Вы тут

Фінскі: У манументальнай скульптуры прадказальнасць неабходна


Беларускі скульптар Аляксандр Фінскі вядомы сваімі работамі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Створаныя майстрам кампазіцыі нельга аднесці да якой-небудзь пэўнай тэматыкі, у іх ёсць спасылкі да розных відаў мастацтва, розных гістарычных перыядаў, розных сацыяльных з’яў. У ліку найбольш знакамітых скульптур, якія ўпрыгожваюць і сталіцу, і іншыя гарады Беларусі, — мемарыял «Яма. Мінскае гета», мемарыяльны комплекс «Чырвоны Бераг», помнікі Адаму Міцкевічу ў Мінску і Сімяону Полацкаму ў Полацку, знакі «Нулявы кіламетр» на Кастрычніцкай плошчы і «Беларусам замежжа» на беразе Свіслачы сталіцы. Некалькі дзесяцігоддзяў Аляксандр Фінскі паспяхова працуе не толькі як скульптар, але і як педагог: у роднай Акадэміі мастацтваў ён выкладае больш за 30 гадоў. Ёсць што ўспомніць і пра што паразважаць... 


— Аляксандр Міхайлавіч, нельга не спытаць: з чаго ўсё пачыналася?

— Рос у вёсцы, бацькі — медработнікі, тата ад прыроды добра спяваў, іграў... Я сам з маленства і да гэтай пары люблю музыку (асабліва класіку і джаз) і лічу яе самым вялікім мастацтвам. Дарэчы, у мяне жонка і сын — музыканты. Аднак з дзяцінства я маляваў. Як толькі знаходзілася свабодная папера, то адразу размалёўвалася. Хоць зараз шкадую, што не працягнуў займацца музыкай, бо не любіў нотную грамату, — хай бы і не быў прафесійным музыкантам, аднак мог бы займацца для сябе. Гэта было б выдатнае дапаўненне да асноўнай творчасці. Мастацтва — працэс жывы і незамкнёны... Мне здаецца, што мы, на жаль, раз’яднаныя — пісьменнікі, музыканты, мастакі — кожны сам па сабе. Адсутнічаюць агульныя пляцоўкі, прадстаўнікі розных відаў творчасці існуюць у сваіх сусветах, якія не перасякаюцца. 

— Апошнім часам ваша імя нячаста сустракаецца на старонках СМІ і ў прэс-рэлізах выставачных праектаў... 

— Недзе да 50 гадоў я паўсюль «свяціўся», але зараз гэта не да спадобы. Калі раней лічыў, што ў мяне яшчэ шмат часу і можна марнаваць яго бяздумна, што, як правіла, і адбывалася, то сёння разумею, як яго мала. Імкнуся канцэнтравацца, бо цікавых нерэалізаваных ідэй хапае. Да таго ж перыяд манументальнай творчасці займае даволі шмат часу, але не вельмі многа дае ўзамен, а іншы раз нават адымае. Часта ўзнікала неабходнасць дагаджаць, што тлумачылася сістэмай саветаў, у якой я доўга працаваў і ў выніку зразумеў: яны нячаста прыносяць карысць. Недасканалую работу могуць «выцягнуць», а добрую — знішчыць, асабліва калі ўзнікаюць пытанні з фінансаваннем. Гэта сапраўднае патанненне ідэі і думкі, скіраваных у вечнасць. Якім мы сёння бачым той жа надзвычайны гарманічны Санкт-Пецярбург, створаны літаральна за паўтара стагоддзя? Думаю, у свой час пытанне недахопу сродкаў там не стаяла, хоць, зразумела, былі выдаткі іншага парадку. Праблема рэалізацыі ідэі вельмі складаная. 

— У цяжкіх сітуацыях архітэктары часцей дапамагаюць ці перашкаджаюць? 

— Яны такія ж, як і мы. Могуць памыляцца. Увогуле ж скульптар і архітэктар — тандэм, які павінен быць непарыўным. Мастаку неабходны свой архітэктар, і тады ёсць шанс, што атрымаецца сур’ёзная работа, бо кожны разумее адно аднаго. Сапраўдны аўтарскі калектыў — гэта аднадумцы. 

— З якім аўтарскім калектывам працавалася найлягчэй? Здаецца, «Чырвоны бераг» ствараўся ў спрыяльнай атмасферы... 

