Вы тут

Нарыс Леаніда Дранько-Майсюка «Бакеншчыкі»


Шчыра прысвячаю Мікалаю Бразоўскаму.


У Давыд-Гарадку на правым беразе Гарыні, каля Царкоўнае гары, стаяла прыстань, пазначаная на ранейшых картах прыкметным якарным значком.

Так, Гарынь была суднаходная, і яе фарватарны шлях бакеншчыкі паказвалі, як яно й патрабавалася, вехамі і бакенамі.

Вехі яны ласкава называлі вешкамі і ставілі іх у рацэ, а бакены ўсталёўвалі па берагах.

«Без дапамогі і рака не цячэ!» — іншы раз гэтак гаварылі бакеншчыкі і клопату мелі багата.

Калі яшчэ правілі вёсламі, то глядзелі за парадкам на пяці кіламетрах ракі, а калі атрымалі ганітэлі (матор), адлегласць нагляду за фарватарам вырасла да кіламетраў дзесяці.

Бакеншчыкі, як і ўсе гарадчукі, людзі непераборлівыя і цягавітыя, «на лянца? ні здаваліса» (давыд-гарадоцкае — не былі лайдакамі), работу сваю рабілі заладом (давыд-гарадоцкае — паслядоўна; паводле неабходнай чарговасці). і звычайна ўдвух.

Удвух і вехі ставілі.

І было тое так — адзін вяслом трымаў на быстраку дуба (лодку), а другі рэйкаю мераў глыбіню ракі.

Намерваў як дзе — і тры, і чатыры, і пяць метраў, а то і болей.

У дубе на какорах ляжалі загадзя нарыхтаваныя, загостраныя знізу, даўжэйшыя і карацейшыя лазовыя тычкі — вешкі, а таксама пышныя венікі.

Кожны раз, убачыўшы, якая глыбіня, той бакеншчык, які мераў, адкладваў рэйку, браў патрэбнай даўжыні вешку і, крыху нагнуўшыся над бортам, штосілы аберуч упіхваў яе, укручваў у пясчанае гарынскае дно.

З правага боку ставілі вяху з венікам, з левага — без веніка, і кожная вяха калыхалася, трымцела ў шпаркай вадзе, а бакеншчыкі, робячы сваё, паволі ўслед за плынню спускаліся ўніз...

Адразу пасля вайны ў Давыд-Гарадок з аднаго толькі Мазыра за суткі прыходзіла пяць суднаў.

А яшчэ — з Пінска, Дубровіцы і нават з Кіева!

Бяспечнаму руху ўночы спрыялі бакены, а ўдзень — вехі.

Усё паводле навукі, імя якой — навігацыя; праўда, іншы раз рабілася на нашай рацэ і не заўсёды паводле навукі...

Нешырокая Гарынь паблізу Прыпяці мела шмат кручкоў (круты паварот ракі), была даволі звілістая, таму здаралася, што судна, выйшаўшы з-за крутога павароту, заходзіла на чужую ваду, на нейкую хвіліну магло загарадзіць шлях сустрэчнаму судну!

Таму, каб разысціся, апошняе скіроўвала туды, дзе ўтваралася шырэйшая паласа вады — словам, часам даводзілася ў вузкім гарынскім фарватары разыходзіцца правым бортам!

Удзень пры такой сітуацыі вахтавыя семафорылі адзін аднаму белымі сцяжкамі, дамаўляліся, якім бортам разысціся, уночы падавалі чырвоныя і зялёныя светлавыя сігналы...

Правы бераг ракі бакеншчыкі называлі чырвоным, бо тут на чырвоным слупе і з чырвоным шклом знаходзіўся хадавы бакен.

А левы бераг называлі зялёным, — на зялёным слупе і пад зялёным шклом тут высіўся бакен перавальны.

Чырвоны хадавы агонь справа і зялёны перавальны агонь злева сваёй зразумелай мовай падказвалі ў начной цемры: дзе ён, шлях на Прыпяць!

Распазнавальны знак хадавога бакена — ромб, перавальнага — трыкутнік, і можна сказаць: пакідаючы Давыд-Гарадок, судны йшлі паміж ромбаў і трыкутнікаў, паміж колерамі — чырвоным і зялёным.

На плёсах бакенаў стаяла менш, а на кручках-паваротах больш, і тыя кручы (назаву хоць бы Шкодзіну і Хорскую!), на якіх ірдзелі хадавыя бакены, таксама іменаваліся хадавымі.

І па сённяшні дзень жыве ў маёй душы рубінавы агонь, што ўзвышаўся над Шкодзінай хадавой кручай!

