Вы тут

Брэсцкай крэпасці - 180


Споўнілася 180 гадоў з дня ўводу ў строй Брэсцкай крэпасці. У канцы красавіка 1842 года над крэпасцю Брэст-Літоўска ўпершыню ўзнялі сцяг. Такім чынам было адзначана заканчэнне будаўніцтва першай чаргі ўнікальнага фартыфікацыйнага збудавання. 


Карціна Залескага «Крэпасць у 1840 годзе»

Крэпасць у Брэсце вядомая многім людзям у свеце па гісторыі Другой сусветнай вайны. Пра подзвіг абаронцаў цытадэлі напісаны кнігі, зняты кінастужкі. У іх гонар створаны ўнікальны помнік. Цяпер гэта мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», а тады была крэпасць 1-га класа «Брэст-Літоўск». Першы клас, несумненна, азначаў «лепшы», быў своеасаблівым знакам якасці. На той час яна стала адным з самых дасканалых фартыфікацыйных умацаванняў Расійскай імперыі. 

Гісторыя крэпасці прадстаўлена і ў Музеі абароны, які працуе з 1956 года, і ў экспазіцыі «Летапіс Брэсцкай крэпасці», якая адкрыта зусім нядаўна, у 2019 годзе. Тут маюцца архіўныя здымкі, чарцяжы, рысункі, іншыя матэрыялы пра мінулае крэпасці, якая перажыла некалькі войнаў. 

Падчас святкавання 1000-годдзя Брэста і ў перыяд падрыхтоўкі да юбілею праводзілася шэраг навукова-практычных канферэнцый, на форумах не раз згадваліся драматычныя старонкі гісторыі старажытнага горада. І адна з іх звязаная з будаўніцтвам крэпасці. Было прынятае рашэнне горад перамясціць, а цытадэль узвесці менавіта на месцы былога старадаўняга Берасцейскага замка і шматлікіх гарадскіх кварталаў, якія захавалі веліч і прыгажосць сярэднявечнай архітэктуры. Людзям узвялі жыллё на месцы цяперашняга Брэста, а стары горад пайшоў пад знос. Замест яго пачала паўставаць крэпасць. 

Да работы прыступілі ў 1830 годзе. У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці захоўваецца карціна мастака Марціна Залескага «Крэпасць у 1840 годзе». На палатне відны казармы будучай цытадэлі, а пасярэдзіне віднеюцца напаўразабраныя драўляныя і каменныя збудаванні. Варта сказаць, што некаторыя будынкі разбіраць не сталі і адаптавалі пад патрэбы крэпасці. 

Аб’ект будавалі па праектах ваенных інжынераў генералаў Апермана, Малецкага, палкоўніка Фельдмана, пад агульным патранажам генерала фельдмаршала графа Паскевіча. На момант уводу ў строй крэпасці (красавік 1842 года) яна складалася з Валынскага, Кобрынскага, Цярэспальскага умацаванняў і цытадэлі, мела плошчу у чатыры квадратныя кіламетры. Абарончая працягласць казармы складала больш за два кіламетры. Там размяшчалася больш за паўтысячы казематаў. 

Гэта быў сапраўдны горад у горадзе. Акрамя абарончых аб’ектаў крэпасць мела даволі развітую інфраструктуру. Тут размяшчаліся афіцэрскія дамы, магазіны, булачныя, кафэ, цырульні, нават пляжы і більярдныя 

Ядром крэпасці з’яўляўся цэнтральны востраў, які і прыкрывалі названыя ўмацаванні. Адначасова ў крэпасці маглі пражываць да 12 тысяч вайскоўцаў. Паводле слоў навуковага супрацоўніка Мемарыяльнага комплексу Вольгі Інгантовіч, абарончая здольнасць крэпасці напрамую залежала ад вышыні валоў. А гэтая вышыня дасягае 10 метраў нават і сёння. Сцены рабіліся даволі тоўстыя — ад 1,6 метра да двух метраў. Артылерыя таго часу была не здольная прабіць такія сцены, што рабіла крэпасць па сутнасці непрыступнай. Да пачатку Першай сусветнай меркавалася, што крэпасць можа вытрымліваць асаду да васьмі месяцаў. 

