Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» назіралі за раскопкамі у Дзяржынскім раёне


Унікальнае падраздзяленне Міністэрства абароны, аналагаў якому няма ў свеце, — 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён — распачаў свой 28-ы пошукавы сезон. Толькі за апошнія пяць гадоў ваеннаслужачыя батальёна адпрацавалі больш чым 500 аб'ектаў, дзе былі знойдзены астанкі амаль 14 тысяч чалавек. Усе яны перапахаваны з воінскімі ўшанаваннямі, устаноўлены 680 імён тых, хто да нядаўняга часу лічыўся зніклым без вестак.


З пачаткам красавіка пошукавікі адначасова працуюць на некалькіх аб'ектах у розных рэгіёнах Беларусі. Работы шмат як ніколі: акрамя месцаў пахаванняў чырвонаармейцаў, якія штогод уносяцца ў план абароннага
ведамства, вядуцца раскопкі і на месцах масавага знішчэння мірнага насельніцтва, выяўленых Генеральнай пракуратурай у сувязі з узбуджанай год таму крымінальнай справай аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час.

Каб максімальна адпрацаваць усе 96 запланаваныя на гэты сезон аб'екты, у батальён быў дадаткова набраны яшчэ адзін пошукавы ўзвод. Пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў Генпракуратуры ў межах крымінальнай справы раскопкі будуць праводзіцца на 27 пошукавых аб'ектах. Паралельна ваеннаслужачыя 52-га батальёна працягваюць весці палявыя пошукавыя работы ў межах дзяржаўнай праграмы па ўвекавечванні памяці аб загінулых пры абароне Айчыны. На адным з аб'ектаў — у Дзяржынскім раёне — пабывалі і карэспандэнты «Звязды».

Два баі — дзве тысячы загінулых

Члены пошукавай групы «Бацькаўшчына», якія на працягу 30 гадоў займаюцца выяўленнем зніклых без вестак ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, знайшлі неабазначаныя пахаванні яшчэ мінулай восенню. Паколькі пошукавы сезон завяршаўся, раскопкі адклалі да вясны.

— Баявыя дзеянні тут праводзіліся ў два этапы: з 28 чэрвеня да 3 ліпеня, а таксама 11 ліпеня 1941 года, — уводзіць у курс справы начальнік штаба пошукавай групы «Бацькаўшчына» Андрэй СУДАКОЎ. — Падчас першага з-пад Беластока з акружэння выходзілі рэшткі нашых войскаў, у прыватнасці 21-га стралковага корпуса. Паводле апісання тых падзей немцамі, чырвонаармейцы ішлі хаатычна з розных кірункаў. Вораг займаў пануючыя вышыні. Каб не трапіць у поле зроку праціўніка, нашы канцэнтраваліся ў лясным масіве. Немцы стралялі з гармат, мінамётаў. Шмат савецкіх калон было разбіта.

Паводле дакументаў, 11 ліпеня тут знаходзіліся байцы 247-га стралковага палка 37-й стралковай дывізіі. «Гэта было баявое падраздзяленне пад кіраўніцтвам палкоўніка Дзям'яна Сакалова, — расказвае Андрэй Судакоў. — Па ўспамінах немцаў, нашы вайскоўцы дастаткова ўмела арганізавалі абарону. Для нямецкага падраздзялення, якое тут ваявала, гэта ўвогуле быў першы бой. Доўжыўся ён да самага вечара. Чырвонаармейцы, якія змагаліся з пяхотнай дывізіяй ворага, узброенай артылерыйскімі гарматамі, былі заблакіраваны ў лесе і знішчаны. Па нямецкіх даных, у той дзень у гэтых мясцінах загінула каля 560 чалавек. Амаль 70 чалавек трапіла ў палон. Калі яшчэ ўлічыць баі, якія адбыліся тут некалькімі днямі раней, на гэтым участку мясцовасці,
па папярэдніх звестках, палягло каля дзвюх тысяч нашых байцоў».

Выявіць астанкі ўсіх загінулых — задача непасільная. За гэты час мясцовасць моцна змянілася, на некаторых участках вырас лес. За два дні работы 52-га пошукавага батальёна Міністэрства абароны ў розных месцах знайшлі астанкі чатырох вайскоўцаў Чырвонай Арміі. Усе яны будуць перапахаваны з воінскімі ўрачыстасцямі там, дзе вырашыць мясцовая ўлада. Увогуле, пачынаючы з 2007 года, у лесе, а таксама на тэрыторыі, якая да яго прылягае, былі знойдзены астанкі каля 40 чалавек.

