Здавалася б, усё выдатна пачынаецца: знаёмства, заляцанне, флірт, але раптам мужчына без тлумачэння прычын раптоўна знікае на тыдзень, месяц. I аб'яўляецца праз некаторы час. Пры гэтым ён паводзiць сябе так, быццам нічога незвычайнага не адбылося. І так працягваецца ўвесь час – мужчына то з'яўляецца, то знікае. На жаль, гэтая сітуацыя часта сустракаецца. У гэтым выпадку цяжка захаваць спакой і жанчыны губляюцца ў сумневах, не ведаюць, што рабiць і думаць, якія стратэгічныя дзеянні распачаць і як правільна рэагаваць на такое несур'ёзнае стаўленне? Яны прыгадваюць, дзе дапусцілі памылку і што зрабілі не так. Часам у такой сітуацыі можа пачацца сапраўдная паніка. Некаторыя жанчыны так могуць закахацца, што iм становіцца ўсё роўна, як адносiцца мужчына. Але, каб не было балюча потым, варта прыслухацца да свайго розуму. Дык як жа зразумець яго паводзiны i выевiць cапраўдныя намеры, каб не марнаваць свой час?
Адказ просты – калі мужчына паводзіць сябе падобнай выявай, дазваляе сабе знікаць без тлумачэння, ігнараваць, не праяўляць увагу – вы нічога не значыце для яго. На гэтым можна было і скончыць артыкул. Але ўсё ж, калі ў вас засталіся сумневы, мы пастараемся пазбавiць ад іх, расказаўшы пра мужчынскую псіхалогію.
Дык вось, калі мужчына знікае, не піша і не тэлефануе, а потым зноў з'яўляецца, на гэта ёсць тры прычыны:
Вы нязначныя для яго. Жанчынам цяжка прызнаць гэты факт, але вы проста не занадта падабаецеся яму. Калі жанчына сапраўды важная, мужчына не дазволіць сумнявацца ў сабе: патэлефануе, напіша, запросіць на спатканне. Менавіта праз свае ўчынкі хлопец рэгулярна і настойліва пераконвае ў шчырасці сваіх намераў. Вы відавочна адчуеце, што сапраўды цікавыя i неабходныя. Каханы чалавек заўсёды знойдзе хвілінку, каб паклапаціцца аб сваёй паненцы. Але, калі такія жаданні адсутнічаюць, можна шчыра сказаць: ён не мае патрэбы ў вас.
Што азначае насамрэч адно з самых частых мужчынскіх апраўданняў – «Я проста быў занадта заняты»? Вядома, надзвычайная занятасць можа здацца пераканаўчым аргументам, але ў рэчаіснасці за гэтым хаваецца поўная абыякавасць: «Я занадта заняты менавіта для цябе!»
Ён не паважае вас як жанчыну. Дрэнна, калі паміж партнёрамі адсутнічае павага, таму што без гэтай рысы практычна немагчыма пабудаваць здаровыя адносіны, дзе будзе панаваць гармонія і каханне. Магчыма, у мiнулым была сітуацыя, якая да гэтага прывяла. Калі жанчына дазваляе ўзаемадзейнічаць з ёй, парушаючы межы, яе перастаюць паважаць. Можа быць, на падсвядомым узроўні ён зразумеў: «я магу адносiцца так, як мне хочацца, за гэта мне нічога не будзе». Прасцей кажучы, ён не баіцца страціць вас i ваш давер. Так хлопец паказвае, што не нясе адказнасці за вашыя пачуцці, а таксама, што не так ужо і моцна захоплены. Мужчыны заўсёды правяраюць навакольных на дапушчальнае стаўленне, такім чынам яны спрабуюць пашырыць свой уплыў. Хлопцам вельмі важныя правілы ў стасунках. Яны павінны добра ведаць, як можна з вамі размаўляць i паводзiць, і як нельга. Бо ўвесь мужчынскі свет заснаваны на правілах: у спорце, на паляванні, на вайне, у адносінах з іншымі мужчынамі – усюды правiлы. Варта вам усяго толькі адзін раз прамаўчаць, незаўважыць грэблівае стаўленне, вас перастануць паважаць.
Ведайце, жанчына са здаровай самаацэнкай ніколі не дазволіць мужчыну знікаць і зноўку з'яўляцца.