— Леанід Левін (архітэктар і кіраўнік праекта — Заўв. аўт.) — быў, па-першае, чалавекам вопытным, а па-другое, сапраўдным рэжысёрам, здольным дзеля пэўнай ідэі сфарміраваць калектыў. Гэта ўнікальна — у творчым плане ён даваў мне поўную свабоду, а не дыктаваў. Магчыма, гэта была такая ступень даверу, магчыма, ён разумеў, адчуваў мяне, хоць мы належалі розным пакаленням. Дарэчы, разам са мной у інстытуце вучыўся Валянцін Занковіч, які на той момант ужо быў лаўрэатам Ленінскай прэміі, але вырашыў стаць скульптарам. Менавіта ў яго я многаму навучыўся ў архітэктуры. З сябрам архітэктарам Георгіем Фёдаравым мы працавалі над помнікам Адаму Міцкевічу. У выніку атрымалася арганічная работа, бо архітэктура і скульптура з’яўляюцца адным цэлым. Многа гадоў я працую з Арменам Сардаравым, з якім мы добра разумеем адзін аднаго, і гэта гарантыя нашай паспяховай працы. Увогуле ж усе памкненні і намаганні былі для таго, каб ідэя прагучала і не мела слабых месцаў, бо скульптура — рэч круглая і павінна працаваць з усіх бакоў. Між тым далёка не ўсе скульптары з адукацыяй могуць стварыць сапраўды круглую скульптуру, дзе кожная кропка працуе на развіццё ідэі ў прасторы і адсутнічае выпадковае. Гэта самае складанае. Неабходна думаць і ўяўляць — фарміраваць прастору. Не толькі аб’ём ёсць скульптура. 

— Прывядзіце, калі ласка, пазітыўныя прыклады ў Беларусі. 

— Магу згадаць сваё: «Яма». Унікальная работа, якая працуе з усіх бакоў, у тым ліку і зверху. Галоўнае было адлюстраваць рытм, перадаць агульны настрой, не ўпірацца ў дэталі, а стварыць цэльную кампазіцыю, своеасаблівую музыкальную тэму, якая б загучала. Гэта мая ўдача і адначасова адна з найскладанейшых задач. Працаваў над гэтым сюжэтам усяго толькі больш за год, аднак умовы былі вельмі няпростыя. А тычылася гэта найперш фінансавання, якое ў той перыяд было слабае, і Левін (архітэктар і кіраўнік праекта — Заўв. аўт.) здабываў грошы ад яўрэйскіх дыяспар. Пазней з гэтымі дыяспарамі яму даводзілася змагацца наконт вобразнасці, бо іх прадстаўнікі лічылі, што, згодна з пэўнымі традыцыямі, ніякіх фігур не павінна быць, хоць мы пераконвалі — гэта цені. Дапамог аўтарытэт Левіна. З «Чырвоным берагам» таксама неаднаразова ўзнікалі розныя праблемы, аднак у выніку Леанід Мендзелевіч пагадзіўся на мой варыянт. Некаторыя паплечнікі хацелі чапляцца да нейкіх дэталяў, аднак заказчыца, якая не разбіралася ў нюансах мастацтва, палічыла работу «геніяльнай». А гэта самае галоўнае. Мастацтва можа быць для мастацтва. Аднак манументальнае мастацтва не самазадаволенне. Зразумела, можна ствараць нешта для вузкага кола — пагуляць формай і я люблю, — але важней, каб форма нараджалася як вынік ідэі. Андрэй Бембель казаў: не трэба рабіць шмат, хопіць некалькі работ, якія застануцца ў гісторыі і стануць класікай. 

— Дарэчы, а каго лічыце сваім настаўнікам у мастацтве? Каго ўспамінаеце часцей? Вядома, што вас падтрымліваў Анатоль Анікейчык... 

— Успамінаю Леаніда Давідзенку, які быў добрым настаўнікам і паплечнікам і ў творчасці, і ў жыцці. Ён быў прыемным і далікатным чалавекам, вельмі добра да мяне ставіўся. Прагадваю і першага настаўніка Барыса Лазарэвіча, які выкладаў лепку ў школе (сёння Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка — Заўв. аўт.). З гэтага прадмета потым і ўзнікла скульптурнае аддзяленне. Ён не стаў знакамітым скульптарам, але быў цудоўным педагогам, шмат зрабіў для навучэнцаў. 

Я б не назваў Анікейчыка настаўнікам для мяне — хутчэй лёсавызначальным чалавекам. Калі я заканчваў мастацкую школу — а гэта быў першы выпуск аддзялення скульптуры, — на абарону дыпломаў прыйшлі Анікейчык і Бембель. Анатоль Аляксандравіч ацаніў маю работу і сказаў, што калі такі дыплом зраблю ў інстытуце, гэта будзе тое, што трэба. Я не разгубіўся і адказаў: «Дык можа мне не трэба ў інстытут ісці?» Ён рассмяяўся ды сказаў: «Ну-ну, давай-давай...» Калі паступаў у інстытут, ён ужо быў настроены сур’ёзна: паступала 36 чалавек, а набіралі 6. Прыйшоў як прафесар, калі здавалі кампазіцыю, хоць і не прымаў гэты экзамен, пахадзіў, паглядзеў... Потым падышоў да мяне і паляпаў па плячы, маўляў, малайчына. Зразумела, не кожны атрымліваў такую ўвагу. Мабыць, нездарма я сёння сяжу ў яго майстэрні, хоць амаль выбраўся з яе — працую не ў Мінску, на радзіме (Пухавіччына — Заўв. аўт.), на прыродзе, як і павінна быць. Большую частку прасторы аддаю маладым творцам. Толькі лёс так склаўся, што і мемарыяльную дошку, і надмагільны помнік рабіў Анікейчыку я. 

