Вы тут

Што людзі бяруць напракат і каму гэта выгадна


Сёння любую рэч можна купіць у краме. Як кажуць, былі б грошы. Але нават калі і ёсць такая магчымасць, не заўсёды мэтазгодна набываць той жа велатрэнажор ці дзіцячы манежык. Па-першае, не ўсімі рэчамі мы карыстаемся доўга і часта. Па-другое, кватэра, як ні круці, не гумовая, далёка не ва ўсіх ёсць месца для захоўвання габарытных рэчаў. Вось тут і прыходзяць на дапамогу пункты пракату. Што людзі сёння бяруць у арэнду і ў якім выпадку гэта сапраўды выгадней за пакупку?


Паездка на электрамабілі — у падарунак

Арандаваць сёння можна практычна ўсё: ад электронных вагаў да электракара. Упершыню пра кароткатэрміновую пахвілінную арэнду аўто праз смартфон я даведалася, калі мае сталічныя сябры прыехалі ў госці да нас у вёску на іншамарцы з надпісам «каршэрынг» (англ. саrshаrіng ад саr «легкавы аўтамабіль» і shаrіng «сумеснае выкарыстанне, перадача іншаму»). Сяргей мае правы кіроўцы, але прынцыпова не набывае сабе машыну.

— Па горадзе вельмі зручна карыстацца на метро. А калі мне трэба раз на два месяцы з'ездзіць з сям'ёй да цешчы ў Краснаполле ці да вас у госці, дык я вазьму машыну ў арэнду. Затое галава не баліць, дзе яе захоўваць, як рамантаваць, не трэба плаціць за тэхагляд.

І сапраўды, звярнула ўвагу: па Мінску ездзіць даволі шмат машын з надпісам «каршэрынг». Кошт у многім залежыць ад таго, якой маркі машыну вы арандуеце. Напрыклад, 20 хвілін за рулём Vоlkswаgеn Роlо абыдзецца прыблізна ў 9 беларускіх рублёў. За тую ж самую 20-хвілінную паездку на Tеslа Mоdеl Х заплаціце 55 рублёў. У сувязі з павышэннем цэн на паліва і падаражаннем запчастак попыт на гэтую паслугу можа ўзрасці. Дарэчы, чым не арыгінальная ідэя для падарунка мужу — арандаваць на гадзіну электрамабіль?

Чарга на «Біяптрон»

У Беларусі працуюць некалькі дзясяткаў як дзяржаўных, так і прыватных пунктаў пракату. Там можна ўзяць у часовае карыстанне бытавую тэхніку, мэблю, спартыўныя тавары, будаўнічы інструмент, прадметы медыцынскага прызначэння, дзіцячыя тавары і нават музычныя інструменты.

— З надыходам цеплыні найбольшым попытам карыстаюцца веласіпеды, — кажа загадчыца аднаго з пунктаў пракату УП «Белхімчыстка» Алена СІПАКОВА. — Па іх перад выхаднымі часта прыходзяць цэлымі сем'ямі. Суткі арэнды горнага веласіпеда абыдуцца ў 17,5 рубля. Але на такі кароткі тэрмін бярэ мала хто. Бо ў залежнасці ад працягласці арэнды ў нас прадугледжаны прыемныя зніжкі. Ад 5 сутак — зніжка 50 працэнтаў — 8,52 рубля за суткі, ад 16 сутак — ужо 3,35 рубля. Чым на большы тэрмін бярэш, тым выгадней. Каб узяць рэч напракат, патрэбны толькі пашпарт. На месцы афармляецца дагавор арэнды.

Улетку як гарачыя піражкі разлятаюцца таксама ролікі, турыстычныя палаткі, спальныя мяшкі.

— Іх бярэ не толькі моладзь для адпачынку на прыродзе, але і прадпрыемствы, — працягвае Алена Леанідаўна. — Да пандэміі работнікі завода «Інтэграл», што насупраць нашага пункта пракату, пастаянна выязджалі на турзлёты.

Што цікава, зімні асартымент тут нават улетку не прымаюць з вітрыны. Каб людзі, якія прыходзяць па веласіпеды, ведалі, што ўзімку іх тут ужо чакаюць цюбінгі, лыжы, фігурныя канькі, сноўборды. Гарналыжныя камплекты ў дзяржаўным пункце пракату каштуюць крыху танней, чым у тых жа Сілічах, Раўбічах. Да таго ж не трэба губляць час у чарзе. Таксама, калі стаіць галалёдзіца і людзі падаюць і ламаюць ногі — бяруць напракат мыліцы. Пакарыстаўся месяц-другі — заплаціў 25—50 рублёў — і вярнуў. Новыя мыліцы каштуюць рублёў 90. Але не ва ўсіх ёсць месца, дзе іх пасля захоўваць. Ды і навошта?

