Вы тут

Пра новыя факты расследавання, пошукавыя работы, захаванне праўды аб ВАВ


Генеральная пракуратура працягвае расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. За год, які прайшоў з моманту распачынання працэсу, дапытана больш чым 14 тысяч чалавек, выяўлена 12 невядомых дагэтуль месцаў знішчэння мірных жыхароў, атрыманы звесткі аб спаленых акупантамі і іх памагатымі яшчэ 78 населеных пунктаў, якія раней нідзе не згадваліся...


Аб падрабязнасцях расследавання, якое працягваецца, а таксама пошукавых работах, запланаваных сумесна з Міністэрствам абароны на новы сезон, гаварылі падчас круглага стала «Каб памяталі. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пошукавы рух у Беларусі», які днямі адбыўся ў прэс-цэнтры Дома прэсы. Акрамя таго, эксперты абмеркавалі пытанне ўвекавечвання і захавання памяці ахвяр трагічных падзей, акцэнтавалі ўвагу на тым, якія меры ў нашай краіне прымаюцца для абароны Перамогі савецкага народа ад шматлікіх фальсіфікацый.

За дзесяць дзён пошуку — пяць імён

Як адзначыў начальнік упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Міністэрства абароны Сяргей Варановіч, народ Беларусі шануе і захоўвае памяць аб загінулых, утрымлівае ў належным стане воінскія пахаванні і магілы ахвяр войн. Гэта, па яго словах, і ёсць адна з форм увекавечвання памяці.

На цяперашні момант на дзяржаўным уліку знаходзіцца 8087 такіх пахаванняў шматлікіх гістарычных перыядаў. З іх 1542 пахаванні належаць ахвярам войн.

Яшчэ адной з форм увекавечвання памяці, па словах прадстаўніка абароннага ведамства, з'яўляецца ўнясенне ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь» інфармацыі аб загінулых або зніклых без вестак. На дадзены момант унесены звесткі аб 547 920 загінулых. З пачатку года банк даных папоўніўся інфармацыяй аб звыш як 2400 чалавек.

— 19 красавіка асабовы склад 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна прыступіў да правядзення палявых пошукавых работ, — паведаміў Сяргей Варановіч. — На гэты год запланавана адпрацаваць 69 аб'ектаў па выяўленні астанкаў чырвонаармейцаў і 27 аб'ектаў, якія маюць дачыненне да справы аб генацыдзе. Мы ўжо адпрацавалі ў чатырох абласцях: Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай. З пачатку пошукавага сезона паднялі астанкі 183 загінулых, устанавілі пяць імён. За такі кароткі прамежак часу гэта вялікая лічба.

За апошнія 10 гадоў падчас правядзення палявых пошукавых работ асабовым складам 52-га батальёна выяўлены і падняты астанкі звыш 6,5 тысячы ахвяр войн.
Дапамагаюць пошукавікам у гэтай высакароднай справе прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

Як заўважыў начальнік упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл, каля вытокаў пошукавага руху Беларусі стаялі родныя і блізкія загінулых і тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай знік без вестак. «Пошук пахаванняў, інфармацыі аб загінулых і зніклых без вестак абаронцаў Айчыны сталі патрэбай душы многіх беларусаў, — падкрэсліў Сяргей Варановіч. — У краіне склалася сістэма арганізацыі палявых пошукавых работ, якая забяспечвае планамернае і якаснае іх правядзенне, паважлівае стаўленне да астанкаў загінулых, іх перапахаванне з адданнем воінскіх ушанаванняў. Пры гэтым улічваецца асабістая бяспека ўдзельнікаў пошукавых работ, ажыццяўляецца ўлік спадарожных знаходак і артэфактаў. Толькі за апошнія пяць гадоў пошукавых экспедыцый з грамадскімі аб'яднаннямі адпрацавана звыш 130 аб'ектаў, падняты і перапахаваны астанкі больш чым 1500 ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, устаноўлены звесткі аб 124 загінулых і зніклых без вестак».

На семдзесят восем спаленых вёсак больш

Дарэчы, пад кіраўніцтвам Міністэрства абароны сфарміравана міжведамасная камісія па ўвекавечванні ахвяр генацыду беларускага народа. Месцы спачыну многіх з іх яшчэ трэба ўстанавіць. Гэтым актыўна займаецца Генеральная пракуратура.

