Вы тут

Качанава аб выязным прыёме грамадзян: многія пытанні можна вырашыць на месцах


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА правяла прыём грамадзян у Асіповіцкім райвыканкаме.


Адзін прыйшоў са скаргай, другі — з надзеяй на дапамогу, трэці — каб выказаць незадаволенасць адказамі мясцовых улад, а ў кагосьці праблемы, выкліканыя эканамічнымі цяжкасцямі і санкцыямі. Ні адзін зварот не быў пакінуты без увагі, Наталля Качанава ўважліва выслухала ўсіх, хто запісаўся на прыём.

У жыхара Асіповіч уласная дрэваапрацоўчая вытворчасць. Прадукцыя яго фірмы карыстаецца попытам у Еўропе, яе добра бралі ў Польшчы і Германіі. Але апошнім часам працэс запаволіўся. Прадпрымальнік летам збіраецца запусціць яшчэ адну вытворчасць, нават узяў у лепшыя часы на гэта крэдыт. Зараз грошы трэба вяртаць, а ў яго з-за санукцый праблемы з «абароткай». Ён прыйшоў на прыём да старшыні Савета Рэспублікі з просьбай дапамагчы яму з адтэрміноўкай крэдыту. Старшыня Асіповіцкага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі пацвердзіў, што бізнесмен надзейны, знаходзіць агульную мову з мясцовай уладай. Наталля Іванаўна падбадзёрыла мужчыну, паведаміла, што ў краіне працуе штаб, які аказвае ў гэты складаны час дапамогу прадпрымальнікам, і яна абавязкова пракантралюе рашэнне гэтага пытання .

Яна таксама паабяцала, што будзе вывучана работа яшчэ аднаго прадпрымальніка, з прэтэнзіяй на якую звярнуўся жыхар аграгарадка Каменічы Асіповіцкга раёна. Ён паведаміў, што той узяў у арэнду возера і не дазваляе жыхарам лавіць бясплатна рыбу. Між тым першапачаткова з ім была дамоўленасць, што гэта будзе магчыма раз на тыдзень. Але мужчына ўсё перайграў, ды яшчэ і абражае аднавяскоўцаў... 

Жыхарка аграгарадка Трылесіна Дрыбінскага раёна прыехала на прыём, каб высветліць пытанне працаўладкавання. Філіял абласной псіхіятрычнай бальніцы ў аграгарадку закрываецца, і 57 чалавек застаюцца без работы.

—У Дрыбінскай ЦРБ ўсяго пяць вакантных месцаў, — паведаміла жанчына. — Прапануюць ездзіць на работу ў Магілёў, але ж да яго 50 кіламетраў. 

Наталля Качанава ўзяла пытанне на кантроль, каб вывучыць яго разам з міністэрствам аховы здароўя і Магілёўскім аблвыканкамам.

Сур’ёзная праблема, з якой могуць сутыкнуцца і іншыя людзі, намалявалася з падачы жыхаркі Асіповіч, якая разам са сваім мужам маюць статус сіраты. Яна стаіць у чарзе на кватэру з 2009 года, але шанцаў дачакацца яе мала. Сёння жанчына ў чарзе 164-я, а ў год у Асіповічах для гэтай катэгорыі грамадзян будуюць усяго 5-6 кватэр. Па сціплых падліках, чарга падыдзе толькі гадоў праз 35. Наталля Іванаўна абяцала прапрацаваць гэтае пытанне з міністэрствамі будаўніцтва і ЖКГ. Не выключана, што нешта трэба будзе падкарэктаваць заканадаўча.

Не менш актуальнае пытанне датычыцца садовых таварыстваў. На прыём звярнуўся бабруйчанін, старшыня садовага таварыства «Ясень», які паскардзіўся на дрэнную дарогу да дачнага пасёлка. Дарога, як высветлілася, гэта толькі частка праблем. Галоўная ў тым, што попыт на дачныя соткі апошнім часам упаў. З 800 дамоў, якія размешчаны на тэрыторыі таварыства, сёння 500 пустуюць. І колькасць іх толькі павялічваецца. 

