Вы тут

Тры раёны і 45 прадпрыемстваў занесены на Дошку гонару Гомельшчыны


Ва ўрачыстай цырымоніі ля абласной Дошкі гонару сабраліся прадстаўнікі раёнаў і працоўных калектываў, прызнаных лепшымі ў рэгіёне. Самых высокіх паказчыкаў па выніках 2021 года сярод раёнаў нашай вобласці дасягнулі Мазырскі, Калінкавіцкі і Петрыкаўскі. Сярод прадпрыемстваў і арганізацый, якія сталі лепшымі ў сваіх намінацыях ААТ «Гомсельмаш», ААТ «Гомельскі хімічны завод», ААТ «Гомельшкло». Пераможцамі ў сваіх намінацыях названы філіял «Аўтобусны парк № 6 ААТ «Гомельаблаўтатранс», ААТ «Гомельтранснафта Дружба», Гомельскі філіял РУП электрасувязі «Белтэлекам».


Прадстаўнікоў прызнаных пераможцамі раёнаў і працоўных калектываў прывітаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко:

— Стабільна выдатна спрацаваў Мазырскі раён. На трэць у параўнанні з 2020 годам выраслі прамысловыя аб’ёмы вытворчасці і склалі 12,5 мільярдаў рублёў. Аграрыі дасягнулі самых высокіх паказчыкаў у вобласці ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і на нарыхтоўцы травяных кармоў.

Старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка адзначала, што занясенне на Дошку гонару — гэта вялікая адказнасць. Як вядома, удзельная вага Мазырскага раёна ў выручцы вобласці складае больш за 28%. Сёлета раён ставіць перад сабой задачу давесці гэты паказчык да 30%, падзялілася кіраўнік раёна: 

— Раён увайшоў у лік тэрыторый, у якіх прадугледжана паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. Усе тыя мерапрыемствы, інвестыцыйныя праекты, якія намечаны гэтай праграмай, мы хочам рэалізаваць у значнай ступені ў 2022 годзе. Наш вялікі 57-тысячны калектыў працаўнікоў раёна настроены на добрыя вынікі работы.

Другі раён-пераможца — Калінкавіцкі — старшыня аблвыканкама Іван Крупко ахарактарызаваў, як рэгіён, якія дынамічна развіваецца і ўзмацняе свой вытворчы патэнцыял. Так, амаль 60 % вырабленай прадукцыі з прапіскай у Калінкавіцкім раёне экспартуецца ў 35 краін свету.

Іван Крупко звярнуў увагу і на тое, як летась спрацавала Петрыкаўшчына:

— Індэкс прамысловай вытворчасці ў раёне за год вырас амаль на 8 %, экспарт тавараў — на 73,5 %, заработная плата — больш як на 21 %.

Падчас урачыстага ўшанавання прадпрыемстваў і арганізацый Гомельшчыны старшыня аблвыканкама асаблівыя словы ўдзячнасці адрасаваў усім медработнікам рэгіёну. Увогуле на абласную Дошку гонару занесены пяць медустаноў вобласці.

— Пандэмія прымусіла нас па-іншаму ставіцца да свайго здароўя і шанаваць працу медыкаў. Яны гераічна супрацьстаялі і прадаўжаюць барацьбу з COVID-19. Пры гэтым не забываюцца на спецыялізаваную медыцынскую дапамогу, — падкрэсліў Іван Крупко.

Сведчанні аб занясенні на Дошку гонару вобласці губернатар уручыў таксама прадпрыемствам і арганізацыям — пераможцам у галіне сельскай гаспадаркі, прамысловай вытворчасці, навукова-даследчай дзейнасці. 

Высока ацэненая работа Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Гэта вышэйшая навучальная ўстанова, як звярнуў увагу кіраўнік рэгіёну Іван Крупко, змагла аператыўна перабудавацца і ўнесці важкі ўклад у вывучэнне, прафілактыку і лячэнне каранавіруснай інфекцыі. 

— У адказ на эпідэміялагічную абстаноўку на базе ўніверсітэту адкрыўся дыягнастычны цэнтр з унікальным комплексным падыходам да даследавання стану лёгкіх, а таксама аднавілася падрыхтоўка ўрачоў-гігіеністаў, вірусолагаў і бактэрыёлагаў, — падкрэсліў губернатар.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Ганны ПАШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.