Вы тут

«Свята свят»: гісторыя назвы


Вялікдзень, Вяліканне, Вялічка, Вельканоц, Пасха — так па-рознаму называлі адно з найважнейшых гадавых свят у розных кутках Беларусі. Напярэдадні Вялікадня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшоў адмысловы канцэрт-лекцыя Патрыцыі Свіцінай. Патрыцыя — фалькларыст, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыялізацыі «Этнафоназнаўства».


Падчас імпрэзы госці даведаліся шмат цікавага пра традыцыі святкавання яшчэ з дахрысціянскіх часоў. 

— Першапачаткова гэта было вялікае свята веснавога раўнадзенства, якое распачынала палявыя работы і разам з імі новы земляробчы год, — адзначыла Патрыцыя на пачатку лекцыі. — З надыходам хрысціянства да Вялікадня было прымеркавана галоўнае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне Хрыстова. Разам з гэтай падзеяй велікодная абраднасць займела пэўныя змены, адпаведна, у ёй злучыліся язычніцкі і хрысціянскі светапогляды. Належыць свята да рухомых, прыпадае на адрэзак часу з 4 красавіка да 8 мая — на нядзелю пасля поўні за днём веснавога раўнадзенства, 21 сакавіка.

Падрыхтоўка пачыналася яшчэ з вербнай нядзелі. Захаваліся на нашых землях і свае ўнікальныя традыцыі, напрыклад, выраб гродзенскіх велікодных вербаў (дэкарыраванне вербных галінак).

Напярэдадні Вялікадня беларусы старанна рыхтаваліся да свята: прыбіралі двор і хату, мыліся ў лазні, трымалі строгі пост. У суботу ў чырвоным куце вешалі на абразы свежыя набожнікі, а на вокны — чыстыя фіранкі. Гатавалі святочныя стравы, сярод якіх павінны былі быць каўбасы, смажанае мяса і іншая тлустая смакацень, і, вядома, фарбавалі яйкі. Будучы сімвалам Вялікадня як хрысціянскай традыцыі, чырвоныя яйкі нібыта нагадваюць аб тым, што наша новае жыццё здабыта праз кроў распятага Ісуса. А з пункту гледжання язычніцкага, у яйках адлюстраваны рысы старажытнага міфалагічнага ўяўлення аб узнікненні Свету, жыцця.

Яйкі фарбаваліся ў адвары шалупіння цыбулі для атрымання чырвонага колеру, у валошкавым адвары — жоўтага, у адвары сена ці амялы, каб атрымаць зялёны. Нацыянальнай беларускай традыцыі характэрны таксама яйкі-маляванкі і яйкі-пісанкі. Традыцыя роспісу велікодных яек у пасёлку Сапоцкін занесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Была магчымасць распісаць святочнае яйка з пап’е-машэ і ў гасцей музея: пры дапамозе адмысловых трафарэтаў кожны мог намаляваць птушачку, кветку ці арнамент.

На першы дзень Вялікадня, у нядзелю, на тэрыторыі Беларусі была пашырана традыцыя валачобнага абыходу двароў. Гэты абрад вядомы пераважна на Падняпроўі і Панямонні, Цэнтральнай Беларусі і Падзвінні.

Назва абраду паходзіць ад дзеяслова «валачыць», «валачыцца» ў значэнні ісці, брысці, хістацца. Валачобны абыход выконваў тую ж ролю, што і калядоўшчыкаў: паяднаць род і вясковую абшчыну, пажадаць дабрабыту, плёну ў працы, прыплоду ў статку, шчаслівае долі, фізічнай моцы і здароўя.

Першапачаткова гурт складаўся толькі з мужчын адной узроставай катэгорыі, у больш позні час з’явіліся і змешаныя. Валачобнікі пачыналі абыход надвячоркам, не мінаючы ніводнага двара. У народзе лічылася, што іх прыход спрыяў багатаму ўраджаю, дабрабыту ў сям’і.

Удзельнікі гурта падзяляліся абавязкова на некалькі роляў. Галоўным быў пачынальнік, а астатнія — «падхватнічкамі» і спявалі толькі рэфрэны песень. Амаль паўсюдна ў гурце прысутнічалі музыкі (скрыпка, дуда, бубен), а адзін ці двое з удзельнікаў насілі атрыманыя дары.

У велікодных песнях ёсць дакладна акрэсленая структура: зачын і рэфрэн. Мелодыя рэфрэну заўсёды аднолькавая, а зачын можа вар’іравацца па жаданні пачынальніка.

Рэфрэнаў існавала вялікая колькасць, больш старажытныя з іх, напрыклад: «вясна-красна на ўвесь свет!», «жаркае сонца ў аконца», «зялёны явар, зялёны», «зялён явар, дуброва». Пазней з’явіліся рэфрэны, якія адпавядаюць хрысціянскаму светапогляду «Хрыстос васкрос, сын Божы». Велікодныя песні падзяляюцца ў залежнасці ад таго, каму прысвячаюцца віншаванні: гаспадару і гаспадыні, дзяўчыне, хлопцу, бабцы. Усё гэта яны пачулі падчас выступлення Патрыцыі.

Пасля гэтага цікавага расповеду гасцей імпрэзы чакаў спеўны майстар-клас. Разам з Патрыцыяй Свіцінай гледачы літаральна за некалькі хвілін развучылі і заспявалі велікодныя песні, стаўшы сапраўднымі «падхватнічкамі». Музейную залу напоўнілі гукі дуды і бубна — гурт «Зарачанка». Шчодра адарыўшы гаспадароў і гасцей зычэннямі дабрабыту і радасці, валачобнікі атрымалі святочныя дары, а ўсе ўдзельнікі імпрэзы — выдатны настрой.

Валянціна КАРОТКІНА

Фота Алены СЯМАШКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.