Вы тут

Гісторык Аляксей Сапуноў даў назву Барысавым камяням


У свой час імя Аляксея Сапунова (1851–1924) было добра вядома на Беларусі. Яго ведалі, як выдатнага гісторыка, руплівага збіральніка гістарычных звестак аб мінулым Віцебшчыны. Грунтоўныя зборнікі Сапунова «Віцебская старына» па багацці прадстаўленага матэрыялу набылі агульнанацыянальнае значэнне. А яго кнігі, хоць цяпер і бібліяграфічная рэдкасць, але не страцілі сваёй гістарычнай каштоўнасці і проста цікавасці. Як дэпутат Дзяржаўнай думы, Сапуноў не вызначаўся ні актыўнай дзейнасцю, ні радыкалізмам, ні ініцыятывамі, ён прытрымліваўся кансерватыўнага лібералізма, гэткага здаровага сэнсу. Менавіта дэпутацтва ў царскай думе асудзіла Сапунова на доўгія гады забыцця ў савецкую эпоху. Яго, сялянскага сына, які зрабіў сам сябе і выбіўся ў вялікія людзі, успрымалі як рэакцыянера. Словам, пра Сапунова асабліва не нагадвалі. Толькі вось засталіся яго кнігі, якімі карысталіся гісторыкі, і былі ўдзячныя аўтару за падзвіжніцкую працу.


Шлях Аляксея Сапунова да сваіх вяршынь даволі тыповы для тагачасных бедных прадстаўнікоў нізоў. Ён нарадзіўся 15 (27) сакавіка 1851 года ў мястэчку Усвяты Віцебскай губерні ў сям’і купца 3-й гільдыі Парфена Сапунова, былога селяніна. Аляксей не пайшоў па бацькоўскіх слядах. Пасля заканчэння ў 1869 годзе гімназіі ў Віцебску ён паступае на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбугскага ўніверсітэта. Сапуноў мог застацца ва ўніверсітэце, як хацеў гэтага яго выкладчык, вядомы славіст Уладзімір Ламанскі. Аднак з-за хваробы вачэй Аляксей пакінуў сталіцу і стаў настаўнікам лацінскай, старажытнагрэчаскай і рускай моваў у сваёй роднай гімназіі. Так Сапуноў асеў у Віцебску. Гэта як раз той выпадак, калі няма худа без дабра. Віцебск, і ўвогуле, уся Беларусь атрымалі працавітага і ўдумлівага гісторыка. А калі ўлічыць інтэлектуальную беднасць тагачаснага беларускага грамадства, катастрафічны недахоп тых жа гісторыкаў, дык неўзабаве зорка Сапунова асвятліла не толькі віцебскі небасхіл, але яе святло сягнула па ўсёй Беларусі. Настаўніцкай працы Аляксей Сапуноў прысвяціў аж 22 гады, атрымаўшы за «отличную усердную службу» шэраг ордэнаў і падняўшыся да высокага чына сапраўднага стацкага саветніка. Што ні кажы, але карֹ’ера добрая! Толькі вось сэрца Сапунова належала любімай музе Кліо.

Так здарылася, што адзін з настаўнікаў прынёс у гімназію старажытны дакумент. Ніхто з калегаў нічога пра яго не ведаў. Па-сутнасці, у роднай гісторыі яны былі невукамі. Вось што выклікала крыўду і сорам — няведанне мінулага свайго краю. «Па гісторыі мы дасканала ведалі ўсіх Людовікаў, усіх Генрыхаў, усіх Карлаў — лысых, тоўстых, прыгожых, але нам нічога не было вядома не толькі пра Беларусь, а наогул славян. Мне вельмі захацелася пазнаць гісторыю роднага краю» — узгадваў Сапуноў.

