Вы тут

ЖКГ-стрымы і анлайн-кансультацыі. Камунальнікі прапануюць новыя інтэрнэт-стасункі


Дзяржаўную інфармацыйную сістэму ЖКГ камунальнікі з часам плануюць інтэграваць са службай 115. А акрамя стандартных стасункаў — сустрэч, сходаў, аб'яў на дошках каля пад'ездаў і іншых форм работы з жыхарамі, — будуць актыўна развіваць новыя спосабы камунікацыі з насельніцтвам, каб ісці ў нагу з часам, сцвярджаюць спецыялісты галіны. Пры гэтым, вядома, працягнецца і звыклая работа па мадэрнізацыі і добраўпарадкаванні дамоў і двароў беларусаў.


Дамы, двары, пад'езды...

Летась у Мінску капітальна адрамантавана 222 дамы, сёлета запланавана яшчэ 218. З мінулага года дамы ў сталіцы рамантуюцца комплексна, то-бок, работы вядуцца не на адным будынку, а адразу на групе дамоў, якія аб'яднаны адной тэрыторыяй, расказаў Андрэй Новік, намеснік генеральнага дырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

За апошнія чатыры гады капітальна адрамантавана 137 прыдомавых тэрыторый, на сёлета запланавана яшчэ 14. Падчас такога капрамонту выконваюцца ўсе віды работ па добраўпарадкаванні. Летась у дварах Мінска, дарэчы, пасадзілі 15 тысяч дрэў і звыш 42 тысяч кустоў. У план бягучага рамонту сёлета ўключаны 3624 пад'езды, з якіх за зіму 421 ужо адрамантавалі. Запланаваны рамонт 463 кантэйнерных пляцовак. Мяркуецца закрыць 368 смеццеправодаў у жылых дамах (з 2016-га па жаданні і згодзе ўласнікаў закансервавана ўжо 3847 смеццеправодаў).

— Энергаэфектыўныя мерапрыемствы вядуцца зараз на трох сталічных дамах: Каліноўскага, 26 (амаль гатовы), К. Чорнага, 4 і Піянерская, 4. Палову кошту ўцяплення фасаду на Каліноўскага на працягу дзесяці гадоў будуць аплачваць жыхары. Для двухпакаёўкі памерам 50 м2 «камуналка» пры гэтым павялічыцца прыкладна на восем рублёў за месяц, — паведаміў спецыяліст.

Школа ЖКГ, чат-бот і буклеты з QR-кодамі

У Заводскім і Кастрычніцкім раёнах завяршаецца ўкараненне праграмнага прадукту «Дзяржаўная інфармацыйная сістэма ЖКГ», якая будзе аб'ядноўваць у сабе абсалютна ўсю інфармацыю па жылым доме. А плацельшчыкі ЖКП могуць зарэгістравацца на сайце адзінага разлікова-даведачнага цэнтра Мінска, каб атрымліваць электронныя паведамленні і адсочваць статус прынятых рашэнняў па сваіх заявах у рэжыме рэальнага часу, агучыў дасягненні ў рабоце камунальнікаў Андрэй Новік:

— Арганізацыі ЖКГ будуць практыкаваць і сучасныя формы зносін з людзьмі: ЖКГ-стрымы, анлайн-кансультацыі, новыя рубрыкі ў тэлеграм-канале (гісторыя ЖКГ, судовая практыка, работа з даўжнікамі і іншыя), анлайн-апытанні, распаўсюджванне буклетаў з QR-кодамі, рэалізацыя праекта «Школа ЖКГ для школьнікаў». Сумесна з Цэнтрам інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама плануем актуалізаваць дзейнасць чат-боту «Мая рэспубліка» 115.бел» у тэлеграм-канале.

Праз яго камунальнікі намерваюцца адказваць на самыя актуальныя пытанні спажыўцоў: пра нумары і адрасы арганізацый, рэжым працы, перыядычнасць прыборкі, замены індывідуальных прылад уліку.

Падамавы ўлік затрат і служба 115

Служба 115 і праграма «Дзяржаўная інфармацыйная сістэма ЖКГ» — распрацоўкі Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама, які займаецца лічбавізацыяй галіны гарадскіх камунальных прадпрыемстваў.

Сёння служба 115 акумулюе ўсе скаргі, пажаданні, просьбы і заявы жыхароў. І з 2018 года колькасць прэтэнзій на неаказанне ЖКП змяншаецца штогод мінімум на 1,5 %. А першы модуль праграмы — падамавы ўлік затрат — быў паспяхова апрабаваны ў Заводскім раёне сталіцы. Сёлета такі падыход хочуць рэалізаваць ва ўсіх сталічных раёнах, заўважыў Максім Бардовіч, дырэктар Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама:

— Усе работы па доме павінны выконвацца адпаведна з тэхналагічнымі картамі і рэгламентамі. Існуе дакладная паслядоўнасць, дзе, калі і якую работу павінен зрабіць майстар па доме, дакладная фіксацыя гэтага. У выніку мы атрымліваем дакладную калькуляцыю работ па будынку — тое, што прапісваецца ў жыроўцы як тэхнічнае абслугоўванне. Мы павінны разумець, з чаго яно складаецца і што на гэта затраціла прадпрыемства па абслугоўванні пэўнага дома. Гэтыя звесткі патрэбны і нашым гарадскім арганізацыям, і жыхарам, якіх, пэўна ж, зацікавяць віды работ у іх доме.

Другі напрамак дзейнасці праграмы — інвентарызацыя ўсяго жылфонду і малых архітэктурных формаў, каб камунальнікі разумелі, дзе, калі і што яны павінны зрабіць. У далейшым інфармацыйную сістэму ЖКГ інтэгруюць са службай 115, каб жыхары маглі ў рэжыме анлайн атрымаць любую інфармацыю па доме. Карыстаюцца інтэрнэт-сэрвісамі, дарэчы, людзі да 35 гадоў, больш сталыя аддаюць перавагу тэлефонным званкам, расказаў дырэктар цэнтра:

— Мы актыўна працуем з Казахстанам. Калі шэсць гадоў таму стваралася служба 115, то ідэю работы і атрымання зваротнай сувязі з жыхарамі праз мабільны дадатак мы падгледзелі ў Расіі, аднак рабілі яе з улікам існуючых у Беларусі рэалій. Прынцып работы гарадской гаспадаркі ў нас прыкладна такі ж, як і ў Расіі. Працэсы практычна аднолькавыя, але са сваёй спецыфікай, таму можна аналізаваць, як гэта рэалізавана ў суседзяў, і адаптаваць пад беларускія ўмовы.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».