Вы тут

Першамай назаўжды. Пра складнікі простага шчасця


А памятаеце, што такое ў савецкія часы быў Першамай? Прычым не 1 мая, а Першамай, бо выхадны, як правіла, быў і назаўтра. У мяне, напрыклад, ён дагэтуль асацыіруецца з газетай «Правда», якую кожны дзень утыкала ў брамку паміж штыкетамі наша паштальёнка цётка Надзя. У святочным нумары ўсю першую старонку займалі лозунгі. Цікава было іх чытаць (асабліва калі чытаць толькі навучыўся). Можна сказаць, што гэтыя «Слава трудовому советскому народу!» замянялі ў свой час практыкаванні ў «Буквары»...


«Правде» вялікага фармату, нават святочнай, уважліва прачытанай ад першага да апошняга радка, вельмі хутка знаходзілася практычнае прымяненне. Бо на Першамай абавязкова трэба было вымыць вокны пасля зімы. Пачатак мая быў гэткай безумоўнай мяжой канчатковага і беспаваротнага прыходу вясны і цяпла, таму да гэтага часу ўжо абавязкова быў наведзены парадак на падворку. Вокны былі завяршальным штрыхом. У вясковай краме (дый у гарадскіх, пэўна, таксама) не было ніякіх мудрагелістых сродкаў для мыцця ўсяго чаго заўгодна. Таму ў тазіку з вадой проста размыльвалася трохі гаспадарчага мыла — і анучкай па шыбах. Тут жа, хуценька, трэба было намочанае шкло працерці пакамечанай газетай, каб не было разводаў. Газета, пакуль не станавілася мокрай і не раз'язджалася на лахманы, рыпела і вішчала, а шыбы станавіліся вясёлкава-празрыстымі, і ў іх адлюстроўвалася і напоўненае блакітам неба, і галінка яблыні з набрынялымі пупышкамі, і бліскучы зеленаваты шпак на ёй...

На традыцыйную першамайскую дэманстрацыю, якую дагэтуль з настальгіяй згадваюць многія гараджане, мы не хадзілі, бо яе ў вёсцы не было ў прынцыпе. Але ў абавязковым парадку мы глядзелі трансляцыю з дэманстрацыі ў Маскве па тэлевізары. На чорна-белым выпуклым экране рухалася мора людзей. Яны былі прыбраныя, усміхаліся, неслі плакаты, махалі сцяжкамі і кветкамі. Яны былі незнаёмыя і вельмі далёка, але з'яўлялася нейкае ўзнёслае пачуццё далучэння да гэтага вялікага, агульнага, веданне таго, што і ты — частка «трудового советского народа», якому нават галоўная газета краіны гаворыць: «Слава!»

А вось маёўка ў нас была абавязкова, калі надвор'е дазваляла. Разам з суседзямі мы выбіраліся на прыроду. Ісці далёка не даводзілася — садзіліся, як правіла, на шырокім паўмежку паміж участкамі, пад таўшчэзным — упяцёх не абняць — ясенем. Цень ад дрэва быў яшчэ ўмоўны, бо лісты на ім з'яўляліся толькі ў апошнія дні вясны. Сонца прасвечвала праз тоўстыя галіны, ствараючы дзівосную, выкшталцоную сетку на тварах, на посцілцы, на якой расстаўляўся няхітры, але такі смачны на вуліцы пачастунак. Пра шашлыкі ніхто тады і не чуў. Але на талерцы (ды яшчэ на свежым паветры!) ляжаў нарэзаны шчодрымі кавалкамі кумпяк, вэнджаны на ядлоўцы ў дзядзькі Калясінскага — і хіба можна параўнаць нейкія там шашлыкі з гэтай смакатой, аб успаміне аб якой і сёння цякуць слінкі. Дарослыя выпівалі, гаманілі, часам нават зацягвалі якую песню. Малыя гулялі на паўмежку, паскідаўшы курткі, не слухаючы клапатлівых маці, якія раз-пораз гукалі: «Адзенься, бо прастынеш!» без асаблівай надзеі на поспех.

