Вы тут

Няпросты шлях «Жалейкі» Янкі Купалы да чытача


У дачыненні да ступені фактаграфічнай вывучанасці літаратурнай класікі існуе меркаванне, што пра гэта, маўляў, ужо «ўсё напісана». Такое стаўленне, адразу адзначым, зманлівае. Бяромся гэта праілюстраваць на прыкладзе дэбютнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка». Найперш з пункту гледжання выдавецка-паліграфічнага выканання, якое апрыёры навідавоку і, здавалася б, скрупулёзна даследавана.


«Жалейка» Янкі Купалы (звычайнае выданне). Пецярбург, 1908 г. З фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Дапамога навігатараў

Купалазнаўства належыць да ліку найбольш распрацаваных галін айчыннай гуманітарыстыкі. Поўны збор твораў, трохтомная энцыклапедыя, а таксама іншыя выданні служаць навігатарамі ў жыццяпісе і творчасці класіка. Аб’ёмнасць матэрыялу стварае глебу для больш дэталёвай распрацоўкі асобных тэм і эпізодаў нацыянальнай гісторыі.

Зборнік «Жалейка» выдадзены ў пецярбургскай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца», як пазначана ў энцыклапедыі «Янка Купала» (2017, т. 1), не пазней за 11 (24 — па новым стылі) сакавіка 1908 года. Выхад кнігі першапачаткова задумваўся ў Мінску. Апекаваўся гэтай справай Уладзімір Самойла. Задума была ажыццёўлена ў Паўночнай сталіцы Браніславам Эпімахам-Шыпілам. Рэдактар не толькі выпусціў кнігу ў свет, але і падкарэкціраваў імя паэта, які да гэтага падпісваўся Януком, а цяпер стаў Янкам. Мадыфікаваны імянны подпіс не адразу быў успрыняты грамадскасцю, ды і самім аўтарам — віноўнікам дэбютнай урачыстасці.

Падзею азмрочыла ўзбуджэнне Пецярбургскім камітэтам па справах друку працэсу супраць выдаўцоў. На зборнік быў накладзены арышт, зняты ў лістападзе 1908-га. І хоць сам Купала пазней пісаў, што вырашэнню праблемы дапамагла «пратэкцыя», у савецкія часы гэтая акалічнасць дазваляла разглядаць «Жалейку» ў кантэксце Першай рускай рэвалюцыі, пад’ёму сацыяльнага і нацыянальнага руху ў пачатку ХХ стагоддзя.

Не маглі парадаваць і друкарскія хібы. Іх пералік заняў у зборніку чатыры з паловай старонкі. Раздзел «Абмылкі» пачынаецца сказам, у якім нашу ўвагу прыцягнула моўная канструкцыя, вылучаная ў цытаце курсівам: «Просім выбачыць, што праз недагляд верш “Шавец” знайшоўся тут надрукаваным два разы: на стр. 40 і 118…»

Па вокладцы сустракаюць

У зводным каталогу «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986) адзначаецца, што мінскае кнігавыдавецтва «Минчук» «меркавала выдаць “Жалейку” яшчэ ў 1907 годзе». З прычыны адсутнасці фінансавых сродкаў рукапіс зборніка быў перададзены ў Пецярбург.

Спецыялізаванае выданне, падрыхтаванае Дзяржаўнай бібліятэкай БССР, закранула пытанне ўдакладнення месяца выхаду зборніка. Насуперак існуючаму датаванню (лета 1908-га) выказаны аргумент на карысць вясны: аб’ява ў № 8 «Нашай Нівы» ад 11 сакавіка за той жа год. Суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» паведамляла аб выданні і продажы, сярод іншых кніг, «Жалейкі» Янука Купалы. Гэтая ж газета паведаміла 4 ліпеня аб продажы ў сваёй віленскай канторы дзвюх новых беларускіх кніжак. Такімі названы (захоўваем шрыфтавое афармленне арыгінала): «Жалейка — Янука Купалы (цана на простым паперы 50 кап., а на лепшым — 80 кап.) і 2) Smyk — M. Buraczka (цана 20 кап. і дарагое выданне — 35 кап.)».

