Вы тут

«Мама, купі мне сабачку!»


«Маёй дачцэ хутка споўніцца шэсць гадоў. Просіць на дзень нараджэння падарыць ёй коціка. Спрабую адгаварыць — істэрыка. Адчуваю, што нагуляецца, і ён непатрэбны будзе, а мне даглядаць прыйдзецца. Да таго ж у мяне яшчэ і маленькае дзіця. Ці не будзе кацяня ноччу спаць замінаць? Як адгаварыць дачку? Альбо варта пагадзіцца і купіць? Усё ж такі хатнія жывёлы прывіваюць дабрыню і адказнасць».

Аляксандра М., Мінск.


— Практычна ўсе бацькі рана ці позна чуюць фразу: «Мама, купі мне коціка (ці сабачку, папугайчыка, рыбку, чарапашку, хамяка, марскую свінку). Большасць, можа, і не адразу, але купляюць. Маўляў, дзіцяці гэта будзе карысна: даглядаючы жывую істоту, навучыцца адказнасці, самастойнасці. І вось тут узнікае вялікае пытанне: а ці навучыцца, — кажа дзіцячы псіхолаг Людміла ГУБСКАЯ.

Справа ў тым, што дзіця пераймае ролевыя мадэлі паводзін ад бацькоў. У тым ліку і мадэль стаўлення да гадаванца. Таму важна не проста прынесці ў дом жывёлу, але і сваім прыкладам паказаць цёплае стаўленне да яе, клопат. Калі мама і тата будуць звяртаць на кацяня ўвагу раз ад разу: згадалі — пакармілі, не — ну і перажыве. За сапсаваны тапак — накрычаць, а то і ўдараць. Прыхварэў — навошта да ветэрынара, сам ачуняе. Чаму тады навучыцца дзіця? Якой дабрыні, адказнасці і самастойнасці? Яно навучыцца абыякавасці і жорсткасці, і не толькі ў дачыненні да братоў нашых меншых.

— З якога ўзросту раіце заводзіць дзіцяці хатнюю жывёлу?

— Жывёлы могуць быць у доме яшчэ да нараджэння дзяцей. І гэта нармальна. Заводзіць жа гадаванца менавіта для дзіцяці рэкамендую пасля чатырох гадоў, калі малеча сапраўды ўжо здольная праяўляць клопат, спачуванне — даглядаць жывёлу і несці за яе адказнасць пад наглядам дарослых.

Кацяня (шчаня) трэба не толькі рэгулярна карміць і сачыць, каб заўсёды была чыстая вадзічка, але і прывучаць да латка, а да гэтага цярпліва прыбіраць лужынкі. Гуляць з ім, каб не грыз мэблю, абутак, правады, мыць, расчэсваць, вучыць простым камандам. І спачатку гэта павінны рабіць менавіта бацькі, пакрысе прыцягваючы дзіця да догляду з улікам узросту. Пры гэтым важна тлумачыць, чаму трэба рабіць менавіта так. З часам асноўную частку догляду дзіця зможа выконваць самастойна. Задача ж бацькоў — дапамагаць і кантраляваць. Не варта адразу ж узвальваць на дзіця ўсе абавязкі па доглядзе гадаванца. Тым больш што да 10 гадоў яно можа не да канца разумець усе наступствы сваіх дзеянняў. Калі дзіця рэгулярна забываецца карміць папугайчыка, не раю рабіць гэта за яго. Скажыце: «А пойдзем разам, я пагляджу, як Кеша будзе радавацца зярняткам».

— А як быць, калі мама — за, а тата катэгарычна супраць коціка ці сабачкі?

— Ідзём на кампраміс. Рана ці позна на жывёлу прыйдзецца пагадзіцца, інакш дзіця пачне прыносіць бяздомных катоў (сярод іх можа аказацца і хворая жывёла, што таксама не лепшы варыянт) і хаваць у сваім пакойчыку. Тата не хоча сабаку ці ката — завядзіце мадагаскарскага таракана. Пажадана, каб жывёла падыходзіла бацькам. Калі мама панічна баіцца мышэй, то яна не зможа раздзяліць радасць дзіця, убачыўшы, як міма прабягае хамяк. У яе будзе пастаянны стрэс.

У любым выпадку, рашэнне, якая гэта будзе жывёла, прымаюць дарослыя. Бо дзеці часцей за ўсё просяць тое, што бачаць у іншых. Таму, перш чым кагосьці заводзіць, раю схадзіць на выстаўку, у зоамагазін і паглядзець, якія наогул ёсць варыянты. Бо кот і сабака — гэта насамрэч сур'ёзна, іх выхаванню трэба надаваць шмат часу. Ёсць жывёлы прасцейшыя, якіх бяруць менавіта з мэтай знаёмства аб клопаце. У прыватнасці, рыбка «Пеўнік» прыгожая і непатрабавальная. Ёй не трэба набываць спецыяльны акварыум — дастаткова шклянкі вады, якую трэба мяняць раз на тыдзень. Ды пакарміць крупінкай зранку і ўвечары. Яна добра сябе паводзіць, адгукаецца на пастукванне па «акварыуме» і рэагуе на люстэрка. Таксама неблагі варыянт — птушкі накшталт амадзінак: яны недарагія і непатрабавальныя, не хварэюць, не асабліва смецяць.

