Вы тут

«Пятрылава... Ідуць доўгія дажджы...»: Лісты Леаніда Левановіча


14 чэрвеня 2022 года — гадавіна, як пайшоў з жыцця празаік, драматург Леанід Кірэевіч Левановіч…


Нараджэннем з верасня 1938 года, ён прыйшоў у літаратуру з журналістыкі. Спярша закончыў Магілёўскае культасветвучылішча. Працаваў у культасветустановах на Дзяржыншчыне, у Касцюковіцкім раёне і саміх Касцюковічах. А ў 1958 — 1961 гг. служыў на Балтыйскім флоце. Працягваў завочнае навучанне на факультэце журналістыкі БДУ, куды паступіў яшчэ ў 1957 годзе. А як зволіўся са службы, перавёўся на стацыянар. Закончыўшы вучобу, працаваў у газетах «Знамя юности», «Сельская газета». Першыя апавяданні і надрукаваў у газетах — у «Советской Белоруссии», «Сельской газете».

У першай палове 1990-х, вярнуўшыся ў Беларусь, я служыў спярша ў Мінскім агульнавайсковым ваенна-палітычным вучылішчы — адказным сакратаром вучылішчнай шматтыражкі, затым — у газеце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь «Во славу Родины» (зараз — «Белорусская военная газета») — карэспандэнтам, начальнікам аддзела. У гэты час і адбылося маё знаёмства з творчасцю Леаніда Кірэевіча... Першая з прачытаных кніг — «Якорь надежды». Выдадзеная ў Маскве, яна патрапіла да мяне раней, чым беларускія кнігі публіцыста і празаіка. Пра зборнік напісаў невялікую рэцэнзію ў ваенную газету... Так завязалася знаёмства. Стараючыся ў газеце асвятляць літаратурнае жыццё, час ад часу забягаў і ў «Мастацкую літаратуру», дзе тады працаваў Леанід Кірэевіч, былі і іншыя сустрэчы з пісьменнікам.

Увесь час, яшчэ са школьных гадоў, збіраў і збіраю матэрыялы па літаратурнай гісторыі Пухавіцкага края. Распытваў і ў Леаніда Кірэевіча пра пісьменнікаў-землякоў, пра яго паездкі ў наш Пухавіцкі раён, у Мар’іну Горку. Відаць, было і некаторае ліставанне ў тыя гады, у 1990-я... Але захаваліся ў хатнім архіве ўжо пазнейшыя лісты ад Леаніда Левановіча. І хаця іх характар даволі дзелавы, канкрэтны, звязаны з пэўнымі клопатамі, у пісьмах усё ж — і характар пісьменніка, яго жаданні і памкненні, яго кароткія развагі пра сваю ўласную творчасць, адпаведна — і пра наш час.

27 лістапада 2004 г. Леанід Кірэевіч напісаў мне з вёскі Пятрылава, што ў Вілейскім раёне. Тут ён знайшоў свой прытулак як сапраўдны вясковец. Бо родная магілёўская вёска патрапіла пад Чарнобыльскую навалу, была адселена... «Дарагі Алесь!

Адказваю на твой ліст. А. Пісьмянкоў гасцяваў у Пятрылаве 20-21 верасня 2003 г., віншаваў мяне з 65-годдзем. На аўтографе верша — дата 20. IX. 2003. 21-га — у нядзелю мы схадзілі ў грыбы, трохі назбіралі. У Мінск ён паехаў з маім зяцем Сяргеем, які і прывёз яго.

На Пухавіччыну, на дзень нараджэння Чыгрынава, ездзіў, здаецца, у снежні 1999-га. Вазіў нас — Людмілу Прохараўну, Пісьмянкова і мяне, — на сваім «Жыгулёнку» В. Белахвосцік, нар. артыст Беларусі. Выступалі ў школе ў Рудзенску. Белахвосцік хораша прачытаў на памяць раздзел з «Плача перапёлкі».

Узгадаў, што ездзіў і яшчэ (ад’язджалі ад Фонда культуры), выступалі ў Пухавічах, гады два таму.