— Сяброўка распавядала, што пасля таго, як яе бацькі перахварэлі на каранавірус, узяла ім для рэабілітацыі напракат трэнажор.

— Сапраўды, падчас пандэміі шмат бралі трэнажораў для рэабілітацыі. Пры праблемах з дыханнем, як правіла, прызначаюць ЛФК. Хадзіць некуды на заняткі пажылыя баяліся, таму дзеці прыходзілі і арандавалі для іх трэнажоры. Яны і цяпер карыстаюцца попытам. Пасля зімы ўсе худнеюць, хочуць прывесці сябе ў форму. У прыватнасці, месяц арэнды бегавой дарожкі каштуе 26,35 рубля (па 85 капеек за суткі). Гэта вельмі выгадна, бо купіць новую не кожны сабе можа дазволіць.

Часта людзі купляюць велатрэнажор на эмоцыях. Месяц-два пакруцілі педалі — надакучыла. І той даражэзны грувасткі агрэгат стаіць і пыліцца без справы, толькі месца займае. Таму некаторыя не спяшаюцца з пакупкай, бяруць на месяц у арэнду, каб паспрабаваць. А потым, калі спадабалася, ужо набываюць. Калі на нейкі тавар павышаны попыт, людзі пастаянна пытаюцца, мы дакупляем яго. У прыватнасці, вельмі запатрабаваная лямпа «Біяптрон». Бяруць, каб вушкі дзеткам лячыць, і носікі. І ад пролежняў гэтая цуд-лямпа, як я яе называю, дапамагае. Урачы часта рэкамендуюць лячэнне святлом сваім пацыентам. Таму ў нас у восеньска-зімова-вясновы перыяд заўсёды на лямпу чарга.

Палачка-выручалачка для студэнтаў

Пункты пракату — палачка-выручалачка для іншагародніх студэнтаў. Часцей за ўсё яны арандуюць халадзільнікі на вучэбны год.

— Мы можам самі даставіць халадзільнік у інтэрнат ці кватэру, якую яны здымаюць, — распавядае Алена Сіпакова. — Гэта выгадна, бо арэнду аплочваюць некалькі чалавек ускладчыну. Плаціць, што вельмі зручна, можна не адразу за ўвесь тэрмін, а па месяцах. У месяц арэнда халадзільніка «Атлант» каштуе 33 рублі. За 2 гады, вядома, можна купіць і новы. Але студэнтам, напрыклад, ён проста не патрэбны. Яны ж адвучыліся і раз'ехаліся. Акрамя таго, халадзільнікі і іншую бытавую тэхніку бяруць напракат на здымныя кватэры і на час рамонту, у тым выпадку, калі штосьці зламалася. На летні сезон халадзільнікі карыстаюцца папулярнасцю ў дачнікаў.

— А што рабіць, калі штосьці зламалася ў халадзільніку, які ўзялі напракат?

— Гледзячы па чыёй віне ламаецца. Калі па віне кліента, то ён і кампенсуе ўрон. Калі не, то самі рамантуем за свой кошт. Але такое здараецца нячаста, бо мы пастаянна абнаўляем асартымент тавараў. Калі ж халадзільнік ламаецца па віне вытворцы, то мы па гарантыі здаём яго на завод. Чалавеку ж у гэты ж дзень прывозяць замену.

Таксама нярэдка бяруць напракат будаўнічыя і садовыя інструменты — дрылі, шрубакруты, перфаратары. Трэба падрэзаць жывую агароджу — можна ўзяць кустарэз, задумалі ўстанавіць плот — бетонамяшалку. Летась, каб сэканоміць, мой муж сам вырашыў пакласці плітку дома ў сваіх і маіх бацькоў. Для гэтага яму спатрэбіўся пліткарэз. Набываць яго не бачылі сэнсу, бо больш наўрад ці ў найбліжэйшы час прыйдзецца класці плітку. Сябар, у якога гэты агрэгат пасля рамонту якраз ляжаў без справы, даў ім пакарыстацца. Калі б не гэта, то, відавочна, і мы звярталіся б у пункт пракату.

Дзеткі-кветкі растуць хутка

Часта бацькі бяруць дзецям напракат музычныя інструменты.

