Вы тут

Вам адкажа «АдвакОт». Створаны мабільны дадатак для прававой адукацыі дзяцей і бацькоў


Прававая адукацыя дзяцей і іх бацькоў па пытаннях, звязаных з дзяцінствам і яго абаронай, — такія мэты мела на ўвазе стварэнне чат-бота ў Telegram @kіds_lawyer_bot, які пазіцыянуецца як «Дзіцячы адвакат». Летам будзе два гады, як ён дапамагае маленькім і дарослым беларусам спраўляцца з надзённымі і набалелымі праблемамі. За гэты час адвакаты адказалі больш як на дзве тысячы пытанняў. Нядаўна з’явіўся мабільны дадатак – «АдвакОт».  Праграму можна спампаваць і даведацца з яе шмат карыснага.


Як гэта працуе

Чат-бот скіраваны толькі на пазітыў і стварэнне, запэўніваюць адвакаты Мінскай абласной калегіі адвакатаў Максім і Алеся ЦЕРАШКОВЫ, якія адказваюць на пытанні ўсіх, хто піша ў чат.

Для зручнасці і разумення напачатку чат-бот паведамляе кожнаму карыстальніку, што ўсе атрыманыя звесткі і дадзеныя адказы застануцца ў межах гутаркі з дзіцячым адвакатам, а асабістая інфармацыя і кантакты нікому не перадаюцца і ахоўваюцца.

Каб разумець, у якой форме лепш весці гутарку з чалавекам, які звярнуўся па дапамогу, яму прапануюць выбраць свой узрост з прапанаваных варыянтаў: да 14 гадоў, 14—16, 16—21 або старэйшы за 21.

Затым карыстальнік выбірае тэматыку пытання: «Жыллёвае заканадаўства»; «Скасаванне шлюбу»; Утрыманне і выхаванне дзіцяці»; «Дзеяздольнасць. Эмансіпацыя»; «Узбуджэнне справы»; «Вядзенне следчых дзеянняў»; «Затрыманне, прымяненне меры стрымання»; «Прымяненне амністыі»; «Абскарджанне рашэнняў і дзеянняў упаўнаважаных асоб, суда».

— Вызначыўшы тэму, якая хвалюе, чалавек фармулюе і апісвае праблему сваімі словамі непасрэдна ў чаце. Ён можа быць упэўнены, што на тым баку чата знаходзіцца не робат, а жывы рэальны адвакат, які абавязкова адрэагуе на запыт індывідуальна, а не дашле дзяжурны адказ па шаблоне, — пракаменціраваў работу дадатку Максім Церашкоў, які ўзначальвае Мінскую абласную калегію адвакатаў. — Пад кожнае атрыманае пытанне мы падбіраем адпаведныя нарматыўна-прававыя акты і загружаем адказ у самы найбліжэйшы час. Адвакат — прафесія публічная, ён на сувязі пастаянна. У плане неабходнасці аказання экстраннай дапамогі гэтую прафесію пэўным чынам можна паставіць у адзін шэраг з ратавальнікам ці ўрачом.

Фармулюй зразумела!

Адвакаты ў адказе стараюцца даць паўнавартасную кансультацыю, аднак ёсць нюансы: яны не ацэньваюць працэсуальныя дзеянні іншых упаўнаважаных асоб па пэўных справах, таму што гэта некарэктна. Каб рабіць гэта, трэба дакладна ведаць матэрыялы справы, пазіцыю абодвух бакоў, а таксама валодаць адпаведнымі паўнамоцтвамі.

— Адвакат адстойвае пазіцыю свайго кліента ў пэўных выпадках перад іншай асобай: судом, упаўнаважанай асобай і іншым. Аднак даваць ацэнку іх дзеянням адвакат не можа, — падкрэсліў Максім Церашкоў. — Ён можа толькі патлумачыць парадак абскарджання, калі чалавек нечым незадаволены; параіць, што ўказаць у скарзе; расказаць, якія доказы трэба прадставіць, або падказаць, як законным шляхам атрымаць доказы. Наша задача — пракансультаваць па нескладаных пытаннях, дзе не трэба вывучаць мноства дакументаў, паколькі ў межах чат-бота гэта немагчыма тэхнічна і фізічна. Калі мы бачым, што сітуацыя складаная, і каб адказацьт на пытанне, спатрэбіцца вывучыць дакументы, якія ёсць не6 толькі ў чалавека, але і ў розных інстанцыях, — раім звярнуцца да адваката асабіста, каб ён глыбей унікаў у справу, і падказваем, дзе яго шукаць.