Пра земляка Чыгрынава я напісаў кароткія ўспаміны, якія друкаваліся ў часопісе «Крыніца». Наконт сёлетняй паездкі — не ведаю, ці здасца...» У Мар’інай Горцы многія гады запар арганізатарам Чыгрынаўскіх чытанняў выступаў дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Аляксандравіч Прановіч. Чалавек руплівы, ён прыцягваў да восеньскіх сустрэч у знак памяці пра народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава блізкіх яму літаратараў, грамадскіх дзеячаў, блізкіх сяброў... «Наконт сёлетняй паездкі, — піша Леанід Кірэевіч, — не ведаю. Занесена снегам маё Пятрылава, ды і ціск апошнім часам надта скача.

Між іншым, мы з І.Ч. — дзеці адселеных вёсак. Мае Клеявічы, як і ягоны Вялікі Бор, знішчыў Чарнобыль. Я знайшоў прытулак на Вілейшчыне, а ён парадніўся з Пухаўшчынай. Дарэчы, за Вялікім Борам — вёска Мокрае, радзіма Масея Сяднёва. Таго лёс загнаў ажно ў Амерыку. Ён наведаў Мокрае, калі жыхары ўжо былі адселеныя. М. С. — прататып чыгрынаўскага Масея. Асабліва гэты вобраз удаўся аўтару ў рамане «Вяртанне да віны».

Калі надумаешся прыехаць у П. — аўтобус Мінск — Лоўчавічы, 18. 30 з Цэнтр. вакзала, білет можна браць да в. Загорцы — 4 км пераедзеш, ад шыльды Вілейскі р-н — 2 км, або да Забр’я — 1 км не даедзеш. Я сустрэну, пераначуеш, а потым мог бы з’ездзіць у Іллю — гэта вельмі цікавае мястэчка. Старшыня с/с Кутас Галіна Віктараўна стварыла ансамбль «Імпэт», сама піша музыку. У Ільянскай школе ёсць музей «Вілейшчына літаратурная», яго дырэктар — Роза Канст. Шэрая. Па яее просьбе і я даслаў сёе-тое, але, на жаль, мы яшчэ не знаёмыя.

Бывай здаровы, Алесь!

Твой Л. Левановіч.

P. S. Я планую паездку ў Ілью па вясне, калі выйдзе кніга.»

29 снежня 2004 атрымліваю ліст ізноў з Вілейшчыны, якая была для пісьменніка месцам натхнення, прасторай шчыравання за пісьмовым сталом, — «Слаўная вёска Пятрылава».

«Дарагі Алесь!

Віншую з Новым годам, моцнага табе здароўя, натхнення, плёну ў працы, шчасця і радасці ў жыцці.

21 снежня быў на вечарыне Чыгрынава ў Музеі гісторыі літаратуры. Тэлефанаваў табе на працу, але не злавіў — мусіць, быў у ад’ездзе. Было нас няшмат, гаварылі падоўгу, а мяне ўвесь час не пакідала думка: хіба ў такой зале трэба адзначаць юбілей народнага пісьменніка?! Гэта трэба рабіць на дзяржаўным узроўні. Чыгрынаў варты такой увагі і пашаны.

Мне хацелася сустрэцца з табой, але дужа мала было часу: атрымаўся, так бы мовіць, збег зычных — у «Мастацкай літаратуры» далі чытаць карэктуру «Сіняга лета», абяцаюць у першым квартале 2005 г. выдаць кнігу (у «Полымі» раман быў надрукаваны яшчэ ў 1998 г.) А па-другое, Казімір Камейша прачытаў новы раман «Палыновы вецер», які «Полымя» плануе надрукаваць у 3-4 нумарах, у яго ўзніклі некаторыя заўвагі, агалоўная «заўвага»: трэба скарачаць. Цесна. Ды і пабойваюцца некаторых момантаў: раман пра 1991 г. <...>

Андрэй Федарэнка, які прачытаў раман да свайго пераходу на кінастудыю, кажа: выдатнейшы раман! На жаль, у часопісным варыянце ён гэткім не будзе. Сумна, але што зробіш.

На жаль, няма ў мяне здымкаў Г. Кляўко, хоць і сядзелі мы побач: ён быў намеснікам галоўнага, а я адказным сакратаром. Праўда, я вытрымаў усяго восем месяцаў, бо галоўны <...> быў вялікім самадурам. Хай яму пухам зямля, як і Генадзю Кляўко.

