Вы тут

Як на прыкладах асабістай мужнасці і гонару выхоўваецца новае пакаленне


«Год гістарычнай памяці ўвайшоў у жыццё нашай гімназіі вельмі арганічна, бо грамадзянска-патрыятычнай работай мы займаемся штодня шмат гадоў запар, літаральна з першых дзён адкрыцця нашай установы адукацыі», — кажа дырэктар сталічнай гімназіі № 43 Марыя Кавалеўская.


Дырэктар гімназіі Марыя КАВАЛЕЎСКАЯ.

Унікальныя магчымасці

— У 2010 годзе сярэдняя школа № 2 стала першай установай агульнай сярэдняй адукацыі ў сталічным мікрараёне-новабудоўлі «Каменная Горка» і нашай задачай было заняць дзяцей зусім новага мікрараёна чымсьці насамрэч важным і карысным, аб'яднаць іх агульнымі інтарэсамі. Праз пяць гадоў мы атрымалі статус гімназіі (адзінаццатыя ў Фрунзенскім раёне і апошнія — у Мінску). Сёння ў нас навучаюцца 1852 дзіцяці, гэта шмат, нагрузка сур'ёзная, — канстатуе Марыя Кавалеўская. — Прыярытэтным напрамкам работы мы абралі грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Ужо ў верасні 2010 года ў нас была створана піянерская дружына, арганізаваны піянерскія атрады. Дарэчы, у кабінеце грамадскіх арганізацый сёння сабрана цікавая экспазіцыя «Піянерыя — у маёй сям'і». Усе экспанаты сюды перадалі сем'і нашых навучэнцаў. Бацькі ахвотна адгукнуліся на нашу прапанову і падзяліліся савецкай школьнай формай, сваімі школьнымі дзённікамі, піянерскай атрыбутыкай…

У снежні 2012 года на базе гімназіі адкрыўся Міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі Фрунзенскага раёна. Яго ўзначальвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аляксандр ІВАНОЎ.

Кіраўнік Міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Фрунзенскага раёна , намеснік дырэктара гімназіі  па выхаваўчай рабоце Аляксандр ІВАНОЎ.

— Акрамя нашых старшакласнікаў, навучанне ў цэнтры па прадметах «Дапрызыўная падрыхтоўка» і «Медыцынская падрыхтоўка» праходзяць яшчэ 819 навучэнцаў з 17 устаноў адукацыі Фрунзенскага раёна, — расказвае Аляксандр Валер'евіч. — Заняткі ў цэнтры праводзяцца ў групах: асобна для хлопцаў і дзяўчат. Пасля заканчэння дзясятага класа хлопцаў чакаюць палявыя зборы.

Дарэчы, некалькі дзяўчат выказалі жаданне асвойваць разам з хлопцамі менавіта дапрызыўную, а не медыцынскую падрыхтоўку. Гэты іх выбар тлумачыцца жаданнем працягнуць навучанне ў ВНУ так званых сілавых ведамстваў. А педагогі цэнтра забяспечылі іх максімальна поўнай інфармацыяй, дзе яны гэта могуць зрабіць, бо, акрамя Ваеннай акадэміі і Акадэміі МУС, ёсць яшчэ і Інстытут пагранічнай службы, і ВНУ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, і ваенныя факультэты ў грамадзянскіх ВНУ.

Сапраўдным гонарам цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі з'яўляецца суперсучасны цір, дзе можна пастраляць і з лазернай, і з пнеўматычнай зброі. Ён настолькі добра аснашчаны, што неаднаразова станавіўся месцам правядзення гарадскіх спаборніцтваў самага рознага ўзроўню.

— Адкрыццё Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі стварыла шыкоўныя магчымасці для падрыхтоўкі нашых навучэнцаў да ўдзелу ў ваенна-патрыятычных гульнях «Зарнічка», «Зарніца» і «Арляня», — расказвае дырэктар гімназіі. — На працягу апошніх шасці гадоў нашы выхаванцы станавіліся пераможцамі раённага, гарадскога і рэспубліканскага этапу «Зарніцы» ў Брэсце. Яны традыцыйна займаюць прызавыя месцы, таму што вельмі добра падрыхтаваныя. Пачыналі мы з «Зарніцы», потым пайшлі ў гульню «Арляня», разлічаную на навучэнцаў 10-11-х класаў, і ў «Зарнічку» — для малодшых школьнікаў. Гэта ўзроставая пераемнасць ад адной гульні да іншай дазваляе нам ахапіць вялікую колькасць дзяцей цікавым заняткам. Іх трэба выхоўваць на перамогах, і ў нас гэта атрымліваецца.

Заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы вядзе Сяргей ПАЛЯКОЎ.

Крок за крокам

Яшчэ адзін прадмет гонару 43-й сталічнай гімназіі — парадна-цырыманіяльны атрад (своеасаблівая падлеткавая «рота ганаровай варты»), без выступлення якога не абыходзіцца ні адно ўрачыстае мерапрыемства ва ўстанове адукацыі. Ён неаднойчы перамагаў на гарадскіх конкурсах.

