Вы тут

Жывым сведкам і ўдзельнікам


Член Савета Рэспублікі, галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы Аляксандр КАРПІЦКІ сустрэўся з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Вадзімам Сіняком і малалетнім вязнем Марыяй Крагель, каб павіншаваць іх з Днём Перамогі, пачуць жывыя сведчанні, абмяняцца думкамі і меркаваннямі.


З ве­тэ­ра­нам Ва­дзі­мам Сі­ня­ком.

Франтавік, які перажыў пяць папаўненняў

Перад тым, як накіравацца ў Каменюкі, дзе пражывае былы франтавік, сенатар сустрэўся са школьнікамі ў камянецкай школе № 2, дзе для старшакласнікаў правёў урок памяці. Гэтую школу, дарэчы, Аляксандр Сяргеевіч у свой час скончыў сам. Былы выпускнік гаварыў з будучымі выпускнікамі пра нашу гісторыю, пра патрэбу яе ведання і шанавання, расказваў пра тое, як у яго школьныя гады моладзь цікавілася мінулым, наведвала музеі, даглядала памятныя мясціны. Згадаў, як разам з класам адзначалі 9 Мая, як віншавалі ветэранаў. Тады іх было шмат, а цяпер застаюцца адзінкі.

Вадзіму Рыгоравічу Сіняку, да якога завітаў Аляксандр Карпіцкі, пайшоў 97-ы год. Ветэран да гэтай пары захаваў бадзёрасць духу, а падарункам лёсу сталі, несумненна, дасціпны розум і добрая памяць. Ён памятае сваё дзяцінства, юнацтва, ваенныя гады.

Нарадзіўся і вырас Вадзім у Пружанах. На фронт прызвалі ў 1944-м, як толькі споўнілася 18 гадоў. Ваяваў у пяхоце. Ветэран не раз дзяліўся ўспамінамі, яго аб гэтым прасілі школьнікі, журналісты. Ён і цяпер без запінкі раскажа, якія гарады вызваляў: у Польшчы — Торунь, Бадгашч, Гданьск. Потым фарсіравалі Одэр. Закончыў вайну пад нямецкім горадам Ростак. «Страты неслі неймаверныя, — успамінаў былы салдат. — Дывізія ішла спачатку ў бок Берліна, потым нас павярнулі на поўнач, насустрач танкавай групоўцы. Каля 600 танкаў трэба было знішчыць, каб яны не сталі на шляху нашых наступальных часцей. Над вырашэннем задачы ў асноўным працавалі артылерысты. Мы, пехацінцы, найбольш ім снарады падносілі.

У пяхоце на перадавой складана выжыць, мала каму шанцавала, — працягваў франтавік. — Уяўляеце, я перажыў пяць папаўненняў! Ідзе рота ў бой прыкладна 240—250 чалавек. Пасля бою ў страі застаецца 40—50 байцоў. Рота атрымлівае папаўненне. Зноў у бой і зноў тая ж карціна. І так пяць разоў».

У 1942 годзе яго бацька Рыгор Сіняк стаў святаром у Пружанах. Потым гэты радок біяграфіі не раз прыпомняць сыну, калі гаворка зойдзе аб магчымай прыступцы ў кар'еры. Не зважалі нават, што пружанскі святар усю вайну быў сувязным партызанскага атрада. Вадзім Рыгоравіч заўсёды ганарыўся сваімі бацькамі, сям'ёй. І пазней, у сталым узросце, лічыў, што малітвы родных дапамагалі яму на вайне. Усё жыццё ён імкнуўся жыць па праўдзе і справядлівасці.

З вайны вярнуўся ў 1949 годзе. Чатыры гады яшчэ адслужыў сувязістам у адной з часцей, што дыслацыравалася ў Германіі. Потым паступіў у інстытут, паспяхова скончыў, увесь час працаваў у лясной гаспадарцы. Шмат гадоў аддаў працы ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча».

Усё жыццё Вадзім Рыгоравіч лічыў 9 Мая самым галоўным святам. І вельмі ўзрадаваўся, калі павіншаваць яго заехаў сенатар і галоўны ўрач. Акрамя традыцыйных падарункаў, віншаванняў і цёплых слоў падзякі, ветэран атрымаў запрашэнне прайсці абследаванне ў абласной клінічнай бальніцы.

— Для такіх людзей, як вы, у нас ёсць палаты павышанай камфортнасці, — сказаў Аляксандр Карпіцкі. — Будзем рады бачыць вас, створым найлепшыя ўмовы і правядзём поўнае абследаванне.

З Ма­ры­яй Кра­гель.

Нарадзілася ў бараку

На наступны дзень Аляксандр Сяргеевіч сустрэўся з Марыяй Крагель, малалетнім вязнем фашызму, дарэчы, былой супрацоўніцай абласной бальніцы.

Марыя Пятроўна нарадзілася на чужой зямлі. Яе маладых бацькоў прымусова вывезлі на работу ў Германію. Гісторыю свайго нараджэння і доўгага вяртання дадому яна ведае ад бацькоў. Бацька працаваў спачатку на цагельным заводзе, затым на прадпрыемстве, якое мела дачыненне на ваеннай прадукцыі. Жылі ў бараку. Маці нарадзіла дзяўчынку ў 1944 годзе. Марыя Пятроўна нават узяла з сабой на сустрэчу копію пасведчання аб нараджэнні на нямецкай мове. Вось з такім дакументам яе і прывезлі зусім маленькай дадому, у Бярозаўскі раён. А ехалі, як успамінала маці, у таварным вагоне два тыдні.

Паводле слоў Марыі Крагель, вызвалілі іх амерыканцы. Аб гэтым у яе таксама ёсць дакумент. А жылі яны там вельмі цяжка. Яе маці згадвала, што галадалі, вечна не хапала ежы, радаваліся крошцы хлеба. Не дзіва, што потым, калі Марыя вырасла, выйшла замуж за вайскоўца, і ён атрымаў накіраванне ў Германію, маці спалохалася, не хацела адпускаць дачку. Доўга яе давялося ўгаворваць. Але ж Марыя годна прайшла шлях жонкі ваеннаслужачага, паездзіла за мужам па гарнізонах Савецкага Саюза, была яму надзейным тылам. А калі прыйшла пара ваеннай пенсіі, накіраваліся на радзіму. У Брэсце сталі будаваць кватэру і адначасова шукаць работу. Прыйшла ў абласную бальніцу малодшай медсястрой у 1984 годзе і адпрацавала роўна 30 гадоў.

Так што яе ўшаноўвалі не толькі як малалетняга вязня і чалавека, які пацярпеў ад вайны, але і як сумленнага і адказнага працаўніка.

— Сёння мы сустракаемся з ветэранамі вайны, падпольшчыкамі, партызанамі, малалетнімі вязнямі, каб аддаць ім даніну павагі, падзякаваць за Перамогу і пасляваенную працу. А яшчэ мы павінны перадаць гэтую эстафету гонару і пашаны моладзі, як некалі яна была перададзена нам. Цяперашнія юныя павінны ведаць праўду пра вайну, каб несці яе далей, сваім дзецям і будучым пакаленням, — сказаў Аляксандр Карпіцкі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.