Беражы, браце, зароў! Абдымаю! Л. Левановіч...»

Наступны ліст ад 4 ліпеня 2006 г. Я ўсё яшчэ працаваў у газеце «Советская Белоруссия» І, вандруючы як уласны карэспандэнт па Мінскай вобласці, меркаваў усё ж зазірнуць у Пятрылава, на Вілейшчыну... «Дарагі Алесь!

На гэты раз я трохі затрымаўся з адказам. Вясковыя клопаты, а найболей — пчалярскія, забіраюць час і сілы. Дый наехала гасцей «з розных валасцей». Госці — гэта малодшая дачка Вольга з унукам Міколам з Бостана — пра іх шмат у кнізе «Усмешлівая Амерыка», якую я табе яшчэ не прэзентаваў, — будзе! І мінскіх гасцей хапае.

Кніга «Хлеб і мужнасць» — вынік 4 вандровак у Казахстан, дзе жылі мае стар. сястра і ст. брат з сем’ямі. Ведаў многіх каз. пісьменнікаў, сябрую з празаікам і драматургам Дулам Ісабекавым. Ён быў у мяне ў Мінску і нават у Пятрылаве. «Хлеб і мужнасць» — журналісцкая праца пра землякоў на цаліне. Дарэчы, «Якар надзеі» — пра беларуса на флоце, «Валанцёр свабоды» — пра беларуса ў Аргенціне, Іспаніі і Францыі — дзе я ніколі не быў, таму пісалася цяжка. Гэтыя кнігі не маглі вызначацца асаблівай глыбінёй, яны цікавыя зместам і формаю: «Якар надзеі» — аповесць у пісьмах, «Валанцёр свабоды» — аповесць-маналог ад першай асобы.

А знайшоў я сябе на радзіме, там, дзе Бесядзь-рака. Мае раманы — гэта лепшае, што мне ўдалося пакуль зрабіць. Таму асабліва цікавіць твая думка пра іх. Што ты думаеш пра ўстаўкі-хронікі? На мой погляд, яны даюць падсветку падзей жыцця ў глыбіннай вёсцы Хатынічы, у далёкім райцэнтры.

Увогуле, пра ўсё гэта трэба гаварыць пры сустрэчы. Як буду ў горадзе, патэлефаную.

Плёну табе ў працы!

Абдымаю!

Л. Левановіч».

20 мая 2008 г. — ліст таксама з Пятрылава... «Дарагі Алесь Мікалаевіч!

Пішу з вёскі Пятрылава, дзе магутна цвітуць сады, ідуць доўгія дажджы, пад раніцу выскокваюць маразы, звонка цёхкаюць салоўкі, дзе багата гаспадарчых — на жаль, іх нашмат болей, чым творчых, клопатаў. Нядаўна пасадзілі бульбу, а цяпер думаю, як пасеяць грэчку. Рыхтую насенне — цераз дуршлаг прасейваю ад пустазелля, і прасеяць трэба пудоў пяць-шэсць. Вось якія клопаты!

Цяпер пра «Палыновы вецер». Землякі, касцюкоўцы, абяцаюць заказаць, як і «Бесядзь...» — 250 экз.

г. Касцюковічы, Магілёўская вобл. 213 640, старшыня райвыканкама Барысаў Міхаіл Рыгоравіч, тэл.<...>

Вяду перамовы з Крычавам. Не ведаю, хто старшыня РВК у Хойніках: у кнізе апісваецца жыццё ў радыяцыйнай зоне, плюс эсэ пра Ул. Гардзеенку, які родам з Хойніцкага раёна. А можа, Вы праз аблвыканкам дзейнічаеце, магчыма, гэта больш эфектыўна.

Каля 150 экз. могуць узяць лясгасы, вяду перамовы. Каля ста асобнікаў вазьму я — з ганарару.