— У нас ёсць піяніна «Беларусь», акардэоны, баяны, скрыпкі. Але самай вялікай папулярнасцю карыстаюцца цымбалы. Гэты інструмент дарагі. Не ўсе могуць дазволіць яго сабе купіць. Ды і нярэдкая гісторыя, што дзіця вельмі хутка мяняе свае жаданні. Сёння трызніць цымбаламі, а заўтра, пакантактаваўшы з сяброўкай, якая ходзіць на каратэ, просіць набыць кімано.

Па маіх назіраннях, на прасторах інтэрнэту больш за ўсё пунктаў пракату менавіта дзіцячых тавараў. І нядзіўна. Дзеткі-кветкі вельмі хутка растуць. Задайце сабе пытанне: колькі малы будзе гуляць у манежы ці радавацца электронным арэлям-гушкалцы? Ну, паўгода, максімум год. Затым гэтыя рэчы будуць проста займаць месца на паліцах. Набываць тую ж радыёняню ці вагі для ўзважвання немаўля, каб потым стаялі, — навошта? Узяў на паўгода і вярнуў. Можна, вядома, набыць, а потым, калі пашчасціць, прадаць на тым жа «Куфары». Але майце на ўвазе, што нават рэч у ідэальным стане там выстаўляюць не больш як за паўцаны.

— У нас не надта багаты асартымент дзіцячых тавараў: манежыкі, хадункі, крэселкі для кармлення, — кажа Алена Леанідаўна. — Таму маладыя бацькі ў нас не асноўныя кліенты, хутчэй за ўсё, звяртаюцца ў спецыялізаваныя пункты пракату — туды, дзе большы выбар.

— Цудоўна, што ёсць магчымасць узяць дзіцячыя дэвайсы напракат, — лічыць Кацярына з Мінска, мама дваіх хлопчыкаў. — Усё, што датычыцца дзяцей, каштуе ў магазінах вельмі дорага, не кожнаму гэта па кішэні. Пракат жа можа сабе дазволіць кожны. Прычым, узяўшы цацку на нейкі час я не толькі эканомлю, але і раблю больш разнастайнымі забавы для сваіх дзетак. У прыватнасці, я наўрад ці набыла б сваім дзецям развіццёвы бізікуб. Мяне спыняла цана — больш як 150 рублёў. А таксама тое, што раптам малыя пагуляюць дзень-два, і ім гэтая цацка будзе нецікавая. Але дзякуючы службе пракату бізікуб з'явіўся ў нашай кватэры. Дзеці развіваліся цэлы месяц усяго за 20 рублёў. Плюс мяне грэе думка, што, беручы рэчы напракат, я клапачуся аб прыродных рэсурсах. А свядомае спажыванне зараз, як ніколі, у трэндзе.

Вясельная сукенка — новая ці ў арэнду?

З надыходам цеплыні пачынаецца вясельны сезон. Таму ўжо зараз на форумах ідуць гарачыі дыскусіі: браць сукенку напракат альбо купляць новую. Тут меркаванні разыходзяцца. Адны не бачаць сэнсу купляць сукенку, якую надзенуць усяго адзін раз. «Вельмі сучасна ўзяць напракат. Бо пасля не баліць галава, дзе захоўваць і як прадаць». «Навошта траціць грошы на новую сукенку, якая будзе вісець і жаўцець у шафе. Лепш я сэканомленыя грошы (вясельная сукенка напракат абыдзецца ў два разы, а то і яшчэ танней, чым такая ж куплёная) пушчу на мядовы месяц ці штосьці з мэблі ў кватэру куплю». Іншыя ж сцвярджаюць, што выходзіць замуж у чужой сукенцы — дрэнная прыкмета. «Калі сын жаніўся, новая сукенка для нявесткі была маёй асноўнай умовай. Бо ўсе знаёмыя, якія пазычалі ў сябровак, доўга ў шлюбе не жылі. Няхай на рэстаранах і картэжах сэканомяць, але толькі не на сукенцы». Кожны сам вырашае, у што верыць, а таксама на што мэтазгодна траціць свае грошы. Скажу толькі адно: у мяне дзве знаёмыя зараз падалі заявы на развод. Адна брала сукенку напракат, а другая выходзіла замуж у новай. Што-што, а трываласць шлюбу менш за ўсё залежыць ад рэчаў, якія хтосьці да гэтага надзяваў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: Цымбалы, велатрэнажор і цуд-лямпа

Выбар рэдакцыі

Культура

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Немагчыма злічыць, колькі таленавітых людзей жыве ў Беларусі. Часам вялізны талент можна знайсці нават у невялікай вёсачцы.

Культура

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

«Кожны чалавек — гэта космас!»

Грамадства

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Калі 23 чэрвеня тэмпература паветра была блізкай да кліматычнай нормы.