— Адшукаць пахаванне чырвонаармейца нам дапамагаюць рэчы, якія яму належалі, — заўважае начальнік штаба пошукавай групы «Бацькаўшчына». — Сам факт знаходжання каскі — гэта ўжо 50 працэнтаў таго, што побач павінен быць і гаспадар.

Галоўнае ў пошуку — знайсці медальён

Менавіта дзякуючы касцы, дакладней, таму, што ад яе засталося, у адным месцы знайшлі астанкі адразу двух байцоў. Медальёны, якія знаходзіліся пры іх, на жаль, імёны ўстанавіць не дапамаглі: па версіі спецыялістаў, гэтыя чорныя капсулы, у якія ўкладваецца інфармацыя аб вайскоўцу, былі разбітыя аскепкамі: укладышы поўнасцю спарахнелі. Безыменным аказаўся і трэці салдат — пры ім увогуле нічога, акрамя гузіка, пражкі і маленькіх чырвоных скураных кавалачкаў (па версіі спецыялістаў, астанкаў ад партыйнага білета), нічога не знайшлі. Праўда, пошукавікі паднялі з зямлі дзве вінтоўкі — Мосіна і Токарава. Байцы адстрэльваліся: аб гэтым сведчаць напалову пустыя магазіны. Адна з вінтовак, хутчэй за ўсё, належала іншаму вайскоўцу — па меркаванні экспертаў, ён трапіў у палон.

Пры чацвёртым вайскоўцу, паднятым пошукавікамі, знайшлі запаветны медальён. Прычым не пусты, як гэта нярэдка бывае: многія чырвонаармейцы наўмысна іх не запаўнялі, бо верылі, што іначай загінуць.

— Медальён сведчыць, што мы выявілі астанкі Васіля Дзмітрыевіча Рачынскага, 1917 года нараджэння, прызванага ў Чырвоную Армію з Молакаўскага раёна Калінінскай вобласці, — адзначае археолаг 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Вадзім ТАМІЛІН. — Баец служыў у 168-м стралковым палку 24-й стралковай дывізіі. Падраздзяленне было акружана ў раёне Налібоцкай пушчы. Вайскоўцы выходзілі з акружэння, многія загінулі, у тым ліку салдат Рачынскі. Гэты баец цікавы тым, што з чырвонаармейскай кніжкі былі вырваны пятая і шостая старонкі, якія мы пры ім адшукалі: на іх пазначана назва падраздзялення, дзе ён служыў, нават чытаецца подпіс камандзіра, што дубліруецца на медальёне.

Археолаг заўважае, што і медальён, і адпаведныя старонкі з чырвонаармейскай кніжкі запоўнены алоўкам, што забяспечыла добрую захаванасць дакумента. Сапраўды, асабістыя даныя загінулага выдатна чытаюцца нават без спецыяльнага абсталявання. «Чаго не скажаш у дачыненні да ўкладышаў, запоўненых чарніламі, якія размываюцца, аднак сучасныя сканавальныя сродкі дазваляюць выяўляць тое, што раней здавалася нечытаным, — удакладняе Вадзім Тамілін. — У выніку міфы аб тым, што большасць медальёнаў не запаўнялася, знікаюць. Сканаванне на першы погляд чыстых укладышаў паказвае, што яны ўсё ж такі запаўняліся, але чарніламі».

Сярод астанкаў, якія належалі вайскоўцу Рачынскаму, быў знойдзены рэчмяшок, дакладней, тое, што ад яго засталося. Сярод кавалкаў тканіны, бязлітасна пашкоджанай часам, быў знойдзены панталер для пераноскі сцяга. Па версіі пошукавікаў, гэты чалавек з'яўляўся сцяганосцам. Спадзяваліся адшукаць і сцяг — гэта была б не проста рэдкая ўдача, а падзея касмічных маштабаў. Не атрымалася. Праўда, ужо той факт, што ўстанавілі хоць адно імя, сведчыць аб тым, што работа зроблена недарэмна, — на аднаго зніклага без вестак стала менш.

Усе спадарожныя знаходкі будуць перададзены мясцоваму ваенкамату.
У выніку найбольш цікавыя рэчы стануць музейнымі экспанатамі. Заняць месца ў экспазіцыі ёсць усе шанцы і ў савецкага чырвонца, а таксама іншых купюр, знойдзеных у скрыначцы ад процівагаза. Не выключана, што грошы належалі ўстаноўленаму салдату.

