Вы тут

«Гэта праўда, у якой немагчыма сумнявацца»


Сёння Вікторыі Пералайцы 87 гадоў. Калі пачалася вайна, ёй споўнілася толькі шэсць, а праз тры гады яна з іншымі дзецьмі сваёй вёскі была вывезена ў Германію. Сенатар Кацярына Серафіновіч наведала жанчыну, каб павіншаваць яе з надыходзячым святам 9 Мая. Гэта той самы дзень, дзякуючы якому дзесяцігадовая Віка разам са сваімі сёстрамі змагла вярнуцца дамоў.


У кватэры Пералайкаў чакалі гасцей. Але напярэдадні адбыўся візіт да доктара. Ёсць праблемы з сэрцам — столькі ўсяго перажыта. Між тым, Вікторыя Вікенцеўна імкнецца і са школьнікамі сустрэцца, нядаўна брала ўдзел у экалагічнай акцыі «Дрэва героя». Такім чынам, лічыць яна, захоўваецца памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны.

Бывала, што і два разы на дзень выступала перад школьнікамі, хоць і цяжка вяртацца ў тыя гады, але бачу, як гэта важна. Я і ўнукам сваім расказваю. Унучка аднойчы напісала сачыненне пра маё ваеннае дзяцінства. Казала, што настаўніца нават плакала, калі яго чытала, і паставіла ёй адразу дзве «дзясяткі», — пачынае гутарку Вікторыя Вікенцеўна і зноў нібы вяртаецца ў цяжкія часы свайго дзяцінства.

Маці Вікі і яе сясцёр памерла яшчэ да вайны. Жылі яны ў вёсцы пад Бабруйскам. Бацьку ў пачатку вайны мабілізавалі, дзеці засталіся з мачахай. Хутка ў вёсцы з'явіліся нямецкія танкі. Сям'я дзень пры дні сядзела ў бліндажы, з прадуктаў былі толькі хлеб, вада і клубнічнае варэнне. З тае пары яна ніколі не есць і не нарыхтоўвае яго.

Немцы занялі ў вёсцы найлепшыя дамы, гаспадароў выгналі. У чэрвені 1944 года, напярэдадні аперацыі «Баграціён», па вёсцы прайшоў фрыц і загадаў усім без выключэння сабрацца на школьным двары. Тады гітлераўцы вырывалі дзяцей з рук бацькоў і кідалі іх у грузавік. Набралі поўны кузаў. Апынулася там і Віка з дзвюма сёстрамі.

— Прывезлі ў дзіцячы донарскі лагер у Парычах. Немцы кожны дзень адбіралі па 10 дзяцей і кудысьці адвозілі. Я была вельмі худой, і мяне не бралі, — успамінае былы вязень.

Пасля Парычаў дзяцей павезлі ў Мар'іну Горку. Некаторыя ўцякалі і хаваліся ў жыце. Пабегла і Віка, немцы пачалі страляць, і старэйшая сястра вярнула яе назад. У Мінску запомніліся разбураны вакзал і мноства дзяцей, якіх звозілі адусюль. Далей састаў накіраваўся ў Германію.

Кармілі іх паранай гароднінай, увесь час хацелася піць. Затым быў лагер Заксенхаўзен. Ён запомніўся вялікім баракам і ваеннапалоннымі, рускай жанчынай з трохгадовым дзіцем…

Фронт набліжаўся, дзяцей адправілі ў канцлагер у прыгарадзе Берліна Фалькензэ.

Час ад часу сюды прыязджалі нямецкія афіцэры і падбіралі сабе работнікаў. Аддавалі перавагу арыйскаму тыпу, але ніхто не ведаў, куды дзяцей везлі. Назад яны не вярталіся. Так цягнулася лета 1944 года. Восенню сясцёр разам з іншымі дзецьмі вывезлі ў Баварыю, на мяжы з Аўстрыяй. Вікторыя Пералайка запомніла эпізод з той доўгай паездкі. Басейн у Мюнхене, напоўнены... швейнымі машынкамі. Дзяўчынку гэта ўразіла, бо ў іх дома была нажная машынка, і маці вельмі беражліва да яе ставілася, а тут куча пад адкрытым небам... Тут іх упершыню разлучылі, яны трапілі ў розныя нямецкія сем'і, дзе працавалі да мая 1945 года. Чырвоная Армія падступала да Берліна. Сёстры марылі вярнуцца дамоў.

— Да гэтага часу ў вачах стаіць дарога дадому, — распавядае Вікторыя Пералайка. — Вакол было вельмі шмат чырвоных сцягоў, дзеці, узрушаныя свабодай, магчымай сустрэчай з роднымі. Нам усім тром пашчасціла вярнуцца. У вёсцы здзівіліся, бо прайшлі чуткі, што мяне застрэлілі ў жыце, калі я спрабавала збегчы.

А вось бацька загінуў. Дзеці пасля вайны жылі адны. Вікторыя вывучылася на бухгалтара, выйшла замуж і ў канцы 1950-х гадоў пераехала з мужам у Лідскі раён. З таго часу яна жыве ў пасёлку Першамайскім. Мае дачок, унукаў і праўнукаў.

Ад ваеннага дзяцінства засталося нямала душэўных ран.

— Аднойчы мне прысніўся страшны сон: я прыязджаю ў Ліду, стаю насупраць кінатэатра, а там шмат дзяцей, і немцы вакол іх. І ў натоўпе бачу маю старэйшую дачку, якой тады было 11 гадоў. Я расплакалася, мяне разбудзіў муж: маўляў, што здарылася? Кажу: Галю нашу забіраюць у Германію. Ён: вось твая Галя, спіць. Тады стала плакаць ад радасці і паўтарала: дзякуй Богу, што гэта толькі сон! — дзеліцца перажываннямі Вікторыя Вікенцеўна.

Яна расказала, што ў 2005 годзе для былых вязняў праз фонд «Узаемаразуменне і прымірэнне» была арганізавана сустрэча вязняў канцлагера Заксенхаўзен. Цяпер там мемарыял — маўклівы сімвал чалавечых пакут, з якімі многім, хто перажыў вайну, прыходзіцца жыць усе наканаваныя лёсам гады.

Кацярына Серафіновіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Падобныя сустрэчы вельмі важныя. На жаль, людзі сыходзяць, у нас у раёне засталося толькі 11 ветэранаў вайны і 23 былыя вязні. Кожны з іх — сведка тых часоў. Яны расказваюць нам пра тое, што перажылі, праз якія пакуты прайшлі. Гэта праўда, у якой немагчыма сумнявацца. Яна ўспрымаецца па-іншаму, больш глыбока, таму трэба, каб іх слухалі нашы дзеці, школьнікі. Наколькі я ведаю, многія запісваюць успаміны сваіх прадзедаў, такім чынам захоўваецца пераемнасць пакаленняў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.