Як і па сённяшні дзень пяе ў сэрцы юнацкая радасць: было асаблівым шыкам, гонячы лодку на поўнай маторнай хуткасці, бортам цярнуцца аб тую ці іншую вяху, каб яна яшчэ больш затрымцела, яшчэ больш закалыхалася ў гарынскай вадзе, губляючы рудую кару і доўгае лісце венікаў...

У любы вечар — веснавы, летні, восеньскі — пасляваенныя бакеншчыкі запальвалі агні; у любую раніцу — веснавую, летнюю, восеньскую — агні тушылі.

Ці добрае надвор'е, ці зусім нягода, ці свята, ці будзень, ці залівае хваля дуба, ці не — напіналі жылы, з маўклівай упэўненасцю веславалі ад берага і да берага.

А вечар мог быць і зімовы, і зімовай магла быць і раніца, бо навігацыя іншы раз пачыналася ў месяцы лютым і доўжылася да халадоў, калі ўжо збіраўся шэрэш (давыд-гарадоцкае — ледзяністая каша ў рацэ).

Бывала ў снежні, на Вадзанне (давыд-гарадоцкае — свята ўводзіны ў храм Багародзіцы, якое праваслаўныя адзначаюць 4 снежня), гарадчукі рабілі ўводзіны, вялі і няслі хрышчоных дзяцей у царкву, і па дарозе ў храм расказвалі пра Божую Маці, а дзеці не вельмі слухалі.

Іх вабіла іншае.

Яны глядзелі на раку, бо там рассоўвалі снежную ледзяністую ваду вялікія (у іхніх дзіцячых вачах!) караблі...

Дарэчы, калі паглыбіцца ў гісторыю ледаставу, то, скажам, у 1837 годзе Гарынь замерзла 12 снежня; у тым годзе, з сакавіка і па гэты дзень, 12 снежня, па Гарыні адправілі 176 гружаных плытоў і барак, кошт грузу якіх склаў 266523 царскія рублі...

І на Юр'я ўвесну, і на Міхайлаў дзень увосень, і ўлетку на святога Пятра, калі пятровіцкая вада вельмі добра гоіла ваўкі — словам, як толькі адкрывалася навігацыя і да яе закрыцця бакеншчыкі амаль не мелі вольнага дня.

А можна сказаць і так: свету божага не бачылі, бо сапраўды клопату мелі ого колькі!

Вехі вехамі і бакены бакенамі (гэта для ўсіх!), а яшчэ (для сябе!) трэ было ўспець і рыбіну добрую вылавіць, і канюшыны якой выкасіць, і лазы насекчы, і дагледзець пчаліныя калоды, і гавазу нарваць, і ў ягады схадзіць, і качку ў Жалезніцы падстрэліць, а ў возеры Воўчым нагледзець гало (адкрытая мясціна), дзе вішу (сухая трава, якую пускаюць на падсцёл свойскім жывёлам) багата!

Таму толькі дурань мог сказаць, што бакеншчыкі — «лёгкобуты» (давыд-гарадоцкае — чалавек, які лёгка пражывае сваё жыццё)!

У іхнім дубе аб ланцуг, якар ці акутае вясло дробна пазвоньвала каністра з газаю, а ў іхніх кішэнях нячутна шамацелі пушачкі заўсёды сухіх запалак...

Здаецца, усё рабілася нібыта само сабою — запраўлялі газаю лямпы ў бакенах, запальвалі падкручаныя кнаты, хавалі агеньчыкі ў абхуканыя камінкі, і лямпы гарэлі ўсю ноч; высокія агні падалі на раку.

А былі бакены, усталяваныя на маленькіх дашчаных плытах, яны стаялі на вадзе, іх трымаў мёртвы якар, называны кошкаю.

Адзін такі водны знак, прыкуты да дна тросам, пагойдваўся на хвалях у Нырчы — якраз там, дзе сутокі Гарыні і Прыпяці.

Ужо за маю памяць бакеншчыкі памянялі свае драўляныя вёслы на сталёвыя рухавікі (называныя ўжо ганітэлі!), — пераселі на невялікія маторныя катары.

Цяпер маглі браць і на буксір — хоць паднятага тапляка якога, а хоць паром!

Памятаю: на буксіры цягнулі вялікую на дванаццаць аршынаў лодку, у якой пад лазовымі дровамі ляжала схаваная калгасная, толькі што ўпотай скошаная, трава.

На Хабішчах стаяў пост — лавілі тых рызыкантаў, якія з Прыпяці вязлі калгаснае, але бакеншчыкаў не спынілі, і яны спакойна правезлі свой здабытак міма пільнага паста, каб высушыць накошанае дома.