— Ва ўзаемадзеянні з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам былі праведзены раскопкі ў 12 раней невядомых месцах знішчэння мірных жыхароў, у выніку чаго паднялі астанкі больш як дзвюх тысяч чалавек, — паведаміў старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Эдуард Скурат. — Паводле даследавання касцяных астанкаў, эксперты зрабілі выснову аб гвалтоўнай прычыне смерці і даўнасці пахаванняў, якія адпавядаюць перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Яны таксама ўстанавілі, што забойствы ажыццяўляліся выстралам у патыліцу чалавека, які стаяў на каленях. Гэта з'яўляецца адным з доказаў таго, што дзеянні праводзіліся наўмысна і былі накіраваны на знішчэнне насельніцтва. Акрамя таго, аб планамерным характары забойстваў грамадзян сведчаць знойдзеныя на месцы прадметы адзення, асабістыя рэчы, шматлікія стрэляныя гільзы, кулі, касцяныя астанкі дзяцей. Усе гэтыя людзі сталі ахвярамі нацысцкай палітыкі генацыду, накіраванай на татальнае знішчэнне 75 % насельніцтва Беларусі. Астатнія 25 % меркавалася выкарыстоўваць у якасці рабоў. Гэта пацвярджаецца колькасцю вывезеных жыхароў БССР на прымусовыя работы — больш чым 380 тысяч чалавек.

Як дадаў прадстаўнік ведамства, у работу па крымінальнай справе па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўцягнуты супрацоўнікі пракуратур усіх узроўняў: ад генеральнай пракуратуры да пракурораў раёна. «Створана следчая група, у склад якой уваходзіць больш як 800 чалавек, з якіх звыш 600 супрацоўнікаў пракуратуры, — удакладніў Эдуард Скурат. — Дзякуючы гэтаму за мінулы год па крымінальнай справе дапытана больш як 14 тысяч чалавек, з іх 7,7 тысячы — былых вязняў».

У выніку карпатлівай работы па крымінальнай справе пракурорскімі работнікамі атрыманы звесткі аб 78 раней невядомых населеных пунктах, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны акупантамі і іх памагатымі. «У цяперашні час дадатковыя звесткі, устаноўленыя падчас расследавання крымінальнай справы і прадстаўленыя вучонымі, правяраюцца і замацоўваюцца следчым шляхам, — расказаў Эдуард Скурат. — Па ініцыятыве Генпракуратуры пры супрацоўніцтве з Нацыянальным архівам, Нацыянальным кадастравым агенцтвам на публічнай кадастравай карце апублікаваны прасторавы слой, які змяшчае інфармацыю аб месцазнаходжанні населеных пунктаў сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спаленых нямецка-фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі. На карце іх больш як 5,7 тысячы. І гэта работа працягваецца».

Акрамя таго, Генпракуратурай устаноўлены 23 раней невядомыя месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на тэрыторыі БССР. У прыватнасці, на тэрыторыі Лідскага раёна Гродзенскай вобласці выяўлена месца прымусовага ўтрымання — канцлагер для дзяцей. Паводле атрыманых звестак, дзеці выкарыстоўваліся ў якасці донараў крыві для параненых нямецкіх салдат. Ад забору крыві дзеці хварэлі, у выніку чаго паміралі. Хавалі іх каля школы — на ўчастку мясцовасці, дзе дагэтуль гулялі ў футбол. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі на месцы і там жа хавалі. Канцлагер праіснаваў з 1943 года да вызвалення Беларусі.

«Усе гэтыя дадатковыя звесткі сведчаць аб маштабах трагедыі, аб намеры на татальнае знішчэнне нашага насельніцтва», — рэзюмаваў прадстаўнік ведамства.

Захаваць кожны факт

Устаноўленыя Генеральнай пракуратурай факты патрабуюць далейшага навуковага асэнсавання. Як паведаміў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Юрэцкі, пасля ўзбуджэння крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд вучонымі была актывізавана работа па актуальных кірунках шматлікіх перыядаў гісторыі Другой сусветнай вайны. «У прыватнасці, па гісторыі судовага працэсу, які праходзіў у Міжнародным ваенным трыбунале ў Нюрнбергу, таксама ў частцы рэалізацыі так званага генеральнага плана «Ост», распрацаванага ўладамі гітлераўскай Германіі, па гісторыі нацыяналістычнага калабарацыянісцкага руху на тэрыторыі БССР у даваенны перыяд, у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час», — акцэнтаваў увагу Станіслаў Юрэцкі.

