Вы тут

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: «Краіна дзяцінства жыве ў кожным з нас»


Літаратурная імпрэза прайшла ў Гродне з удзелам Выдавецкага дома «Звязда» і Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага.


Сапраўды, сюрпрызаў было нямала. Уласна кажучы, і сама сустрэча пачалася менавіта з гэтага — пісьменніца з’явілася ў вобразе Шахматнай каралевы. Увасабленне ў сваіх герояў стала фішкай у сустрэчах з юнымі чытачамі.

Трэба з першай секунды завалодаць увагай чытачоў, гледачоў. І для гэтага я выходжу кожны раз у новым вобразе герояў сваіх кніг. Сёння я ў вобразе Шахматнай каралевы з кнігі «Загадка прынцэсы Агнэсы». У наступнай сустрэчы ў філіяле бібліятэкі я буду ў новым вобразе — бледнай паганкі, — расказала пісьменніца. 

Але галоўная мэта такога пераўвасаблення ў тым, каб зацікавіць юных чытачоў не толькі загадкавым вобразам, але і ўвогуле мастацкай літаратурай. А пачынаць, вядома, трэба з казак і прыгодаў. Менавіта гэты жанр стаў асноўным у творчасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Дарэчы, прыдумляць розныя гісторыі яна пачала яшчэ з дзяцінства. А першая дзіцячая кніжка ўбачыла свет у 2008 годзе. З тае пары ў яе выйшла больш за 20 кніг для дзяцей. Пісьменніца прызналася, што спрабавала сябе ў іншых кірунках, але вельмі хутка пераканалася, што яе шлях — гэты дзіцячая літаратура. Свае гісторыі яна піша на беларускай мове.

Чаму менавіта дзіцячая? — перапытвае Кацярына. — Магчыма таму, што я сама не пакідаю гэту краіну дзяцінства, яна жыве дзесьці ўнутры, як і ў кожным з нас. Акрамя таго, я заўсёды з дзецьмі, па адукацыі настаўніца пачатковых класаў і даўно працую ў школе, дзеці заўсёды са мной, а гэта вялікі скарб, крыніца натхнення. Адсюль з’яўляюцца сюжэты, прататыпы герояў.

Яна ўпэўнена, што добра разумее, як зацікавіць дзяцей. Нават цяпер, у час такога імклівага лічбавага прагрэсу. Магчыма, занадта імклівага і не зусім спрыяльнага для дзяцей. Таму яна нават прыдумала, як замяніць лічбавы гаджэт на... кніжны. Каб абараніць дзяцей ад празмернага «завісання» у сацыяльных сетках, пісьменніца прапануе знаёмства са сваім персанажам, які з віртуальнага свету прыйшоў у рэальны. Так з’явілася новая кніга «Знаёмцеся- #Падабай. к@!».

Гэта тыя ж самыя старонкі сацсеткі Інстаграм, дзе я ажывіла сусветна вядомага персанажа — той самы лайк. Але ён у нас завецца Падабайка, ёсць у нашай мове такое прыгожае слова. Падабайка дае магчымасць дзецям зразумець наколькі рэальны свет цікавейшы за віртуальны. У нас цукеркі салодкія, кветкі пахнуць, коцік пухнаценькі і мяккі. У віртуальным свеце гэтага няма. І Падабайка выходзіць у рэальны свет, каб усе гэта спасцігнуць. І дзецям замест тэлефона можна прапанаваць пазнаёміцца з гэтым персанажам. Акрамя таго ў кнізе ёсць гульні, у тым ліку інтэрактыўная гульня, праз якую чытачы могуць са мной звязацца. І гэта мае свой добры вынік, — расказала Кацярына. 


Пісьменніца прызналася, што вельмі любіць касмічныя сюжэты. Гэта тэма прысутнічае амаль ва ўсіх кнігах. А ёсць і асобнікі, якія прысвечаны толькі космасу, напрыклад, «Зорка зямная, зорка нябесная»,"Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”, «Канікулы з прыгодамі». Многія дзеці падчас сустрэчы зацікавіліся гісторыямі-жахліўчыкамі.

Адна з новых кніжак пісьменніцы называецца "Прыгоды лісічкі-красуні". У ёй падзеі адбываюцца ў дзівосным лесе, а гераіня-лісічка такая ж вясёлая і няўрымслівая, як і сучасныя дзеці. Менавіта праз яе аўтар імкнецца не толькі пазабавіць чытачоў, але і даць ім маральны арыенцір, закласці духоўныя каштоўнасці.

Пісьменніца паведаміла, што сёлета ў выдавецтве "Звязда«выйшла яе новая кніга — «Сакрэты аднаго каралеўства», таксама рыхтуецца да перавыдання кніга «Казкі сівой даўніны», яшчэ будуць іншыя навіны, якія пакуль у рукапісу. На яе думку, такія сумесныя праекты з Выдавецкім домам «Звязда» дапамагаюць данесці гэтыя кніжкі да чытача, а значыць, прыцягнуць дзяцей да чытання.

Надзея Давыдзік, намеснік дырэктара Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага:

Калі выдавецтва прыязджае разам з аўтарам — гэта пакідае вельмі добрае ўраджанне і мае значны эфект. Асабліва сярод малодшых школьнікаў, на якіх, у значнай ступені і разлічаны кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Гэта самая ўдзячнае публіка. Абласная бібліятэка ставіць сваёй мэтай пачынаць з дзіцячага садка прывучаць да кнігі, да чытання. У нас ёсць цэлы праект «Кніжны дэсант», дзе мы выязджаем у дашкольныя ўстановы і там паказваем тое багацце кніг, якое ў нас ёсць. Праект існуе другі год, і мы імкнемся ахапіць усе дашкольныя ўстановы горада Гродна. Старшая група і далей — малодшыя школьнікі, яны самыя актыўныя зараз чытачы. Але ў ідэале дзяцей яшчэ з самага маленства павінны прывучаць мамы, ёсць шмат кніг нават для такіх узростаў, дзе проста малюнкі, дзе інтэрактыў. Такім чынам дзеці знаёмяцца са светам літаратуры. Дзяржава не шкадуе грошай на кнігі, асабліва на кнігі для дзяцей. І бібліятэкі не абмежаваны ў атрыманні такіх кніг, усе навінкі, якія выходзяць, мы закупляем.

Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.