А яшчэ памятаю іхнія дамкі-хацінкі.

Паблізу прыстані — на дубовых штандарах, пад гонтавым дахам, нават з ганкам і акном на раку, — паставілі сабе халупку, такую схованку для сваіх прычындалаў.

Тут круціліся ў клопатах спраўныя бакеншчыкі Макарэц, Чэх і Галавач.

А на сёмым кіламетры, у Сузна?мэры, скідалі хатку для начаванняў — таксама на дубовых штандарах, але не пад гонтаю, а пад чаротавай стрэхаю; тут — у той час, калі яшчэ не было матораў — найбольш гаспадарыў ёмкі бакеншчык Мэва.

Трэцяя іхняя хатка склела на Прыпяці ва ўрочышчы Паляна — зноў жа крытая чаротам, з пунькаю пры боку і чырвоным выцвілым сцяжком на высокай жэрдцы, які паказваў напрамак ветру

Чацвёртая хацінка давала прытулак ва ўрочышчы Крупа.

Паляна і Крупа — гэта па Прыпяці ў бок Пінска, а з Нырчы ў бок Мазыра йшло ўладанне спрытнага бакеншчыка Альшанца, а тады ўжо яшчэ ніжэй па Прыпяці бакеншчыкі мелі дах у мясціне пад назваю Мінок...

Тыя хаткі-дамкі — жыллё, паверце, някепскае; мэбля там цямнела самая простая, на падлозе мулка не спалася.

Груба (калі трэ было!) давала цяпло, на двух-трох чалавек месца хапала, а ўціснуцца, схавацца ад холаду і дажджу, магло і яшчэ два-тры начныя вандроўнікі.

Галоўнае ж — харч.

Харч у тым жыллі заўсёды вёўся, і нічога з харчу не псавалася — у пушцы, сплеценай з бяросты, і малако не скісала, і хлеб не чарсцвеў, і сала не рабілася ёлкім...

Работу на дыстанцыі «Прыстань» — «Нырча» і далей «Паляна» —»Крупа» кантраляваў Пінскі тэхнічны ўчастак, а Мазырскі тэхучастак сачыў за парадкам на дыстанцыі «Нырча» — «Мінок», таму нашы бакеншчыкі згодна сваіх дыстанцый іменаваліся пінскімі і мазырскімі.

«Багато е шчо казаць, ды няма шчо слухаць!» — часам і гэтак хітра гаварылі бакеншчыкі, і, здавалася, тушылі свае лямпы весялей, чым запальвалі, і, здавалася, верылі, што гэта добра, калі правы бераг вышэйшы за левы, і добра тое, калі наадварот — левы бераг вышэйшы за правы.

Ля хатак сваіх на ўсю ноч ставілі жакі, і ў іх да раніцы налазіла багата рыбы, таму заўсёды было з чым варыць крупнік і было з кім палуднаваць, як і снедаць, і вячэраць.

Звараную рыбу падсушвалі на вясле, падсольвалі і елі — смаката!

У такую радасную хвіліну льга і падумаць: свята — гэта ж тады свята, калі заснуў, і нічога не баліць...

У апавяданні сваім хоць коратка хачу даць і такую карціну...

За Польшчаю турысты з Варшавы і Кракава, Вільні і Львова наймалі каля прыстані байдаркі і спускаліся ў Нырчу, і там любаваліся паляўнічым цацачным (невялічкім!) палацам Радзівілаў, паблізу якога на па?лях стаялі хаты!

У тыя гады паміж Валынню і Давыд-Гарадком курсіраваў грузапасажырскі параход «Леаніла», а да Пінска за пятнаццаць гадзін даходзілі судны «Пяст», «Варшава» і «Норвід».

Параходзік «Лань» дастаўляў гарадчукоў у Сінкевічы, калі ім трэ было на цягнік.

Падарожнікі лёгка запаміналі карысныя звесткі, таму ведалі, што з чыгуначнай станцыі «Гарынь» у Давыд-Гарадок балагол завозіў за сем злотых, а квіток на параход каштаваў тры злотыя, і пяцьдзясят кіламетраў з «Гарыні» да гарадзецкай прыстані параход праходзіў за шэсць гадзін...

У 1941 годзе ў Давыд-Гарадок уплылі дзве самаходныя нямецкія баркі з белымі нумарамі на бартах і добра бачнымі здалёку гарматамі.

Калі ў 1944-м фронт пасунуўся на захад, гэтыя кінутыя немцамі баркі, як ваенныя трафеі, узбагацілі наш рачны флот пад гучнымі назвамі «Адмірал Ушакоў» і «Адмірал Нахімаў».