Але ўзнікла праблема — у правінцыйным Віцебску не было патрэбнай літаратуры і дакументаў. Таму падчас вакацый Сапуноў працаваў у бібліятэках і архівах Пецярбурга, Масквы, Вільні. Трэба было не толькі знайсці патрэбныя дакументы і звесткі, але і перапісаць іх. Праца манатонная і марудная, але Сапуноў разумеў яе патрэбнасць, бо, калі не ён, дык хто возьмецца за гэтую цяжкую справу? Ён вызначыў сваё прызначэнне, а маладога запала хапала для ажыццяўлення задумы.

Першае свае даследаванне «Исторические сведения о витебском замке» Сапуноў надрукаваў у 1881 годзе ў «Памятной книжке Витебской губернии». Ён не толькі расказаў пра гісторыю будаўніцтва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў віцебскім князем Альгердам, але на падставе пазнейшых дакументаў склаў план замкаў і дэталёва апісаў іх. Наступнай працай Сапунова стала «Летопись города Витебска». Першыя артыкулы былі спробай сіл. Падтрыманы добрым словам землякоў, Сапуноў узяўся за фундаментальнае выданне «Витебской старины». Ён планаваў выдаць ажно шэсць тамоў, дзе як мага поўна была паказана гісторыя Віцебскага края. Няма чаго казаць, праца сапраўды тытанічная, і на яе можна было патраціць усё жыццё. І тое, што Сапуноў усё ж выдаў тры тамы «Витебской старины» (першы ў 1883 г., чацвёрты ў 1885 г., пяты ў 1888 г.), заслугоўвае пашаны. Кожны том па-свойму каштоўны і ўнікальны. Першы том складалі дакументы па гісторыі Віцебска з 1021 па 1883 год на 690 старонках. Калі першы том насіў «мясцовы» характар, дык чацвёрты том стаў скарбніцай па агульнабеларускай гісторыі. Яго складалі дакументы пра Полацкі паход цара Івана Грознага ў 1563 годзе, барацьбу за Полацк, а таксама дакументы пра вайну Масковіі супраць Рэчы Паспалітай у 1654–1667 гадах. Арыгінальныя дакументы лепш за ўсялякія даследаванні распавядалі пра гэтыя драматычныя падзеі. Пяты том склалі дакументы, прысвечаныя 50-годдзю скасавання ўніі, ці як гэта афіцыйна падавалася, уз’яднанню ўніятаў з праваслаўнай царквой. Том складалі дакументы, узятыя з архіваў Полацкай кансісторыі і Віцебскага губернскага праўлення і друкаваліся ўпершыню. Багаты ілюстрацыйны матэрыял упрыгожваў выданні і рабіў іх маляўнічымі. 

Асноўныя выдаткі на выданне нёс сам Аляксей Сапуноў, што пры яго невялічкім заробку настаўніка выглядала сапраўднай ахвярнасцю. На жаль, чарговыя тамы «Витебской старины» так і не выйшлі. Сапуноў планаваў 2 і 3 тамы прысвяціць гісторыі Полацка і іншых гарадоў і мястэчак губерні, а 6 том увогуле гісторыі Віцебскай губерні. Як гэта часам бывае, ці не хапіла часу, ці іншыя справы і клопаты не далі завяршыць пачатае. Тым не менш, грамадскасць высока ацаніла выхад «Витебской старины». Выданне называлі «каласальным помнікам роднага краю», «цудоўным гістарычным зборнікам». «З’ява сапраўды выдатная ў нашай правінцыяльнай літаратуры, — пісала „Новое время“. — Усе аматары даўніны павінны падзякаваць п. Сапунову за гэтае даследаванне, якое надзвычай шчодра забяспечана ўсім тым, што надае асаблівую каштоўнасць кнігам такога кшталту».