Але адно з першых паведамленняў пра выхад Купалавага зборніка знаходзім у «Нашай Ніве» яшчэ ад 24 лістапада 1906 (!) года. На апошняй старонцы газеты змешчаны аб’явы пра друкаваную прадукцыю суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». Апошнімі ў рубрыцы «Хутка выйдуць» названы «Гутаркі аб небе і зямлі» і «Жалейка» Янука Купалы. Звернем увагу, гаворка ідзе выключна пра пецярбургскае выдавецтва, а не мінскае.

Тытульная старонка палепшанага выдання «Жалейкі» з дарчым аўтографам Б. Эпімаха-Шыпілы Л. Шах-Параніянцу. З фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Верш-пасланне «Беларускай выдавецкай суполцы “Загляне сонца і ў наша аконца”», датаваны 1906 годам, мяркуем, у сувязі з такой інфармацыяй можа сведчыць на карысць аўтарскага спадзявання на супрацоўніцтва з Пецярбургам.

Зводны каталог інфармуе аб накладзе кнігі — 4300 экзэмпляраў. Пры гэтым адзначае: «Цікавы і той факт, што купалаўскі зборнік быў выдадзены дарагім і звычайным выданнем». На варыянтнасці выдання варта спыніцца асобна, паколькі напрошваецца адразу некалькі пытанняў, першае з якіх: сума ў 4300 адлюстроўвае ўвесь сумарны тыраж?

Адносна «дваякасці» кніг знаходзім інфармацыю ў адным з рэкламных тэкстаў пецярбургскай суполкі на старонках «НН» ад 2 снежня 1906 года: «Таннае выданне на добрым белым паперы ў вокладцы»; «Дарагое на пекным чэрпаным паперы, у пекнай з беларускім узорам вокладцы».

Вокладкі двух варыянтаў «Жалейкі» адрозніваюцца кардынальна. Па сутнасці, гэта дзве мадэлі ідэйна-эстэтычнай рэпрэзентацыі беларускага шляху. У каталогу «Кніга Беларусі. 1517—1917» называецца мастак Якубоўскі (без указання імя або ініцыялаў). Няма пра гэтага творцу артыкула і ў энцыклапедыі «Янка Купала». Узнікае заканамернае пытанне: зборнікі афармляў адзін і той жа мастак?

Дзякуючы факсімільнаму выданню 1982 года ў агульнай чытацкай свядомасці зафіксаваўся больш танны, этнаграфічны варыянт зборніка — з выявай музыкі на фоне далёкіх краявідаў. Пры яго ўзнаўленні была зроблена супервокладка светла-зялёнага колеру. З тэксту, змешчанага на ёй, працытуем адзін сказ: «Калі гэтая сціплая з выгляду кніжачка вясною 1908 года выйшла ў свет… стала больш і святла, і праўды, і красы на зямлі нашай роднай».

У сілавым полі агульнай справы

Асобнік палепшанага выдання «Жалейкі», які зберагаецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прыцягвае ў арбіту беларускага культурнага жыцця ў Санкт-Пецярбургу пачатку ХХ стагоддзя новае імя. Уверсе тытульнай старонкі зборніка змешчаны дарчы інскрыпт:

Спбрг. 19.14/VI 20.

Многоуважаемому Леону Михайловичу Шах-Паранианцу на добрую память от Бр. Эпимаха-Шипилло. Старшины Белорусской «Суполкі».

