Вы тут

На Адамоўскіх могілках. Чаму мы святкуем і заўсёды будзем святкаваць Дзень Перамогі


Шчыра: я не думала, што гэта мяне будзе так хваляваць. Прычым асабіста, калі парушаны душэўны спакой і гармонія з навакольным светам. Самае непрыемнае адчуванне: здаецца, усё нармальна і дома, і на працы, і вясна на вуліцы, і сонца ў вокны, і сады зацвітаюць, і птушкі спяваюць, а нешта ўсё роўна цвеліць душу і розум. Яно, на шчасце, бывае рэдка, але тут, як кажуць, накрыла. І я не магу пра гэта не думаць, хаця ўласна мяне, маёй сям'і і нават маёй краіны гэта не датычыць.


Я пра святкаванне Дня Перамогі, дакладней, пра адмову яго адзначаць. Эпідэмія дурасці (і гэта мякка сказана) дакацілася ўжо нават да Ізраіля. Там не будуць 9 мая праводзіць парад і шэсце ветэранаў. «З улікам цяперашняй далікатнай сітуацыі ў свеце» — так патлумачылі тамтэйшыя чыноўнікі гэта рашэнне. Цікава, што маецца на ўвазе пад «далікатнай сітуацыяй»? Знос помнікаў воінам-вызваліцелям па ўсёй усходняй Еўропе? Забарона адзначаць 9 мая ў Прыбалтыцы? Украінскі каляндар на гэты год, дзе ілюстрацыяй нейкага летняга месяца, здаецца, ліпеня — намаляванае на агародзе пудзіла з характэрнымі капелюшом і пейсамі (ён, напэўна, і сёння ёсць у продажы дзе-небудзь у Львове)?..

Ад чарговай падобнай навіны — а такое ўражанне, што многія краіны нібы спаборнічаюць паміж сабой, хто далей зойдзе ў адмаўленні 9-га (ці па-іхняму, па-еўрапейску — 8-га) мая як свята, — з'яўляецца адчуванне немагчымасці, нерэальнасці таго, што адбываецца. Ну немагчыма, каб праз нейкія восемдзясят гадоў на людзей напала такое бяспамяцтва. Немагчыма, каб тварылася такое, калі жывуць яшчэ людзі, якія зведалі той жах. Ці хто-небудзь адмяніў прысуд Нюрнбергскага працэсу? Таго самага, дзе ў якасці доказаў злачынстваў фашыстаў савецкі пракурор паклаў перад суддзямі пальчаткі і абажур з чалавечай скуры і мыла, зваранае з чалавечага тлушчу... Атрымліваецца, усяго праз два пакаленні перамога над гэтымі нелюдзямі — ужо не свята?

Зрэшты, дурасці ў гэтым свеце апошнія некалькі гадоў столькі, што ўжо варта перастаць чамусьці здзіўляцца і тым больш з-за чагосьці перажываць. Але гэта не той выпадак. Я доўга шукала для сябе адказ, чаму яно так. А на Радаўніцу ён знайшоўся сам.

Наш фотакарэспандэнт Анатоль Кляшчук паехаў у той дзень на сваю малую радзіму, у Слуцкі раён. І прывёз адтуль рэпартаж з могілак каля вёскі Адамова. На першы погляд, звычайная беларуская Радаўніца: прыбраныя магілкі сярод светлых бяроз, амаль каля кожнай — людзі. На магілках — велікодны пачастунак, сваякі, якія даўно не бачыліся, разам наводзяць парадак, размаўляюць, задуменна глядзяць на помнікі. А на помніках...

«Спаленыя фашыстамі сем'і Корзун, Ясімчык, Доўнар. Памяць родных». «Вечар Аляксандра Андрэеўна. Жыла 43 гады. Арсяновічы. Жылі: Ліда 16 гадоў, Ніна 13 гадоў, Надзя 10 гадоў, Анька 7 гадоў, Коля 4 гады. Забітыя немцамі 23 лютага 1943 года». «Статкевіч Марыя Паўлаўна. Жыла 52 гады. Загінула ад нямецкіх акупантаў». «Будынка Мартын Мартынавіч, 42 гады. Будынка Вольга Іванаўна, 38 гадоў. Будынка Міхаіл Мартынавіч, 1929 года нараджэння. Будынка Лёдзя Мартынаўна, 1932 года нараджэння. Расстраляныя і спаленыя нямецка-фашысцкімі захопнікамі 23 лютага 1943 года. Памяць дачок і сясцёр». «Сям'я Корзун Віктар Іванавіч, 58 гадоў, Яўгенія Антонаўна, 53 гады, Ніна Віктараўна, 15 гадоў, Іван Віктаравіч, 13 гадоў, Сафія Віктараўна, 10 гадоў. Расстраляныя і спаленыя фашыстамі 23 лютага 1943 года. Памяць дзяцей, брата і сясцёр» «Сакалоўская Марыя. Жыла 63 гады. Яе нявестка Лена, 30 гадоў. Яе ўнукі Лёня, 6 гадоў. Косцік, 5 гадоў, Люся, 3 гады, Гена, 1 год. Памяць сына і дзядзькі». «Ляневіч Аляксандр Аляксандравіч, 1939 года нараджэння. Забіты фашыстамі ў 1944 годзе. Памяць сястры».

Такіх помнікаў на Адамоўскіх могілках шмат. Не ўзведзеныя дзяржавай манументы, не брацкія магілы. Звычайныя магілкі ў металічных агароджах. Помнікі дзе старэйшыя, цэментавыя, а некаторыя ўжо памянялі на навейшыя, гранітныя. Дата смерці амаль ва ўсіх адна — 23 лютага 1943 года. Тады ў ходзе карнай аперацыі фашысты спалілі разам з жыхарамі сем суседніх вёсак. Пасля вызвалення астанкі многіх ахвяр сваякі перапахавалі на гэтых могілках. Каб было куды прыйсці, прынесці чырвонае яйка на Радаўніцу. Каб мелі такую магчымасць дзеці і дзеці дзяцей.

У гэтай зусім не ўрачыстай звычайнасці на Адамоўскіх могілках (а колькі падобных могілак і магіл па ўсёй нашай Беларусі) — і самы жах мінулай вайны, бо ён асабісты, калі не твой, дык тваіх родных людзей, тваёй сям'і. І самае зразумелае тлумачэнне, чаму для нас і сёння тая вайна баліць, чаму для нас Дзень Перамогі — не больш не менш — свята жыцця. І чаму калі чуеш, што для некага — нармальнага, не нацыста — гэта ўжо не свята, не можаш паверыць,што такое ўвогуле магчыма, і страчваеш душэўны спакой.

Як мы можам змяніць сваё стаўленне да Дня Перамогі, калі ў нас ёсць такія могілкі і такія магілы? Ніяк і ніколі. Толькі вось каб дзеці дзяцей гэта таксама разумелі...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.