Будавалі тады грунтоўна. У цытадэлі ўзвялі чатыры паўвежы-барбаканы. З іх захавалася толькі адна — паўднёва-усходняй часткі абарончай казармы. У ёй, дарэчы, і размясціўся новы музей «Летапіс Брэсцкай крэпасці». А вось знакамітыя Цярэспальскія вароты не былі прадугледжаны праектам будаўніцтва. Яны паявіліся значна пазней. Той выпадак, калі жыццё падказала рашэнне. Калі ўзвялі казармы, убачылі, што патрэбны праход. Тады частку сцяны разбурылі і перабудавалі ў праход, так паявіліся вароты. 

Шмат чаго з гісторыі адкрылася, калі праводзілі раскопкі пад стварэнне Мемарыяльнага комплексу. Здаралася, знаходзілі сапраўдныя рэліквіі. Напрыклад, сімвалічны ключ. Тады, як і цяпер, пры ўводзе ў строй аб’екта новаму гаспадару нярэдка ўручалі сімвалічны ключ. У 1842 годзе ключ атрымаў камендант крэпасці. Той ключ у 1954 годзе знайшлі пры раскопках каля Холмскіх варот, зараз ён захоўваецца у Музеі абароны. Сцяг арыгінальны, вядома, не захаваўся, а вось копія яго ў музеі ёсць. Усе крэпасці Расійскай імперыі належалі ваенна-марскому ведамству. Таму штандар, які ўзнялі ў 1842 годзе, не зусім звычайны, мае флоцкія матывы. 

сімвалічны ключ

Будаўніцтва і развіццё крэпасці працягвалася. І ў 60-х гадах ХІХ стагоддзя крэпасць сталі ўмацоўваць фартамі. Спачатку фарты ўзводзілі на тэрыторыі крэпасці, потым іх сталі будаваць за межамі. Яны размяшчаліся ў чатырох кіламетрах і ўтваралі сабой трыццацікіламетровае кола. Лепш за ўсё да нашага часу захаваўся пяты форт. Яго зрабілі музем. Гэта, дарэчы, першы фартыфікацыйны аб’ект у Беларусі, які быў музеефікаваны. Тут нават сцены — экспанаты, бо маюць таўшчню тры метры. Інтэр’ер у многім нагадвае тагачасны. Асаблівую прыцягальнасць экспазіцыі надаюць падземнныя хады. Сюды не трапляе дзённае святло, і блукаць па падземных лабірынтах даволі цікава. Такія хады былі ва ўсіх фартах крэпасці. Колькі яшчэ загадак і таямніц захоўввае ў сабе старая крэпасць, сказаць немагчыма, гэта бясконцы пласт работы для будучых пакаленняў навукоўцаў установы. Амаль штогод знаходзяць новыя дакументы, новыя экспанаты, якія займаюць сваё пачэснае месца ў якасці ілюстрацыі да гісторыі крэпасці амаль ў два стагоддзі. 

Пяты форт— рэканструкцыя падзей Першай сусветнай

у музеі Пяты форт

Як вядома, крэпасць не толькі будавалі, але і разбуралі. Пацярпела яна падчас Першай сусветнай вайны, потым у ходзе Савецка-польскай. Ну а пра тое, як бамбілі Брэсцкую крэпасць у 41-м, многія ведаюць. 

у крэпасці сёння

У 1971 годзе адкрылі Мемарыяльны комплекс, прысвечаны гераічнай абароне. І зараз Брэсцкая крэпасць уяўляе сабой сусветна-вядомы сімвал мужнасці і стойкасці абаронцаў Радзімы. На тэрыторыі знаходзіцца некалькі музеяў. За гады работы крэпасць наведалі каля 26 мільёнаў турыстаў. Тут пабывалі афіцыйныя дэлегацыі дзясяткаў дзяржаў, кіраўнікі многіх краін свету. Крэпасць не раз станавілася не толькі месцам масавых мерапрыемстваў, але і здымачным павільёнам, прэзентацыйнай пляцоўкай. У 2010 годзе тут упершыню паказалі фільм «Брэсцкая крэпасць», а некалькі дзён таму карціну расійскіх кінематаграфістаў «Крылы над Берлінам». 

Да 180-годдзя мемарыяльнага комплексу прымеркавалі выставу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.