Вы тут

Нямецкая фабрыка смерці часоў ВАВ пад Гомелем


Не менш за тры дзясяткі расстрэльных ям часоў нямецка-фашысцкай акупацыі трэба будзе ў найбліжэйшы час даследаваць пошукавікам і супрацоўнікам пракуратуры ў Чонкаўскім лесе Гомельскага раёна.


— Тут была сапраўдная фабрыка смерці. Дыслацыраваўся карны нямецкі батальён, стаяла тэхніка. Маштаб зверстваў фашыстаў уражвае. Астанкі, якія былі знойдзены восенню мінулага года, — гэта малая частка з таго, што яшчэ давядзецца падняць з-пад зямлі, — звяртае ўвагу журналістаў пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў падчас наведвання месца масавага знішчэння мірных грамадзян часоў вайны ў Чонкаўскім лесе.

Як вядома, восенню мінулага года падчас пошукавых работ на гэтай тэрыторыі былі выяўлены 13 месцаў расстрэлу. Спецыялісты правялі 29 медыка-крыміналістычных экспертыз. Устаноўлена, што ідэнтыфікаваныя астанкі з расстрэльных ям належаць 489-ці мірным жыхарам, пераважна жанчынам.

— Устаноўлена, што смерць гэтых людзей наступіла ў выніку агнястрэльных раненняў. Расстраляна менавіта мірнае насельніцтва, бо ў людзей былі прадметы хатняга ўжытку: кубкі, кацялкі, лыжкі, зубныя шчоткі. Гэта значыць, людзей вырвалі з дому, яны разлічвалі на нейкую нядоўгую адсутнасць, а ў выніку іх вывозілі сюды і расстрэльвалі, — адзначае Віктар Марозаў. — На месцы раскопак таксама знойдзены фрагменты калючага дроту, нямецкія манеты, элементы зброі. І калі нехта мяркуе, што гэта магчымыя месцы пахавання рэпрэсаваных у 1937-м годзе, то і тут мы развянчалі іх тэорыі. Падкрэсліваю, балістычная экспертыза паказала, што людзі былі расстраляныя з нямецкай зброі.

На мінулым тыдні пракуратура Гомельшчыны аднавіла даследаванне месца самага масавага знішчэння мірных грамадзян часоў вайны ў Чонкаўскім лесе. Астанкі не менш як 30 чалавек былі знойдзены толькі за тры дні з пачатку аднаўлення пошукавых работ.

— Астанкі знаходзяцца на рознай глыбіні — ад паверхні зямлі да чатырох метраў уніз. Мы адпрацоўваем кожны раскоп да мацерыковага пласта глебы. Калі бачым некрануты пласт зямлі, цалкам зачышчаем сценкі. Атрымліваецца дно, і тады ўжо раскоп лічыцца адпрацаваным, — тлумачыць журналістам методыку работы камандзір пошукавага ўзвода 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Беларусі Уладзіслаў Берднік.

Цяпер у пошукавай рабоце па расстрэльных ямах Чонкаўскага лесу задзейнічаны 15 байцоў — у асноўным ваеннаслужачыя восеньскага прызыву, якія прайшлі ўсё неабходнае навучанне і падрыхтоўку. Адначасова з правядзеннем раскопак працягваецца пошук новых месцаў расстрэлу мірных жыхароў у гэтым лесе.

— Яшчэ ў канцы восені былі разведаны іншыя ямы, на суботніку нашы работнікі пракуратуры разам з леснікамі ачысцілі ад зарасніку меркаваныя месцы расстрэлаў, гэта таксама спрашчае работу пошукавікам, — паясніў галоўны пракурор вобласці.

Таксама яшчэ увосень, перад ад'ездам пошукавікаў і прыпыненнем на зімовы перыяд работ па раскопках, супрацоўнікі пракуратуры пры падтрымцы следчых правялі дадатковую рэкагнасцыроўку мясцовасці. Дзякуючы здымкам з дрона былі ўстаноўлены блокі расстрэльных ям.

— Ёсць усе падставы сцвярджаюць, што на дадзенай тэрыторыі размяшчаўся нейкі з відаў канцэнтрацыйных лагераў, — падкрэслівае намеснік пракурора Гомельскага раёна Аляксандр Шынкароў. — Пра гэта сведчыць тое, што тэрыторыя была абнесена калючым дротам. Яго фрагменты і скруткі, якія захаваліся, знойдзены падчас раскопак. Тыя судова-медыцынскія экспертызы, якія былі праведзены, кажуць аб тым, што яшчэ жывых людзей у ямах закідвалі гранатамі. На гэта ўказвае вельмі хаатычнае размяшчэнне касцей. На некаторых чарапах ёсць пашкоджанні, характэрныя для траўматычнага ўздзеяння, напрыклад, удараў прыкладам.

Паміж блокамі расстрэльных ям пошукавікамі ўстаноўлена і месца дыслакацыі нямецкай расстрэльнай каманды.

— Дакладна вызначаны тэрыторыі палатачнага лагера нямецкіх салдат. Там знойдзены прадметы іх ужытку, узбраенне, фрагменты нямецкай тэхнікі, — падкрэслівае Аляксандр Шынкароў.

Сярод знаходак на гэтым месцы — сталовыя прыборы з нямецкай маркіроўкай, складаная сапёрная рыдлёўка, якая была на ўзбраенні толькі ў немцаў, фрагмент абавязковай нямецкай ваеннай амуніцыі, «таблетніца» для лазанціну-хлору, што пры развядзенні ў вадзе выкарыстоўваўся для абеззаражвання.

— Самыя розныя знаходкі нямецкага палатачнага лагера сведчаць аб тым, што расстрэльная фашысцкая каманда ўжо менавіта абжылася ўжо на гэтым месцы, — упэўнены намеснік пракурора Гомельскага раёна.

Як вядома, сёлета ў Чонкаўскім лесе пошукавікамі і супрацоўнікамі пракуратуры будзе даследавана больш за 30 месцаў масавых расстрэлаў мірных жыхароў у гады нямецка-фашыскай акупацыі.

— Перад вайной у Гомелі налічвалася 140 тысяч жыхароў, а калі Чырвоная Армія вызваліла Гомель, то ледзь налічылі 20 тысяч гамяльчан. Зразумела — вайна, фронт. Але ж куды маглі падзецца 100 тысяч чалавек? Упэўнены, усе гэтыя амаль 80 гадоў краязнаўцы, гісторыкі задаваліся такім пытаннем. Бо былі масавыя расстрэлы яўрэйскага насельніцтва ў верасні 1941 года, масавыя расстрэлы гамяльчан перад уваходжаннем савецкіх войскаў у Гомель, калі мужчын цэлымі прадпрыемствамі вывозілі за горад і забівалі, каб яны не папоўнілі шэрагі Чырвонай Арміі, — нагадаў пракурор вобласці Віктар Марозаў.

Кіраўнік ведамства ў рэгіёне адзначыў, што пасля выяўлення факта масавых расстрэлаў у Чонкаўскім лесе была створана абласная камісія па ўвекавечанні памяці загінулых. Па яе рашэнні, недалёка ад месца генацыду, па дарозе на мемарыяльны комплекс «Партызанская крынічка», будзе ўстаноўлены камень з памятнай дошкай. Тут жа адкрыюць капліцу. І дастойна пахаваюць астанкі людзей, знойдзеныя падчас раскопак.

— Людзі заслугоўваюць таго, каб памяць аб іх была захаваная, — падкрэсліў Віктар Марозаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскай абласной пракуратуры

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.