Вы тут

Спецыялісты расказалі, як у краіне развіваюцца лічбавыя стасункі


Аператыўнае і эфектыўнае ўзаемадзеянне дзяржавы з бізнесам і грамадзянамі здольны забяспечыць электронны ўрад — сістэма дзяржаўнага кіравання, заснаваная на аўтаматызацыі кіраўнічых працэсаў у маштабах краіны, упэўнены Раман ГРАДУСАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП). У 2020-м беларусы атрымалі каля 6,5 млн электронных паслуг, летась — 17 млн, а за сёлетнія тры месяцы — ужо больш за 13 мільёнаў. Спецыялісты цэнтра расказалі, што адбываецца ў галіне лічбавізацыі стасункаў.


Адзіныя правілы для розных паслуг

Сістэмнае фарміраванне электроннага ўрада ў нашай краіне пачалося ў 2003-м, калі была зацверджана Дзяржпраграма інфарматызацыі «Электронная Беларусь». Аднак лічбавае ўзаемадзеянне было прадстаўлена толькі ўнутры некалькіх ведамстваў у выглядзе разнастайных сістэм, якія выкарыстоўвалі свае спосабы ідэнтыфікацыі, сістэмы абароны інфармацыі і механізмы функцыянавання. За межы пэўнага ведамства электроннае ўзаемадзеянне, як правіла, не выходзіла, нагадаў дырэктар НЦЭП:

— За першыя два гады з моманту стварэння цэнтра электронных паслуг былі ўведзены ў эксплуатацыю паслугі электроннага дакументаабароту на базе сістэмы электроннага дакументаабароту SMBusіness. Сфарміраваны фармат абмену данымі паміж абанентамі сістэмы міжведамаснага дакументаабароту дзяржорганаў краіны. Для выпуску адзіных ключэй электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП) адкрыты Рэспубліканскі цэнтр для сведчання Дзяржаўнай сістэмы ўпраўлення адкрытымі ключамі праверкі ЭЛП. Сфарміраваны інстытут інфармацыйных пасрэднікаў для аказання электронных паслуг Агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы і мадэрнізаваны Адзіны партал электронных паслуг.

У 2015—2016 гг. арганізацыя атрымала ліцэнзію на права дзейнасці ў галіне сувязі. НЦЭП вызначаны нацыянальным аператарам даверанага трэцяга боку па прызнанні сапраўднасці электронных дакументаў падчас міждзяржаўнага электроннага ўзаемадзеяння, а таксама ўпаўнаважаным аператарам інтэграцыйнага шлюза нацыянальнага сегмента інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС.

З 2017-га цэнтр стаў афіцыйным пастаўшчыком паслуг хостынгу. У 2020 годзе завяршылася Дзяржпраграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гг. У яе межах была створана Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма (БІСРС) — комплекс інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, прызначаны для ідэнтыфікацыі карыстальнікаў (фізічных і юрыдычных асоб) з прымяненнем ІD-картак з мэтай аказання ім электронных паслуг, у тым ліку адміністрацыйных працэдур, дадаў Раман Градусаў:

— Стварэнне такой сістэмы — важны крок у фарміраванні электроннага ўрада, які стаў сувязным звяном паміж дзяржавай, бізнесам і грамадзянамі ў лічбавым свеце. Яна дазваляе аб'яднаць розныя ведамасныя інфармацыйныя сістэмы і дае грамадзянам магчымасць атрымліваць электронныя паслугі па ўсёй Беларусі на аснове адзіных правіл і інструментаў — ІD-карткі і Адзінай сістэмы ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб.

Асноўная задача цэнтра — стварэнне базавых элементаў электроннага ўрада для эфектыўнага міжведамаснага ўзаемадзеяння і аказання электронных паслуг насельніцтву і бізнесу, кажуць яго спецыялісты. У цэнтры распрацаваны 153 паслугі аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы і 65 адміністрацыйных працэдур. А таксама паслугі па выпуску базавага атрыбутнага сертыфіката да сертыфіката фізічнай асобы, атрыбутнага сертыфіката для работы сістэмы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, інфармацыйнай сістэмы «Універсальная сістэма доступу», аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Ведамасны архіў», інфармацыйнай сістэмы відэаканферэнцсувязі, якой прадугледжана перадача службовай інфармацыі для абмежаванага распаўсюджвання.

Замежнікі, аўтамабілі, рыэлтары...

Каманда НЦЭП на працягу дзесяцігоддзя старалася ствараць сэрвісы, якія рабілі б узаемадзеянне кліентаў безбар'ерным, зручным і эфектыўным як паміж сабой, так і з дзяржавай. У сваёй далейшай рабоце спецыялісты цэнтра арыентуюцца на запатрабаваныя сэрвісы, што будуць карысныя не толькі грамадзянам Беларусі, але і замежнікам, якія змогуць карыстацца імі анлайн, падкрэслілі ў цэнтры. Колькасць сэрвісаў і геаграфія супрацоўніцтва пашыраецца праз кантакты з міжнароднымі партнёрамі. Адпаведныя пагадненні заключаны з аналагічнымі прадпрыемствамі ў Расіі, Малдове, Узбекістане, Казахстане.

Супрацоўнікі НЦЭП стараюцца ствараць праекты і рашэнні, якія можна будзе прэзентаваць на міжнародным узроўні. Так, летась быў арганізаваны першы лічбавы міжнародны форум #GBC (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне). Па яго выніках адбыўся шэраг рэгіянальных форумаў, падчас якіх прадставілі найлепшыя лічбавыя рашэнні і дасягненні ў розных сферах эканомікі Беларусі: транспарт, прамысловасць, энергетыка, адукацыя. Сёлета ў маі адбудзецца другі міжнародны лічбавы форум #GBC-2022.

У 2021-м у краіне распрацавалі базу даных замежных студэнтаў. Мяркуецца стварыць цэлы комплекс паслуг па атрыманні замежнікамі вышэйшай адукацыі ў Беларусі, пачынаючы ад падачы заявы на навучанне да рэгістрацыі пасля прыезду ў нашу краіну, падзялілася Святлана КАРАНЕВІЧ, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

— Сёлета стартуе таксама паслуга па атрыманні электроннай візы на ўезд у Беларусь. Пакуль паслуга тэсціруецца сумесна з МУС і МЗС, неўзабаве далучыцца і пагранкамітэт. Мяркуецца, што іншаземец зможа прад'явіць на граніцы раздрукаваны з партала дакумент з QR-кодам, а мытнік, зверыўшыся з базай, убачыць, што віза сапраўдная.

Неўзабаве з'явіцца і комплексная паслуга для аўтааматараў, якія хочуць набыць машыну, што была ва ўжытку. Яны змогуць прасачыць усю гісторыю «жыцця» аўто: колькасць уладальнікаў, наяўнасць страхоўкі, ці была машына зарэгістравана як таксі, які ў яе прабег і іншае.

У найбліжэйшы час у электронным выглядзе павінна з'явіцца і паслуга па пастаноўцы дзіцяці на чаргу ва ўстанову дашкольнай адукацыі. Мяркуецца, што могуць з'явіцца і суперсэрвісы для рыэлтараў і натарыусаў. Напрыклад, каб здзейсніць «чыстую» здзелку на продаж маёмасці, рыэлтару трэба даслаць запыт хіба што не ў 50 розных месцаў: псіханеўралагічны дыспансер, разліковую сістэму камунальных паслуг і шмат яшчэ куды. А калі гэта будзе рэалізавана на адным партале, спецыялістам стане значна зручней, пераканана спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Электронны ўрад Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».