Вы тут

Сакральнае і побытавае ў новай экспазіцыі Музея старажытнабеларускай культуры


У Інстытуце мастацтвазнаўста, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі Музей старажытнабеларускай культуры з’яўляецца адным з самых адметных, мае ў сваіх фондах і за шклом выставачных вітрын унікальныя артэфакты, некаторыя з якіх захаваліся ў нашай краіне ў адзінкавых экзэмплярах.


Фрагмент інтэр'ера палацавай залы. Барыс Лазука дэманструе посуд.

Цяпер у музеі амаль завершана работа над новым варыянтам экспазіцыі: ад часу стварэння ўстановы ў 1980-я да 2017 года тут не было рамонту, канцэпцыя захоўвалася тая ж. Але музей — злепак жыцця, чалавечых праблем і здабыткаў. З часу атрымання нашай краінай дзяржаўнасці паўстала неабходнасць адлюстраваць у экспазіцыі пэўныя моманты гісторыі. Структура музея на 80 працэнтаў ужо зацверджана. У планах — абсталяваць выставачную прастору з выкарыстаннем апошніх навукова-тэхнічных дасягненняў: шматлікіх банераў, медыя, дадатковай рэальнасці. Наведвальніка будуць сустракаць рухомыя выявы людзей з мінулых эпох... 

Музей старажытнабеларускай культуры комплексны, гэта значыць, утрымлівае і прылады працы, і побытавыя рэчы, і прадметы культу, і мастацкія шэдэўры. Помнікі археалогіі, сакральнае мастацтва, самыя поўныя ў краіне калекцыі беларускіх народных строяў, адметныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, шкло, кераміка, тэкстыль: побытавы (ручнікі, посцілкі) і мастацкі (слуцкія паясы), абразы... Каб не спяшаючыся разглядзець усё і ўявіць, як нашы продкі працавалі з той ці іншай прыладай, мусіць, аднаго наведвання будзе мала…

Пачынаць агляд лепш са знаёмства з археалагічнай калекцыяй. Сярод старажытнасцей асабліва ўражваюць дзве вузкія доўгія лодкі — рыбацкі і, па ўсёй верагоднасці, гандлёва-ваенны човен, у бартах якога зроблены адтуліны для вёслаў трох весляроў. Прыладу паднялі з дна Нёмана каля Навагрудка. На падобныя грузілі мноства тавараў і сплаўлялі да Чорнага мора. Каб не цягнуць баркі ўжо супраць цячэння, іх прадавалі на дошкі ў якасці будаўнічых матэрыялаў. Датуюцца чоўны ХІІ і ХVІ стагоддзямі.

Надмагілле Сапегаў.

Кожны з экспанатаў музейных калекцый унікальны. З надзвычай рэдкіх — мемарыяльная пластыка з магілы Льва Сапегі. Асаблівым гонарам установы з’яўляецца калекцыя, якую складаюць каля ста поўных комплексаў народных строяў — сабрана фактычна тое, што зафіксавана на дадзены момант этнографамі і мастацтвазнаўцамі як традыцыйнае. Тысячы прадметаў тэкстылю: посцілкі, ручнікі, дываны. Некаторыя з іх упрыгожваюць экспазіцыю — пасляваенныя маляваныя на льняным палатне алейнай фарбай. Паходзяць у асноўным з Віцебшчыны. У фондах захоўваюцца і вырабленыя на Гомельшчыне, Брэстчыне. Сярод жывапісных дываноў ёсць створаны Язэпам Драздовічам.

Вабяць вока выцінанкі і традыцыйныя беларускія мужчынскія паясы — тканыя, плеценыя, вязаныя, — іх у музеі велізарная калекцыя; вясельныя жаночыя галаўныя ўборы. Ручнікі, якія служылі ў якасці аздобы, дэкору, у абрадавых мэтах.

Шырока прадстаўлены і традыцыйныя прылады працы: восці, каганец, венцер для рыбнай лоўлі, паскавыя прылады для апрацоўкі глебы; ручныя інструменты для апрацоўкі дрэва, бязмены, вагі; сякеры, цыркулі; прадметы вырабу кавальскай культуры — выкананыя па-мастацку дзвярны замок, клямкі. Ёсць і тыя прадметы, значэнне і спосаб выкарыстання якіх складана зразумець гарадскому чалавеку: адметныя спецыяльныя дошчачкі з прымацаванымі ручкамі служылі для пакрыцця страхі саломай, каб яна клалася роўнымі грабянямі. Керамічныя маленькія, як цацачныя, вырабы посуду былі шматфункцыянальнымі: з імі гулялі дзеці, а на кірмашах па іх прыкладах пакупнікі рабілі заказы да наступнага прыезду ганчара.

Асаблівая рэч — цацкі-свістулькі з гліны, таксама шырока прадстаўленыя ў вітрынах. Выявы іх нясуць штосьці добрае, пазітыўнае. А гук, як верылі нашы продкі, абараняе дзіця ад злых сіл.

Дарэчы, многія экспанаты былі сюды прывезены з беларускага музея, створанага ў пачатку ХХ стагоддзя Іванам і Антонам Луцкевічамі ў Вільні. Першы дырэктар Музея старабеларускай культуры мастацтвазнаўца Вольга Церашчатава дамовілася, каб у Мінск вярнуліся рэчы, сабраныя на беларускіх тэрыторыях. На адпаведных экспанатах наўмысна пакінуты літоўскія біркі.