— Зараз у яго ўваходзіць каля 30 навучэнцаў. Калі раней мы бралі дзяцей ва ўзросце ад 12 гадоў і больш старэйшых, то цяпер у нас займаюцца і дзесяцігадовыя. Яны трэніруюцца, каб потым заняць месцы тых, хто пакіне атрад, — расказвае намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Таццяна СІЎЦОВА. — У яго складзе ёсць сцягавая група, група ўскладання, група барабаншчыкаў, але ўсе ўдзельнікі ўзаемазамяняльныя. Кожны можа ўрачыста ўскласці вянок, іграць на барабанах ці ўдзельнічаць у плац-канцэрце. Гэта сур'ёзная калектыўная праца. Тут мае значэнне ўсё: і рэжысура нумароў, і харэаграфія, і страявая зладжанасць, сінхроннасць рухаў, складанасць элементаў, майстэрства барабаншчыкаў. Каб дабіцца той відовішчнасці, якую яны дэманструюць, навучэнцы трэніруюцца амаль штодня па дзве гадзіны. З імі працуюць два нашы педагогі-арганізатары, якія засвоілі новую для іх справу літаральна з нуля. Нам не трэба ўгаворваць дзяцей прыйсці ў атрад — заўсёды ёсць ахвотныя заняць месца таго, хто сышоў. Канешне, у адзінаццацікласнікаў застаецца менш часу на трэніроўкі, таму і з'яўляюцца «вакансіі».

— На ўсіх урачыстых мерапрыемствах тон задаюць барабаншчыцы парадна-цырыманіяльнага атрада, — дадае Марыя Кавалеўская. — Іх з'яўлення ўсе заўсёды чакаюць. Нас запрашаюць і на гарадскія мерапрыемствы, на дзень нараджэння Фрунзенскага раёна, запрасілі нават на фестываль аркестраў, які праходзіў на Трактарным заводзе... Увогуле, мы заўважылі, што, як толькі робім адзін крок, тут жа адкрываюцца магчымасці для наступнага: адкрылі цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, уліліся ў ваенна-патрыятычныя гульні, стварылі парадна-цырыманіяльны атрад, а далей пачалі працаваць па адкрыцці ў гімназіі музеяў.

Профілі ў школьных музеяў бываюць розныя, мы ж вырашылі спыніцца на грамадзянска-патрыятычным, каб выхоўваць дзяцей на гераічным мінулым. У лютым 2014 года, да 25-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, у нас урачыста адкрыўся Музей гонару і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сёння ім кіруе настаўнік гісторыі гімназіі Наталля Шарамецьева.

Дарогамі Афганістана

XX стагоддзе пакінула чалавецтву жорсткую памяць. Дзве сусветныя вайны, шэраг лакальных, шматлікія «гарачыя кропкі»... Нашы суайчыннікі выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Алжыры, Анголе, Афганістане, Бангладэш, Венгрыі, В'етнаме, Егіпце, Емене, Кітаі, Лаосе, Ліване, Мазамбіку, Паўночнай Карэі, Сірыі, Эфіопіі. Таму ў музеі ёсць карта свету, на якой пазначаны «гарачыя кропкі», дзе ваявалі ўраджэнцы Беларусі.

Дарогамі Афганістана прайшлі 28 832 грамадзяніны Беларусі. У ліку загінулых — 771 наш зямляк. Многія вярнуліся дадому інвалідамі. 12 чалавек зніклі без вестак.

— Экспазіцыя музея тэматычна падзелена на некалькі зон, — праводзіць для нас экскурсію Наталля Шарамецьева. — Гэта гісторыя Афганістана да ўводу савецкіх войскаў, першы этап вайны (снежань 1979 года — люты 1980-га), штурм палаца Аміна, увод абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў на тэрыторыю Афганістана; другі этап (да красавіка 1985 года), ажыццяўленне шырокамаштабных баявых аперацый; трэці этап (да снежня 1986 года) і гэтак далей. У раздзеле «Журботнае рэха Афганістана» размешчаны матэрыялы пра мінчан, якія загінулі падчас баявых дзеянняў у гэтай краіне.

Наш музей унікальны тым, што тут знаходзяцца толькі асабістыя рэчы, якія былі перададзены музею або самімі ўдзельнікамі афганскай вайны, або сваякамі воінаў, якія загінулі. Вольга Карасёва, напрыклад, прыехала у Мінск з Віцебска, каб перадаць у музей асабістыя рэчы і фотаальбом свайго бацькі. Прызналася, што захоўваць іх дома — вельмі балюча. Давер, які яна нам аказала, для нас вельмі важны. А адна вітрына ў музеі знаходзіцца цалкам пад патранатам Алены Фёдараўны Коблікавай. Яна прысвечана яе сыну — стралку парашутна-дэсантнай роты вайсковай часці 35919.

