Вы тут

Ваеннаслужачыя тэрміновай службы атрымалі ўзнагароды і падарункі


Такога высокага прызнання з боку вышэйшага ваеннага кіраўніцтва атрымалі 60 салдат і сяржантаў з розных вайсковых часцей і падраздзяленняў Узброеных Сіл Беларусі. Побач з імі ў такі адказны дзень былі самыя дарагія людзі — матулі, якім уручылі падзячныя лісты.


Міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін выказаў удзячнасць усім бацькам, чые сыны служаць у арміі, акцэнтаваўшы ўвагу, што яны выхавалі патрыётаў нашай краіны. «Заўсёды прыемна казаць людзям словы падзякі, — заўважыў кіраўнік абароннага ведамства. — Гэта стала добрай традыцыяй ва Узброеных Сілах. Ваеннаслужачых, якія дабіліся добрых вынікаў, ушаноўвае не толькі міністр абароны. Такія мерапрыемствы праходзяць на ўзроўні ўсіх камандаванняў, злучэнняў, вайсковых часцей, дзе ўсім хлопцам, якія годна заканчваюць воінскую службу, кажуць словы падзякі».

Па словах міністра абароны, больш чым 6,5 тысячы маладых людзей заканчвае служыць і пачне звальняцца ў маі. «Адна з галоўных мэт сённяшняй урачыстасці — падкрэсліць, што мы хочам міру, стабільнасці і спакою ў нашай краіне, — удакладніў Віктар Хрэнін. — Нашы воіны сыходзяць «на грамадзянку», прайшоўшы ўнікальную армейскую школу, атрымаўшы добры жыццёвы вопыт і спазнаўшы сапраўднае мужчынскае сяброўства. Паўтара года таму яны прыходзілі зусім іншыя. Цяпер гэта памужнелыя хлопцы, якія засвоілі самую што ні ёсць мужчынскую прафесію, на справе даказаўшы сабе, сваім родным і блізкім, што яны — сапраўдныя абаронцы Радзімы».

Каб раздзяліць радасць з сынам, з Гродна прыехала Тамара Агеенка. Віталь заканчвае службу ў 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе. «Хачу падзякаваць нашай беларускай арміі, якая выхавала годных абаронцаў Айчыны, — адзначыла маці вайскоўца. — Ганаруся сваім сынам, я за ім як за каменнай сцяной. За час службы мой сын памужнеў, стаў сур'ёзным, прыгожым, моцным маладым мужчынам. Хачу сказаць юнакам, якія збіраюцца служыць: не бойцеся цяжкасцяў! Бацькі будуць ганарыцца вамі так, як і я сёння ганаруся сваім сынам».

Як прызналася маці ваеннаслужачага 19-й асобнай механізаванай брыгады Антона Альнёва, калі яна даведалася, што яе сын — сярод найлепшых, было прыемна і хвалююча. «За час службы мой сын стаў дарослым, памужнеў, — заўважыла Тамара Альнёва. — Раней ён быў нароўні са мной, цяпер — на дзве галавы вышэйшы. Ганаруся ім. Па першым часе, калі Антон пайшоў у армію, я перажывала (выхоўвала яго адна), але сын тэлефанаваў, расказваў пра службу, і я супакоілася. Была і ў вайсковай часці, куды мяне запрашалі на Дзень маці. Не трэба баяцца адпускаць дзяцей у армію, там усё добра!».

Па словах камандзіра мотастралковага аддзялення Ільі Маскалёва, служба ў арміі прайшла хутка і цікава. «На мне сёння сяржанцкія пагоны, — пахваліўся салдат тэрміновай службы. — Увесь гэты час я добрасумленна выконваў свае абавязкі, адстойваў інтарэсы батальёна на рэспубліканскім узроўні. Для юнакоў, якія будуць прызывацца на тэрміновую ваенную службу, галоўнае — жаданне. У арміі бяспечна, і служба пройдзе паспяхова».

Як прызналася маці Ільі, яна спіць спакойна, бо ўпэўнена, што сын у бяспецы. «Ведаю, што адбываецца ў часці: камандзіры і афіцэры, якія непасрэдна працуюць з нашымі дзецьмі, дасылаюць фотаздымкі і расказваюць аб службе, — заўважыла Алена Маскалёва. — У мяне з першага дня, як мой сын трапіў у армію, быў нумар тэлефона камандзіра, з якім я ў любы момант магла звязацца, калі б мяне нешта хвалявала».

Кожны з ваеннаслужачых, адзначаных на мерапрыемстве, атрымаў з рук міністра абароны мерч Першага «Вы красавцы!». Асаблівым падарункам для гасцей урачыстасці стала экскурсія ў Палац Незалежнасці.

Вераніка КАНЮТА

Фота «Ваяр»

Загаловак у газеце: Матчын гонар

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».