Вы тут

«Міжгароднія званкі дарагія, а гэты, з тога свету (!), зусім без капейкі пакіне!»


Яна была першай… Не толькі на лыжні

Мая блізкая прыяцелька родам з вёскі, адтуль жа за 10 кіламетраў хадзіла ў школу. Выдатніцай там, на жаль, не была, а вось актывісткай ды спартсменкай — дык яшчэ і якой! Любіла выступаць — то са сцэны з вершамі ды песнямі, то на розных спаборніцтвах...


Тым разам яна паехала на раённыя па лыжах. Ведала, што сярод удзельнікаў будзе аж 17 каманд з 17 школ. Ганна выступала за сваю.

Пра нейкае адмысловае спартыўнае адзенне ды абутак тады ніхто не чуў. Усе лыжнікі выступалі ў валёнках ды шараварах. А вось пад імі...

У моду толькі-толькі сталі ўваходзіць калготы — тоненькія, капронавыя. Многія дзяўчаты аж млелі, каб іх займець. А ў Ганны ўжо былі — новыя, чорныя — іх цётка прывезла з самога Кіева. Ну як не надзець, калі едзеш у горад (хоць пад шаравары)?.. Як не пафарсіць?.. Лепей, вядома ж, было б на танцах... Але ж дачакайся іх. А спаборніцтвы — вось яны, ужо.

...Першымі — на дыстанцыю ў 5 кіламетраў — выйшлі хлопцы. Дзяўчынкі засталіся чакаць — рыхтавацца, хвалявацца, размінацца.

Аня ўвесь гэты час размахвала рукамі-нагамі, круціла галавой, нервова папраўляла шаравары на таліі: то спускала іх трохі ўніз, то падцягвала ўверх, пакуль не адчула, што яны... спаўзаюць: лопнула гумка!

Думаць, што з ёй рабіць, часу не было: дзяўчынак папрасілі на старт. Таму Аня хуценька скінула шаравары, усунула ногі ў валёнкі, на іх начапіла лыжы і панеслася да сваіх. Усё нармальна: яна паспела! Нават больш за тое — на дыстанцыі абагнала ўсіх!

Першым з перамогай — і асабістай, і школьнай каманды — яе павіншаваў фізрук. Ён жа папярэдзіў, што зараз будзе ўручэнне грамат.

— Ты, спадзяюся, паспееш прывесці сябе ў парадак? — спытаў у дзяўчынкі. — Прыкрыеш сорам?

А Ганна, можа, і хацела б (яшчэ і таму, што холадна), але яе шаравараў нідзе не было!

...Вестка пра яе чарговую бліскучую перамогу мігам разляцелася па акрузе. Пры гэтым пра нейкі там «сорам» не гаварыў ніхто. А цяпер, як я пагляджу, дык і сораму няма. У розных аблягаючых штоніках, адзін да аднаго падобных да Аніных калгот, ходзяць ледзь не ўсё дзяўчаты.

Атрымліваецца, што мая прыяцелька была першай — не толькі на лыжні.

Альвіна ЧАЙКОЎСКАЯ,

г. Гомель


Век жыві — век... пакутуй

Гэту байку людзі, напэўна, чулі, але ж калі цікавая, то і паўтарыць не грэх.

Бог некалі сабраў усе жывыя стварэнні і стаў адмяраць гады. Сказаў:

— Табе, чалавеча, даю 20...

«Як, чаму так мала?» — жахнуўся ён, але Богу пярэчыць не стаў — прамаўчаў.

— Ты, конь, дужы, вялікі, — працягваў Гасподзь, — табе сорак гадоў якраз.

— Ды памілуй! — папрасіўся той. — У плузе ды ў возе — 40 гадоў. Рады не дам! Скінь палавіну...

Чалавек тут як тут:

— І праўда: калі просіць — скінь, а мне можаш дадаць...

— Добра, — згадзіўся Бог і стаў мераць гады карове.

— Ты, — сказаў, таксама вялікая. Табе, значыць, таксама 40.

— Пашкадуй, — запрасілася тая, — калі тройчы ў дзень цябе дояць, і 20 замнога.

Не паспеў Бог задумацца, так гэта ці не, зноў чалавек адазваўся. Маўляў, калі просіць, дык чаму б не ўважыць: ёй 20 гадоў скасціць, а яму — дадаць.

Згадзіўся Усявышні.

Потым яшчэ сабаку 20 гадоў адмерваў, — чалавек палову сабе адхапіў, нават ад каціных пяці не адмовіўся.

Так і зажыў: 20 гадоў свайго веку (і волас з галавы не падае!), 20 — конскага (можа не можа — цягне).

І пасля не лягчэй: зяцю нешта падкінь, бацькам зрабі, унукам падары, сыну пазыч... Дояць — як тую карову!

А стукне 60 — надыходзіць сабачы век, бо ўсяго і работы, што ўнукаў «пасвіць» ды дабро сцерагчы.

Ну, а на сёмым дзясятку — як і сілы не тыя — каціны час падступае: хто любіць, а хто і з жалю галубіць... Хто прылашчыць, а хто і нагой адпіхне.

...Першы раз гэтую байку я пачула даўно — гадоў 20 назад, калі толькі замуж прыйшла: свёкар на ўсіх гутарках яе расказваў... Але ж тады, як быў маладзейшы, а пераваліла за 60 і пайшоў на пенсію — ну як адрэзала...

