Вы тут

Час капаць... глыбей


Нядаўна знаёмая пажартавала: «Вясна — найлешы час для садаводства. Але ў мяне няма лецішча і агарода, таму капацца я буду ў сабе». Асабіста ў мяне зямлі хапае. Разам з тым хлебам не кармі — дай пакапацца ў сабе. А вясной, калі душа, як і прырода, прагне абнаўлення, тым больш.


Заўважыла за сабой, што часта, каб прымусіць сына слухацца, «на аўтамаце» кажу яму: «Калі не будзеш рабіць тое, што я сказала, то мульціка сёння не будзе (альбо не дам цукерку)». Пасля гэтых слоў малы, як па ўзмаху чароўнай палачкі, выконвае любую маю просьбу. Гэтым жа дзейсным метадам час ад часу карыстаюцца і мой муж, і Сымонава бабуля. Але нядаўна мы злавілі сябе на думцы, што робім штосьці не так. Вядома, так прасцей прымусіць слухацца і хутчэй. Але глабальна гэта шкодзіць. Бо, самі таго не падазраючы, мы выхоўваем карыслівага і крывадушнага чалавека, які гатовы на ўсё дзеля цукеркі ці мульціка. І яшчэ муж заўважыў, што гэты метад пагроз неэфектыўны і недаўгавечны. Бо, як толькі малы сам зможа дацягнуцца да цукеркі альбо ўключыць тэлевізар, ён тут жа перастане слухацца. Таму на сямейнай нарадзе вырашылі мяняць тактыку. Спрабаваць дамаўляцца па-даросламу, тлумачыць, чаму лепш зрабіць так, як мы просім.

Памылкі — гэта не страшна (калі своечасова іх заўважыць і змяніць правілы гульні). Нават славутыя педагогі іх дапускалі. Амаль праз 30 гадоў у кнізе «Споведзь» Лена Нікіціна прызнае, што іх з мужам сістэма выхавання ўсё ж такі была неідэальнай. «Калі нашаму першынцу было года паўтара, мы навучалі яго самастойнасці такім чынам: калі ён упаў ці не мог штосьці дастаць, мы не звярталі на гэта ўвагі, не дапамагалі яму, нягледзячы на слёзы і лямант. Няхай сам вучыцца выбірацца з цяжкасцяў. І дабіваліся поспеху: малы выбіраўся. Але, самі таго не падазраючы, мы вучылі малога... не лічыцца з астатнімі. І не толькі гэтаму. Калі падрос другі сын, мы з ім абыходзіліся гэтак жа. І вось аднойчы малодшы плача ад удару і спалоху, а яго трохгадовы брат нават не глядзіць у яго бок — дакладна як мы, дарослыя. Тут была проста абыякавасць да слёз брата. Гэта непрыемна ўразіла мяне».

Днямі падчас пасядзелак, на якіх акрамя маладых мам, была і маладая бабуля, зайшла гаворка пра выхаванне. Дасведчаная знаёмая згадала пра тых жа педагогаў Нікіціных — славутых у часы яе маладосці. Пра тое, як Лене, маці сямі дзяцей, скардзілася адна знаёмая: «Ох, гэтыя прысмакі! Увесь вольны час каля пліты завіхаюся! Больш ні на што мяне не хапае!» Калі ж шматдзетная мама ў адказ заікнулася: маўляў, можна б і прасцей, тая здзівілася. «Суп, кашу? Ха-ха! Маім мужыкам (у яе муж і пяцігадовы сын) катлеткі дамашнія падавай...» — «І падаеш?» — спытала Лена не без іроніі. — «А як жа! У мяне не сямёра па лаўках, на нармальнае харчаванне хапае», — не ўтрымалася ад колкасці і знаёмая.

Жанчыны не зразумелі адна адну. Першай было шкада дзяцей, якім маці не робіць фарш на катлеткі, а другой было сумна: у знаёмай увесь час і сілы сыходзяць на «танцы» каля пліты, а на выхаванне ўжо нічога не застаецца.

«Хоць у мяне і двое дзяцей, але я таксама ніколі не перакручвала мяса на катлеты, — усміхаецца наша маладая бабуля. — Затое якія толькі святы мы з імі не адзначалі: і Гуканне вясны, і нават прабуджэнне мядзведзя ў бярлозе. І зараз мае ўжо дарослыя сын і дачка з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць сваё дзяцінства. Ватман, на якім я малявала для іх квэст, паходы з палаткамі, вандроўкі па Беларусі, касцюміраваныя прадстаўленні і тэатр ценяў з падручных матэрыялаў. А таксама як мы з сябрамі збіраліся ў нас дома і глядзелі слайды з карцінамі Ван Гога, Рафаэля, Рэмбранта, Мікеланджэла, а дзеці падчас нашых гарачых творчых дыскусій гулялі побач на падлозе. І, паверце, яны не памятаюць, што не заўсёды я паспявала зашыць ім дзірачку на калготках ды бездакорна выпрасаваць штаны, і што катлеты на стале часцей былі крамавыя, а не дамашнія. Мне падаецца, тут важна расставіць прыярытэты каштоўнасцяў. На што траціць час, а на што — не. За кошт чаго эканоміць, а на што не шкадаваць ні хвілін, ні гадзін, ні цэлых гадоў».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».