Практычна ўсе пытанні, што трапляюць у чат-бот, маюць дакладныя, лагічныя, зразумелыя і ветлівыя фармулёўкі, прычым 14-гадовыя падлеткі фармулююць свае пытанні на ўзроўні дарослых, падкрэсліў адвакат:

— Людзі часам нават выбачаюцца, што непакояць нас, хаця чат-бот і існуе, каб непакоіць. Далей яны дакладна і сцісла апісваюць сваю сітуацыю і абазначаюць, што хочуць зразумець у ёй. Аднак ёсць і іншыя прыклады, калі незразумела, чаго хоча чалавек. «Што мне рабіць?» — гэта не пытанне да адваката. Трэба апісаць сваю сітуацыю, указаць мэту, якой хочаш дасягнуць, звярнуўшыся па дапамогу. «Што рабіць падчас навальніцы?» — гэта не пытанне. Можа, вы хочаце энергію ад маланкі здабыць, а я вам буду апісваць, як ад гэтай маланкі схавацца. Так што трэба ўмець фармуляваць свае пытанні, каб мы маглі вам дапамагчы.

Расплата за зло непазбежная

Мабільны дадатак будзе ўдасканальвацца, абяцаюць адвакаты. Спецыялісты падкрэсліваюць, што гэта трэба не для таго, каб, ведаючы законы, дзеці маглі пазбегнуць адказнасці, а каб яны разумелі, што дабро вяртаецца дабром, а за зло настане непазбежная расплата.

— Наша задача — не ўплываць на свядомасць, а зрабіць так, каб чалавек усведамляў адказнасць, якая можа наступіць за яго пэўныя дзеянні пры няправільнай ацэнцы сітуацыі. Каб у яго не было спакусы пераступіць закон дзеля імгненнага абагачэння. Або ён не паддаўся парыву эмоцый і ў стане афекту не перакрэсліў сваё жыццё, выбраўшы няправільны ўчынак. У дасведчанага чалавека, у тым ліку таго, хто ведае элементарныя юрыдычныя моманты, больш шанцаў выйсці са складанай сітуацыі з найменшымі стратамі.

Калі падлетак, які звяртаецца ў чат-бот, робіць нейкае прызнанне, адвакаты раяць яму звярнуцца па пэўную дапамогу ў адпаведныя кампетэнтныя службы. А здараецца, што парады спецыялістаў у чат-боце цалкам ці ў большай ступені вырашаюць пытанне чалавека, які пасля ўзрушана дзякуе са словамі «А што, так можна было?».

— Тое, што адвакаты лічаць прапіснымі ісцінамі, можа стаць адкрыццём для звычайнага чалавека, — заўважыў Максім Церашкоў. — Аднак не трэба ўспрымаць наш адказ як указанне, што рабіць. Гэта толькі рэкамендацыя, бо чалавек, які звярнуўся ў чат-бот, мае больш інфармацыі па сваёй справе і вольны паступіць, як лічыць патрэбным. Такое правіла дзейнічае і ў стасунках заяўніка з адвакатам у рэальным жыцці.

Не панацэя, а кірунак

Пытанняў, якія датычацца адміністрацыйна-крымінальнай адказнасці, у чат-боце — адзінкі, таму не ўсё так дрэнна, лічыць адвакат. Не было, прынамсі, пытанняў накшталт «мяне незаконна затрымалі». Людзі цікавяцца, якія правы ў непаўналетняга, на які тэрмін яго могуць затрымаць, максімальная адказнасць, якае пагражае за злачынства.

— Пыталіся, напрыклад, «як можна даказаць, што мы гэтага не рабілі?». Тут мы раім, па-першае, абавязкова звярнуцца да адваката, па-другое, тлумачым, якім чынам можна сабраць доказы, рэкамендуем афіцыйна напісаць следчаму і зарэгістраваць зварот. Сярод допісаў былі і «я не згодны з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці (штрафам)». Мы як адвакаты не можам ацаніць такое рашэнне, аднак можам параіць чалавеку абскардзіць яго і прывесці пэўныя і лагічныя аргументы сваёй нязгоды, а не проста напісаць скаргу «я супраць!». Рашэнні па справах таксама прымаюцца людзьмі, якія могуць памыляцца. Аднак шукаць рашэнне праблемы — найперш задача самога чалавека, а адказы адваката — не панацэя, а кірунак, як законным спосабам адстаяць свае правы.

Шмат пытанняў датычыцца грошай. Ухіляецца ад выплаты аліментаў — як іх спагнаць? Ці вызваляецца ад аліментаў асоба, якая з'ехала за мяжу? Як накіраваць выканаўчы ліст за межы Беларусі? З кім застануцца дзеці?

