Вы тут

Радаўніца: Як правільна паводзіць у гэты дзень? Якія абрады выконвалі нашы продкі?


Хутка памінальны дзень — Радаўніца. Як правільна сябе паводзіць у гэты дзень? Якія абрады выконвалі на Радаўніцу нашы продкі?


Пахавальна-памінальныя абрады стваралі цэласную сістэму і мелі строгую ўпарадкаванасць і паслядоўнасць. Пасля смерці чалавека абавязкова адзначалі пэўныя рытуальныя дні: траціны, дзевяціны, саракавіны, угодкі. Пасля года найбольш значнымі вехамі людской памяці станавіліся Радаўніца і восеньскія Дзяды.

Раніцай на Радаўніцу гаспадыня, як звычайна, завіхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям'я пачынала збірацца на могілкі. Усе адзяваліся ў святочнае адзенне, бралі з сабой ільняны абрус, велікодныя яйкі, бліны, каўбасу, сала, свянцоную соль, складвалі ўсё гэта ў хусцінку і адпраўляліся ў царкву на абедню. Прыгатаванні праходзілі ў абстаноўцы пакою і ўрачыстасці, што перапаўняла цішыню ўрачыстасці, з пачуццём годнасці, павагі адно да аднаго і да свайго роду. Пасля набажэнства ў храме, паніхіды па нябожчыках усе разыходзіліся да «сваіх» магіл.

Часцей за ўсё магілы прыбіралі напярэдадні — у так званую Жывую Радаўніцу (панядзелак на другім тыдні пасля Вялікадня) або за некалькі дзён. Іх абкладвалі новым дзёрнам, пасыпалі свежым жоўтым пяском, папраўлялі крыж, на які звычайна павязвалі белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялічкі белы фартушок — калі жанчына, прымацоўвалі белы вянок — калі дзяўчына. Яшчэ раз нагадваем адзін з найважнейшых пастулатаў народнай педагогікі: капаць зямлю да Радаўніцы было нельга, бо на гэта продкі яшчэ не далі згоды. Спачатку прывядзіце да ладу магілы памерлых родных і толькі потым бярыцеся ладзіць справу ў сваёй гаспадарцы.

Калі магілы сваякоў былі ў розных месцах, то іх прыбірала па некалькі чалавек, а потым усе збіраліся каля адной чыёй-небудзь магілы і распачыналі памінальную трызну.

Але перш чым жывыя пачнуць абрадавую трапезу, трэба было на кожную магілу пакласці рытуальнае ахвяраванне. Каля кожнага крыжа ці помніка ставілі сем (!) рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налівалі гарэлку і якую закрывалі-перакрывалі лустай хлеба, адно (!) чырвонае велікоднае яйка (толькі не свянцонае), шматок сала ці дамашняй каўбасы, адно (!) дамашняе пячэнне, адну (!) цукерку, кветкі. Менавіта няпарную колькасць, таму што ў памінальнай абраднасці, якая характарызуецца «разрывам», «раз'яднаннем», вызначальным сімвалам з'яўляецца няцотнасць. Вяселле, наадварот, сімвалізавала стварэнне пары. Як парадаксальна гучыць сучасная традыцыя хадзіць на могілкі з парнай (!) колькасцю жывых (!) кветак!

Абавязковым быў абрад «хрыстосавання з мёртвымі». Дзеля гэтага гаспадыня брала велікоднае яйка і качала яго крыж-накрыж па насыпе. Затым падрыхтоўвалі «памінальны» стол (столік і невялічкія лаўкі побач з магілай памерлага нагадваюць мадэль хатняга застолля): «левым» бокам рассцілаўся абрус, на яго ставілася куцця з запаленай свечкай і ўсе астатнія стравы, кожнай з якіх трэба было патрошкі адкласці ў сподак нябожчыку.

Пасля гэтага па добрай славянскай традыцыі па крузе пускалі памінальную чарку з пітвом. Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя гэта была медавуха, спецыяльна зробленыя для велікодных святкаванняў піва ці квас, пазней гарэлка. У чарку налівалася пітво і перадавалася самаму старэйшаму сярод прысутных. Трэцюю частку пітва той спачатку адліваў на магілу (зноў-такі: перш чым сабе — продкам), сярэднюю (таксама трэцюю частку) выпіваў сам, апошнюю частку — «слязу» — абавязкова пакідаў на дне. Затым чару-чарку напаўнялі пітвом і перадавалі наступнаму па ўзросце родзічу (ад старэйшых да маладзейшых, але толькі жанатых людзей!). І гэты чалавек дакладна паўтараў асноўны прынцып згаданага этыкетнага правіла. Так чарка-чара хадзіла па крузе тройчы. Калі ж за трэцім разам яна даходзіла да апошняга, каму можна было прыгубіць рытуальны напой, то тое, што заставалася на дне, — так званыя «слёзы» — зноў-такі вылівалася на магілу. Што стаяла за «слязой», пакінутай кожным на дне чары? Род збіраўся каля магіл тых, хто пайшоў у «той» свет, «разарваўшы» (у сімвалічным плане) эстафету жыцця. Хаджэнне чары па крузе з «пераходнай слязой» было скіравана на тое, каб аднавіць, замкнуць, паяднаць галіны радаводнага дрэва.

У эстафету родавай памяці абавязкова ўключаўся і яшчэ адзін атрыбут — асвечанае ў храме яйка. Рытуальная трапеза распачыналася тым, што адно свянцонае яйка дзялілася на столькі кавалачкаў, колькі чалавек сабралася вакол магілы, і кожны з прысутных браў сваю долю.

Вось ён — фундаментальны прынцып славянскай культуры, які пастаянна падмацоўваецца нязгаснай традыцыяй: працаваць, дык гуртам, талакой, святкаваць — родам-карагодам, спяваць — хорам, дзяліць бяду — між усімі. Фактычна на ўсіх сямейна-родавых святах беларусаў прысутнічала галоўная абрадавая страва, якая дзялілася паміж усімі прысутнымі і з'яўлялася сімвалам родава-абшчыннага адзінства. На радзінах дзялілі «бабіну кашу», на вяселлі — каравай, на пахаванні — куццю, на памінках — чару «з гаротнай слязой».

На могілках сядзелі доўга, але больш не выпівалі. Добрым словам успаміналі памерлых родных, расказвалі цікавыя гісторыі з іх жыцця, запрашалі прысесці за жалобны «стол» блізкіх, знаёмых, суседзяў.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Прэв'ю: politeka.net

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».