Вось і гадаем, што гэта: памяць чалавека падводзіць? Ці якраз наадварот — добра помніць, «чый век жыве». А вось іншым нагадваць не хоча?

А. ПАЛОНСКАЯ

г. Маладзечна


Бабулі ніхто не званіў, альбо Містыка ды і толькі!

Каторы год чытаю звяздоўскія вясёлыя гісторыі і думаю, што асобныя з іх усё ж сумныя.

І наадварот: здараецца, чую ці чытаю сумныя і пры гэтым усміхаюся, бо яны... вясёлыя. Зрэшты, мяркуйце самі.

Не буду казаць, што сябры майго мужа — гэта мае сябры, бо сустракаюся з імі рэдка. А вось яны самі...

Часам аж зайздрасць бярэ: амаль трыццаць гадоў, з першага курса інстытута, гэта чацвёрка трымаецца разам. Не бывае ніводнага тыдня, каб яны не сазваніліся — не даведаліся, у каго якія навіны, каб не параіліся, не дапамаглі адзін аднаму, а то і проста не сустрэліся...

Праўда, у апошнія гады ўжо ўтраіх. І спярша (як ні цяжка з гэтым змірыцца) — на могілках.

Вось і нядаўна сазваніліся, прыехалі да ўвахода на сталічныя Маскоўскія (плошча — больш за 20 гектараў) — па знаёмых сцежках пайшлі да Дзянісавай магілы. А там... Шукаюць і не знаходзяць яе: дождж з самай раніцы, хмурна, безліч помнікаў вакол і ўсе яны шэрыя... Прозвішчы на мокрых амаль не чытаюцца... Ці чытаюцца ды не тыя — незнаёмыя. А знаёмае, Дзянісава — нібы вадою змыла!

— Добра, — кажа адзін з сяброў, — што нябожчык не бачыць нас, а то, відаць, прыдуркамі назваў бы!

— І правільна б зрабіў, — згадзіўся другі з сяброў.

Трэці, самы спрытны, у гэты час «збегаў» да ўвахода на могілкі, на ўсякі выпадак удакладніў нумар сектара і магілы, вярнуўся назад і ўжо там, на месцы, ледзь не загрымеў: спатыкнуўся, прычым так, што акуляры зляцелі!.. Сагнуўся, каб падняць — на помніку... Дзянісава прозвішча.

Згадзіцеся, проста містыка нейкая! І ў яе — бывае — так хочацца верыць.

...У нашай школе гадоў 10 таму працавала пажылая настаўніца. Сваю працоўную дзейнасць яна пачынала ў сярэдзіне 70-х, яшчэ ў так званай сямігодцы. Там жа, у невялікай вёсцы, здымала пакой у доме адзінокай жанчыны, удавы ветэрана Вялікай Айчыннай... Месцічы звалі яго Базылём, жонку — адпаведна — Базыліхай, кватарантка расказвала, што бабуля дужа кампанейскай была: любіла пагутарыць з людзьмі, любіла схадзіць «на сяло».

Найчасцей жанчыны збіраліся тады ў цёткі Ульяны, таксама ўдавы. Яна ў цэнтры вёскі жыла, мела тэлефон — як цяпер сказалі б — агульнага карыстання. Гэта значыць, што па ім гадамі вяскоўцы набіралі не толькі 01, 02, 03, але і нумары сваіх родзічаў. Тыя, калі трэба было, назвоньвалі ім. Цётка Ульяна не ленавалася, клікала многіх...

Не было званкоў толькі Базылісе. А яно ж і ёй, напэўна, хацелася...

Мясцовыя прыкалісты заўважылі гэта і лёгка прыдумалі фокус: падгледзелі, калі Базыліха прыйдзе да Ульяны, потым з іншага апарата набралі нумар — папрасілі яе паклікаць...

Базыліха страшэнна здзівілася, але ж віду не падала: прыклала да вуха слухаўку, спытала:

— А хто гэта звоніць?

— Не пазнала? — пачула ў адказ. — Ды гэта ж я, твой Базыль.

— Ты-ы-ы? — не паверыла бабуля. — Адкуль?

— З таго свету.

— Не можа быць, — засумнявалася жанчына. — І голас нейкі не твой.

— У цябе ён таксама змяніўся, — прызнаў «нябожчык». — Ведама, столькі часу прайшло... Скажы, як жывеш?

— Добра, — пачала Базыліха і тут жа прыкусіла язык: міжгароднія званкі дарагія, а гэты, з тога свету (!) нябось, зусім без капейкі пакіне!.. Ды і што ёй пра сябе гаварыць: жыве ды ўсё.

— Як ты, Базылёчак? — спытала ў мужа.

Адказу, шкада, не пачула, бо той суразмовец, відаць, не вытрымаў — пакаціўся ад рогату і размову скончыў...

Што цікава, цётка на яго зусім не крыўдавала. Цэлы вечар — спачатку з Ульянай, а потым з настаўніцай-кватаранткай — яна ўспамінала свайго нябожчыка і, як выглядала, вельмі рада была, што ён пазваніў.

...Прыкладна такімі ж шчаслівымі былі сябрукі майго мужа. Прынамсі, цяпер, сабраўшыся разам, гэтая тройка пастаянна ўспамінае, як іх чацвёрты, той самы Дзяніс, можна сказаць, зрабіў падножку: спыніў іх каля сваёй магілы.

Л. САВЕНКА

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.