Вы тут

Пяць пытанняў на 105 гадоў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў


Сёлета Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў адзначае самавіты юбілей — 105 гадоў. За гэты час адбылося мноства лёсавызначальных падзей, уплыў якіх зрабіў Мінскі гарсавет моцным органам мясцовага самакіравання. Да прадстаўнікоў мясцовай улады ў насельніцтва заўжды было шмат прапаноў, зваротаў і пытанняў. Сёння — асабліва. На самыя цікавыя пытанні дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў адказалі на чарговым пасяджэнні «Дэпутацкага клуба», які прайшоў на базе інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны».


«Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў узяў самы актыўны ўдзел у нацыянальным дыялогу 2020 і 2021 гадоў, актыўна працаваў над унясеннем змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Як і 105 гадоў таму, Беларусь і яе суседзі перажываюць без перабольшання рэвалюцыйныя трансфармацыі. Як і ў 1917 годзе, мяняюцца граніцы, сістэма ўлады, сістэма прыняцця эканамічных і палітычных рашэнняў, узводзяцца новыя бар'еры. І на мой погляд, на дэпутатах гарсавета ляжыць яшчэ больш адказнасці. Па-першае, за новую канфігурацыю гэтых сувязяў. А па-другое, ім трэба растлумачыць людзям, як гэта ўсё паўплывае на іх штодзённае жыццё», — сказаў Андрэй Крывашэеў, генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-Навіны».

Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў падкрэсліў, што гарсавет — гэта звяно паміж дзяржавай і грамадствам. І ў апошнія гады, акрамя сваіх функцый, прадугледжаных законам, ён узяў на сябе дадатковую — тлумачальную работу з насельніцтвам. Дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы з людзьмі прысвячаюцца абмеркаванню не толькі гарадскіх тэм, але і пытанняў жыцця ўсяго беларускага грамадства. «Многае ўжо зроблена, многае яшчэ трэба зрабіць. Наша заслуга ў тым, што як бы цяжка нам ні было, мы змаглі знайсці патрэбныя словы ў зносінах з насельніцтвам. Гэты крэдыт народнага даверу мы рэалізоўваем даволі нядрэнна. Бывае, што не ўсё атрымліваецца на «выдатна». Але мы шукаем новыя інструменты ў рабоце з насельніцтвам, асабліва ў частцы мясцовага самакіравання», — сказаў ён. Адзін з такіх інструментаў — шчырыя адказы на пытанні аб дзейнасці гарсавета.

Пытанне першае. Пазнавальнасць

«Адно з самых частых пытанняў датычыцца таго, што мясцовыя Саветы дэпутатаў малавядомыя. Існуе меркаванне, што такі від народнага прадстаўніцтва як Саветы дэпутатаў сябе вычарпаў і павінен быць заменены больш прагрэсіўнай сістэмай. Што вы думаеце на гэты конт?» — запытаў Андрэй Крывашэеў.

«Я пагаджуся, што Саветы дэпутатаў малапазнавальныя. Але пытанне: добра гэта ці дрэнна. Калі ў чалавека ўсё добра на рабоце і грамадская сітуацыя яго задавальняе, ён нікуды не ходзіць. Калі ў яго ўзнікае сур'ёзная праблема ці нават ён пабываў у розных органах улады і нічога не атрымалася, ён ідзе да дэпутата. Да нас на прыём не прыходзіць 50 чалавек, да дэпутатаў прыходзяць адзін-два чалавекі. Але, вядома, пазнавальнасць вельмі важная», — расказаў дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргей Смольскі. Дарэчы, ён — ветэран сталічнага гарсавета. Дэпутацкі шлях Сяргея Смольскага пачаўся ў 1990 годзе. Тады ў дэпутацкі корпус трэба было абраць 250 чалавек. Цяпер, для параўнання, 57 акруг, з іх 55 дзеючых дэпутатаў. Скарачэнне колькасці дэпутатаў — яшчэ адно актуальнае пытанне для гарсавета. Асабліва калі ўлічваць, што Мінск пастаянна расце. Але, па словах Андрэя Бугрова, гэта прадыктавана часам і рэзерв у сталічнага гарсавета ёсць.

Пытанне другое. Прывілеі

«Магчыма, наша грамадства, уяўляючы Савет дэпутатаў, уяўляе нейкія прывілеі, якімі вы карыстаецеся?» — заўважыў Андрэй Крывашэеў.

Варта адзначыць, што заробак за сваю дэпутацкую дзейнасць атрымлівае толькі старшыня Савета дэпутатаў, гэта яго асноўная работа. Усе астатнія дэпутаты занятыя ў розных сферах, а дэпутацкай дзейнасцю займаюцца на грамадскіх пачатках.

«Няма ў нас ніякіх прывілеяў. Для вырашэння любога грамадскага пытання павінны быць два погляды: прадстаўнічай і выканаўчай улады. Нас абралі, і мы працуем спакойна, эфектыўна, не выстаўляючы сябе. Так, мы спрачаемся, вядзём дыскусіі, думаючы аб тым, якое прыняць рашэнне, а не аб тым, каб паказаць сябе як важнага палітыка», — растлумачыў дэпутат Ігар Русакевіч.

Пытанне трэцяе. Узаемаадносіны з прэсай

Пытанні пра пазнавальнасць і прывілеі цягнуць за сабой яшчэ адно пытанне — ці варта запрашаць на пасяджэнні камісій журналістаў, або гэта папулізм?