І, канешне, які Першамай без працы. Асабліва руплівыя спяшаліся гэтымі днямі пасадзіць бульбу. Тыя ж, хто адкладваў пасадку бульбы на наступнае свята — 9 Мая, рабілі парнікі. З'ява гэта ў канцы 70-х — пачатку 80-х была для нашай вёскі новая, яе прывезлі першыя «дачнікі» — пакаленне вяскоўцаў, што, з'ехаўшы пасля школы ў горад, там і атабарыліся. Спачатку на іхнія канструкцыі з дошак і цэлафану, якія яны ставілі на бацькоўскіх сотках, многія глядзелі скептычна. Але калі матулі гэтых «дачнікаў» сталі хваліцца перад суседкамі раннімі агуркамі, памідорамі і нават дагэтуль не бачанымі ў вёсцы перцамі і баклажанамі, — вось тады і панеслася: парнікі захацелі ставіць усе. І гэта не тое, што сёння: заказаў, аплаціў, прывезлі, паставілі. Нясі расаду, высаджвай і гадуй. Першыя парнікі, скажу я вам, былі плёнам архітэктурнай думкі нашых вясковых мужыкоў. Рабілі гэтыя збудаванні з таго, што знаходзілі на падворку — з дошак, планачак, непатрэбных штыкецін. Пра металічныя дугі тады ніхто нават не чуў, што ўжо казаць пра звычайны сёння спанбонд ці полікарбанат. Куплялі (дакладней — «даставалі» дзесьці ў горадзе) цэлафан, ашчадна адмяралі кожны яго кавалачак. У ход ішла нават «некандыцыя» — кавалкі сточвалі паміж сабой, пасля або сшывалі або склейвалі гарачым прасам. А яшчэ ж трэба было гэта пакрыццё неяк замацаваць, каб не зрывала ветрам... Карацей, працы было ўсёй сям'і на цэлы дзень, калі не больш, і ўсім знаходзілася справа. На агародзе панаваў вясёлы вэрхал, шоргала нажоўка, стукаў малаток, усе нешта цягнулі, падавалі, мацавалі. Было шумна і весела, а ў парніку, які нарэшце дабудоўвалі, было цёпла і зацішна і пахла ўзварушанай абуджанай зямлёй і новым цэлафанам...

А на кухні ўсю нашу парніковую брыгаду чакаў абед — халаднік. Менавіта на Першамай адкрываўся яго сезон. Маладое шчаўе збіралі на недалёкіх курганах — лісточкі яго яшчэ былі дробныя, але такія прыемна кіслыя. Шчодра крышылі туды зялёнай цыбулі, выгадаванай на падаконніку, зачэрпвалі лыжкай тлустай «сваёй» смятаны. Да халадніка падавалася бульба, але не проста бульба, а патоўчаная на кашу, запраўленая духмянымі смажанымі скварачкамі і цыбуляй. Гэта пюрэ елі выключна халодным — яго наразалі лустамі і бралі ў руку як хлеб... А потым з кладоўкі прыносілі бярозавік у гліняным збанку. З сушанымі яблыкамі і хлебнымі скарынкамі. Ён быў прыемна кіславаты, нейкі бадзёрысты, свежы, як майскі вецер, што залятаў у адчыненыя сенцы... І гэта было такое простае шчасце, і «Мир, труд, май» не лічыліся казённым лозунгам, а былі часткай жыцця. Дый не задумваўся ніхто пра гэта асабліва...

Цяпер усё інакш? Так, мы не ходзім на дэманстрацыі і нават не глядзім іх па тэлевізары. Не збіваем парнікі з цэлафану і палачак. Не збіраем першае шчаўе на пагорках. Але ж вось-вось — май. І праца на зямлі — прынамсі, для многіх. І — мір. Не лозунгі. Не казённыя словы. Частка жыцця, складнікі простага шчасця. Для якога, як пачынаеш разумець менавіта цяпер, зусім няшмат трэба.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.