Вы тут

У музеі Янкі Купалы адкрылася новая выстава


У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя новага выставачнага праекта «За шчасця лепшага вясну...», прымеркаванага да Дня Перамогі і прысвечанага жыццю і творчасці Янкі Купалы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Куратар выставы — вядучы навуковы супрацоўнік музея Галіна Варонава, якая спецыялізуецца на жыцці і творчасці паэта ў перыяд 1930—1940-х гадоў.


Аб адметнасцях выставы «Звяздзе» распавяла супрацоўніца музея Марыля Барткова:

— Пад праект «За шчасця лепшага вясну...» падабраны шэраг цудам ацалелых памятак з 1941 да 1943 года. Можна ўбачыць сведчанні творчай дзейнасці народнага паэта Беларусі ў апошнія гады жыцця: рукапісы вершаў і публіцыстыку першых месяцаў вайны. Самыя каштоўныя рэчы ў экспазіцыі — тыя, якімі Янка Купала карыстаўся падчас эвакуацыі. Фотаздымкі і лісты распавядаюць пра доўгі шлях: паэту давялося праехаць Маскву, Чабаксары — да пасёлка Пячышчы, што ў Татарстане...

У выставачным праекце прадстаўлены ўнікальныя меморыі, напрыклад, гадзіннік фірмы «Звязда», які належаў пляменніцы Купалы Ніне Раманоўскай, ваеннаму хірургу. Яна зберагла падарунак дзядзькі, атрыманы з нагоды заканчэння Беларускага медыцынскага інстытута.

Прэзентацыя выставы «За шчасця лепшага вясну» адбываецца ў межах праекта музея «Купала. 12 адкрыццяў», які прысвечаны 140-годдзю Песняра і ажыццяўляецца на працягу юбілейнага года. Супрацоўнікі музея ў розных фарматах прадстаўляюць малавядомыя моманты з жыцця Янкі Купалы, паказваючы вынік працы:

— Кожны распавядае пра свайго Купалу: што найбольш падабаецца ў творчасці, чым захапляе яго асоба, пра новыя звесткі пра паэта, у выяўленні якіх дапамаглі архівы Беларусі. Рэалізоўваецца гэты праект у апошні чацвер кожнага месяца, — адзначыла Марыля Барткова.

На выставе, якая распавядае аб адным з самых трагічных этапаў з жыцця паэта, прадстаўлены і мастацкія работы. Сярод іх — апошні прыжыццёвы партрэт Янкі Купалы, створаны графікам Ісакам Давідовічам у 1941 годзе.

Наведвальнікі змогуць прыняць удзел у грамадска-культурнай акцыі «Чытаем Купалу разам», падчас якой прагучаць патрыятычныя вершы Янкі Купалы. Пазнаёміцца з выставай можна да 10 мая.

Арына КАРПОВІЧ, фота: Аркадзь БУЛВА

Загаловак у газеце: Нялёгкі шлях паэта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».