— Вы паціху адыходзіце ад манументальнага мастацтва. Чаму? 

— Магчыма, зразумеў: там мне не далі выявіць тое, што магло быць цікава, запаветна. Выяўляецца назапашанне невыказанасці. Цяпер прывабліваюць невялікія работы. 

Рыхтуюся да персанальнай выстаўкі, дзе, акрамя скульптур, хачу прадставіць і графічную серыю, якая апасродкавана закранае тэму вайны. Не супраць быў бы прадставіць скульптурную серыю, прысвечаную беларускім паэтам розных эпох. Між тым імкнуся займацца дрэвам — беларускім матэрыялам, які, здаецца, у нас забылі. Той жа Леанід Давідзенка горача любіў дрэва, адчуваў яго пластыку. Матэрыял жывы, ён не любіць пафасу і да таго ж не дазвяляе тыражаваць — гэта ўнікальныя творы. 

— Можна заўважыць, што на працягу многіх гадоў творчасці вы не канцэнтраваліся на пэўным матэрыяле... 

— Матэрыял — гэта сааўтар, які дае пластычную магчымасць. І ў кожнага свае выразныя сродкі. Аднак сітуацыя можа развівацца па-рознаму: бывае, што на стадыі задумы ўзнікае думка аб неабходнасці таго ці іншага матэрыялу, а здараецца, што ў працэсе работы знаходзіцца іншае рашэнне, тады адмаўляешся ад раней абранага. Калі мастак не капііст, а творца, то гэта бясконцы і часам непрадказальны працэс, хоць менавіта ў манументальнай скульптуры прадказальнасць неабходна. 

— Ці шкадуеце аб стварэнні ці няўдалым увасабленні якога-небудзь вобраза? 

— Здараецца, што нешта хочацца перапрацаваць, а час вярнуць немагчыма, на жаль. Часавыя віды мастацтва — балет, спевы, тэатр — дазваляюць выправіць памылкі. У скульптуры гэтага не дазваляе. Але без самакрытыкі нельга. Я, напрыклад, застаўся не вельмі задаволены скульптурнымі кампазіцыямі для Опернага тэатра, якія, лічу, павінны былі быць меншымі па памеру. 

— Якія тэндэнцыі прыкмячаеце ў сучасным мастацкім жыцці? 

— У мастака заўсёды ёсць натуральнае жаданне заявіць пра сябе, аднак разам з тым многія пачынаюць хітрыць. Такіх называюць інтэрпрэтатарамі. Іх імкненне быць моднымі прыводзіць да страты саміх сябе, яны перастаюць разумеюць, дзе ўласныя развагі, а дзе запазычанне. Да таго ж вельмі не хацелася б, каб сучасны творчы працэс ператварыўся ў суцэльную камерцыялізацыю, калі неабходна быць паспяховым і прадавацца. Мне здаецца, сёння і мастацтвазнаўцы не імкнуцца глыбока ўнікнуць у той ці іншы працэс развіцця мастацтва. Збольшага яны здымаюць вяршкі, разважаючы пра канкрэтныя з’явы і падзеі. Ці прааналізаваў хтосьці сёння тое, што адбываецца, што ёсць сучаснае мастацкае жыццё? А працэс цікавы, у яго неабходна паглыбляцца, многае ведаючы і разумеючы. Бо крытыка — рэч сур’ёзная. Галоўны пастулат медыцыны — не нашкодзіць — тычыцца і крытыкі. Аўтар шматлікіх кніг па гісторыі рускага і савецкага мастацтва Аляксей Фёдараў-Давыдаў пісаў, што сапраўдны мастацтвазнаўца не канстатуе факт, ён адкрывае мастака. І галоўнае, што павінен рабіць крытык, на мой погляд, — гэта шукаць. 

— На што звяртаеце ўвагу навучэнцаў? 

— Я заўсёды кажу студэнтам, асабліва першакурснікам: «Засвойце: вы на гэтай зямлі не першыя і, спадзяюся, не апошнія». Неабходна помніць зробленая папярэднікамі, ставіцца да гэтага паважліва, захоўваць для наступных пакаленняў. Дарэчы, мяне здзіўляе, калі пачынаюць размяжоўваць, дзе мастацтва сучаснае, а дзе несучаснае, дзе сапраўднае, а дзе лухта. Гэта, як кажуць, прэрагатыва часу. Уяўляю: калі прырода — лабараторыя, якая працуе мільёны гадоў і нікуды не спяшаецца — пасля кожнай «мадэрнізацыі», стварэння новага віду знішчала б стары? Зразумела, штосьці знікае пасля, але да часу існуе побач, паралельна. Гэтаму трэба вучыцца і мастакам, бо свет ад разнастайнасці становіцца толькі багацейшы. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.