— У многіх дагэтуль чамусьці існуе стэрэатып, што матуля мае права абмяжоўваць бацьку ў стасунках з дзецьмі, і часам, калі таты скардзяцца на гэта адвакату, яны са здзіўленнем даведваюцца, што правы ў тат і мам на дзяцей абсалютна аднолькавыя, — дадаў спецыяліст. — І мы нагадваем бацькам, што нельга ў вырашэнні сваіх дарослых праблем выкарыстоўваць дзіця як інструмент, бо гэта створыць для малых неабарачальныя наступствы, з якімі яны мусяць потым жыць.

Дарослых хвалююць, напрыклад, пытанні працоўнага заканадаўства, а падлеткі пішуць пра праявы булінгу. Апошнім Максім Церашкоў, акрамя падтрымкі і парад аб дапамозе, заўжды нагадвае: «Ведай: калі табе плююць у спіну, значыць, ты наперадзе! Не трэба паддавацца на гэту праяву».

Адвакаты сцвярджаюць, што не закранаюць у сваёй працы глабальныя ці палітычныя пытанні. Ды і людзі звяртаюцца са сваімі «зямнымі» праблемамі, і для іх больш важны мікраклімат у сваёй сям'і, а не клімат на планеце.

Залежнасць ад фэйкаў

Вельмі важна, каб на пытанні, якія хвалююць, людзі атрымлівалі адказы ад спецыялістаў, падкрэсліў Максім Церашкоў:

— Не ўсе тыя, хто называе сябе праваабаронцамі, маюць дачыненне да права. Здараецца, яны пераследуюць зусім іншыя мэты. А ўспрыманне чалавекам рэчаіснасці залежыць ад таго, якія крыніцы інфармацыі ён лічыць для сябе праўдзівымі і надзейнымі. А ў інфармацыйнай прасторы вельмі шмат фэйкаў, і бяда, калі людзі прымаюць такія звесткі за сапраўдныя і ў залежнасці ад гэтага фарміруюць свае дзеянні. Тыя ж прапановы лёгкага і вялікага заробку ў аднаго падлетка выклічуць насцярожанасць, а другі ўчэпіцца за «магчымасць». Каму ж не хочацца, умоўна кажучы, атрымаць 200 долараў за тое, што нейкую паперку пакладзеш пад пянёк. Аднак за такі сыр у пастцы мыш разлічваецца галавою, а нашы падлеткі, якія паклалі паперку, а яна была з наркотыкамі, — сваёй свабодай.

Інтэрактыўныя гісторыі «АдвакОта»

Чат-бот «Дзіцячы адвакат» убудаваны ў мабільны дадатак «АдвакОт», які можна спампаваць на тэлефон. Тут ёсць важная кнопка «знайсці адваката», націснуўшы якую можна пабачыць, які адвакат (а тут сабраны ўсе адвакаты краіны) найбліжэйшы да чалавека тэрытарыяльна і звязацца з ім. А можна перайсці па спасылцы непасрэдна ў чат-бот, каб задаць пытанне.

Асаблівасць «АдвакОт» у тым, што ён паказвае інтэрактыўныя гісторыі з сітуацыямі, у якія найчасцей трапляюць падлеткі, і з часам падобных ролікаў будзе больш. Напрыклад, кліп пра вечарынку ў кватэры, калі бацькі з'ехалі на лецішча, а дзеці паклікалі сяброў і гучна слухаюць музыку. У дзверы звоніць суседка, якой гэта перашкаджае... Глядач можа выбраць варыянт разгортвання падзей: не адчыняць, бо «навошта псаваць вечарыну», ці адчыніць і «паспрабаваць супакоіць суседку». Пакуль ідзе ролік, на экране паказваецца бягучы радок, дзе гаворыцца, у які час нельга шумець, тлумачыцца, што такое адміністрацыйнае правапарушэнне і якія вынікі яно мае для падлетка.

Такім чынам дзецям расказваецца, як трэба сябе паводзіць, чаго рабіць не варта і якое пакаранне можа наступіць. Інфармацыя падаецца без нуднай сухой юрыдычнай мовы і, галоўнае, без скажэння праўды, удакладніў Максім Церашкоў:

— Дзяцей, вядома, найперш павінны выхоўваць бацькі. Аднак гэты праект праз свае гісторыі таксама можа дапамагчы выхаваць у дзецях шчырасць і свядомасць. Здавалася б, ну што такога ў тым, каб праехаць бясплатна адзін прыпынак? Аднак з такіх дробязяў складаюцца і паводзіны чалавека, меркаванне пра яго як пра асобу.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».