Вы тут

У аснове — пераемнасць


Летапіс Беларускай дзяржаўнай філармоніі багаты на падзеі, цэлыя эпохі знайшлі адлюстраванне на яго старонках. На 85-гадовую гісторыю прыйшліся і пажары вайны, і пасляваеннае аднаўленне, і зараджэнне айчыннай кампазітарскай школы, і росквіт беларускай эстрады… Юрый Гільдзюк, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі з 39-гадовым стажам, распавёў, чым жыве калектыў установы сёння.


— Юрый Мікалаевіч, якія думкі займаюць мастацкага кіраўніка Беларускай дзяржаўнай філармоніі апошнім часам?

— Думкі заўсёды скіраваны на будучыню. Я мару аб вяртанні фестываляў, аб тых багатых канцэртах, якія традыцыйна ладзіліся на сцэне беларускай філармоніі. Мару аб наладжванні і ўмацаванні сувязей з нашымі слухачамі, аматарамі акадэмічнай і народнай музыкі розных жанраў з усёй Беларусі. Зрэшты, аднымі марамі не абмяжоўваемся. Цяпер, напрыклад, актыўна рыхтуецца «Мінская вясна», прысвечаная 85-годдзю ўстановы. Сімвалічным адкрыццём стане прэм’ера сімфанічнага канцэрта. Мерапрыемства пройдзе блізка да Дня перамогі, таму мы разам з Аляксандрам Анісімавым, дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, выбралі для выканання «Ленінградскую» сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча. Асноўная ж увага — калектывам. Варта адзначыць, што ў нас працуюць каштоўныя, вельмі яскравыя таленты. Адзін з такіх спецыялістаў — вядомая беларуская арганістка Кацярына Нікалаева — запрошана на пасаду аператара нашага галоўнага інструмента. Лаўрэатка многіх міжнародных конкурсаў, яна была выпеставана прафесарам Ігарам Алоўнікавым і арганістам Уладзімірам Неўдахам. Мы давяраем ёй распараджацца нашым скарбам.

— Якія прынцыпы пакладзены ў аснову цяперашняй рэпертуарнай палітыкі?

— Базу філарманічнага рэпертуару традыцыйна складаюць класічныя творы: як сусветная спадчына, так і работы айчынных кампазітараў. Вялікі акцэнт робіцца на гісторыі беларускай музыкі — ад Напалеона Орды і Полацкага сшытка да сённяшняга дня. Акрамя таго, па-ранейшаму падтрымліваем супрацоўніцтва з Беларускім саюзам кампазітараў, Беларускім саюзам музычных дзеячаў, з рознымі навучальнымі ўстановамі. У афішы знойдзецца месца і джазавым выступленням, і эстрадным канцэртам, і сінтэтычным праграмам. Адметнай з’явай можна лічыць адраджэнне харавога руху на Беларусі ў апошнія гады… Не забываемся і пра юбілейныя даты. Сёлета, напрыклад, мінула 130 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы, а ў канцы 2021-га адзначалі стагоддзе Віктара Роўды. Мы звяртаем увагу на такія падзеі. Словам, канцэртная палітра філармоніі вельмі разнастайная, кожны слухач можа выбраць тое, што яму даспадобы.

— У наступным годзе будзе 40 гадоў, як вы займаеце пасаду мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі. Натуральна, за гэты час шмат што змянілася, але, пэўна ж, ёсць у філармоніі і нешта пастаяннае?

— Галоўны і першасны прынцып для нас на працягу ўсёй гісторыі — прынцып пераемнасці пакаленняў. Даўнія партнёрскія стасункі звязваюць нас з музычнымі каледжамі, з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтва. Паспяхова дзейнічае сістэма абанементаў для навучэнцаў профільных устаноў адукацыі. Маладыя людзі могуць паўдзельнічаць у конкурсах, якія ладзяцца на базе іх альма-матар, і рэальна прэтэндаваць на месца ў вядучых творчых калектывах. Другі надзвычай важны момант — мы здолелі захаваць усе 14 нашых калектываў (ад народных і харавых да камерных ансамбляў). Кожны з іх мае сваё асаблівае прызначэнне, свае творчыя задачы. Пачынаючы з Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь і заканчваючы ансамблямі «Камерата» і «Свята», мастацкімі кіраўнікамі заўсёды становяцца буйныя творцы. Дзякуючы гэтакім талентам, мы карыстаемся аўтарытэтам не толькі ў сваёй краіне, але і далёка за яе межамі.

— Якой бачыце ўстанову яшчэ праз пяць гадоў?

— Філармонія павінна далей квітнець, развівацца, пашырацца! Думаю, неўзабаве будзем абмяркоўваць павелічэнне колькасці нашых залаў. Наспявае пытанне і аб арганізацыі новай вялікай залы з больш дасканалай акустыкай і складанымі трансформамі сцэны. Хаця мы вельмі любім наш будынак, нашу залу, яна ўжо маленькая для Беларусі. Трэба думаць аб лепшай аўдыторыі і аб будычыні беларускай музычнай культуры.

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?