У прынцыпе, калі ўлічыць, што Сапуноў захапіўся даследчыцкай працай, зразумела, што на наступныя тамы «Витебской старины» у яго не даставала часу. У 1883 годзе выйшла яго адмысловая праца «Исторические записки 75-летия витебской гимназии». Сапуноў грунтоўна падышоў да тэмы. Здавалася, прахадная тэма, але яна паслужыла падставай для сур’ёзнага даследавання аб гісторыі віцебскай асветы. Іншая праца Сапунова «Двинские, или Борисовы камни», якая выйшла ў 1890 годзе, прысвечана гэтым адметным помнікам даўніны. Аўтар прыводзіць звесткі аб усіх вядомых Барысавых камянях (прынамсі, гэтую назву даў ён), ад узгаданых храністам Мацеем Стрыйкоўскім, апісаных у 1842 годзе графам Плятарам чатырох камянях, а таксама знішчаных трох камянях. Апісаў Сапуноў і чатыры ацалелых каменя. Можна спрачацца з трактоўкай Сапунова аб прызначэнні Барысавых камянёў, як асвечаных знакаў улады па Дзвінскім гандлёвым шляху полацкіх князёў. Дзякуючы малюнкам Сапунова, мы маем уяўленне аб выглядзе гэтых памятак нашага мінулага.
Лагічным працягам папярэдняй працы стала кніга «Река Западная Двина» (1893 г.). Гэта не толькі геаграфічнае апісанне ракі і яе прытокаў, гарадоў і мястэчак на яе берагах, але апавяданне пра гісторыю, што тварылася на ёй. Як адзначыў рэцэнзент Львоўскі, Сапуноў сабраў «шмат цікавых і нават да нашага часу невядомых звестак аб гэтым прадмесці, умела іх апрацаваў, дадаў да іх удалыя малюнкі і стварыў такім чынам даволі добрае і навучальнае цэлае, за што трэба прынесці яму шчырую падзяку». Асобна стаіць кніга Сапунова «Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии», якая выйшла ў 1896 годзе. На гэты раз увагу гісторык засяродзіў на іншай рэчцы — Віліі, а таксама на гарадах у гэтых паветах: Дзісне, Глыбокім, Друі, Мёрах, Паставах, Вілейцы, Маладзечна, Мядзелі і іншых. Атрымалася яшчэ адно паўнавартаснае даследаванне. Праўда, яно было зроблена ў сааўтарстве з князем Друцкім-Любецкім, які, пэўна, выступіў ініцыятарам і фундатарам выдання.

Між тым жыццё ўносіла карэктывы ў планы Сапунова. У 1897 годзе ён пераехаў у Маскву, каб стаць памочнікам інспектара студэнтаў Маскоўскага ўніверсітэта. Хоць гэта і было павышэнне па службе, але Сапуноў кіраваўся перш за ўсё даследчыцкімі мэтамі, магчымасцю працаваць у маскоўскіх архівах і бібліятэках. І гэтую магчымасць ён добра скарыстаў. За чатыры гады (1897–1901 гг.) Сапуноў надрукаваў дзевяць аб’ёмных прац. Плёнам яго працы сталі агляды архіваў Полацкай духоўнай кансісторыі, Магілёўскай губерніі і Мінска, у якіх апісаны тысячы дакументаў, найбольш цікавыя і значныя надрукаваны цалкам ці часткова. Тым самым Сапуноў захаваў ад знікнення шмат сведчанняў нашага мінулага.

Вярнуўшыся ў 1901 годзе ў Віцебск, Аляксей Сапуноў стаў сакратаром Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. Ён падрыхтаваў шэраг афіцыйных зборнікаў: «Список населенных мест Витебской губернии» (1906 г.), «Землевладение и землевладельцы Витебской губернии па 1903, 1904 и 1905 годы». Па-ранейшаму Сапуноў даследаваў гісторыю роднага краю, засяродзіўшы на гістарычных помніках — гэта і славутая Спаса-Еўфрасіннеўская царква ў Полацку, Дабравешчанская ў Віцебску, руіны замкаў у Дзінабургу, Рэжыцы, Люцыне, храмы-помнікі ў гонар рускіх военачальнікаў Міхельсона і Кульнева, што знайшло адлюстраванне ў кнізе «Памятники времен древних и новейших в Витебской губернии» (1903 г.). Прычыніўся Сапуноў і да стварэння ў Віцебску царкоўна-археалагічнага музея, вучонай архіўнай камісіі. Як бачым, дзейнасць Сапунова была ўсебаковай і прыносіла добры плён.