Учора слухаў тваё выступленне па радыё — гэта важная справа, людзі чуюць жывы голас пісьменніка, на выдатнай, прыгожай, роднай мове. У нядзелю, 18 мая, я таксама гутарыў з Галінай Шаблінскай — перадача «Літаратурная карта Беларусі», гаварыў пра землякоў-касцюкоўцаў. А гэта магутны куст: Куляшоў, Чыгрынаў, Масей Сяднёў, Русецкі, Хомчанка, Зяма Півавараў, Алесь Пісьмянкоў, рускамоўныя — драматург Аляксей Сімукоў, прафесар Літінстытута ў Маскве Аляксандр Уласенка. А колькі маладых! Так што, будзем сеяць, беларусы!

Абдымаю!

Л. Левановіч...»

Яшчэ адзін ліст — ад 20 мая («траўня») 2011 года. Таксама з Пятрылава, вёскі, якую па праву можна было б назваць «літаратурнай»...

«Дарагі Алесь Мікалаевіч!

Вясновыя клопаты ды плюс яшчэ радыкуліт — вынік гэтых клопатаў, — прывязалі мяне да вёскі яшчэ мацней, таму пішу Вам ліст.

Прачытаў у «ЛіМе» нататку пра выхад у свет кнігі Абая ў перакладзе М. Мятліцкага і ўзгадалася наша размова на вечарыне Абая ў музеі Якуба Коласа. Гаварылі мы тады, што варта перавыдаць маю кнігу пра беларусаў-цаліннікаў «Хлеб і мужнасць». Пасол Смірноў мяне добра ведае: я працую ў таварыстве «Беларусь — Казахстан» больш як 20 гадоў, быў старшынёй, зараз нам. старшыні.

У кнізе — дааументальная аповесць, нарысы. Пішу не толькі пра людзей, але і пра тое, як пласкарэз, бясплужная апрацоўка глебы выратавалі здароўе цаліны. Аб укараненні гэтай сістэмы яшчэ ў 80-я гады я выступаў па тэлебачанні, радыё, пісаў у «Звяздзе», «Советской Белоруссии», «Сельской газете». Пласкарэз узялі на ўзбраенне некаторыя калгасы Гомельшчыны. Зараз у «Бел. ниве» пішуць, што бясплужная апрацоўка зямлі сябе апраўдала, яна павышае ўрадлівасць, вынішчае пустазелле, эканоміць паліва, метал, час. За полем без плуга будучыня. Гэтую будучыню трэба рашуча набліжаць.

Пішу ў кнізе пра сустрэчы з выдатнымі казахскімі пісьменнікамі: Абдзіжамілам Нурпеісавым, Адзіем Шарыпавым, Серкам Кірабаевым і інш. Пра беларуска-казахскія літаратурныя і культурныя сувязі. Лічу, што варта ўключаць у кнігу апавяданні, а менавіта: «Вечар у Какчэтаве», «Метро» (друк. часопіс «Протсор»), «Казіно», «Серыял» (час. «Наш современник»), а таксама іншыя.

Мне здаецца, кнігу лепш выдаць на рускай мове. Меней чым праз тры гады мы будзем адзначаць 60-гадовы юбілей пачатку асваення цаліны. Кніга можа пайсці і ў Расію, і ў Казахстан. Апавяданнні я пераклаў сам, а вось нарысы мог бы перакласці хто іншы. Дарэчы, некаторыя нарысы з кнігі можна апусціць, затое варта ўключыць эсэ «Стогнуць чырвоныя дрэвы» — пра мастака Ул. Гардзеенкув, пра Чарнобыль. Твор друкаваў час. «Полымя», эсэ «Самародак» — пра Масея Сяднёва (друкавалася ў час. «Маладосць»). Рэдакцыя «Нёмана» заказала яго пераклад Ірыне Качатковай, пераклад яна зрабіла выдатны, але эсэ пакуль што не публікавалася ў «Нёмане».

Перакласці нарысы маглі б нехта з былых «нёманцаў», да прыкладу, Генадзь Ануфрыеў, Мікола Багадзяж. Памер кнігі каля 20 аркушаў... <...> Шчыра Ваш Л. Левановіч".

Лісты з Пятрылава — і памяць пра Леаніда Левановіча, і размова пра еднасць беларускага пісьменніка з вясковым жыццём... Хуткабежны час штурхае да забыцця... Успомніўшы, нагадаўшы пра імёны і творы, можа быць, мы паспрачаемся і з хуткаплыннасцю, і з разбуральнасцю..?!

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?