Прычына знікнення – іншая жанчына. Падобнай выявай можа паводзіць сябе і жанаты чалавек, які па нейкіх прычынах не жадае разводзіцца, і тым самым спрабуе кампенсаваць эмацыйны/сексуальны дэфіцыт з дапамогай такіх мінучых закаханасцяў. Таму, калі яго знікненні – гэта рэгулярная схема, магчыма, ён проста не вольны і разглядае вас як запасны аэрадром. У гэтым выпадку, ён наогул не шануе вас і з лёгкасцю развітаецца. Сексуальная цікавасць у дадзенай сітуацыі – у прыярытэце. Важныя не менавіта вы, а непасрэдна магчымасць мець з вамі інтымныя адносіны. Такім чынам, мужчына самасцвярджаецца за кошт жанчыны, счытвае зваротную сувязь і падсілкоўваецца энергіяй. Гэта сведчыць толькі аб тым, што дама яму цікавая выключна для мімалётных сустрэч.
Мужчыны любяць свабоду і шануюць яе. Калі яны адчуваюць, што не гатовы адмовіцца ад іншых жанчын з-за вас, – аддаляюцца.
Калі чалавек нясталы ў сваіх намерах, то верыць яму ўжо вельмі складана. У цэлым, калі такiя паводзіны сістэмныя, яны характарызуюць інфантыльную асобу, у якой на першым плане ўласныя інтарэсы. У гэтым выпадку вас будзе хранічна суправаджаць пачуццё трывогі з-за таго, што яму нельга давяраць. Вам гэта патрэбна? Самае галоўнае правіла ў адносінах – сустрэчы і спатканні павінны прыносіць радасць, а не боль. Для вас прыймальна такое нестабільнае стаўленне?
Калі ён рэгулярна вяртаецца, значыць, жанчыне нейкім чынам выгадна гэта. Бо вельмі лёгка заблакаваць нумар і сацсеткі, калі сапраўды зразумела, што ты варта лепшага!
Пры зносінах з мужчынамі ацэньвайце іх такімі, якія яны ёсць, а не такімі, якімі б вы хацелі іх бачыць. Не прыдумляйце ім апраўданнi.
Калі жанчына каштоўная як асоба, мужчына захоча развіваць сур'ёзныя адносіны, быць толькі з вамі. Калі вы падабаецеся, ён нікуды і ніколі не знікне. Нават, калі iснуюць асабістыя прычыны, ён не пакіне вас у невядомасці і абавязкова пра гэта паведаміць. Бо яму патрэбна ўпэўненасць, што вы не расчаруецеся і не знікнеце з яго жыцця.
Яшчэ адзін спосаб зразумець, што вы не патрэбны – прыслухацца да яго гаворкі. Усе кампліменты і ласкі здаюцца жудасна пошлымі і ненатуральнымі. Калі мужчына не ставіцца сур'ёзна, то і марнаваць сілы на падобнае не лічыць за неабходнасць. Больш за тое, ён можа выкарыстоўваць абразы і ненарматыўную лексіку.
Не будзьце настойлiвай: няма сэнсу спрабаваць паўплываць на паводзіны мужчыны, пераканаць, што ён не мае рацыю. Памятайце, калі ён захоча, вернецца сам. Калі не, – вы не зможаце яго прымусіць. Чым менш вы рэагуеце на яго адсутнасць, тым хутчэй ён з'явіцца. Аднак задайце сабе пытанне: ці патрэбен мне такі чалавек, які прымушае сумнявацца ў сабе.
Не нагадвайце пра сябе: не выпрошвайце ўвагу i каханне. Паверце, ні водны чалавек не забудзе пра тое, што для яго сапраўды важна. Усё, што вы можаце зрабіць, – адпраўце ўсяго адно паведамленне з пытаннем: «У цябе ўсё добра, ты нечакана знік». Гэтым вы пакажаце турботу, але не патрэбнасць, якая яшчэ больш адштурхне ад вас.
Жывіце сваім жыццём: Мужчына – гэта не ўсё, што ў вас ёсць, а ўсяго толькі нейкая частка. Акрамя таго, хлопцам заўсёды цікавыя жанчыны, якія не проста захоплены сваімi мэтамi, але і атрымліваюць асалоду ад жыцця. У гэтым выпадку ён разумее, што вам заўсёды ёсць чым заняцца, і вы не будзеце ад яго залежаць.
Важна: будзьце сумленныя з сабой і не дадумвайце таго, чаго няма. Калі вы сустрэнеце сапраўды вашага чалавека, у вас не будзе неабходнасці аналізаваць: чаму ён напісаў, а потым знік i зноў з'явіўся. Такія пытаннi нават не ўзнікнуць у вашай галаве.
Не арыентуйцеся на людзей, якія маюць адносіны толькі для таго, аб карыстацца вамi. Беражыце сябе! Непаважлівае стаўленне мужчын робіць жанчыну ўразлівай, разбурае знутры, забірае жаноцкасць. Рабіце высновы і прымайце правільныя рашэнні. Выбірайце тых, хто сапраўды выбірае вас, цаніце і кахайце сябе!
Псiхолаг Алена ШАЎЧЭНКА
Фота: Pexels.com
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.