Маральны абавязак

За сваю 30-гадовую гісторыю члены пошукавай групы «Бацькаўшчына» знайшлі астанкі каля трох тысяч чалавек. За гэты час удалося ўстанавіць нямала імёнаў. Вайскоўцы 52-га батальёна прызнаюцца, што падобныя аб'яднанні, калі яны ажыццяўляюць сваю работу так, як патрабуе гэтага заканадаўства, ім вельмі дапамагаюць у пошукавай дзейнасці.

У свой час «Бацькаўшчына» была створана са студэнтаў Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі. Сабраліся аднадумцы, прыцягнулі школьнікаў. Узначаліў пошукавую групу студэнт першага курса Аляксандр Дударонак. Цікавасць да тэмы вайны ў яго з'явілася ў арміі. «Служыў пад Казельскам, на месцы баёў 1942 года, — расказвае пошукавік. — Нас рэгулярна выводзілі на вучэнні ў лес: ідзём, а там то бот тырчыць з зямлі, то косці чалавечыя, то чэрап зверху ляжыць. Такія глухія мясціны былі: напэўна, як скончылася вайна, так нага чалавека туды і не ступала».

Першае, што ён зрабіў, калі вярнуўся з войска, — паехаў у родныя мясціны. «У мяне дзед у 1941 годзе на сваім хутары ў Слонімскім раёне пахаваў 39 салдат, — расказвае Аляксандр Дударонак. — Нашы прарываліся з акружэння, на хутары адпачывалі тылавыя нямецкія часці. Быў бой. Савецкія салдаты загінулі, немцы далі каманду іх пахаваць. Дзед расказваў, што выкапалі яму пяць на шэсць метраў і паклалі адзін каля аднаго. Мая прабабуля хадзіла з чайнікам — змывала ім пыл з твараў. Паглядзелі дакументы — сярод загінулых было шмат татараў і калмыкаў. Калі ў мяне з'явілася жаданне знайсці гэтых салдат і перапахаваць, дзед ужо памёр, а бабуля, баючыся асуджэння аднавяскоўцаў, магілу мне не паказала. З таго часу колькі ўжо байцоў у акрузе знайшлі, а на пахаванне 39 вайскоўцаў трапіць ніяк не атрымліваецца».

Пошукавікі ганарацца тым, што не проста знаходзяць палеглых байцоў, устанаўліваюць іх імёны, але і аднаўляюць гісторыю. Яны валодаюць унікальным архіўным матэрыялам, у тым ліку данясеннямі нямецкіх часцей, вялікім масівам фотадакументаў і нямецкай відэахронікі. «Нельга, каб забітыя людзі былі раскіданыя па палях і лясах, — перакананы кіраўнік пошукавай групы «Бацькаўшчына» Аляксандр ДУДАРОНАК. — Іх шукаюць: мне пастаянна прыходзяць запыты на вышук тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нікому не магу адмовіць — трэба дапамагчы гэтым салдатам вярнуцца дахаты з фронту».

У нашай краіне нямала аб'яднанняў, якія займаюцца пошукавай дзейнасцю. Усе яны, як правіла, адзін аднаго ведаюць — пошукавікі часта працуюць ва ўзаемадзеянні. Прычым не толькі ўнутры краіны, але і па-за яе межамі. У гэтых раскопках у Дзяржынскім раёне, у прыватнасці, удзельнічала і пошукавік з Расійскай Федэрацыі.

Як расказала кіраўнік службы вышуку сем'яў савецкіх ваеннаслужачых, якія загінулі і зніклі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, «Пошукавага руху Расіі» Аксана МУХА, у сярэднім за год яны знаходзяць каля 50—60 сваякоў. Цяпер у вышуку — 400 салдат, сваякоў якіх спрабуюць знайсці. «Калі ты пачынаеш вывучаць біяграфію салдата, разумееш, наколькі ўсе сем'і пацярпелі ад гэтай вайны, — адзначае Аксана Муха. — Гісторыі вельмі асабістыя. Адзін, сыходзячы на фронт, сказаў: «Беражы мае фарбы, мама, я вярнуся». Або калі сын знік без вестак, маці нікому не аддавала яго паліто і казала: «А раптам сын вернецца з вайны і яму не будзе чаго насіць». Наша жыццё цудоўнае ў параўнанні з тым, што яны перажылі, калі ў цябе сыходзяць тры сыны на фронт і ні адзін не вяртаецца».

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Дзяржынскі раён

Загаловак у газеце: Кожны салдат павінен вярнуцца з фронту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».