Гаворка ідзе пра выкладчыка рускай мовы і славеснасці, бібліятэкара. У Паўночнай сталіцы яму належалі выдавецтва і кніжны склад. Асноўныя кнігі Л. Шах-Параніянца выйшлі ў Санкт-Пецярбургу і Кранштаце на мяжы ХІХ—ХХ стст. Зборнік вершаў «Уражанні жыцця», вытрыманы ў духу Сярэбранага веку, некалькі літаратуразнаўчых прац: «Крытык-самабытнік Апалон Аляксандравіч Грыгор’еў», «Эстэтычныя погляды М. В. Гогаля».

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюцца кніжныя выданнні, якія сведчаць аб добрым знаёмстве двух пецярбуржцаў. На брашуры «Граф Л. М. Талстой як ваенны пісьменнік па яго “Севастопальскіх апавяданнях”» (1915) стаіць экслібрыспячатка Б. Эпімаха-Шыпілы. На тытульнай старонцы зборніка Янкі Купалы «Гусляр» (Пецярбург, 1910) змешчаны дарчы надпіс:

Многоуважаемому Леону Михайловичу Шах-Паранианцу от Бр. Игн. ЭпимахаШипилло. Спбрг. 1915/VII.20-го.

Адзін з беларускіх адрасоў у Санкт-Пецярбугу пачатку ХХ стагодддзя засведчаны на тытульнай старонцы «Жалейкі»: друкарня К. Пянткоўскага, вул. Вялікая Пад’ячаская, 22. Менавіта тут быў выдадзены наступны Купалаў зборнік — «Гусляр» (1910), пабачылі свет іншыя беларускія кнігі.

«Жалейка» Янкі Купалы (палепшанае выданне). Пецярбург, 1908 г. З фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

З пяснярскай еднасцю

Адным з першых павіншаваў аўтара Жалейкі Алесь Гарун на старонках газеты «Наша Ніва». Паколькі гэты твор з ліку т. зв. прынагодных, то ён, як правіла, не ўзгадваецца ў вершавай практыцы аўтара «Матчынага дара». Купала замацоўваў у беларускай паэзіі музычна-спеўную стыхію, арыентаваную на фальклорную традыцыю. Аўтарскі эпіграф таксама гэта сведчыць:

Грай, мая жалейка,

Пей, як салавейка!

Апявай нядолю,

Апявай няволю,

І грымні свабодна,

Што жыве край родны.

Экслібрыс-пячатка Б. Эпімаха-Шыпілы на кнізе Л. Шах-Параніянца «Граф Л. М. Талстой як ваенны пісьменнік…» (1915). З фондаў Нацыяльнай бібліятэкі Беларусі.

Алесь Гарун спрыяў умацаванню сямейна-карпаратыўнага духу сярод творцаў пачатку ХХ стагоддзя:

Януку Купалу

Хоць прастая і малая

«Жалейка» твая,

Але надта пекна грае,

Як паслухаў я.

Грае звонка, стаіць ёмка

За свой родны край;

Серад бедаў і пацёмкаў

Будзіць, так і знай,

Каб ачнулісь, страпянулісь,

Кожны стаў брат, друг, —

Абярнулісь, аглянулісь

На сябе вакруг.

Сваё мора бяды, гора,

Крыві, поту, слёз

Каб звёў кожны дружна, скора

С паніжэння ўскрос.

Так спявае, так іграе

«Жалейка» твая...

Табе дзякуй скажа ўсякі

Дык скажу і я!

Не прымусілі сябе чакаць і крытычная водгукі. Аўтарам гэтых радкоў сабраны ўсе рэцэнзіі на кнігу народнага паэта, частка з іх пабачыла свет у рарытэтных перыядычных выданнях, адсутных сёння ў вядучых беларускіх бібліятэках і архівах. Гэтым тэкстам будуць прысвечаны наступныя публікацыі на старонках «ЛіМа».

Выказваем шчырую ўдзячнасць Надзеі Саевіч, галоўнаму захавальніку фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, за кансультацыі і дапамогу пры падрыхтоўцы гэтага артыкула.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Здароўе

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Як папярэдзіць харчовыя атручэнні.

Культура

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

 Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю.

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.