Вы тут

Расліны, якія можна вырасціць з костачкі


Вырошчваць расліны з костачкі няпроста, але да чаго ж цікава! Костачка — гэта ядро, пакрытае дравяністай абалонкай. Часта костачкамі называюць і семечкі з цвёрдай абалонкай, напрыклад, у кавуна, хурмы ці граната.


Абрыкос

Костачкі абрыкоса трэба пасадзіць адразу пасля вымання з мякаці плода. Прычым, калі вы сапраўды жадаеце атрымаць паўнавартаснае дрэва, спатрэбіцца не менш як 50 костачак. Усходжасць у абрыкоса невысокая, да 50 %, і ў першы год яшчэ чвэрць ад пасаджаных раслін загіне. Ідэальная глыбіня пасадкі — 5-6 см. Паміж раслінамі пакідаюць па 10 см. Каб зімоўка прайшла добра, пасадкі атуляюць яловыми лапками.

Першыя ўсходы абрыкоса з'яўляюцца ў маі. Для гэтага ўжо ў красавіку пачынаюць паліваць месца пасадкі. Сеянцы, якія пакажуцца, даволі капрызныя і ў першыя два месяцы асабліва маюць патрэбу ў вільгаці. У ліпені паліў скарачаюць, каб маладыя абрыкосы пачалі рыхтавацца да зімоўкі.

Алыча

Костачка алычы прарастае 6-12 месяцаў. Костачку жаданага сорту алычы прамываюць ў праточнай вадзе і прасушваюць на анучцы. Высаджваць костачкі рэкамендуецца бліжэй да зімы, таму да гэтага часу іх лепш пакласці ў шкляную ёмістасць і захоўваць у сухім і цёмным месцы.

У канцы восені высаджваюць костачкі на глыбіню да 4 см. У адну лунку варта насыпаць адразу жменю костачак, бо большая частка з іх, хутчэй за ўсё, не ўзыдзе. У маі з'явяцца першыя ўсходы. У першыя часы іх можна прыкрыць ад сонца.

Вішня

Вішня выдатна вырастае з костачкі. Новая расліна можа стаць насельніцай саду ці застацца на падаконніку ў якасці дэкаратыўнага дрэўца. Для пасадкі выбіраюць костачкі са спелых ягад. У якасці субстрату падыдзе сумесь з торфу, лісцвянай зямлі, дзёрну і рачнога пяску (1:1:1:0,2). У невялікі гаршчок лепш пасадзіць па некалькі костачак на глыбіню 2-3 см і паставіць у светлае і цёплае месца. Лепш зрабіць гэта на пачатку восені. Прыкладна праз месяц з'явяцца ўсходы. Паліваць іх трэба толькі цёплай вадой. Зімой тэмпература ў памяшканні не павінна апускацца ніжэй за 15 °C, інакш маладыя расліны загінуць.

Манга

Манга ўжо даўно перастала быць дзівам у магазінах, а некаторыя энтузіясты паспяхова вырошчваюць мангавае дрэва на падаконніку. Важна, каб костачка была са спелага плода, у якім лёгка аддзяляецца мякаць. Пасля вымання неабходна прамыць костачку ў праточнай вадзе і паскрэбці нажом. Каб яна хутчэй прарасла, рэкамендуецца апусціць костачку на тыдзень у ваду. Глебу можна абраць універсальную, галоўнае — не кіслую.

Пры пасадцы чвэрць костачкі павінна выступаць над паверхняй глебы. Пакуль не з'явіўся парастак, ёмістасць варта прыкрыць плёнкай. Неабходна рэгулярна праветрываць парнічок, а пасля з'яўлення ўсходаў прыбраць сховішча. Перасаджваць манга можна толькі пасля таго, як дрэўца цалкам адужае і прыжывецца. Для расліны таксама важныя вільготнае паветра і глеба. Але злоўжываць апырскваннямі і палівам не варта, каб на лісці і каранях не з'явілася цвіль.

У прыродзе мангавае дрэва вырастае вялікім, часам да 18 м у вышыню, а ў пакаёвых умовах можа вырасці да 2 м. Расліна не вельмі любіць перасадкі, таму лепш загадзя падрыхтаваць вялікі гаршчок.

Персік

Многія скептычна ставяцца да вырошчвання персіка з костачкі, але на самай справе гэта цалкам рэальна! Бяром спелы персік, пажадана раяніраванага сорту, з задавальненнем з'ядаем, а костачку прамываем і высушваем. Пасадку лепш праводзіць бліжэй да канца восені, папярэдне пратрымаўшы костачку пару дзён у вадзе.

Месца для пасадкі павінна быць сонечным і без скразнякоў. Костачку высаджваюць на глыбіню да 8 см, паліваюць ??і прыкрываюць пілавіннем або яловымі лапкамі. Увесну з'явяцца ўсходы. Маладая расліна мае патрэбу ў шчодрых палівах і апырскваннях, а таксама рэгулярных падкормах. Фарміраваць дрэва персіка можна толькі на другі год жыцця. Плоданашэнне магчымае праз 3-4 гады.

Сліва

Пры вырошчванні слівы з костачкі звычайна ставяць мэтай атрыманне прышчэпы для прышчэпкі, бо паўнавартаснае сартавое дрэва атрымаць вельмі складана. Каб костачкі добра прараслі, іх спачатку вымочваюць каля 4 дзён у свежай вадзе, а затым прасушваюць і стратыфікуюць у зімовы час у сумесі пілавіння і пяску. На працэдуру спатрэбіцца каля паўгода, а потым костачкі можна высаджваць у кантэйнеры вясной ці восенню. Калі прапусціць гэты этап, усходы будуць слабымі і наўрад ці пражывуць даўжэй за год. Зрэшты, усё залежыць і ад догляду, і ад умоў надвор'я. Галоўнае — рэгулярна паліваць і падкормліваць сеянцы слівы, засцерагаць ад шкоднікаў і хвароб.

Калі сліва вырасце да памераў невялікага сеянца, можна перасаджваць яе ў сад. Лепш зрабіць тое ўвосень да першых замаразкаў, каб расліна паспела прыжыцца.

Чарэшня

Костачкі чарэшні ўзыходзяць добра. На зіму іх змяшчаюць у пясок і захоўваюць пры тэмпературы 1-5 °C. Увесну пасля раставання снегу можна высаджваць костачкі ў гаршкі ці кантэйнеры. Часцей за ўсё садоўнікі выкарыстоўваюць вышэйпаказаны метад як спосаб атрымання добрай прышчэпы, на якую пасля можна будзе прышчапіць упадабаны сорт. Але некаторым удаецца з костачак выгадаваць прыстойныя пладаносныя дрэвы са смачнымі салодкімі ягадамі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».