Вы тут

Прыярытэты моладзі. Ці можна канкурыраваць з Instagram і ТікТок?


Сацыяльныя сеткі выступаюць для моладзі важным інстытутам сацыялізацыі, даючы ім адчуванне рэальнага часу і пляцоўку для стасункаў. Гэта новы ўзровень і новае вымярэнне сацыяльных камунікацый. Разам з тым высокая ўцягнутасць моладзі ў інтэрактыўныя формы камунікацыі стварае перадумовы для фарміравання такой новай якасці, як «інфармацыйная беспрынцыповасць», калі ў пагоні за «лайкамі», хайпам, топавымі праглядамі і рэкламнымі грашыма фарміруецца гатоўнасць размяшчаць кантэнт, які часта супярэчыць і здароваму сэнсу, і традыцыйным нормам маралі. Такую думку выказала падчас круглага стала, які прайшоў у «Звяздзе», галоўны саветнік Упраўлення ўнутранай палітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, кандыдат псіхалагічных навук Вольга Багамаз. 


Як паказалі вынікі даследавання «Пакаленне Z: устаноўкі і каштоўнасці сучаснай беларускай моладзі», 97 працэнтаў рэспандэнтаў (а гэта падлеткі ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў) карыстаюцца інтэрнэтам штодня. 85 працэнтаў заходзяць у сацыяльныя сеткі, 68 працэнтаў — на забаўляльныя сайты. Лідзіруюць сярод сацыяльных сетак у моладзі ТікТок і Instagram, прычым 64 працэнта рэспандэнтаў заходзяць у іх па тры-чатыры разы штодня.

«Моладзь вельмі хутка адаптуецца да новых месенджараў, гэта пакаленне, якое нарадзілася ў часы, калі даступная абсалютна любая інфармацыя. Таму асноўная задача для іх — хутка атрымаць патрэбную інфармацыю, скарыстацца ёю і забыць. Гэта пакаленне, якое прызвычаілася атрымліваць інфармацыю праз вобразы, пакаленне візуалаў, таму тэкставая інфармацыя імі ўжо не успрымаецца. Менавіта гэтым можна патлумачыць асаблівую папулярнасць у маладзёжным асяродку Instagram і ТікТок,» — падкрэслівае Вольга Багамаз. 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры і маладзёжнай палітыцы Ігар Завалей лічыць што «тое, што нельга перамагчы, трэба ўзначаліць». «Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі нікуды не знікнуць, і калі нас там няма, калі там няма людзей з правільнымі патрыятычнымі і ідэалагічнымі поглядамі і ўстаноўкамі, то нас для моладзі ўвогуле не існуе. Маладыя сёння не бачаць розніцы паміж блогерамі і журналістамі. І іх не цікавіць наяўнасць журналісцкай адукацыі ў блогера, — лічыць Ігар Завалей. — А ці шмат прафесійных журналістаў-блогераў з’яўляюцца ў маладзёжным асяроддзі лідарамі думак? Я асабіста не магу такіх прыгадаць... Мы жывем у часы, калі і музыканты, і блогеры, не маючы прафесійнай музычнай і журналісцкай адукацыі, могуць рэалізаваць сябе на інтэрнэт-пляцоўцы. У іх ёсць харызма, яны ведаюць, як працуюць алгарытмы ў TikTok і Instagram, ведаюць, што патрабуюцца кароткія тэксты, яркія загалоўкі, прыгожыя карцінкі, эмоцыі, ведаюць пяць-шэсць ключавых момантаў прасоўвання свайго кантэнту. Усё гэта дазваляе ім быць паспяховымі і збіраць шматтысячную аўдыторыю падпісчыкаў і мільённыя прагляды». 

Што сёння цікавіць моладзь? Якія тэмы? Пра каго сёння трэба пісаць? Якім павінна быць маладзёжнае выданне? Ці здольная наша моладзь крытычна ацэньваць інфармацыю? Гэтыя і многія іншыя пытанні ўзнімаліся падчас круглага стала «Інфармацыйныя прыярытэты моладзі». Да дыскусіі былі запрошаны таксама намеснік дэкана факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук Лізавета Хмель, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Раман Бандарук, блогер, тэлевядучая СТБ і карэспандэнт «Мінскай праўды» Сцюша Тайм і педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік гуртка «Азы журналістыкі» мінскага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» Ангеліна Уліч. Падрабязнасці дыскусіі чытайце ў бліжэйшым нумары нашага маладзёжнага дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена». 

Надзея НІКАЛАЕВА 

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?