Несумненная заслуга музейшчыкаў і ў тым, што паспелі заказаць у старых майстроў з розных рэгіёнаў характэрныя для іх мясцовасці керамічныя вырабы. 

— Калі асартымент гэтага посуду сфарміраваўся яшчэ ў жалезным веку (глякі, збаны, гладышы, спарышы, міскі), то характар аздобы паўсюль розны: вырабы чорна-глянцавыя, калінавыя, распісныя, з фляндроўкай, — распавядаў падчас экскурсіі дырэктар музея Барыс Лазука. — Цяпер, калі дзесьці пажадаюць адрадзіць як промысел выраб ганчарнага посуду, мы зможам паказаць, якой была кераміка ў іх рэгіёне.

Выклікаюць цікавасць і самаробныя музычныя інструменты для індывідуальнай і ансамблевай ігры: духавыя, мембранныя, струнныя, самагучныя, а таксама вырабы з саломы.

Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская. XVI ст.

Наступныя дзве залы ўстановы прадстаўляюць айчынную арыстакратычную культуру XVIII стагоддзя. Разглядаючы вытанчаны посуд і прадметы інтэр’ера, якія спалучаюць практычнасць ва ўжытку і мастацкасць выканання, здзіўляешся: чаму ў свядомасці большасці замацаваўся стэрэатып, быццам беларусы — сялянская нацыя. Скульптуры вытворчасці мейсенскай мануфактуры, талерка з Італіі, кубак ручной работы з нямецкага шкла, бутэлечкі і графінчыкі, духмянніца — гэта тое, што мелі ў сваіх кватэрах заможныя гараджане. Дзверцы печы з класіцыстычнымі матывамі, камін з кафлі, вырабленай рукамі, мудрагелістыя люстэркі складанай работы і падсвечнікі, гадзіннікі з карцінкамі, якія рухаліся, жырандолі з мноствам упрыгожанняў, вытанчаная мэбля — звычайныя для таго часу прадметы інтэр’еру. Многія з падобных рэчаў вырабляліся і на айчынных мануфактурах.

Шырока прадстаўлена ў музеі і духоўнае жыццё нашых продкаў. Па абразах і прадметах культу можна прасачыць гісторыю Айчыны з усімі яе адметнасцямі.

Фрагмент сялянскай хаты.

Адзін з першых узораў беларускага іканапісу і з найкаштоўнейшых экспанатаў — абраз Маці Божай Адзігітрыі Іерусалімскай, датаваны XVI стагоддзем. Са старажытных абразоў XVI стагоддзя — «Пакланенне вешчуноў». Па гэтых прадметах мастацтва можна ўбачыць нараджэнне мастацкага стылю з узорыстым фонам. Рэстаўратары зрабілі на абразах зандажы, расчысцілі некаторыя фрагменты, бо для навуковага музея (хаця і разлічанага на звычайнага наведніка) мае асаблівае значэнне паказаць паслядоўнасць таго, як ствараліся падобныя шэдэўры: з так званых насечак нараджаўся ўзорысты фон, што складае важную рысу знешняга аблічча і змест абразоў беларускай школы.

Барочны абраз, што датуецца стагоддзем пазней — святая Параскева, — належыць да ліку жыційных. Вывучаючы яго змест, разумееш: быў большы і, хутчэй за ўсё, не ўлазіў у іканастас, таму часткова абрэзаны. Фон, як узорысты дыван, пакрывае ўсю ікону. Адзін з абразоў, які знаходзіцца ў пацярпелым стане, — «Каранаванне Багародзіцы». У некаторых падобных выпадках рэстаўратары пакідаюць пашкоджаныя месцы, бо любое ўмяшальніцтва ў гістарычны артэфакт цягне за сабой стварэнне нечага новага. Для навукоўцаў жа, дый проста аматараў вывучэння даўніны, важна мець гістарычны помнік ва ўсёй яго складанасці. 

— Абразы — як людзі: нараджаюцца, жывуць, фарміруюцца, спасцігаюць пэўныя непрыемнасці свету, у тым ліку стаўленне да сябе і... часта гінуць ці захоўваюцца ў кепскім стане. А потым мы іх ратуем, — дзяліўся Барыс Лазука. — На іконах застаюцца адбіткі ўсяго часу... 

З калекцыі народных строяў.

Так, калі мянялася канфесійная сітуацыя і прыярытэты, скасоўвалі ўніяцтва, маёмасць уніяцкіх цэркваў аддавалі каталікам альбо праваслаўным. З некаторымі выявамі, асабліва скульптурамі ўкрыжавання, узнікалі пэўныя складанасці. Істотная розніца: у каталікоў гэтая Хрыстова пакута адлюстравана з трыма цвікамі, а ў праваслаўных — з чатырма. 

— Бывала, даходзіла да анекдатычных сітуацый, калі новым гаспадарам даводзілася распілоўваць скульптуры... Дый пры рэстаўрацыі абразоў часам высвятляюцца розныя планы ў адпаведнасці з новай канфесіяй, — распавядаў Б. Лазука.

Гісторыя — як скарбонка... Чаго ў ёй толькі няма: веліч і трагедыі, узлёты і падзенні... Нельга вярнуцца ў мінулае і сёе-тое паправіць, але, як сказаў класік, трэба яго памятаць, каб наноў не перажываць калісьці пройдзеныя драмы... З верай, надзеяй, любоўю зберагаць тое, што было створана — чалавекам для чалавека: з верай, надзеяй, любоўю... 

Яна БУДОВІЧ 

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».