Яшчэ йшла вайна, а на Прыпяці кацярынкамі (саматужныя лябёдкі) падымалі затопленыя судны, а ў Нырчы спыняліся транспарты, якія насілі імёны маладагвардзейцаў.

Змена колавых параходаў ды іхніх назваў адбывалася тады ці не штодня — «Партызан Бумажкоў», «Пяцігодка», «Дон», «Кубань».

Лопасцевыя колы пакідалі часты пенны след, у рубцы ча?каў круглы, як месяц, гадзіннік, а над бурштынавай вадою кружыліся крычкі (чайкі).

У 1960 — 1970 гг. з Украіны, з Клёсаўскага радовішча, буксірныя катары дастаўлялі камень масціць брук.

Ім насустрач, натужна пераадольваючы плынь, рыпеў, сунуўся пасажырскі цеплаходзік: Давыд-Гарадок — станцыя «Гарынь».

Аўтобусная дарога тады была вельмі нічогая (дрэнная, паганая), таму гэты жвавы цеплаходзік, званы ў народзе лапцем, даваў ратунак рухавым падарожным людзям.

Прычальвала да нашага берага і заўсёды жаданая сплаўлаўка, яна прывозіла муку, макарону, цукар, усялякія крупы.

Праз дзень, праз два, праз тры завітвалі самаходныя пласкадонныя судны «Рось», «Дняпро», «Чычэрын».

А мне падабаліся найбольш буксірныя цеплаходы — штурхачы!

Яны не цягнулі баркі, а менавіта штурхалі іх — аднойчы на Прыпяці я бачыў, як такі буксір штурхаў перад сабою ажно дзве баркі, гружаныя жалезнаю рудою.

Руда нябачна патроху ссыпалася за борт, і чорная прыпяцкая вада рабілася чырвонаю!

Ідучы пад лінялым сцягам, штурхач з бакоў быў абвешаны з'езджанымі гумавымі пакрышкамі, вышэй — аздоблены выратавальнымі каляровымі кругамі і, нібыта дзве кароны, меў пражэктары, а з адтуліны, што ў ягоным борце знізу, шпарка выцякаў белы гарачы струмень вады.

Раптам з нетраў таго буксіра вымкнулася на палубу маладзіца — у доўгай цяльняшцы і з металічным тазам у руках.

Пэўна, кухарка.

Не доўга думаючы, яна маханула з таза ў Прыпяць ружовую ваду — з рэштаю бурачніку, бульбяных лупінак і цыбульнага шалупіння...

Параходы, цеплаходы, буксіры, катары, такія і гэткія баркі, тыя ж рудавозы, дызельныя трамвайчыкі снавалі дзень і ноч — па Прыпяці яны праплывалі ці не кожныя пятнаццаць хвілін.

А яшчэ імклівая «Зарніца» — пасажырская ракета на падводных крылах!

Раскідваючы ў бакі доўгія хвалі, яна ляцела так, што, здавалася, не стрымаць яе...

Не, стрымаць, нават спыніць, можна было — вяслом.

У аповесці «Горад Боны і Давыда» я апавядаў, што гарадчукі падавалі вяслом сігналы буксірнаму цеплаходу, каб не натапіў нагружаную лодку, і гэтак жа сігналілі і «Зарніцы», каб таксама зменшыла хуткасць ці наогул стала і забрала вандроўніка ў Пінск, Мазыр ці Нароўлю.

У ліпені 1980 года я, вандроўнік-жаніх, збіраўся якраз у Нароўлю, за дзесяць кіламетраў ад якой, у вёсцы Вербавічы, мяне чакала Вольга — мая будучая жонка.

Бацька падвёз мяне на маторцы на Прыпяць, і калі з-за павароту вынырнула бліскучая пінская ракета, махнуў высока над сабою дубовым вяслом.

Вастрадзюбая ракета сцішыла ход і мякка, бокам падышла да нас.

Лёгка адштурхнуўшыся ад борта нашай лодкі, я імгненна апынуўся ў салоне для пасажыраў.

Магутная рака гайдалася, і крыху занепакоены бацька, апусціўшы на какоры вясло, застаўся адзін на шырокай прыпяцкай прасторы...

У Мазыры я перабег на кіеўскую ракету, даплыў да Нароўлі, а назаўтра з Вольгаю (зноў па шырокай Прыпяці і зноў на падводных крылах!) рушыў на Пінск, а тады ўжо і на Давыд-Гарадок...

Гэта было жыццё, якое на нашы берагі, на жаль, ніколі ўжо не вернецца!

