Вы тут

Вёска Камсамолец. Пахаванне Міхаіла Барашкава


Міхаіл Барашкаў узначальваў рэдакцыю найстарэйшай рэспубліканскай газеты ў найбольш складаны для краіны час — у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля трагічнага правалу рэдакцыйнай дзейнасці ў акупаваным Мінску, дзе выйшлі чатыры нумары газеты, пяты быў падрыхтаваны, але так і не ўбачыў свет, працягнуць выпуск выдання было вырашана ў партызанскай зоне — сярод любанскіх балот на легендарным востраве Зыслаў.


Тут у канцы студзеня 1943 года аднавіўся выпуск не толькі газеты «Звязда», а і рэспубліканскай маладзёжнай газеты «Чырвоная змена», а таксама Любанскай раённай газеты «Кліч Радзімы», дзейнасць якіх была спынена вайной. Рэдактарам усіх трох перыядычных выданняў быў прызначаны Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў.

Ён не дачакаўся запаветных пераможных залпаў — памёр у лютым 1944 года ад тыфу. Пахавалі журналіста-партызана ў вёсцы Камсамолец, цяпер жа гэта Салігоршчына. Побач з магілай Барашкава — пахванні двух невядомых партызан. Дзякуючы супрацоўнікам салігорскай раённай газеты «Шахцёр» дагледжаныя і яны.

— Колькі я працую ў рэдакцыі (а гэта ўжо 13 гадоў), столькі і нават больш традыцыя даглядаць гэтыя пахаванні ўжо існавала, — расказала выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара салігорскай раённай газеты «Шахцёр» Ганна МАІСЕЕНКА. — Гэта заканамерна, што магілу рэдактара падпольнай газеты даглядаюць не сельскі Савет, не школьнікі, а калегі, прадаўжальнікі гэтай прафесіі — нялёгкай ва ўсе часы, а тым больш у гады акупацыі. Мы ганарымся тым, што нашы папярэднікі не склалі свае паўнамоцтвы, не схаваліся і не збеглі ў такі складаны час, а працягвалі выконваць сваю работу. Для нас гэта яркі прыклад, як можна любіць сваю прафесію, як трэба быць адданым сваёй справе.

Супрацоўнікі газеты падфарбавалі агароджу, літары на помніках, прыбралі ад пазалеташняга лісця і смецця магілы, усклалі кветкі. Пахаванне заўсёды ў добрым стане. Яно знаходзіцца наводшыбе вёскі, каля самага лесу, у атачэнні пяці высачэзных хвой, якія, быццам волаты-ахоўнікі, вартуюць воінскае пахаванне, дзе вечным сном спяць тыя, хто змагаўся з акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, набліжаў Перамогу — цаной уласнага жыцця. Міхаіл Барашкаў — менш зброяй, больш словам.

Над выпускам трох газет працавала ўсяго некалькі чалавек: былы рэдактар Любанскай раённай газеты Філіп Касцюкавец, карэспандэнт даваеннай «Советской Белоруссии» Георгій Шчарбатаў, супрацоўнікі Капаткевіцкай раённай газеты Амяльян Шурпач, Аляксандр Сакевіч, Мікалай Курыка і Ніна Цылько. Міхаіл Барашкаў не толькі адказваў за калектыў, ён таксама рыхтаваў артыкулы для друку.

У партызанскай зоне калектыву «Звязды», «Чырвонай змены» і «Кліча Радзімы» часта даводзілася мяняць месца дыслакацыі — такія абставіны ваеннага часу. Аднак не толькі ў лесе, сярод непралазных балот, ствараліся падпольныя газеты. Работа над іх выпускам вялася і ў навакольных вёсках, жыхары якіх давалі свае хаты пад абсталяванне рэдакцыі. Першыя нумары падпольных выданняў у партызанскай зоне выйшлі ў вёсцы Шостая брыгада (цяпер Дварэц) Любанскага раёна, у хаце Марфы Мігун.