Вядомасць і павага да Сапунова прычынілася да выбрання яго ў 1907 годзе ў Дзяржаўную Думу. Высокае званне дэпутата і новыя адказныя абавязкі! Праўда, асаблівай дзейнасці Сапуноў не праяўляў, некалькі разоў выступіў па аграрных пытаннях. Красамоўна, што з высокай трыбуны ён абараняў «беларускую народнасць», заявіўшы, што беларусы не толькі праваслаўныя, але і каталікі, якія размаўляюць па-беларуску. «Адносіць да палякаў гэтых беларусаў толькі таму, што яны каталікі, гэта ўжо не што іншае як, дазвольце сказаць, этнаграфічнае рабаўніцтва». Сапуноў перакрочыў праз свой мясцовы патрыятызм і падняўся да агульнабеларускіх інтарэсаў. У публічнай лекцыі «Белоруссия и белорусы», прачытанай 26 верасня 1910 года на пасяджэнні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі ён адзначыў, што «неабходна самавызначаецца і нам, беларусам». Насуперак царскай ідэалогіі ён даводзіў самастойнасць беларусаў, як народа, а не нейкай міфічнай «ветви» рускага народа: «асаблівасці мовы беларускай, іх норавы і звычаі, багатыя народныя літаратура і г. д. пераканаўча даводзяць існаванне асобнага беларускага племя». Паводле Сапунова, беларусы займалі абшырны рэгіён: Гродзенскую, Сувалкаўскую, Ковенскую, Курляндскую, Мінскую, Магілёўскую, Віцебскую, Віленскую, Пскоўскую, Чарнігаўскую, Арлоўскую, Калужскую, Смаленскую і Цвярскую губерні.
Пасля заканчэння дэпутацтва ў 1912 годзе Сапуноў вярнуўся ў Віцебск. З-за абвастрэння хваробы вачэй ён не мог цалкам прысвяціць сабе даследаванням мінулага Віцебшчыны. «Исторический очерк 50-летия Витебского статистического комитета», які пабачыў свет у 1914 годзе, апошняя значная праца Сапунова. Ён яшчэ піша, напрыклад, нарыс «Витебский кафедральный св. Николаевский собор» (1916 г.), але ўжо без былога ўздыму. Ваеннае ліхалецце і рэвалюцыйныя падзеі сталі выпрабаваннем і для Сапунова. Як перакананы манархіст, ён не прыняў рэвалюцыі. Пачаліся мытарствы і барацьба за выжыванне. Пазбаўлены пенсіі, ужо немалады гісторык мусіў працаваць у розных установах, чытаў курс «Старажытнасці Віцебшчыны», «Беларусазнаўства» у Інстытуце народнай адукацыі. Пасля пераводу інстытута ў Мінск Сапуноў пазбавіўся і гэтай крыніцы даходу. Ён апынуўся ў галечы, а больш страшна, што амаль аслеп, не мог хадзіць без павадыра. Сумная старасць заслужанага чалавека.

Віцебская грамадскасць хадатайнічала ў Саўнаркам БССР аб персанальнай пенсіі Сапунову. Рашэнне, прынятае 1 кастрычніка 1924 года, аб пенсіі за «вялікія заслугі ў вывучэнні беларускага краю», спазнілася. Як раз наступным днём «Віцебскі Карамзін», як называлі Аляксея Сапунова, памёр. Ацэньваючы зробленае Сапуновым, вядомы беларускі гісторык Мікола Улашчык адзначыў: «...можна здзіўляцца яго энергіі, бачачы, колькі можа зрабіць чалавек у вольны ад выкладчыцкай працы час». Яго паўтарае віцебскі краязнаўца Мікола Багародскі: «Даводзіцца толькі здзіўляцца, як мог выканаць гэтую тытанічную працу адзін чалавек». Высвятляецца, змог, бо не толькі пазнаў гісторыю роднага краю, але распавёў пра яе людзям, з-за шчырай любасці да сваёй Радзімы!

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.