А мо вернецца?!

І гэта былі тыя людзі — суднабудаўнікі, рачнікі (не толькі бакеншчыкі!), для якіх працаваць на рацэ было ўсё адно, што і дыхаць!

Невыпадкова ў іхні гонар у Давыд-Гарадку паставілі памятны знак — якар з ланцугом...

Капітаны, памочнікі капітанаў, рулявыя матарысты, шкіперы, барачнікі, сплаўшчыкі, суднамеханікі, памочнікі суднамеханікаў, матросы, качагары, параходныя машыністы...

Жарты, смех, дзівацтвы, учынкі, здарэнні, характары...

Найбольш запомніўся шкіпер Ілья Ільіч; ён цешыўся моцным сваім здароўем, шморгаў носам так, нібыта граў на дудцы, выглядаў сабакаватым, аднак жа такім не быў; любіў пагладжваць на чорным фрэнчы бліскучыя гузікі, а калі хадзіў узад і ўперад па прычаленай барцы і паказваў пальцам, куды што ставіць, — бляшаныя бочкі туды, а фанерныя скрынкі сюды, — то прыгаворваў:

— Куды ні стаў, куды ні тыч, а я адзін — Ілья Ільіч!

А тым часам з прыстані яму крычалі:

— Шкіпер, дзе ваду бярэш?

— Дзе с...ру, там і бяру! — гэтак складна адмахнуўшыся, Ілья Ільіч тут жа кідаў пагнутае, прывязанае да вяроўкі, вядро ў раку і, для нагляднага прыкладу зачарпнуўшы вады, падымаў яе на барку пад вясёлы, далёка чутны рогат.

Рогат яшчэ не сціх, а Ілья Ільіч ужо камандаваў двум матросам, якія, зняўшы боты, сушылі анучы:

— Хлопцы, давай!

Босыя хлопцы падхопліваліся і «давалі» — прытанцоўваючы, пачыналі спяваць:

 

Ні дзівіцэс, шчо мы босы,

А мы з Прыпяці матросы,

Любяць нашыя прыпеўкі

Маладзіцы ўсе і дзеўкі

 

На прыстані так гучна смяяліся, што ажно залягаліся (давыд-гарадоцкае — нястрымна смяяліся).

Так, тады па-над рачною вадою было ўсяго — і смешнага, і запамінальнага, і трывалага, і ўстойлівага, і сапраўднага, і жывога.

Тады рэкі былі жывыя (!), з іх у нашу кроў ішла сіла, з іх у наша цела цякла рухавасць, — яны жывілі наш розум!

З рэк пілі, іхняю вадою прамывалі від (давыд-гарадоцкае) — аблічча, твар), з вачэй змывалі пякучыя слёзы, а з душы — цяжкую крыўду!

Але асушэнне балот здушыла рэкі, змучыла хараство, сціснула беларускую радасць, і ў пачатку 1980-х суднаходства пачало паволі заціхаць.

У 1990 годзе ў вершы «Аксаміткі» я пісаў: «...на Гарыні — параходы, лодак — поўны плёс...»

Лодак (дубоў!) яшчэ было багата, а вось параходы з цеплаходамі (насуперак майму вершу) прапалі, — менавіта ў 1990 годзе прыстань у Давыд-Гарадку закрылі.

Закрылі і тэлефонную станцыю прыстані; станцыя знаходзілася побач у мураваным доме пад шыферным дахам і мела сімвалічную назву «Рака».

На сённяшніх картах назва «Давыд-Гарадок» ужо не ўпрыгожана якарным значком.

Бакеншчыкі — багі рачных вех і агнёў — засталіся без работы.

І што на гэта бакеншчыкі сказалі?

А, здаецца, і нічога, хіба што махнулі рукою — маўляў, жыццё, яно такое: а хоць і добра ўсё, то ўсё адно свіння карыта перакуліць!

Людзі з моцнымі нервамі.

Гарадчукі.

Ніколі не забуду — яны, калі грузілі баралозам, сенам ці бульбаю дуба, дапускалі такую асадку, што ад верху борта да вады заставалася шырыня на нейкія тры пальцы!

Як той казаў, бакеншчыкі не прасілі, каб іх крапілі святою вадою; магчыма, разумелі: вінаваты час, які (як і тое ж надвор'е!) не заўсёды спрыяе.

І на час не наракалі, хоць (зноў жа, магчыма) і думалі: хай час менш дае, толькі хай бязглузда не забірае!

P. S. Шчыра ўдзячны М. П. Бразоўскаму за дапамогу ў стварэнні гэтага нарыса.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.