—Гэта пытанне неабходна ўлічыць пры распрацоўцы зямельнага заканадаўства, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. —Нядрэнна было б правесці інвентарызацыю падобных участкаў. 

На прыём да спікера Савета Рэспублікі едуць людзі нават з іншых абласцей. Так, жыхарку Оршы дэлегіравалі яе суседзі. Агульная праблема — дрэнная дарога, якую яны мараць заасфальтаваць. Праблеме ўжо год, нельга сказаць, што яе не вырашаюць. Але пакуль толькі на паперы. Жанчына прывезла дакумент, дзе было пазначана, што пытанне з дарогай «плануецца разгледзець ў 2025-2030 гадах». Наталля Качанава паабяцала дэталёва разабрацца з гэтым пытаннем і дапамагчы.

Усяго на прыёме было разгледжана некалькі дзясяткаў пытанняў. Асноўная іх частка паступіла ад мясцовых жыхароў, але былі таксама прадстаўнікі Мінскай вобласці, Магілёва, Бабруйска, Быхаўскага, Клічаўскага, Кіраўскага і Дрыбінскага раёнаў.

Кожнае пытанне будзе старанна разбірацца з прыцягненнем спецыялістаў, якія курыруюць тыя ці іншыя сферы.

Такая зваротная сувязь, на думку Наталлі Качанавай, проста неабходная ўсёй вертыкалі ўлады, каб быў бачны ўвесь зрэз праблем, з якімі сутыкаюцца людзі. Тут галоўнае — дакладнае выкананне абавязкаў на месцах, у тым ліку, па рабоце са зваротамі грамадзян. 

Наталля Качанава адзначыла, што практыка адзіных дзён прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі зарэкамендавала сябе вельмі станоўча. 

- У рэгіёне мы робім стаўку на тых людзей, якія тут жывуць, якіх цікавіць развіццё гэтай тэрыторыі, — рэзюмавала яна. — Грамадзяне прыходзяць з тым, што іх хвалюе, таму, што ў іншых інстанцыях не знайшлі паразумення. На жаль, усё яшчэ існуюць валакіта і адпіскі. Цікава, што частка пытанняў здымаецца яшчэ да прыёму. Што гэта, як не нежаданне адказных асоб своечасова прымаць рашэнні па пытаннях грамадзян?

Наталля Іванаўна таксама звярнула ўвагу на тое, што такія прыёмы дапамагаюць удасканальваць існуючую заканадаўчую базу. У Асіповічах людзі звярнулі ўвагу на праблемы з садовымі таварыствамі. А яшчэ на транспартныя пытанні, калі жыхары маюць праблемы з перамяшчэннем у межах свайго раёна. 

- На 6-м Усебеларускім народным сходзе мы казалі пра моцныя рэгіёны, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. — Калі мы жадаем, каб сельскія раёны развіваліся, нельга, каб узнікалі такія складанасці. 

Наталля Качанава нагадала таксама, што работа па маніторынгу цэн і асартыменту ў крамах працягваецца. Не выпадкова яна цікавіцца ў людзей, якія запісаліся на прыём, пра заўвагі. Яна таксама адзначыла, што за апошнія сем гадоў Асіповічы прыкметна папрыгажэлі, больш утульнымі сталі вуліцы і агульны дызайн.

Сёння адзіны дзень прыёму грамадзян сенатары праводзілі па ўсёй Магілёўскай вобласці. Члены Савета Рэспублікі наведалі раёны і выслухалі просьбы, прапановы, скаргі, каб дэталёва разабрацца ў праблемах і прыняць рашэнні. Як паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі, на прыём да парламентарыяў запісалася болей чым 200 чалавек. 28 красавіка ў Бялынічах пройдзе выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі на тэму «Аб эфектыўнасці і выніках работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Магілёўскай вобласці».

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».