— Пра што бацькам важна думаць загадзя, каб не пашкадаваць пра сваё рашэнне?

— Ніколі пакупка жывёлы не павінна быць спантаннай. Раю папярэдне даведацца ўсю паднаготную: пачытаць форумы і папытаць людзей, у якіх ёсць такія жывёлы. А лепш нават схадзіць да іх у госці. Пакантактаваць з жывёлай, якую плануеце завесці, пераканацца, што ні ў кога з сям'і няма на яе алергіі, паглядзець, як выглядае кватэра. Калі людзі здымаюць жыллё альбо вельмі цэняць утульнасць і балюча рэагуюць на падраныя шпалеры, фіранкі ці мэблю — кацяняты і шчаняты ім наўрад ці падыдуць, бо могуць штосьці сапсаваць. Трэба ўзважыць усе за і супраць. Каб не атрымалася так, што на першы погляд радасная падзея — з'яўленне новага сябра — унесла ў сям'ю разлад. У маёй практыцы быў выпадак, калі два дарослыя сабакі, якіх падарылі дзіцяці, за некалькі месяцаў сапсавалі ўсю кватэру: пагрызлі мэблю, памецілі ўсе дываны. З-за гэтага бацькі пастаянна сварыліся, маўляў, «узяла сабак, дык глядзі за імі». А дзеці адчувалі сябе вінаватымі.

Некаторыя заводзяць экзатычных жывёл, а потым аказваецца, што ім патрэбны спецыфічныя корм і лекі, ды і ветурача такога няма ў горадзе, які б мог чымсьці дапамагчы.

Калі ў вас адчувальны сон альбо грудное дзіця, то заводзіць кацяня ці шчаня я не раіла б. Па-першае, пакуль растуць, гэтыя жывёлкі доўгі час не даюць спаць, ствараюць шмат шуму. Па-другое, трэба разумець, што кацяня — гэта яшчэ адно дзіця, якое трэба навучаць, выхоўваць. Таму дарослым варта разлічваць свае сілы, каб потым не раздражняцца.

— Рана ці позна жывёла памірае. Ведаю, некаторыя бацькі не заводзяць хатніх гадаванцаў з маленькай працягласцю жыцця, бо баяцца траўміраваць дзіця. Як правільна расказваць пра смерць?

— Ёсць нават жарт: «Я завёў хамяка, каб паказаць дзецям смерць». Грызуны жывуць усяго 2-3 гады. Калі памірае хамячок, трэба патлумачыць дзіцяці, што смерць — натуральны працэс, яго жыццёвы цыкл завяршыўся. Трэба пакласці гадаванца ў каробачку і пахаваць. Уменне развітацца з жывёлай — таксама працэс, з якім дзеці павінны знаёміцца ў вызначаным узросце. У 4-5 гадоў яны пачынаюць усведамляць, што такое смерць. Бацькі ж сваёй рэакцыяй паказваюць прыклад, як ставіцца да страты. Падкрэсліваюць: «Мы зрабілі ўсё, каб жыццё хамячка было радасным». Вельмі часта дзеці імкнуцца замясціць страту, паплакаўшы 1-2 дні, просяць іншага хамяка ці кагосьці яшчэ. Так можна рабіць. Гэта нармальна. Адзінае — нельга казаць, што жывёла кудысьці знікла, калі гэта няпраўда. У маёй практыцы быў выпадак, калі памёр папугайчык. Бацькі сказалі дзяўчынцы, што ён ператварыўся ў таракана, якога яны купілі. Для маленькіх дзяцей такое мысленне недаступнае, больш за тое, яно іх пужае і можа, як у гэтай дзяўчынкі, выклікаць трывожнасць, якая зашкальвае.

Вельмі часта ў дзяцей просьба пра хатняга гадаванца звязаная з тым, што хтосьці з сяброў хваліцца: «А ў мяне ёсць коцік (сабачка, папугайчык), гэта так класна». Трэба аддзяляць сапраўднае жаданне ад пераймання, бо з апошняга, як правіла, нічога добрага не атрымліваецца. Таму некалькі разоў схадзіце ў госці да сяброў, у якіх ёсць коцік. Паназірайце, як дзіця гуляе з ім. Калі прыйшлі і ваша дачка практычна ўвесь час не адыходзіць ад яго: «Мама, глядзі, як лапкай мыецца, як ён хвосцікам віхляе», тады гэта будзе любоў і трэба пагаджацца, нягледзячы на ўсе складанасці. А калі дзіця праз 10 хвілін і не згадвае пра таго коціка, тады варта пачакаць. Лепш лішні раз схадзіце ў кантактны заапарк.

Паддаючыся ўгаворам, бацькі павінны быць гатовы выдзяляць час і сілы гадаванцу, тлумачыць усё дзіцяці — і толькі тады жывёла сапраўды зможа прынесці радасць, навучыць дабрыні, любові, цярпенню і клопату.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.