Ён расказаў, што за мінулыя пасля Вялікай Айчыннай вайны дзесяцігоддзі вучонымі Акадэміі навук апублікавана больш чым 12 тысяч навуковых прац. Сярод найбольш знакавых — унікальная 146-томная хроніка кніг «Памяць», адзіны на постсавецкай прасторы вучэбна-метадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» (у кантэксце Другой сусветнай вайны).

— Усё менш становіцца непасрэдных сведак і ўдзельнікаў тых трагічных, але ў той жа час і гераічных падзей, — адзначыў Станіслаў Юрэцкі. — Таму для нас жыццёва важна захаваць кожны факт, кожную дэталь — усё тое, што стала ўвасабленнем сілы беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З мэтай увекавечвання і захавання памяці аб пакаленні пераможцаў Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выступіла з ініцыятывай правядзення ўсебеларускай акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!» Мы ажыццяўляем збор інфармацыі, яе апрацоўку з наступнай падрыхтоўкай і выданнем кніг, зборнікаў. Першая кніга ўжо выдадзена, сёлета ўбачыць свет другая.

Акрамя таго, сёлета Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб'явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаных Году гістарычнай памяці. «Ён накіраваны на ўмацаванне гістарычнай памяці беларускага народа, усведамленне бясспрэчных дасягненняў незалежнай Рэспублікі Беларусь, фарміраванне пачуцця гонару за гераічнае мінулае і здзяйсненне сучаснай дзяржавы, на кансалідацыю грамадства і ўмацаванне нацыянальнага адзінства, падтрымку таленавітых творчых людзей, —
заўважыў Станіслаў Юрэцкі. — У конкурсе прадугледжана спецыяльная намінацыя — «Вялікая Айчынная вайна ў памяці маёй сям'і». Чакаецца, што па выніках конкурсу, якія падвядзём восенню, будуць прадстаўлены работы і па тэматыцы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Аб гэтым павінны даведацца ўсе

Не застаюцца абыякавымі да праблематыкі і музейныя ўстановы краіны, якім Генеральная пракуратура перадае ўнікальныя дакументы, у тым ліку спадарожныя знаходкі, знойдзеныя падчас пошукавых работ на месцах масавага знішчэння мірнага насельніцтва.

— Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на працягу ўсіх 77 гадоў свайго існавання вядзе работу па захаванні гістарычнай памяці, — зазначыла загадчыца аддзела гісторыі партызанскага руху Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Наталля Яцкевіч. — У шмат разоў гэтая работа павялічылася ў бягучым годзе, які аб'яўлены Годам гістарычнай памяці. Узрасла цікавасць да музея з боку грамадзян Беларусі і тых, хто прыязджае ў нашу краіну. Штодзённа праз музей праходзіць паўтары — дзве тысячы чалавек. Па 50 толькі арганізаваных экскурсій мы абслугоўваем штодзённа. У суботу і нядзелю гэтая лічба павялічваецца да 2,5 тысячы чалавек. Вядома, працуем з вялікай нагрузкай, аднак гэта і радуе: мы бачым вялікую цікавасць да нашай пастаяннай, а таксама часовых экспазіцый.

Адна з першых часовых экспазіцый музея сёлета была створана менавіта па тэме «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». «Першым наведвальнікам гэтай выставы стаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, — расказала Наталля Яцкевіч. — Экспазіцыя была створана па выніках той вялізнай работы, якую зрабіла Генеральная пракуратура Беларусі. Мы паказалі дакументы, якія захоўваюцца ў нашым музеі. Гэта ў першую чаргу акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая ўжо з моманту вызвалення тэрыторыі Беларусі ў 1944—1945 гадах правяла вялізную работу па даследаванні месцаў масавага знішчэння. Вядома, ахапіць усё камісіяй было ў тыя гады немагчыма: стаялі іншыя задачы — па аднаўленні, будаўніцтве жылля для людзей».

З выставай, якая выклікала грамадскі рэзананс, змогуць пазнаёміцца і жыхары іншых рэгіёнаў краіны — мяркуецца, што экспазіцыя будзе прадстаўлена ў кожнай з абласцей. Яе павінны ўбачыць усе жыхары Беларусі, каб яшчэ раз пераканацца, чаму так важна берагчы памяць і праўду аб той жудаснай вайне.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».