14 красавіка 1985 года падраздзяленне дэсантнікаў трапіла ў акружэнне. Кола сціскалася, і выйсце заставалася толькі адно — прайсці праз міннае поле. Наперадзе ішоў гвардыі радавы Мікалай Коблікаў. Амаль дайшлі, калі раздаўся выбух. За мужнасць і гераізм ён быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Жыццё Мікалая, які загінуў у 19 гадоў, лягло ў аснову кнігі Мікалая Чаргінца «Сыны». Пахаваны Мікалай Коблікаў на Паўночных могілках у Мінску. Яго маці не аддала асабістыя рэчы сына ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а перадала іх у музей 43-й гімназіі. Перыядычна яна яго наведвае і карэктуе экспазіцыю, прысвечаную сыну.

Педагогі гімназіі ўпэўнены, што менавіта на такіх прыкладах асабістай мужнасці і гонару і трэба выхоўваць новае пакаленне. Асабістыя гісторыі вельмі кранаюць сучасных падлеткаў. Дарэчы, яны і самі з задавальненнем выступаюць у ролі экскурсаводаў і праводзяць экскурсіі на беларускай, рускай, англійскай і нямецкай мовах.

Занятак для душы

— Калі мы зрабілі першы музей і паглядзелі, як гістарычны матэрыял працуе на выхаванне, то зразумелі, якая ж гэта спрыяльная глеба, — канстатуе Марыя Кавалеўская, — і пачалі збіраць матэрыял для новага музея «Аб подзвігу вялікім і вечным», якое было прымеркаванае да 70-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго апякуе настаўніца матэматыкі Таццяна БУЛДАВА.

Экспазіцыя музея ўключае элементы ваеннага абмундзіравання і экіпіроўкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, узоры зброі, салдацкі палявы кацялок, узнагароды, перададзеныя школе ў дар ветэранамі Фрунзенскага раёна, імітацыю вечнага агню. Большая частка экспанатаў была сабрана навучэнцамі школы — членамі атрада «Пошук». На стэндах — інфармацыя аб асноўных этапах і пераломных момантах вайны. Асноўная ўвага — падзеям і баявым дзеянням на беларускай зямлі. А самы цікавы аб'ект у музеі — макет танка Т-34 узору 1940 года, які быў створаны «Студыяй 25». Ёсць нават асобная тэма экскурсіі, прысвечаная гэтаму ўзору ваеннай тэхнікі: яе праводзіць васьмікласнік гімназіі, які вельмі глыбока паглыбіўся ў адпаведную тэматыку.

— У кожнага настаўніка, акрамя ўрокаў павінен быць занятак для душы, — кажа дырэктар нашай гімназіі. Для мяне гэта музей і пошукавы атрад, касцяк якога складаюць мае васьмікласнікі, у якіх я з'яўляюся класным кіраўніком, — канстатуе Таццяна Булдава. — Настаўнікі гімназіі, якія родам не з Мінска, часта запрашаюць нас на сваю малую радзіму. Мы вандруем па месцах баявой славы і па месцах трагічных падзей ваенных часоў на беларускай зямлі. На вясенніх канікулах ездзілі ў Застарынне, што ў Баранавіцкім раёне. Гэта вёска — малодшая сястра Хатыні. Уначы 2 мая 1943 года партызаны атрада імя Аляксандра Суворава арганізавалі святочны збор яе жыхароў, прысвечаны 1 мая. Пра гэта стала вядома гітлераўцам. Раніцай у вёску ўварваліся карнікі. Яны зганялі ў дамы па 15—20 чалавек, расстрэльвалі іх з аўтаматаў, а дамы падпальвалі. Было спалена 96 двароў і забіта 382 жыхары. Таксама мы наведалі Колдычава ў Баранавіцкім раёне, дзе ў гады вайны дзейнічаў лагер смерці. А калі позна ўвечары вярнуліся дадому, то мае дзеці не пабеглі адпачываць, а палезлі ў інтэрнэт, каб знайсці больш інфармацыі пра ўбачанае. І вось у такой сітуацыі ты разумееш, што і час, і сілы аддадзены недарэмна.

А сёння ў гімназіі вядзецца збор экспанатаў ужо для трэцяга музея, які будзе прысвечаны гісторыі камсамола.

— Гэта для нас з вамі камсамол — наша маладосць, а для сучасных дзяцей — далёкая гісторыя, — усміхаецца дырэктар гімназіі. — Мяркуем, што і гэтая старонка з мінулага будзе для іх цікавая.

Таксама навучэнцы 43-й гімназіі далучыліся да праекта па стварэнні віртуальнай гісторыі лагера ваеннапалонных «Шталаг 352» у Масюкоўшчыне. Геаграфічна гімназія знаходзіцца недалёка ад месца, дзе ён размяшчаўся. Праект рэалізоўваецца пры падтрымцы Фонду «Памяць, адказнасць і будучыня». Цяпер і гімназісты будуць уносіць свой уклад у аднаўленне лёсаў вязняў канцлагера...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Ад «Зарнічкі» да «Арляняці»...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.