Вы тут

Лукашэнка: Развязваць вайну на Захадзе абсалютна не ў інтарэсах беларускай дзяржавы


На злабадзённыя пытанні шчыра і адкрыта адказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю аднаму з найбуйнейшых міжнародных інфармацыйных агенцтваў — Associated Press. Інтэрв’ю ў беларускага лідара ўзяў віцэ-прэзідэнт АР Іан Філіпс. Ён працуе ў агенцтве з 1994 года, з’яўляўся ўласным карэспандэнтам у Бразіліі, Францыі, Вялікабрытаніі, узначальваў Усходне-Еўрапейскае бюро і бюро Блізкага Усходу, Афганістана і Пакістана. Інфармацыйнае агенцтва Associated Press аб’ядноўвае каля 7 тысяч газетных выдавецтваў, радыё- і тэлевізійных станцый, кіруе 248 бюро навін у 99 краінах свету. Падпісчыкамі платнага кантэнту агенцтва з’яўляюцца больш за 10 тыс. розных медыярэсурсаў у 120 краінах, уключаючы беларускую НДТРК. 


У інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь рабіла і робіць усё, каб вайны паміж Украінай і Расіяй не было. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што беларускі бок катэгарычна не прымае ніякай вайны. Беларускі лідар падкрэсліў, што дзякуючы беларусам былі пачаты перагаворы паміж Украінай і Расіяй. «Я ведаю пазіцыю Расіі. Ведаю, што прапануе Расія Украіне. Але чаму Украіна, на тэрыторыі якой ідзе фактычна вайна, ваенныя дзеянні, гінуць людзі, не зацікаўлена ў гэтых перагаворах, яшчэ адно пытанне. Але адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў Вашынгтоне», — заўважыў ён. 

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што не думаў, што расійская спецаперацыя «зацягнецца такім чынам». Але адзначыў, што не настолькі пагружаны ў гэтую праблему, каб сказаць, ці па плане ў іх ідзе, у расіян, як яны гавораць. «Я яшчэ раз гэта падкрэсліваю: я гэта адчуваю так, што аперацыя гэтая зацягнулася», — сказаў ён. 

Адказваючы на адно з пытанняў журналіста, Прэзідэнт канстатаваў, што развязваць канфлікт на Захадзе абсалютна не ў інтарэсах Беларусі. Па яго словах, мы нікому не пагражаем і пагражаць не збіраемся. І не будзем гэта рабіць. «Больш за тое, ды і пагражаць мы не можам: мы ведаем, хто нам супрацьстаіць. Таму развязваць нейкі канфлікт, нейкую вайнушку на Захадзе абсалютна не ў інтарэсах беларускай дзяржавы. Таму няхай Захад спіць спакойна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Іан Філіпс пацікавіўся, што думае беларускі лідар наконт гіпатэтычнай магчымасці прымянення ядзернай зброі ў выпадку зацягвання ваенных дзеянняў ва Украіне. Ён спытаў, ці лічыць Аляксандр Лукашэнка гэта ўвогуле дапушчальным, ці не з’яўляецца гэта нейкай чырвонай лініяй. «Абсалютна лічу, што прымяненне ядзернай зброі недапушчальна, яшчэ і таму, што гэта побач з намі. Не зусім тут, але не за акіянам, як Злучаныя Штаты. Недапушчальна ўвогуле...што наш зямны шар з арбіты можа сарваць і мы паляцім невядома куды. Прымяненне ядзернай зброі недапушчальна», — адназначна падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў спытаць у кіраўніцтва Расіі: можа Расія прымяніць ядзерную зброю ці не. Прэзідэнт толькі адзначыў, што хутчэй за ўсё Уладзімір Пуцін не хоча глабальнага сутыкнення з НАТА. Ён заклікаў: «Скарыстайцеся гэтым і зрабіце ўсё, каб гэтага не было».

Разважаючы, ці хоча ўкраінскае кіраўніцтва спыніць баявыя дзеяніі ў краіне, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што, магчыма, кіраўніцтва Украіны і хоча гэта зрабіць, але не можа. «Не можа па адной прычыне: таму што сёння не Зяленскі кіруе Украінай, хай ён на мяне не крыўдзіцца, гэта мой пункт гледжання.. Калі толькі Джо Байдэн скажа: „Усе, мужыкі, паваявалі, па-руску кажучы, морду адзін аднаму набілі — давайце спыняйце. Вайна нікому не патрэбна, яна нявыгадная“, — на працягу тыдня ўсё спыніцца», — растлумачыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ЗША, прышпіліўшы да сябе саюзнікаў, жадаюць утапіць Расію ў вайне ва Украіне. «Гэта іх мэта: трэба разабрацца з Расіяй, потым з Кітаем», — падкрэсліў ён. 

Іан Філіпс пацікавіўся, якія адносіны Аляксандра Лукашэнка з яго расійскім калегам Уладзімірам Пуціным, наколькі сумленна і адкрыта размаўляюць прэзідэнты. «Я сумняваюся, што ва Уладзіміра Пуціна ёсць больш цесныя, адкрытыя і дружалюбныя адносіны з кім-небудзь з сусветных лідараў, чым з Прэзідэнтам Беларусі», — адказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што аб усім гаворыць Уладзіміру Пуціну прама, у лоб, як старэйшаму брату. Зразумела, не дапушчаючы пры гэтым нахабства ці хамства. «У нас добрыя з ім адносіны, самыя лепшыя адносіны, якія толькі могуць быць паміж кіраўнікамі незалежных дзяржаў», — падкрэсліў беларускі лідар.

У тэму

Адкрытыя адказы на шырокае кола пытанняў

Пасля размовы з кіраўніком дзяржавы Іан Філіпс падзяліўся сваімі ўражаннямі з беларускімі калегамі. Ён падкрэсліў, што гэта была адкрытая размова, падчас якой Аляксандр Лукашэнка адказаў на шырокае кола пытанняў.

«Мы змаглі абмеркаваць шырокі спектр тэм — ад унутранай сітуацыі ў Беларусі да гарачых міжнародных пытанняў. Безумоўна, нашы думкі не заўсёды супадалі. Але для нас важна мець магчымасць пачуць пазіцыю ўсіх бакоў».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.