Калектыў рэдакцыі сучаснай «Звязды» не раз быў на гэтым месцы, у свой час (у маі 1975 года) галоўны рэдактар Аркадзь Тоўсцік адкрываў устаноўленую на хаце мемарыяльную шыльду, якая сведчыць, што «тут у студзені 1943 года аднавілі ў падполлі выхад газеты «Звязда» — орган ЦК і Мінскага абкама КП(б)Б і «Чырвоная змена» — орган ЦК і Мінскага абкама ЛКСМБ». Падчас урачыстасці яшчэ была жывая сама гаспадыня. Сёння ў хаты — новыя гаспадары, якія добра ведаюць, якая гістарычная падзея адбылася ў гэтых сценах узімку 1943-га.

Падчас акупацыі хата, вядома, была іншая. Гэтую Марфе Мігун пабудавалі пасля вайны — такім чынам дзяржава падзякавала жанчыне за тое, што, рызыкуючы сабой і сваімі дзецьмі, пусціла сюды партызанаў. Яна не адразу даведалася, што тыя рабілі тут выключна важную справу — выпускалі газеты, якія не менш за зброю былі небяспечныя для ворага.

Як успамінаў супрацоўнік партызанскіх выданняў Амяльян Шурпач, умовы работы і быту былі жорсткія. «Мы не мелі права нікуды, акрамя нашых кватэр, адлучацца, нікому нічога казаць пра свой занятак, — пісаў ён пасля вайны. — Нам, вядома, не падабалася ўсё гэта. Пасля шматлікіх паходаў, небяспечных аперацый апынуцца ледзь не пад арыштам — прыемнасці мала. Хутка мы пераканаліся, што суровыя ўмовы канспірацыі — не выдумка, а жорсткая неабходнасць». І сапраўды, немцы старанна шукалі падпольную рэдакцыю, нават прыцягвалі для гэтых мэт найлепшых берлінскіх разведчыкаў.

У канцы сакавіка 1943 года, калі немцы знаходзіліся непадалёк ад падпольнай рэдакцыі, газетчыкі сабралі друкарню і перайшлі праз балотны масіў за вёску Дзвесніца. Тут, на знакамітым востраве Зыслаў, дзе ў тым ліку знаходзіўся партызанскі аэрадром, які прымаў самалёты з Вялікай зямлі, выйшла большасць нумароў «Звязды»-партызанкі, «Чырвонай змены» і любанскай «раёнкі». Друкаваліся партызанскія газеты і ў вёсцы Камсамолец, якая размяшчалася ў Старобінскім (цяпер Салігорскім) раёне. Пасля вайны назва вёскі не мянялася. Тут і быў пахаваны Міхаіл Барашкаў.

Жыццё гэтага адважнага і таленавітага чалавека абарвалася 22 лютага 1944 года. «Не стала нашага рэдактара, уважлівага і чулага дарадчыка, умелага выхавацеля, бясстрашнага камуніста, — такімі словамі адазваўся пра гэтую сумную падзею калега-»звяздовец» Амяльян Шурпач. — На высокім грудку пад трыма стройнымі хвоямі вырас магільны курганок — апошняя даніна жывых загінуламу».

Ён, а таксама іншыя ўдзельнікі партызанскага руху, у тым ліку тыя, хто ўдзельнічаў у выпуску падпольных газет, неаднойчы пасля вайны наведвалі магілу Барашкава. Не раз тут бывала і жонка рэдактара. Яе добра памятае жыхарка вёскі Доўгае Таццяна Хаміцэвіч, дзяцінства якой прайшло ў Камсамольцы. Жанчына расказала, што пасля вайны жонка Барашкава прыязджала ў вёску часта, даглядала пахаванне, а калі не магла прыехаць, тэлефанавала ў школу, і магілу прыбіралі вучні. За гэта ўдава Барашкава частавала іх цукеркамі.

У партызанскай зоне выйшла 105 нумароў «Звязды», 48 выпускаў «Чырвонай змены» ўбачылі свет у няпростых умовах. Гэта быў сапраўдны подзвіг, аналагаў якому больш няма ні ў айчыннай, ні ў сусветнай журналістыцы.

Вераніка КАНЮТА

Фота дадзена рэдакцыяй газеты «Шахцёр»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.