бясплоддзя. Па-трэцяе, пасля заканчэння дыеты арганізм тут жа набірае страчаную вагу, — аргументуе суразмоўца.

А прытрымлівацца монадыеты пастаянна для падлетка і ўвогуле раўнасільна самагубству.

Як адгаварыць ад пахудзення?

Пры гэтым тлумачыць дзіцяці пра шкоду дыеты для здароўя марна, бо для яго гэтыя паняцці — не больш як абстракцыя, а аўтарытэт аднаго з бацькоў пакуль не адыгрывае галоўнай ролі.

— Таму лепш расказаць аб тым, што абмежаванне сябе ў тых ці іншых прадуктах можа нанесці шкоду знешнасці, а менавіта пагоршацца стан і колер скуры, валасы пацьмянеюць, будуць сячыся і выпадаць, пазногці стануць ломкія, сапсуюцца зубы — гэта можа падзейнічаць на дзяўчынку-падлетка, — раіць урач.

Аднак у некаторых выпадках падлетку сапраўды трэба пахудзець. Як правіла, лішняя вага ў такім узросце можа быць звязана з эндакрыннымі парушэннямі ці іншымі захворваннямі, перакормліваннем дзіцяці ў дзяцінстве, спадчыннай схільнасцю, а таксама няправільным харчаваннем: захапленнем фастфудам, частымі перакусамі замест паўнавартаснага абеду. У такім выпадку падлетку сапраўды давядзецца прытрымлівацца дыеты, але прызначаць яе павінен урач.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».