Вы тут

Гомельскіе школьнікі ствараюць фотакопіі знакамітых мастацкіх палотнаў аб ВАВ


Вучні школ Гомельскага раёна ствараюць фотакопіі знакамітых мастацкіх палотнаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Навучэнцы амаль трыццаці ўстаноў адукацыі з усіх куткоў буйнога раёна Гомельшчыны сталі ўдзельнікамі квэст-гульні «Спадчыннікі Перамогі».


Школьнікі прапануюць у Год гістарычнай памяці ўсім ахвотным далучыцца да акцыі. Наогул гэта патрыятычны рух за апошніх гады тры ў Гомельскім раёне стаў вельмі папулярным у дзяцей. Арганізатар акцыі — цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна — штогод кардынальна абнаўляе змест квэст-гульні. Яе ўдзельнікі толькі ў апошні момант ведаюць пра заданні і ўключаюцца ў выкананне. 

— Гульня праходзіць у чатыры этапы. У кожным заданні дзецям трэба задзейнічаць і інтэлект, і кемлівасць, і фізічныя дадзеныя, — тлумачыць дырэктар цэнтра Таццяна Каржова. — Адзін з этапаў — «Віртуальная дошка», прайшоў ў анлайн-рэжыме.

Дзеці ўважліва разглядалі вядомыя карціны Андрэя Горскага, Аляксандра Лакціёнава і Мікалая Буты, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і зрабілі свой фотаварыянт па матывах мастацкіх палотнаў, а потым — калаж для параўнання.

— Нашы дзеці заданне ацанілі як вельмі сучаснае і моднае, — падкрэслівае педагог-арганізатар Прыбарскага дзіцячага саду-сярэдняй школы Руслана Урганава. — Захацелі стварыць уласную версію ўсіх трох прапанаваных карцін. Адразу сталі абмяркоўваць, хто чыю ролю будзе выконваць і дзе ўзяць рэчы, каб усё выглядала максімальна дакладна.

Да пошуку далучыліся бацькі школьнікаў. Шынель знайшлі на дачы ў аднаго, боты ўзялі ў дзядулі другога. У кабінеце ваенна-патрыятычнага выхавання і ў шэфаў з вайсковай часці знайшлі гімнасцёркі і рэчмяшкі.

На думку Русланы Урганавай, важна, што ўсё пагрузіліся ў гісторыю ўласных сем’яў, перажывалі эмоцыі, якія, верагодна, адчувалі героі на карцінах. 

— Прынамсі, дзеці самі шукалі лакацыі, у якіх падзеі маглі б выглядаць найбольш падобнымі на арыгінал з карціны. Напрыклад, на адной з іх — босая дзяўчына. Я спытала нашу выканаўцу: што, Юля, рызыкнеш разуцца? Дзеля ролі дзяўчынка пагадзілася адразу.

Адзін з этапаў квэст-гульні прапанаваў школьнікам адказаць на пытанні віктарыны «Па старонках гісторыі». У патрыятычную гульню актыўна ўключыліся выкладчыкі гісторыкі і краязнаўцы, якія яны склалі пытанні для вучняў:

— Традыцыйна першыя чатыры этапы квэст-гульні праводзяцца завочна — у фармаце «Энкаўтэра», а ў фінале каманды, якія набралі найбольшую колькасць балаў, сустракаюцца на выязных спаборніцтвах, арганізаваных па прынцыпе любімай старэйшымі пакаленнямі гульні «Зарніца», — адзначыла дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна Таццяна Каржова.

Фінал квэст-гульні «Спадчыннікі Перамогі» пройдзе вочна, на тэрыторыі аздараўленчага лагера «Сожскі бераг». Пераможцаў вызначаць па выніку спаборніцтваў у медыцынскай падрыхтоўцы, стральбе, зборцы зброі. Дарэчы, пераможцамі ўжо сёння прызнаныя ўсе школьнікі, хто далучыўся да ўдзелу ў патрыятычнай акцыі.

— Мы спадзяёмся, што ў будучыні да нашай квэст-гульні далучацца школьнікі з розных абласцей Беларусі, а таксама Расіі, іншых краін блізкага замежжа. Хочам, каб дзеці больш даведваліся пра слаўныя старонкі гісторыі, подзвігі пакалення Пераможцаў, — падкрэсліла Таццяна Каржова.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».