Тут Ігар Русакевіч адказаў, што часам дэпутатам неабходна перадаць грамадству пэўны пасыл праз СМІ. А часам паміж членамі камісіі разгортваецца вельмі гарачая дыскусія, і паказваць яе народу не варта. «Бывае, што на пасяджэннях камісій мы «курым на запраўках», можам пасварыцца. Але гэтае напружанне не павінна выходзіць у свет. Людзі павінны бачыць рашэнні, а не працэс іх прыняцця», — растлумачыў ён.

Андрэй Бугроў расказаў, што за ўсе гады існавання Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў была створана пэўная карпарацыйная культура, у аснове якой — павага да меркавання кожнага дэпутата. Гэтая культура дазваляе вырашаць пытанні па кожнай профільнай камісіі перад тым, як ісці на сесію гарадскога Савета. «Нашы дэпутаты нацэленыя на вырашэнне праблемы. Гэтыя спецыялісты — настаўнікі, дактары, эканамісты і гэтак далей — зацікаўлены ў вырашэнні праблем сваёй галіны. І сённяшні фармат абмеркаванняў дазваляе знайсці залатую сярэдзіну. Ісціна заўжды пасярэдзіне, і нам удаецца яе знайсці. Напэўна, у механізме вырашэння праблем мінчан, якія былі пастаўлены перад дэпутацкім корпусам, і заключаецца адзнака нашай работы. Людзям важна паказваць менавіта гэта», — дадаў старшыня гарсавета.

Пытанне чацвёртае. Бюджэты

«Наколькі Мінск даціруе іншыя рэгіёны? Чаму дэпутаты Мінгарсавета не выступяць з ініцыятывай аб тым, каб большая частка падатковых рэсурсаў, якія збіраюцца ў Мінску, заставалася ў сталіцы?» — агучыў мадэратар пытанне аўдыторыі.

На гэтае пытанне адказаў Андрэй Бугроў: «Штогод у адпаведнасці з заканадаўствам горад Мінск здзяйсняе міжбюджэтны трансферт. Памер гэтага трансферту складае прыкладна 400 мільёнаў долараў ЗША. Так, гэта гарадскія грошы. Але мы разумеем, што ў Мінску акумулююцца ўсе асноўныя фінансавыя патокі. І мы цудоўна разумеем, што ёсць рэгіёны, якія фарміруюць свае бюджэты за кошт сацыяльных адлічэнняў. Мы не можам казаць, што ў Мінску ёсць грошы і імі не падзяліцца. Вядома, мы гэтымі грашыма дзелімся. Мінск — гэта сталіца краіны, тут фарміруюцца асноўныя фінансавыя патокі. Таму калі мы не будзем дзяліцца, нас проста не зразумеюць. Тым больш мы таксама падсілкоўваемся абласцямі і працоўнымі рэсурсамі іншых рэгіёнаў.

Пытанне пятае. Трэнды на будучыню

Лічба ў 105 гадоў нясе ў сабе вялікую гісторыю і вялізны вопыт. Але свет мяняецца, і мясцовай уладзе трэба пад гэта падстройвацца. Так, на пляцоўцы дэпутацкага клуба прагучала пытанне: які трэнд у галіне мясцовага самакіравання варта прыняць да ўвагі?

Адказваючы на такое пытанне, палітолаг Вадзім Ялфімаў заўважыў, што, знаходзячыся на пераломным этапе развіцця, Беларусь развівае народную дэмакратыю. «Задача дэпутатаў — прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў. І з гэтага пункту гледжання мне здаецца, што трэба павышаць прафесіяналізм Савета дэпутатаў. Кожны дэпутат павінен быць прафесіяналам. Павышаць ролю мясцовых Саветаў дэпутатаў — гэта павышаць узровень беларускай дэмакратыі. І я за ўзмацненне іх ролі і павышэнне іх кантрольных функцый, таму што яны з'яўляюцца прадстаўнікамі народа і знаходзяцца ва ўзаемадзеянні з выканаўчай уладай», — заўважыў эксперт.

З тэзісам аб неабходнасці павышэння прафесіяналізму дэпутатаў пагадзіўся і Сяргей Смольскі. Паводле яго слоў, колькасць дэпутатаў у савеце не мае прынцыповага значэння, галоўнае — прафесіяналізм.

Аналізуючы 105-гадовую гісторыю Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Андрэй Бугроў падкрэсліў, што дэпутаты гарсавета — самыя народныя. Менавіта яны вырашаюць пытанні дахаў, парковак, дзіцячых пляцовак і ўсяго таго, што найбольш турбуе гараджан.

«Не ад колькасці дэпутатаў усё залежыць, усё залежыць ад гатоўнасці насельніцтва ўдзельнічаць у развіцці горада. Мы часам сядзім і чакаем, што дзяржава нам нешта зробіць, але гэта ў корані няслушна і няправільна. Варта самаарганізавацца і прымаць рашэнні, якія б падтрымліваліся народнымі выбраннікамі. Калі насельніцтва будзе разумець, што мы ядро, якое падтрымае ідэі людзей і дапаможа іх рэалізаваць, тады можна казаць пра эфектыўнае партнёрства», — падкрэсліў старшыня Савета дэпутатаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота «Мінск-Навіны»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».